Напярэдадні новага года члены клуба настаўнікаў Мінска «Вялікі перапынак» правялі для калег метадычнае мерапрыемства па тэме «Фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці ў навучэнцаў у кантэксце выкладання вучэбных прадметаў», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Клуб «Вялікі перапынак» выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці розныя формы работы. Адна з іх — метадычны дэсант, — расказала начальнік упраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ала Міхеева. — З метадычным дэсантам мы выязджалі і ў Гродна, і ў Віцебск, і ў многія іншыя рэгіёны краіны. А вось у Мінску ён яшчэ не працаваў. Па ініцыятыве 32-й школы і арганізавалі гэтае мерапрыемства, асноўная задача якога была паказаць практычныя інструменты для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці школьнікаў. Дарэчы, прапанаваная ўстановай тэма ўваходзіць у праграму падрыхтоўкі да педагагічнага савета.
«Вялікі перапынак» аб’ядноўвае педагогаў сталіцы, якія прайшлі конкурсы прафесійнага майстэрства. У клубе педагогі не толькі ўзаемадзейнічаюць у атмасферы пошуку і творчасці. Падчас сумеснай дзейнасці педагогі раскрываюць, удасканальваюць і мадэлююць уласны педагагічны вопыт.
Праграма складалася з мітапу «Функцыянальная дасведчанасць: ад лозунгаў да дзеяння», майстар-класаў, адкрытага мікрафона «Новая дасведчанасць: усё ўключана».
Цікавымі і карыснымі для педагогаў сталі майстар-класы. Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 36 Мінска Ірына Некраш прадставіла найбольш эфектыўныя прыёмы работы на ўроку, якія дапамагаюць заінтрыгаваць малодшых школьнікаў, павысіць іх матывацыю да навучання. Ужо самі назвы «Місія невыканальная», «Чорная скрыня», «Таямнічы мяшок», «Моцарт», «Чароўная палачка» выклікаюць цікавасць. Майстар-клас «Гуляюць дарослыя — гуляюць дзеці: выкарыстанне міжпрадметных сувязей пры падрыхтоўцы да конкурсаў інтэлектуальнай накіраванасці» правёў настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 36 імя Гуляма Якубава Мінска Раман Крыцук. Ён навучыў калег правільна фармуляваць і задаваць пытанні. Разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 146 Мінска Ірынай Варакса педагогі складалі тэксты, вылучалі ў іх ключавыя словы, выконвалі заданні на матывацыю і рэфлексію, знаёміліся з прадукцыйнымі прыёмамі работы.
Метадычны квест настаўніцы пачатковых класаў Мінскай міжнароднай гімназіі, метадыста ўпраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў МГІРА Лідзіі Аўсюк складаўся з дзвюх частак. У першай удзельнікі адшуквалі заданні, якія будуць фарміраваць функцыянальную дасведчанасць малодшых школьнікаў. У другой гаворка ішла пра тое, як арганізаваць работу з гэтымі заданнямі. Былі прапанаваны алгарытм работы, розныя тэксты і віды інфармацыі ў выглядзе малюнкаў, табліц, схем і інш. Педагогам неабходна было дапамагчы дзяўчынцы Амеліі арганізаваць святочны стол на 8 чалавек, дзе Амелія хоча згатаваць тры стравы. Трэба было ўкласціся ў суму, якую дачцэ выдзеліла мама, і купіць прадукты, але так, каб грошы засталіся яшчэ на марожанае. Прычым пакупкі можна было ажыццявіць у трох магазінах. Удзельнікі майстар-класа даведаліся, што сутнасць заданняў, якія фарміруюць функцыянальную дасведчанасць, у наяўнасці альтэрнатыўнага выбару.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 111 імя Міхаіла Каснерыка Мінска Мікалай Курыловіч падрыхтаваў для калег майстар-клас па тэме «Інфармацыйная культура настаўніка — «5 элемент» адукацыйнага працэсу».
— Мы разгледзелі тэарэтычныя паняцці (інфармацыйная культура, медыякампетэнтнасць, якія медыякампетэнцыі павінны развіваць сучасныя настаўнікі-філолагі) і практычна замацавалі атрыманыя веды на аўтарскіх дыдактычных трэнажорах па фразеалогіі. Гэтыя трэнажоры з’яўляюцца элементамі нашага новага лічбавага лінгвістычнага праекта «Цуды з праявамі», які дапаможа школьнікам, у тым ліку і дзецям з парушэннямі зроку, у падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ. Удзельнікі былі актыўныя, зацікаўленыя. Мы адзначылі, што для любога настаўніка ў сучасным свеце важна быць самому разборлівым у пошуках той ці іншай інфармацыі, адзначылі карысныя інтэрнэт-крыніцы для ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх — інтэрнэт-рэсурсы НІА, устаноў культуры, абноўлены партал «Настаўніцкай газеты», — расказаў М. Курыловіч.
Вялікую цікавасць прысутных выклікаў майстар-клас настаўніка інфарматыкі сярэдняй школы № 93 Мінска Паўла Кушнярэвіча «Штучны інтэлект: даніна модзе ці карысць для навучання», дзе ён расказаў пра магчымасці штучнага інтэлекту для адукацыі: у стварэнні прэзентацый, агучванні, маляванні і інш. Паступіла нават прапанова арганізаваць па гэтай тэме навучальныя курсы для педагогаў у МГІРА з мэтай павышэння іх кваліфікацыі.
Удзельнікі метадычнага мерапрыемства прыйшлі да высновы, што для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў неабходны пазітыўнае падтрымліваючае адукацыйнае асяроддзе, ланцужок актыўнасці, даўгачасная камунікацыя, роўны ўдзел усіх у адукацыйным працэсе, парнае і групавое ўзаемадзеянне і абавязкова — зваротная сувязь.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара