Сёлета выпускнікі 9-х класаў упершыню здавалі выпускны экзамен па гісторыі Беларусі і пісалі пераказ па рускай і беларускай мовах. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітаў у сярэднюю школу № 93 Мінска, каб пагаварыць з педагогамі і дзецьмі аб тым, як усё прайшло, як вялася падрыхтоўка да іспытаў.
Алеся Уладзіміраўна Зянюк, настаўніца беларускай мовы:
— У гэтым навучальным годзе ў якасці экзаменацыйных іспытаў пасля заканчэння 9 класа быў выбраны пераказ. Я лічу, што гэта правільна. Пераказ — гэта складаны аналітычны від работы, у якім вучні павінны паказаць свой узровень засваення ведаў па прадмеце. І згодна з вынікамі экзамену, кожны зразумее для сябе свой далейшы шлях: працягнуць навучанне ў школе ці ў каледжы.
Часу для падрыхтоўкі да іспыту нам хапіла. На працягу навучальнага года праводзіліся падтрымліваючыя заняткі і факультатывы, на якія хадзілі ўсе вучні. На ўроках мы рабілі арфаграфічныя хвілінкі, дзе не толькі ўспаміналі і замацоўвалі граматыку, але і пісалі пераказы. Спачатку па матэрыялах, якія выкарыстоўваюцца для вучэбных і кантрольных пераказаў, а затым па новых экзаменацыйных зборніках. Колькасць слоў у тэкстах вагалася ад 240 да 340. Каб добра падрыхтавацца, вялікую ўвагу ўдзялялі вуснаму маўленню дзяцей на ўроках літаратуры.
Падчас экзамену дзецям прапанавалі на выбар тэксты “Зубрыная сцежка” на 240 слоў і “Рабіна” на 251 слова, на якім экзаменацыйная камісія спыніла выбар. Тут было шмат відаў складаных сказаў, дзе навучэнцы павінны былі вызначыць адносіны паміж іх часткамі і ў адпаведнасці з гэтым паставіць правільны знак прыпынку. Тым не менш педагогі былі ўпэўнены, што вучні справяцца, бо раздзел “Сінтаксіс” яны вывучалі на працягу ўсяго навучальнага года.
Пераказаць тэкст трэба было падрабязна, максімальна блізка да зместу, з захаваннем тэмы, падтэм, асноўнай думкі, апорных слоў і першапачатковай структуры сказаў.
Кацярына Валер’еўна Азаранка, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
— Вучням на экзамене па рускай мове ў 9 класе прапанавалі пісаць пераказ па адным з двух на выбар тэкстаў: “Пісьменнік і мастак” (240 слоў) і “Мірскі замак” (263 словы). Мы выбралі першы тэкст, у якім гаворыцца пра сяброўства двух таленавітых людзей, пра лета, якое мастак Левітан правёў з сямействам Чэхавых у Бабкіне. Другі тэкст таксама быў даволі цікавым і пазнавальным. Але ўсё ж на экзамене па рускай мове захацелася звярнуцца да асобы вялікага рускага пісьменніка Антона Паўлавіча Чэхава.
Цяжкасці ў напісанні работы маглі выклікаць шматлікія сказы з аднароднымі членамі, у тым ліку з абагульняючымі словамі пры іх. Калі гаварыць пра арфаграмы, то напісанне адной або дзвюх літар “н” у розных часцінах мовы заўсёды выклікае цяжкасці, колькі б мы ні звярталіся да гэтай тэмы. І сёння ў тэксце гэтыя арфаграмы прысутнічалі.
У работах сваіх вучняў мы хочам убачыць, што яны разумеюць тэкст, умеюць слухаць, чуць і ўзнаўляць чужыя думкі дакладна, пісьменна, лагічна, выкарыстоўваючы багаты лексічны запас.
Экзамен доўжыцца 4 гадзіны. Лічу, што гэтага часу дастаткова для работы над тэкстам і дасягнення паспяховага выніку. Спачатку дзеці праслухалі тэкст, які агучыў настаўнік, склалі яго план. Пасля тэкст чытаўся яшчэ раз. І вучні прыступілі да напісання чарнавікоў. За паўтары гадзіны да заканчэння іспыту мы раілі дзецям пачынаць працаваць у чыставіках.
Як вялася падрыхтоўка да экзамену? Акрамя ўрокаў, для дзяцей праводзіліся факультатывы, падтрымліваючыя заняткі, кансультацыі, у тым ліку індывідуальныя. Вядома ж, неацэнная роля ўрокаў літаратуры, на якіх дзеці вучацца думаць і абгрунтавана выказваць свае меркаванні. Да з’яўлення новых экзаменацыйных зборнікаў на ўроках і дадатковых занятках мы выкарыстоўвалі кантрольна-вымяральныя матэрыялы НІА з тэкстамі пераказаў, перыядычныя выданні. Для таго каб добра напісаць пераказ, неабходна правільнае пісьмовае маўленне, таму адпрацоўвалі і гэтыя навыкі. Таксама разбіралі тэксты з пункту гледжання зместу, вызначалі іх асноўную думку і тэму, звярталі ўвагу на мастацкія сродкі, выкарыстаныя аўтарам.
Бацькі цікавіліся, ці можна было разгледзець з вучнямі ўсе тэксты са зборніка. Вядома, не. За адзін урок часам і з адным пераказам складана справіцца. Некаторыя дзеці займаліся дома самастойна. Самы галоўны сакрэт поспеху не толькі ў належнай падрыхтоўцы і працавітасці, але і ва ўменні сабрацца, прывесці думкі ў парадак.
Што тычыцца ацэньвання работ, то за пераказ выстаўляюцца дзве адзнакі: за змест і пісьменнасць. У пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі ў гэтым годзе пойдзе сярэдняе арыфметычнае дзвюх экзаменацыйных адзнак і гадавой. Лічу гэты падыход справядлівым.
Аляксандр Уладзіміравіч Гуня, настаўнік гісторыі:
— Яшчэ летам мінулага года мы даведаліся, што выпускнікі 9 класа будуць здаваць вусны экзамен па гісторыі Беларусі. Рыхтаваліся да яго па зборніках з пытаннямі і адказамі, дзе прадстаўлены тэарэтычны матэрыял ад старажытных часоў да сучаснасці. Выкарыстоўвалі і зборнікі мінулых гадоў для 11 класа. Усе вучні ў навучальным годзе наведвалі факультатыў па прадмеце. Па праграме ў 9 класе вывучаецца перыяд гісторыі з пачатку ХХ стагоддзя да нашага часу, які таксама адлюстраваны ў білетах.
У экзаменацыйных білетах для 9 класа у параўнанні з 11-м крыху змянілася структура. Усяго прапанавана 25 білетаў. Калі раней у кожным былі па тры пытанні (два тэарэтычныя і адно практычнае), то цяпер толькі два — тэарэтычнае і практычнае. Першае пытанне накіравана на праверку засваення вучнямі найважнейшых падзей гісторыі Беларусі і прадугледжвае ўзнаўленне вучэбнага матэрыялу. У другім трэба выканаць практычнае заданне і праверыць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі: фрагментам гістарычнага дакумента, картай, схемай, табліцай, дыяграмай, графікам, ілюстрацыяй і інш. Пры выкананні такіх заданняў 9-класнікі адказваюць на чатыры пытанні, выкарыстоўваючы тры крыніцы інфармацыі. У іх змесце ўжо закладзены неабходныя звесткі, таму дзеці могуць адказаць на пытанні, абапіраючыся на сваю логіку, эрудыцыю. Практычныя заданні адзіныя для ўсёй краіны, з імі можна азнаёміцца на нацыянальным адукацыйным партале.
Адметна, што асобны білет на экзамене прысвечаны генацыду беларускага народа. Ён будзе даволі лёгкі для вучняў нашай школы. Мы з імі абмяркоўвалі гэтую тэму не толькі на ўроках, але і падчас ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў, інфармацыйных гадзін, экскурсій у Хатынь, Трасцянец.
Дзевяцікласнікі перажываюць за экзамен больш, чым раней 11-класнікі, мабыць, таму, што на два гады маладзейшыя. У гэтым годзе я вырашыў правесці для іх пробны экзамен. Справіліся па-рознаму. Білет, як латарэя, можна выцягнуць той адзіны, які не ведаеш, ці, наадварот, той, які добра ведаеш. Для падрыхтоўкі да адказу на экзамене вучню адводзіцца не больш за 30 мінут. Адзнака выстаўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак, атрыманых за адказ на кожнае пытанне білета.
Соня Моніч, выпускніца 9 спартыўнага класа (займаецца сучасным пяціборствам):
— Да іспытаў я рыхтавалася не толькі на дадатковых занятках у школе, але і дома. Чытала зборнік пераказаў, старалася запомніць, як пішуцца словы, расстаўляюцца знакі прыпынку, расказвала тэксты бацькам. У кагосьці цяжкасці выклікае арфаграфія і пунктуацыя, для мяне больш цяжкім з’яўляецца запамінанне агучанага на слых тэксту і перадача яго максімальна блізка да арыгінала. Але больш за ўсё хвалююся за экзамен па гісторыі Беларусі. Няпроста ўтрымаць у галаве такую вялікую колькасць гістарычных фактаў, падзей і дат. У мяне дастаткова высокі сярэдні бал, спадзяюся пацвердзіць гадавыя адзнакі падчас экзаменаў. Буду спрабаваць паступаць у каледж. Мяне прыцягвае ІТ-сфера.
***
У сярэдняй школе № 93 Мінска вучыцца 1414 вучняў, з іх 133 сёлета скончылі 9 класаў. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Валянцінаўна Міркіна, плануецца, што ў наступным навучальным годзе ў 10 клас прыйдуць 85 навучэнцаў. Гэта стала вядома з папярэдняга анкетавання вучняў і іх бацькоў. Будзе сфарміраваны адзін базавы клас і два профільныя ваенна-патрыятычнай накіраванасці з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні. У адным класе профільнымі прадметамі будуць матэматыка і гісторыя Беларусі, а ў другім — грамадазнаўства і англійская мова. У профільныя класы змогуць трапіць вучні з сярэднім балам пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэй за 7. Па профільных прадметах бал таксама павінен быць не ніжэй за 7.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара