Як педагогі 1-­й ляхавіцкай школы прымяняюць на практыцы метады стратэгіі фарсайта

- 10:05Образование

У 1-­й ляхавіцкай школе актыўна рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты. Вось і зараз творчая група педагогаў на чале з дырэктарам Надзеяй Лапіч прымае ўдзел у інавацыі “Укараненне мадэлі самаадукацыі навучэнцаў у кампетэнтнасна­-арыентаваным адукацыйным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Фарсайт у перакладзе з англійскай мовы азначае “погляд у будучыню, прадбачанне”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ніна Юрчык. — Мэтай гэтай стратэгіі з’яўляецца фарміраванне і развіццё асобы навучэнца, гатовай да самаадукацыі і прагназавання сваёй будучыні.

На цяперашнім этапе педагогі, якія ўдзельнічаюць у інавацыі, вывучаюць і спрабуюць прымяніць на практыцы метады стратэгіі фарсайта. Так, настаўніца фізікі Таццяна Кузакова працуе над развіццём даследчых кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай метаду “Дрэва рэлевантнасці”, нас­таўнік інфарматыкі Аляксандр Шалік — над развіццём навыку інтэрпрэтацыі выкарыстання інфармацыі праз метад экспертнага ацэньвання. Класны кіраўнік Наталля Скрыпнік займаецца фарміраваннем гатоўнасці навучэнцаў да прафесійнага самавызначэння пры дапамозе метаду “Майстэрня будучыні”, а класны кіраўнік Людміла Курловіч даследуе SWOT-аналіз як складнік формулы паспяховага выбару прафесіі. Настаўніца англійскай мовы Алена Якубец укараняе ў адукацыйны працэс метад “Марфалагічны аналіз”.

— Сутнасць “Марфалагічнага аналізу” заключаецца ў сістэматызацыі перабору варыянтаў усіх тэарэтычна магчымых рашэнняў праблемы. Метад заснаваны на аналізе структуры аб’екта, — расказвае Алена Ула­дзіміраўна. — Для гэтага праблему па­дзяляюць на фундаментальныя элементы (параметры). Затым для кожнага элемента шукаюць магчымыя варыянты рашэнняў. Потым ажыццяўляюць падбор усіх варыянтаў, пакуль не будзе выбраны аптымальны. Так, напрыклад, з вучнямі 8 класа былі пабудаваны марфалагічныя табліцы па тэмах “Нацыянальная кухня”, “Кнігі”, “Грошы”.

Кіраванне грашыма — важны навык, якім варта валодаць усім людзям. Як наву­чыць сучасных падлеткаў правільна ўзае­мадзейнічаць з грашыма? Для адказу на гэтае пытанне навучэнцы вызначылі наступныя напрамкі: на што падлеткі выдаткоўваюць грошы, як зарабіць грошы, як скара­ціць выдаткі, як захаваць грошы. Зыходзячы з разнастайных варыянтаў, быў выбраны найбольш прымальны. На думку навучэнцаў, падлетак 13 гадоў траціць кішэнныя грошы на фаст-фуд і газіраваныя напіткі. Ён можа зарабіць грошы, выконваючы дадатковыя абавязкі, скараціць выдаткі шляхам пошуку скідак у магазінах і захаваць сэканомленыя грошы ў скарбонцы.

На занятках педагога былі складзены марфалагічныя табліцы “Прагноз прыродных катастроф” у межах вывучэння тэмы “Прыродныя катастрофы”, “Школьная форма, якую б вы насілі з вялікім задавальненнем” (тэма “Свет моды”), “Устройства найбліжэйшай будучыні” (тэма “Сродкі камуні­кацыі”) і інш.

Выбраць прадметы для профільнага навучання дапамагла навучэнцам марфалагічная табліца “Вызначэнне лепшай для сябе прафесіі” (тэма “Мая будучая прафесія”). Спачатку былі вызначаны папулярныя прафесіі, пры паступленні на якія здаецца англійская мова (менеджар, турагент, настаўнік, перакладчык). Затым навучэнцам было прапанавана вызначыць параметры, важныя, на іх думку, пры выбары будучай прафесіі. Сярод іх — прэстыж, рэжым працы, зарплата, магчымасць для самаразвіцця, магчымасць падарожнічаць. Далей кожны навучэнец будаваў сваю марфалагічную табліцу, ацаніўшы значнасць кожнага параметра па шкале ад 1 да 100 балаў. На выха­дзе ўсе балы падсумоўваліся і атрымалася табліца.

— Работа з марфалагічнымі табліцамі садзейнічае развіццю камунікатыўных навыкаў навучэнцаў. Яны вучацца весці дыялог адно з адным, выказваючы сваю згоду ці нязгоду, аргументаваць выбраны варыянт, — заўважае Алена Якубец.

Плануецца, што рэалізацыя праекта будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання па фарміраванні гатоўнасці навучэнцаў да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння, пабудовы імі індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, авалоданню метадамі стратэгіі фарсайта, распрацоўцы педагогамі метадычных і дыдактычных матэрыялаў па тэме праекта.

Наталля КАЛЯДЗІЧ