Як раскрыць здольнасці вучняў? Вопыт педагогаў Гарбавіцкай сярэдняй школы

- 9:00Главная, Образование

Разгледзець патэнцыял і раскрыць таленты кожнага вучня — у гэтым бачыць сваю галоўную задачу педагагічны калектыў Гарбавіцкай сярэдняй школы Чавускага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Мы ўпэўнены, што ўсе дзеці па-свойму ўнікальныя. Адны здольныя да творчасці, іншыя — да спорту, трэція маюць матэматычны склад розуму, а чацвёртыя — прыроджаныя даследчыкі. Настаўніку важна своечасова заўва­жыць гэтыя схільнасці і накіра­ваць у патрэбнае рэчышча. У нашай школе работа па раскрыцці здольнасцей вучняў пачынаецца з першага класа і не спыняецца на працягу ўсяго перыяду навучання, — расказала дырэктар Аксана Раманава.

Паводле яе слоў, работа з адоранымі вучнямі мае сістэмны характар і пачынаецца з дыягностыкі. Ужо да 2—3 кла­са педагогі імкнуцца выя­віць схільнасці дзяцей да той ці іншай сферы дзейнасці. Пасля з навучэнцамі больш дэталёва працуе псіхолаг.

— Псіхолага-педагагічны тандэм дазваляе правільна вызначыць асаб­лівасці памяці, лагічнага мыслення дзіцяці, тып яго асобы і кола інтарэсаў. На падставе ўсіх гэтых звестак для кожнага высокаматываванага вучня мы выбудоўваем індывідуальную адукацыйную траекторыю, — паведаміла Аксана Анатольеўна.

Асаблівы ўпор настаўнікі робяць на работу з малодшымі школьнікамі, падтрымліваюць імкненне дзяцей да пазнання і адкрыццяў, а таксама закладваюць неабходную базу для іх далейшага развіцця. Прычым размова не толькі пра грунтоўныя веды, дзяцей вучаць самастойнасці і адказнасці, уменням ставіць мэту і дасягаць яе, нестандартна і крэатыўна думаць. Важна, што педагогі адразу далучаюць да гэтага працэсу бацькоў.

— Рэалізаваць здольнасці дзіцяці без задзейнічання сям’і немагчыма. Калі педагогі адказваюць за веды і матывацыю, то бацькі — за маральна-псіхалагічную падтрымку. Без гэтага аспекту складана дасягнуць поспеху, — пераканана Аксана Раманава.

Акцэнт педагогі школы робяць на ўцягванні вучняў у алімпіядны рух, даследчую і праектную дзейнасць, творчасць і спорт. Па ўсіх напрамках настаўнікі прытрымліваюцца традыцыйных схем падрыхтоўкі: на ўроках дзеці атрымліваюць дадатковыя заданні, у пасляўрочны час з імі право­дзяцца стымулюючыя і факультатыўныя заняткі.

— Педагогі сустракаюцца з дзецьмі і індывідуальна. У гэтым выпадку яны прымяняюць метады работы, падабраныя для канкрэтнага вучня. Важнымі ў падрыхтоўцы з’яўляюцца практыкаарыентаванасць і сувязь з рэальным жыццём. Напрыклад, многія даследаванні навучэнцы право­дзяць, узяўшы за аснову асаблівасці малой радзімы. Добрым стымулам да павышэння ведаў з’яўляецца правя­дзенне “разумных канікул”. На восеньскіх, зімовых і вясновых канікулах мы запрашаем адораных навучэнцаў у лагер, дзе яны займаюцца, праходзяць псіхалагічныя трэнінгі, адпачываюць і спазнаюць новае, — адзначыла Аксана Анатольеўна.

Наладжаная ў Гарбавіцкай школе сістэма работы прыносіць значныя вынікі. Ужо ў 3—4 класе вучні паспяхова выступаюць на малышковых алімпіядах. Старшакласнікі праяўляюць сябе ва ўсіх, у тым ліку заключным, этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Рэгулярна перамагаюць навучэнцы і на спартыўных турнірах, у даследчых і творчых конкурсах. Асобныя юнакі і дзяўчаты з’яўляюцца лаўрэатамі спецпрэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара