Як правядуць канікулы школьнікі Навагрудскага раёна

- 12:21Планерка

Летні адпачынак для дзяцей і падлеткаў Навагрудчыны абяцае стаць цікавым, карысным і запамінальным. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік упраўленння адукацыі Навагрудскага райвыканкама Ірына Скобля.

— Улічваючы запыты дзяцей і бацькоў, у летні перыяд у раёне плануецца аздаравіць 2220 навучэнцаў у 38 аздараўленчых лагерах, — адзначыла Ірына Міхайлаўна. — Будзе працаваць 2 кругласутачныя пятнаццацідзённыя лагеры, 12 дзевяцідзённых кругласутачных, лагер працы і адпачынку, 23 аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. Плануецца таксама арганізаваць работу атрада ваенна-патрыятычнага профілю сумесна з МНС, ваенна-патрыятычнага лагера на базе вайсковай часці, а таксама змен ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў 5 установах адукацыі ва ўзаемадзеянні з вайсковай часцю і сілавымі структурамі.

660 дзяцей змогуць умацаваць сваё здароўе ў стацыянарным аздараўленчым лагеры «Свіцязь» у межах профільных змен «Спорт-тур —2024» (спартыўна-гульнявая), «Мір у душы — мір у краіне» (духоўна-маральная і грамадзянска-патрыятычная), «Час выбраў нас» (лідарская) і «Эканомікс» (эканамічная).

Як заўважыла І. Скобля, работа па падрыхтоўцы да летняга перыяду лагера «Свіцязь» пачалася яшчэ ў верасні. Быў праведзены частковы рамонт даху адміністрацыйнага будынка, душавой, бягучы рамонт жылых домікаў, набыты кухонны і сталовы посуд, мэбля, мяккі інвентар і іншае абсталяванне на агульную суму 137,8 тыс. рублёў. Абсталявана стацыянарная пляцоўка для размяшчэння палатачнага лагера.

— Галоўнае — зрабіць аздараўленне даступным для ўсіх, — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна. — Сярэдні кошт пуцёўкі на дзіця ў лагер «Свіцязь» складае 588 рублёў, датацыя з дзяржаўных сродкаў — 248 рублёў. Арганізацыі і прадпрыемствы раёна бяруць на сябе абавязкі па частковай ці поўнай аплаце пуцёвак для дзяцей работнікаў. Непасрэдная ўвага ўдзяляецца дапамозе ў аплаце пуцёўкі прафсаюзнымі і грамадскімі арганізацыямі. За кошт грамадскіх арганізацый і фондаў плануецца бясплатна аздаравіць больш за 30 непаўналетніх з ліку прызнаных тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах.

Папулярныя сярод навучэнцаў раёна і спартыўныя лагеры. Дзякуючы ўзаемадзеянню кіраўніцтва 3 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і школ раёна штогод больш за 350 дзяцей аздараўліваюцца ў спартыўных лагерах з арганізацыяй харчавання на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

— Шматгадовыя цесныя сувязі наладжаны са спартыўным клубам «БАРС», выхаванцы якога адпачываюць у лагеры «Свіцязь». Падчас трэніровачнага працэсу нашы вучні маюць магчымасць стаць удзельнікамі спартыўных майстар-класаў. У перспектыве плануецца правесці ўзаемаабмен дзіцячымі дэлегацыямі з арганізацыяй аздараўлення ў стацыянарным лагеры ў межах узаемадзеяння са Светлагорскай гарадской акругай (Расійская Федэрацыя), — заўважыла начальнік упраўленння адукацыі.

З мэтай абнаўлення зместу работы аздараўленчых лагераў укараняецца раённы праект «17 адценняў дзяцінства». Канцэпцыя праекта была распрацавана творчай групай педагогаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Дар». Кожны канікулярны перыяд праходзіць пад агульнай назвай і па адзіным профілі дзейнасці, што адлюстроўваецца ў назве змены, рабоце аб’яднанняў па інтарэсах, выніковым арт-аб’екце. У межах кожнага перыяду вылучаецца рэгіянальны кампанент з абазначанымі ключавымі справамі на кожны дзень. Так, гэтыя летнія канікулы пройдуць пад дэвізам «Ініцыятыва. Пошук. Стварэнне». Адной з асаблівасцей праекта з’яўляецца брэндзіраванне лагераў, якое выяўляецца ў пэўнай колеравай гаме.

Падчас канікул улічваецца жаданне дзяцей не толькі адпачыць, але і папрацаваць, атрымаць заработную плату. Для гэтага пры садзейнічанні раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва на базе 13 устаноў плануецца адкрыць 16 вытворчых брыгад з ахопам 260 навучэнцаў старшых класаў, што дазволіць арганізаваць дадатковую дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, спартыўных аб’ектаў, памяшканняў, рамонце мэблі, сартаванні кніжнага фонду ў бібліятэцы і іншых работах. Дарэчы, сярэдняя заработная плата па выніках 2023 г. склала 220 рублёў.

Немалаважным у раёне з’яўляецца і пытанне арганізацыі вольнага часу дзяцей у летні перыяд. Тут асаблівая роля адводзіцца Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установам культуры, спорту і здароўя. На працягу лета працуюць школьныя стадыёны, спартпляцоўкі з выдачай спартыўнага інвентару. Ва ўстановах адукацыі ствараюцца рознаўзроставыя атрады па месцы жыхарства, валанцёрскія і цімураўскія атрады, навучэнцы прыцягваюцца да грамадска-карыснай працы. На базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзяцца дні адкрытых дзвярэй «#ХобіТур», штодзень працуе тэматычная пляцоўка «#Пад_ветразем_Творчасці» з магчымасцю наведвання майстар-класаў, музычна-гульнявых, спартыўных праграм, навучальных мерапрыемстваў, аб’яднанняў па інтарэсах са зменным складам навучэнцаў.

На базе ўстаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, праводзяцца дні сельскага школьніка «Творчая аўта_ЛАЎКА», у дварах шматкватэрных дамоў горада арганізавана работа гульнявой пляцоўкі «ДВОРиК».  Для арганізацыі занятасці навучэнцаў, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах, ужо некалькі гадоў запар рэалізоўваецца дыстанцыйны праект «НОВОлето», які прапаноўвае штодзень творчыя заданні, мае навучальную частку і форму зваротнай сувязі. Непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, прыцягваюцца да дзейнасці раённага клуба для падлеткаў «Курс». Навучэнцам прапаноўваюцца гульнявыя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур.

— Лічу, што, толькі аб’яднаўшы намаганні ўсіх зацікаўленых, можна арганізаваць для нашых дзяцей бяспечны, змястоўны і, галоўнае, цікавы адпачынак, — лічыць Ірына Скобля.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з архіва аддзела адукацыі