Адданыя сваёй справе настаўнікі і старанныя вучні, рэсурсны цэнтр і ўнікальны гісторыка-этнаграфічны музей, даследчая работа і вывучэнне спадчыны — усё гэта Заастравецкая сярэдняя школа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У Заастравецкай школе Клецкага раёна вучацца 152 вучні і працуюць 22 педагогі. За апошнія гады ва ўстанове створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, значна пашырана і ўмацавана інфармацыйная прастора школы. Гэта дае магчымасць ажыццяўляць адукацыйны і выхаваўчы працэс з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій.
Рэсурсны цэнтр
…па выхаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання функцыянуе ў школе ўжо 6 гадоў, бо ў ёй вялікая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню.
— Наша Зямля мае патрэбу ў пастаянным клопаце. Мы павінны памятаць, што не на словах, а на справе трэба клапаціцца аб прыродзе. Трэба змяніць спажывецкае стаўленне да яе, бо, загубіўшы прыроду, загубім і сябе. Зямля — агульны дом для ўсіх людзей, птушак, звяроў, кветак, травы, лясоў, і наш абавязак — берагчы прыроду, — пераканана намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Курловіч.
Каб наблізіць вучняў да аховы навакольнага асяроддзя, у школе праводзяць разнастайныя экалагічныя мерапрыемствы: свята ўраджаю, Дзень птушак, “Міс Восень”, эка-казку “Пасадзіў дзед рэпку”, класную гадзіну “Прырода і мы”, гульню “Шчаслівы выпадак” і г.д.

— Прырода — вялікая кніга з асобным зместам на кожнай старонцы. Чытаць яе нам, вучням, дапамагае настаўнік біялогіі Раман Юр’евіч Корань. Дзякуючы яму, я неаднаразова станавіўся прызёрам розных конкурсаў экалагічнай накіраванасці, змог пабываць у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе я адкрыў для сябе шмат новага, — расказаў вучань 9 класа Афанасій Чыркун.
У сваю чаргу адзінаццацікласнік Арцём Давыдок прызнаўся, што яму па-сапраўднаму пашанцавала з такім выдатным настаўнікам, дзякуючы якому ён, напрыклад, здаў РЦЭ на 9 балаў:
— Раман Юр’евіч прысвячае частку свайго жыцця кожнаму вучню і пры гэтым нічога не патрабуе ўзамен. Знаходзячыся на фінішы школьнага жыцця, я цвёрда вырашыў прадоўжыць справу свайго настаўніка. А каб мая мара здзейснілася, мне трэба добра здаць ЦЭ. І зноў побач са мной мой любімы настаўнік, які не толькі дапамагае разабрацца ў складаных пытаннях і задачах па генетыцы і экалогіі, але і дае псіхалагічныя парады. Веру: дзякуючы падтрымцы Рамана Юр’евіча, я паступлю на спецыяльнасць “Біялогія і геаграфія” факультэта прыродазнаўства БДПУ.
У канцы сакавіка Раман Юр’евіч Корань стаў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці — 2023” у намінацыі “Хімія. Біялогія”.

Да таго ж у школе вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням эканоміі і беражлівасці, таму штогод праводзяцца акцыі па зборы другаснай сыравіны, рэйды беражлівых і інш. У апошнія гады вучні і настаўнікі становяцца пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.
— У 2020 годзе ў мяне нарадзілася ідэя стварыць серыю плакатаў па энергазберажэнні. Рэалізаваць яе мне дапамагла класны кіраўнік Ірына Канстанцінаўна Дрозд. Нашы плакаты разлічаны на людзей рознага ўзросту і заклікаюць да эканоміі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Хачу звярнуць увагу на “Генеалагічнае дрэва энергіі”, у якім адлюстравана гісторыя святла ад кастра да святлодыёднай лямпачкі. А плакат “Азбука беражлівых” створаны для фарміравання экакультуры і фінансавай дасведчанасці малодшых школьнікаў. У гульнявой форме вучні спасцігаюць простыя прыёмы і спосабы зніжэння энергазатрат дома і ў школе. Лічу, што энергазберажэнне дома пачынаецца з энергазберажэння ў галаве, таму кожны чалавек ужо сёння павінен зрабіць правільны выбар, каб камфортна жыць у будучыні, — падкрэсліла вучаніца 6 класа Ульяна Горбік.

Дарэчы, выпускнік установы 1997 года А.Чыркун склаў для роднай школы экалагічны гімн, які пачынаецца словамі: “Лясы, пералескі, паляны, лугі // І ўсё, чым я так ганаруся, // Красуе, цвіце і не знае тугі // У роднай маёй Беларусі!”
Асаблівая гордасць
…народны гісторыка-этнаграфічны музей вёскі Заастравечча. Гісторыя яго стварэння пачалася 55 гадоў назад. Спачатку гэта быў музейны пакой з невялікай колькасцю экспанатаў. Аднак з часам фонды музея папаўняліся і пашыраліся напрамкі дзейнасці. У 2005-м да 60-годдзя Вялікай Перамогі на базе школьнага музея быў адкрыты гісторыка-этнаграфічны музей Заастравечча, які і стаў каардынуючым і па-сапраўднаму дзейсным цэнтрам выхаваўчай работы. У снежні 2009 года музею прысвоена званне “народны”, а праз год яго ўключылі ў турысцкі маршрут “Сем цудаў Клецкага раёна”.

Сёння школьны музей мае 12 экспазіцыйных пакояў, звыш 1970 экспанатаў асноўнага фонду і амаль 200 экспанатаў навукова-дапаможнага фонду. Тут самі вучні праводзяць цікавыя экскурсіі, ладзяць незабыўныя сустрэчы з роднымі ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны і ветэранамі працы, а таксама арганізоўваюць выставы работ мастакоў — выпускнікоў школы і, самае галоўнае, выхоўваюць у іншых школьнікаў любоў, гордасць, павагу да сваёй малой радзімы і адказнасць за захаванне спадчыны.

Залаты фонд
…настаўнікі. 86% педагогаў Заастравецкай школы маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Прыкладна 50% калектыву — выпускнікі школы.
— Дарэчы, і зараз школай кіруе яе былы вучань Аляксандр Аляксандравіч Бялаш. Дзякуючы яго мэтанакіраванасці і намаганням, школа развіваецца далей, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Разам з тым штогод у школу прыходзяць маладыя спецыялісты. Вось і сёлета на сваё першае працоўнае месца прыбылі два настаўнікі англійскай мовы. На працягу трох гадоў маладыя спецыялісты нашай установы перамагаюць у конкурсе маладых педагогаў “Шлях у прафесію”.

Настаўнік англійскай мовы Вадзім Русланавіч Хандзецкі скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна і прыехаў працаваць у Заастравечча:
— Нам вельмі пашанцавала трапіць у выдатны, дружны педкалектыў. З самага першага дня ў школе нам дапамагалі і падтрымлівалі. За намі замацаваны вопытныя настаўнікі, якія дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Мы да іх можам звярнуцца з любым пытаннем і атрымаць карысныя парады.
Другі малады спецыяліст — Аліна Пятроўна Кавалевіч, якая прыйшла ў Заастравецкую школу пасля заканчэння Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа:
— Нас вельмі здзівіла матэрыяльна-тэхнічная база школы, у прыватнасці, лінгафонная апаратура, камп’ютары, дапаможнікі і матэрыялы, якія мы можам выкарыстоўваць у падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд, ЦТ і ЦЭ. Да таго ж у кожным класе ёсць інтэрнэт, які дазваляе карыстацца рознымі інтэрнэт-рэсурсамі і інфармацыйнымі платформамі.
У 2015 годзе Заастравецкая школа заключыла пагадненне з БДПУ. Штогод выпускнікі педгруп паступаюць у вядучую педагагічную ўстанову, а пасля вяртаюцца працаваць на малую радзіму.
Стратэгія ўстановы
…фарміраванне патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У пачатку бягучага навучальнага года быў створаны кабінет патрыятычнага выхавання пад кіраўніцтвам Уладзіміра Іосіфавіча Карсюка. Ён адзначыў:
— Тое, што ўкладзём у нашых дзяцей сёння, дасць стабільны вынік у будучыні. Здолеем выхаваць сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы — будзем мець упэўненае стабільнае развіццё нашай краіны заўтра.

А яшчэ тут вялікая ўвага ўдзяляецца традыцыям. Адна з іх — валоданне роднай мовай. Яна гучыць у кожным кабінеце, прычым з вуснаў не толькі педагогаў, але і навучэнцаў. Па праўдзе кажучы, я даўно не чула, каб дзеці самага рознага ўзросту так хораша і чыста гаварылі па-беларуску. Не вытрымаўшы, я нават спытала, што дапамагае далучыць сучасных дзяцей да мовы? І пачула адказ — уласны прыклад: настаўнікі размаўляюць на роднай мове, і вучні падцягваюцца.
— Нашы школьныя традыцыі — звяно, якое аб’ядноўвае настаўнікаў, вучняў, выпускнікоў і бацькоў. Жыццё нашай школы насычана цікавымі святамі і мерапрыемствамі, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Традыцыі школы захоўваюць вечнае і каштоўнае: пераемнасць пакаленняў, любоў і павагу да гісторыі роднай школы, імкненне прымнажаць яе славу. Бо менавіта тая школа, якая імкнецца стварыць для сябе добрае імя і праз традыцыі зберагчы яго, мае будучыню, — пераканана М.В.Курловіч.
Традыцыйнымі сталі і рэгулярныя перамогі вучняў і настаўнікаў установы. Так, за апошнія 3 гады яны атрымалі 14 дыпломаў абласнога і 4 рэспубліканскага ўзроўню за ўдзел у разнастайных інтэлектуальных, творчых, спартыўных конкурсах і спаборніцтвах. Вучні пачатковых класаў штогод становяцца пераможцамі другога этапу адкрытага фестывалю дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я — даследчык” Мінскай вобласці. Старэйшыя рэгулярна перамагаюць у раённым конкурсе “Суквецце талентаў”, сёлета паўдзельнічалі ў абласным этапе конкурсу “Прывітанне, свет!”. Дарэчы, каля 60% работнікаў ва ўстановах культуры Клецкага раёна — гэта выпускнікі Заастравецкай сярэдняй школы.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





