Сёння ва ўстановах адукацыі Маларытчыны кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні працуюць дзве жанчыны. Адна з іх — Вольга Ханчук з Лукаўскай сярэдняй школы.
Па выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні яна атрымала пераканаўчую перамогу.
Усё жыццё Вольгі Ханчук звязана з малой радзімай. Нарадзілася і вырасла ў Лукаве, тут скончыла мясцовую школу. Пасля паступіла на фізіка-матэматычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, а затым вярнулася ў родны куток.
— Настаўніцай матэматыкі вырашыла стаць яшчэ ў 5 класе, — успамінае педагог. — У старшых класах гэтае жаданне замацавалася дзякуючы школьнаму педагогу Раісе Краўчук, якая стварала на сваіх уроках умовы для авалодання асновамі лагічнага мыслення, развіцця пазнавальных працэсаў і матэматычнай мовы. Бацькі майму выбару не пярэчылі. Бачыла сябе толькі з указкай і крэйдай ля дошкі. Нават не раз бачыла сон пра гэта. Не палохалі ні стосы сшыткаў, ні напісанне рабочых планаў. Асабліва падабалася рашаць камбінаторныя і займальныя задачы. Таму без асаблівых цяжкасцей я стала студэнткай.
Аднак першым месцам работы Вольгі Ханчук была не школа, а Лукаўскі сельскі дом культуры, куды дзяўчына ўладкавалася мастацкім кіраўніком. Потым яна працавала выхавальніцай у Лукаўскай сярэдняй школе, а затым амаль тры гады выкладала там матэматыку.
Жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што Вользе Васільеўне на 13 гадоў давялося змяніць прафесію педагога на кантралёра аддзялення пагранічнага кантролю “Макраны” Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага. Але ад лёсу, як кажуць, не ўцячэш. Апошнія тры гады Вольга Ханчук зноў працуе ў Лукаўскай сярэдняй школе — кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўніцай матэматыкі адначасова.
Больш за ўсё педагогу падабаецца бачыць поспехі выхаванцаў, адчыняць ім дзверы ў свет ведаў, фарміраваць грамадзянска-патрыятычную свядомасць і, канечне ж, расці прафесійна. Разам з вучнямі Вольга Васільеўна радуецца і засмучаецца, пераадольвае цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху да ведаў. Моцны характар, упэўненасць ва ўласных сілах, уменне захапіць іншых цікавай справай і быць сапраўдным прыкладам — складнікі прафесійнага поспеху.
Дырэктар школы Мікалай Клебановіч лічыць, што ў свеце ёсць тры асноўныя прафесіі: вучыць, лячыць і абараняць Радзіму. На яго думку, у асобе Вольгі Ханчук удала спалучаюцца ўсе тры. У кожнай з іх яна майстар.
Мерапрыемствы, якія праводзіць педагог, маюць выхаваўчую накіраванасць і заўсёды выклікаюць цікавасць у вучняў. Пад кіраўніцтвам Вольгі Ханчук лукаўскія школьнікі рыхтуюцца да ваенна-спартыўных гульняў “Зарнічка” і “Зарніца”, ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, дзе паказваюць добрыя вынікі.
Павышаць выніковасць работы дазваляюць мерапрыемствы адпаведнай тэматыкі, наведванне вайсковых часцей, экскурсіі, падарожжы і паездкі па месцах баявой славы, сустрэчы з удзельнікамі баявых дзеянняў, ліквідатарамі надзвычайных сітуацый. Вялікі выхаваўчы эфект маюць таксама гутаркі
з героямі нашага часу: ратавальнікамі, урачамі, ваеннымі. Месца для подзвігу ёсць і ў мірны час.
— Сучасныя геапалітычныя выклікі патрабуюць ад устаноў адукацыі эфектыўнай работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, — гаворыць Вольга Ханчук. — Мая асноўная задача — дапамагчы сфарміраваць у вучняў пачуццё годнасці, нацыянальнай самасвядомасці і ўпэўненасці ў сабе, цікавасць і павагу да айчыннай гісторыі, багатай народнай спадчыны, вернасць баявым і працоўным традыцыям продкаў, гатоўнасць да абароны Радзімы. А прафесійны конкурс — гэта не столькі спаборніцтва з калегамі, колькі выдатная магчымасць падзяліцца з імі цікавым і карысным вопытам дзеля агульнай важнай справы.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара