Як праўнучка заснавальніцы гімназіі ў сібірскім Ішыме стала адным з лепшых настаўнікаў-фізікаў Віцебшчыны

- 12:19Интервью

Пра расійска-­беларускую педагагічную дынастыю, прызванне, педсаветы ў яблыневым садзе, настаўніцкі пошук і поспехі вучняў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала настаўніца фізікі гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава Ніка Цішчанка.

— Для настаўніцы жаданы букет на 8 Сакавіка — той, што складаецца з дасягненняў яе вучняў. Ніка Генадзьеўна, якімі поспехамі парадавалі вас дзеці ў сёлетнім навучальным годзе?

— Мяне штодня радуе кожны добры крок кожнага майго вучня ў яго развіцці, асобасным станаўленні. Старонняму назіральніку гэты прагрэс можа здацца неістотным, а для настаўніка менавіта ён — галоўная крыніца натхнення, асалода і, па вялікім рахунку, сутнасць прафесіі. Калі асобна гаварыць пра найбольш значныя дасягненні ў конкурсных мерапрыемствах, то букет таксама атрымаецца прыгожы. Так, мы сярод лепшых па выніках рэспуб­ліканскіх турніру юных фізікаў (стабільна трымаемся ў лідарах, адразу за ліцэямі БДУ і БНТУ), канферэнцыі навучэнцаў “Першы крок у навуку” і нядаўняга конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Фізіка”. Яшчэ ў нас трое пераможцаў на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і чацвёра — на XXVII абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Квант”. Плюс два пераможцы на абласной канферэнцыі “Эўрыка” ў секцыях “Фізіка” і “Інжынерны прарыў”. Такі ж вынік на абласным этапе ХVIII Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, прычым дыпломам найвышэйшай вартасці нас узнагародзілі ў самай, напэўна, складанай намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. Нельга не прыгадаць удалы дэбют: мы ўпершыню паспрабавалі сілы ў рэспубліканскім маладзёжным праекце “100 ідэй для Беларусі”, прайшлі ў фінал. Рыхтуемся да яго і паралельна да ўдзелу 12—14 сакавіка ў XIV Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

— Сабраць такое вучнёўскае партфоліа за некалькі месяцаў здаецца фантастыкай. Але ж нават імя педагога на­цэльвае на перамогі! Наз­ваць дачку Нікай было імпульсіўным рашэннем вашых бацькоў ці тут мае месца цікавая сямейная гісторыя?

— Гэта ініцыятыва мужчын нашай сям’і, падтрыманая на сямейным савеце жанчынамі.

Мяне назвалі ў гонар Перамогі. Ішоў 1970-ы: 25-годдзе мірнага жыцця вялікай краіны.

А паколькі мы жылі ў маладым горадзе Ангарску, то бацьку давялося двойчы з’ездзіць у Іркуцк (між іншым 12 гадзін на цягніку ў адзін бок), таму што першы раз рэгістраваць дзяўчынку Ніку не пагадзіліся, маўляў, няма такога імя. Бацька ж знайшоў яго ў слоўніках і настаяў на сваім.

— Як вы апынуліся ў Беларусі, жывучы ва Усходняй Сібіры?

— Мой дзядуля па мацярынскай лініі служыў у танкавых войсках і загінуў пад Віцебскам. Пасля вайны тут вырашылі застацца жыць яго бацькі. Варта ска­заць, яны абое змагаліся з гітлераўцамі на браняпоездзе: прадзед быў машыністам (у мірны час працаваў на чыгунцы), а прабабуля — медсястрой. У прадзядулі і прабабулі па бацькавай лініі было дзявяцера дзяцей. Восем з іх пайшлі на фронт, калі паклікала Ра­дзіма. Вярнуліся толькі чац­вёра… Але бліжэй да віцебскай гісторыі. Законы жыцця адвечныя: на пэўным этапе старэйшым у сям’і патрэбны пастаянны дог­ляд. Па гэтай прычыне мае баць­кі пераехалі ў Віцебск. Дастаткова добра помню наш пераезд, бо мне на той момант споўнілася 5 гадоў. Бацька як газаэлектразваршчык высокага разраду ўвайшоў у каманду, якая будавала першую ў горадзе тралейбусную лінію. Маці пачала выкладаць матэматыку. Праўда, вышэйшую адукацыю ў Іркуцку яна атрымала без педагагічнага складніка: мела выдатныя навуковыя перспектывы ў матэматыцы, нават абараняла ў Францыі адну са студэнцкіх работ. Аднак клопат пра родных быў у прыярытэце, і ў выніку ёй давялося змяніць прафесійны вектар. Якраз тады будавалася сярэдняя школа № 32 (цяпер гімназія № 5 імя І.І.Люднікава. — Заўвага аўтара.), і маці запрасілі ў педкалектыў. Таму 1 верасня 1978 года — важны дзень у нашым сямейным летапісе, адзначаны адкрыццём гарадской тралейбуснай сеткі і новай школы.

— Такім чынам, ваша маці — першы педагог у сям’і?

— Насамрэч у нас расійска-беларуская педагагічная дынастыя, проста “тэхнароў” сярод родных больш. Напрыклад, мая прабабуля па бацьку стаяла ля вытокаў стварэння гімназіі ў горадзе Ішым Цюменскай вобласці. Маці ў настаўніцтве знайшла сваё прызванне, я таксама.

— Які ў вас першы яркі ўспамін, звязаны з настаўніцкай прафесіяй?

— Педсаветы ў садзе. Гэта агульны сямейны ўспамін, бо вялікі яблыневы сад ля нашага дома быў справай бацькавых рук. Ён прывёз з сабой у Віцебск са­джанцы, і раяніраваныя для Сібіры гатункі цудоўна прыжыліся. А як пышна зацвілі! У гэтым садзе і палюбіла збірацца дружная настаўніцкая кампанія на чале з дырэктарам школы Валянцінай Захаравай. Мне заўсёды вельмі хацелася і я любымі спосабамі імкнулася паслухаць, як дарослыя абмяркоўваюць школьныя падзеі і планы, абменьваюцца ідэямі. Дапусцім, Валянціна Ільінічна ўвяла ў практыку летнія палатачныя лагеры. На месяц настаўнікі з вучнямі выязджалі за горад: нестандартны аздараўленчы, выхаваўчы і адукацыйны інтэнсіў на беразе возера. Як гэта будзе арганізавана, хто за што бярэ на сябе адказнасць — вызначалі пад нашымі яблынямі. Многіх з прысутных на тых незвычайных педсаветах
сёння называюць легендарнымі постацямі ў гісторыі рэгіянальнай адукацыі.

— Адкуль пайшло ваша захапленне алімпіядным рухам? Самі ўдзельнічалі ў ім у школьныя гады?

— Так, па матэматыцы. Прытым што з гуманітарнымі прадметамі ў мяне было шчырае сяброўства. Ах, якое шчасце было ўбачыць свае пробы пяра надрукаванымі ў газетах “Зорька” і “Пионерская правда”, часопісе “Юность”! Па выніках усесаюзнай матэматычнай алімпіяды мяне, медалістку, гатовы былі залі­чыць без экзаменаў на профільны факультэт БДУ. Думаеце, пага­дзілася? Цяжка паве­рыць, але не. Юнацкі максімалізм узяў сваё: сябры пройдуць уступныя іспыты, стануць хваліцца адзнакамі, адна я не даведаюся, на што здольная, — крыўдна! Таму знайшла блізкую спецыяль­насць у БПІ (цяпер БНТУ), здала на выдатна комплексны экзамен па матэматыцы і фізіцы, паступіла. Дзякуючы выкладчыкам, я адчула прыгажосць фізікі, гідраўлікі, супрамату, тэарэтычнай механікі. З задавальненнем вучылася, удзельнічала ў навуковых канферэнцыях. З радасцю прыняла запрашэнне ў аспірантуру. Але тут сямейная гісторыя паўтарылася на новым вітку развіцця: маім бацькам тэрмінова спатрэбілася дапамога. Я папрасіла размеркаванне ў Віцебск. Быў 1992 год. Інжынеры на кірмашах гандлявалі адзеннем, каб вы­жыць, бо і без таго мізэрную зарплату на прадпрыемствах месяцамі не выплачвалі. Валянціна Захарава прапанавала мне: “Давай да нас працаваць”.

— З вашага вопыту: складана інжынеру прыжыцца ў школе?

— Да роднага не прыжываюцца, ім жывуць. Наша школа, а потым гімназія для мяне родная з самых першых дзён, мне камфортна ў адносінах з калегамі і вучнямі. Гэта калектыў, у якога не проста адметнае аблічча — у яго ёсць душа. Зразумела, на старце спатрэбіліся перападрыхтоўка і самаадукацыя, штогод па некалькі курсаў павышэння кваліфікацыі. Цяпер на такія курсы мяне завуць выкладаць, як і праводзіць майстар-класы на абласных, рэспубліканскіх семінарах, фестывалях прафесійнага майстэрства. Акрамя таго, я ўваходжу ў рэспубліканскую творчую групу настаўнікаў фізікі. Адна з маіх метадычных распрацовак прысвечана пытанням энергаэфектыўнасці на ўроках фізікі, па ўсіх тэмах з 7 па 11 клас.

Фізіка — найперш навука для жыцця. Важна, каб дзеці ясна бачылі і трывала засвоілі, як быць здаровымі, адказна сябе паводзіць, прыносіць карысць сабе, грамадству і дзяржаве.

Калі пры гэтым вучні знаходзяць арыгінальныя інжынерныя рашэнні, атрымліваю задавальненне. Клопат пра родную краіну для нас не гучныя словы, а рэальныя справы. Так, па вучнёўскай ініцыятыве мы арганізавалі клуб “Энергапатрыёты”. У яго многа вектараў работы, уключаючы пошукавую. Нядаўна дзеці звярнуліся з прапановай у наш Народны музей баявой славы 39-й арміі, і ў выніку была падрыхтавана новая экспазіцыя, дзе расказваецца, як рашэнні пытанняў энергазберажэння дапамагалі наблізіць Перамогу. Мне цікава знаходзіць новыя напрамкі, дзе магу прымяніць свае веды і дзе мае вучні будуць паспяховыя. Цікава развівацца разам са сваімі вучнямі, калегамі менавіта ў пераемнасці пакаленняў. Адразу ўспамінаецца эпізод з першай нашай з дзецьмі паездкі ў БНТУ на “ТэхнаІнтэлект”. У адной з лабараторый альма-матар нас сустрэў Віктар Адзіночка. Уяўляеце: выкладчык, які быў маім навуковым кіраўніком, пазнаў мяне праз 30 гадоў і даслоўна ўспомніў назву маёй дыпломнай работы! Па-мойму, гэта яркі педагагічны прыклад.

Апошнім часам мы праклалі сцежку ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, што адкрывае новыя перспектывы і магчымасці. А ў мяне зараз на практыцы мой выпускнік трэцякурснік ВДУ імя П.М.Ма­шэрава Даніл Гарбачоў. Па ўсім відаць: моцны расце настаўнік фізікі.

***

Аляксандр КІСЯЛЁЎ, дырэктар гімназіі № 5 імя І.І.Люднікава:

Для мяне Ніка Цішчанка — той недасяжны ўзровень педагога, да якога павінен імкнуцца кожны ў сістэме адукацыі.

Гэтая настаўніца здольна павесці за сабой і матываваць любога навучэнца. Выпускнікі Нікі Генадзьеўны, можна сказаць, традыцыйна запатрабаваныя і паспяховыя. Рыхтуючы нестандартна думаючых, гатовых да тытанічнай працы, тэхнічна дасведчаных гімназістаў, педагог выконвае найважнейшую дзяржаўную задачу: фарміруе кад­равы патэнцыял краіны. Яе вучні кожны год перамага­юць у ключавых рэспубліканскіх алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Я часта і заслужана называю дзяцей, з якімі дадаткова займаецца Ніка Цішчанка, нашай зорнай камандай. Адметна, што прадстаўнікі гэтай каманды выбіраюць для далейшай вучобы беларускія УВА, застаюцца праца­ваць у роднай краіне. Але для таго, каб быць такім настаўнікам, неабходна ўласным прыкладам прывучаць дзяцей да каласальнай працаздольнасці. Веры ў сябе мала, трэба яшчэ і шмат намаганняў прыкладаць, займацца самаразвіццём, ставіць перад сабой высокія мэты і іх дасягаць. Менавіта такая наша Ніка Генадзьеўна. Магчыма, таму яна — выдатнік адукацыі, настаўнік вышэйшай катэгорыі, педагог, які кожны год рыхтуе пераможцаў рэспуб­ліканскіх алімпіяд і конкурсаў, лектар ВАІРА — падобна моцнаму магніту, прыцягвае да сябе дзяцей. Толькі пры гатоўнасці сумленна працаваць можна трапіць у яе вучнёўскую зорную каманду. Дзеці давяраюць любімай настаўніцы, а яна шчыра ве­рыць у іх.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена гімназіяй № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава