Як працуе метадычная служба Іўеўскага раёна і наладжана работа з маладымі педагогамі

- 11:05Образование

Лета для настаўніка — час адпачынку, новых уражанняў і разам з тым час для вучобы, павышэння кваліфікацыі, самаўдасканалення. Пра тое, як працуе ў гэты перыяд метадычная служба Іўеўскага раёна, пра зробленае ў мінулым навучальным годзе і планы на будучыню карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчык вучэбна­-метадычнага кабінета Таццяна Бакуновіч.

І аналіз, і кантроль

— З надыходам першага працоўнага летняга дня нашы метадысты ўключыліся ў работу па кантролі за арганізацыяй і правядзеннем выніковай атэстацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі за 2023/2024 навучальны год, а таксама ў арганізацыю і правя­дзенне летняй аздараўленчай кампаніі. Дарэчы, аздараўленне дзяцей праходзіць пад дэвізам “Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!”. Усяго запланавана аздаравіць 794 навучэнцы раёна ад 6 да 18 гадоў.

Каб наступны навучальны год выдаўся не менш паспяховым, падводзім вынікі работы раённых метадычных фарміраванняў, аналізуем, што асабліва ўдалося ў метадычнай рабоце, а над чым яшчэ трэба папраца­ваць. Сфарміраваная сетка раённай метадычнай службы летась уключала 29 метадычных фарміраванняў (пазалетась — 45), у тым ліку 12 вучэбна-метадычных аб’яднанняў, 10 метадычных аб’яднанняў. Зменшылася колькасць творчых груп — з 7 да 2. Працавалі творчая група выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па азнаямленні дзяцей з нацыянальнымі традыцыямі беларускага народа праз гульнявую дзейнасць (кіраўнік — М.Балбатун, дзіцячы сад № 3 Іўя), творчая група настаўнікаў пачатковых класаў па фарміраванні асобасных і метапрадметных кампетэнцый вучняў у працэсе навучання вучэбным прадметам (кіраўнік — А.Таміла, Ліпнішкаўская сярэдняя школа). Аптымізаваны школа педагагічнага майстэрства настаўнікаў пачатковых класаў, школа педагагічнага майстэрства выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, школа маладога выхавальніка дашкольнай адукацыі. Працягнулі дзейнасць школа кіравання (кіраўнік — Г.Алешчык, Лелюкінская сярэдняя школа), школа кіравання ўстановай дашкольнай адукацыі (кіраўнік — М.Алабіна, дзіцячы сад аг. Геранёны). З верасня 2023 года арганізавана дзейнасць школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства для педагогаў, якія рыхтуюцца да атэс­тацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (кіраўнік — М.Пачынская, гімназія № 1 Іўя). 18 настаўнікаў з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй атрымалі алгарытм і рэкамендацыі па вызначэнні тэмы і апісанні ўласнага вопыту педагагічнай дзейнасці.

— Таццяна Васільеўна, а якая сёння роля метадыста ў раёне? Гэта памочнік і дарадчык настаўніка альбо правяраючы?

— Роля метадыста — дасведчана выбудоўваць метадычную работу з педагогамі. Каб гэтая
работа была паспяховай, яна павінна мець сістэмны, мэтанакіраваны, планамерны і праблемна-арыентаваны характар, а таксама будавацца на дыягностыка-аналітычнай аснове праблем, выяўленых у працэсе ажыццяўлення метадычнага маніторынгу. Менавіта таму ў метадычнай рабоце вельмі складана размежаваць кантроль і аналіз работы. Гэты напрамак — важны складнік дзейнасці не толькі метадыста, але і кіраўніка метадычнага фарміравання.

Каб метадычная служба працавала эфектыўна, лічу, неабходна ацэньваць вынікі дзейнасці за пэўны прамежак часу, выяў­ляць пазітыўныя тэндэнцыі. Так, у практыку ўведзена вывучэнне метадыстамі і кіраўнікамі раён­ных метадычных фарміраванняў пытанняў выканання рэкамендацый, выпрацаваных падчас правядзення заняткаў ме­т­адаб’яднанняў. Вынікі вывучэння заслухоўваюцца і абмяркоўваюцца на пасяджэннях метадычнага савета. І калі аналіз паказвае, што вынікі работы кожнага асобнага метадычнага фарміравання выкарыстоўваюцца педагогамі на практыцы, робім выснову аб прадукцыйнасці метадычнай работы.

Майстар-клас — гэта для нас

— Назавіце формы метадычнай работы, якія сёння найбольш запатрабаваны настаўнікамі раёна. У якой дапамозе маюць патрэбу педагогі?

— Сёння яны маюць патрэбу ў метадычнай дапамозе, якая адпавядае іх запытам. Нашым ВМК на дыягнастычнай аснове вызначана мэта метадычнай работы. Гэта аказанне практычнай дапамогі педагогам у павышэнні іх педмайстэрства, паспяховым засваенні сучасных адукацыйных тэхналогій для забеспячэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і якасці адукацыі. З 1 верасня 2023 года намаганні метадычнай службы накіроўваліся на вырашэнне пытання ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнас­ці педагогаў па пытаннях выхавання і развіцця асобы навучэнца. На працягу навучальнага года арганізавана 99 адукацыйных мерапрыемстваў, уключаючы семінары, практыкумы, круглыя сталы, дзелавыя гульні. Падыходы да рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу сродкамі вучэбных прадметаў разгледзелі настаўнікі матэматыкі, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, пачатковых класаў, а таксама настаўнікі пачатковых класаў, якія працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. На фарміраванні функцыянальнай адукаванасці асобы навучэнцаў з дапамогай выкладання вучэбных прадметаў акцэнтавалі ўвагу настаўнікі геаграфіі, замежнай мовы, пачатковых класаў, гісторыі і грамадазнаўства. Складнікі і крытэрыі паспяховасці сучаснага ўрока былі актуалізаваны на занятках раённых метадычных фарміраванняў настаўнікаў замежнай мовы, матэматыкі, інфарматыкі, гісторыі і грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры. Праектную і вучэбна-даследчую дзейнасць як рэсурс адзінства навучання, выхавання і развіцця асобы навучэнца абмеркавалі выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, нас­таўнікі рускай мовы і літаратуры, хіміі, біялогіі, фізікі і астраноміі.

Пад кіраўніцтвам Таццяны Бакуновіч у Іўеўскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце творча і натхнёна працуюць метадысты Таццяна Шумакова, Таццяна Журко, Наталля Пуцілоўская і Настасся Цыдзік

Як паказвае практыка, найбольш запатрабаванай формай метадычнай работы ў раёне з’яўляецца майстар-клас як форма дэманстрацыі, абагульнення і распаўсюджвання вопыту. Праводзячы майстар-клас, педагог-майстар не проста перадае пэўныя веды, ён дзейнічае ра­зам з удзельнікамі, імкнецца ўцяг­нуць іх у працэс практычнай дзейнасці. На працягу навучальнага года праведзены майстар-класы “Велікодны дэкор” (А.Кільчэўская, настаўніца працоўнага навучання Іўеўскай сярэдняй школы), “Скрайбінг як інструмент візуалізацыі мыслення” (С.Жытко, выхавальніца групы прадоўжанага дня Іўеўскай сярэдняй школы), “Сторытэлінг як інтэрактыўны метад узаема­дзеяння навучэнцаў” (Н.Петрашэвіч, выхавальніца групы прадоўжанага дня Юрацішкаўскай сярэдняй школы), “Canvas як дыдактычны інструмент выхавання актыўнасці і самастойнасці навучэнцаў” (А.Ха­лява, настаўніца інфарматыкі Іўеўскай сярэдняй школы), “Кінезіялагічныя практыкаванні для актыўнага развіцця дзяцей старэйшага дашкольнага ўзрос­ту” (Н.Бутурля, выхавальніца дзіцячага сада аг. Суботнікі).

— Таццяна Васільеўна, як наладжана работа з маладымі педагогамі? Якія ме­рапрыемс­твы  арганізоўваюцца для іх і садзейнічаюць прафесійнаму росту?

Якасць метадычнага суправаджэння і стварэнне ўмоў для замацавання маладых спецыя­лістаў — прыярытэтны напрамак работы метадычнай службы раёна. Пад кіраўніцтвам вопытнага метадыста Таццяны Журко дзейнічае клуб “Жураўлік”, які аб’ядноўвае педагогаў са стажам работы да 2 гадоў.

Арганізавана настаўніцтва: за кожным маладым педагогам, які прыбыў на першае працоўнае месца ва ўстановы адукацыі раёна, замацоўваецца вопытны педагог, які мае дасягненні ў прафесійнай дзейнасці.

Штогод маладыя педагогі ўшаноўваюцца на жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў раёна, прымаюць удзел у тыдні маладога педагога.

Для маладых спецыялістаў са стажам работы да 2 гадоў у рамках работы раённых метадычных фарміраванняў у мінулым навучальным годзе на дыферэнцыраванай аснове былі праведзены семінары-практыкумы “Арганізацыя кантрольна-ацэначнай і рэфлексіўнай дзейнас­ці настаўніка і навучэнцаў” (для настаўнікаў пачатковых класаў), “Методыка выкладання ўрока інфарматыкі”, кансультацыі “Сучасны ўрок матэматыкі: нарматыўныя прававыя і дыдактычныя патрабаванні праектавання, правядзення, самааналізу”, “Асаблівас­ці правядзення практычных і лабараторных работ па біялогіі, хіміі”. Фарміраванне асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту сродкамі адукацыйных галін вучэбнай праграмы стала тэмай абмеркавання маладых педагогаў-дашкольнікаў, а ўніверсальныя вучэбныя дзеянні былі ў цэнтры ўвагі настаўнікаў замежнай мовы.

З мэтай павышэння ўзроўню IT-кампетэнтнасці маладых педагогаў у кастрычніку — лістападзе Аліна Бялько (Лелюкінская сярэдняя школа), Таццяна Па­шэль і Андрэй Станулевіч (Трабская сярэдняя школа) прынялі ўдзел у рабоце абласной школы інфармацыйна-камунікацыйнай адукаванасці. Навучанне ў абласной школе маладога педагога “Формула поспеху” для настаўнікаў-прадметнікаў са стажам работы да 2 гадоў прайшлі Дзмітрый Міцкевіч (Геранёнская сярэдняя школа), Таццяна Па­шэль (Трабская сярэдняя школа). Сняжана Рубель з Юрацішкаўскай сярэдняй школы прыняла ўдзел у педагагічных майстэрнях “Педагагічныя рэцэпты падрыхтоўкі сучаснага ўрока, ці Як зрабіць урок эфектным і эфектыўным”, арганізаваных Гродзенскім абласным ІРА на базе сярэдняй школы № 16 Ліды для настаўнікаў хіміі і бія­логіі.

Мы ганарымся дасягненнямі нашых маладых спецыялістаў. Анд­рэй Станулевіч удастоены дып­лома ІІ ступені па выніках удзелу ў міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе для настаўнікаў матэматыкі “Формула поспеху”, арганізаванай Інстытутам развіцця адукацыі Омскай вобласці. У кастрычніку 2023 года занесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці настаўніца пачатковых класаў Лелюкінскай сярэдняй школы Кацярына Трыпуцька.

На новым старце

— На фінішную прамую выходзіць падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Якімі клопатамі жыве зараз вучэбна-метадычны кабінет?

— Яшчэ ў чэрвені ўсе метадысты і кіраўнікі раённых метадычных фарміраванняў сталі ўдзельнікамі серыі вэбінараў “Змест і арганізацыя метадычнай работы ў 2024/2025 навучальным годзе”, арганізаваных Акадэміяй адукацыі, на якіх былі акрэслены прыярытэтныя нап­рамкі дзейнасці.

У цяперашні час ужо ідзе сур’ёзная падрыхтоўка да правядзення жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, якая стане не толькі стартавай пляцоўкай, але і арыенцірам для чарговага этапу дзейнасці метадычнай службы раёна ў новым навучальным годзе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара