У роднай школе, што ў глыбінцы Рэчыцкага раёна, Крысціна Іванчыкава пачала працаваць пасля ўніверсітэта. Маючы вясковую загартоўку, аніякай работы яна не баіцца: раней і на камбайне ў жніво з бацькам працавала. Што яе найбольш радуе ў педагагічнай працы, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пераемніца традыцый
У райаддзеле адукацыі гаварылі пра Крысціну Валер’еўну з вялікай павагай. Раілі пабываць у Вышамірскай сярэдняй школе, сустрэцца з ёй, паглядзець школьны музей, у якім яна гаспадыня. Кіламетраў сорак датуль з райцэнтра, і, дарэчы, некаторыя педагогі штодзень з Рэчыцы, іншых месцаў раёна ездзяць у Вышамір на работу. У іх ліку і дырэктар школы Ірына Тышкевіч.
Едзем у Вышамір з метадыстам Таццянай Пішчык праз лясістыя, нізінныя прасторы Усходняга Палесся. “У Рэчыцкім раёне асушаныя землі займаюць амаль палову сельгасугоддзяў”, — падказаў мне інтэрнэт. І па сёння там тысячы гектараў забалочаных мясцін і цэлыя балотныя комплексы, а ў недрах — радовішчы карысных выкапняў: геолагі вызначаюць рэгіён як Рэчыцкую плошчу Прыпяцкага прагіну. Паўз дарогу бачым так званыя качалкі, якія пампуюць нафту. А галоўнае багацце Палескага краю, вядома ж, людзі — цягавітыя, прызвычаеныя да нялёгкай працы, здольныя сваёй працавітасцю, энергічнасцю і кемлівасцю многага ў жыцці дасягнуць.

Дырэктар школы
Пра сацыяльна праяўленых мясцовых працаўнікоў, пра воінаў і герояў родам з Вышаміра ды яго ваколіц сабрана ў школе шмат інфармацыі, фотаздымкаў. “Называецца так: Вышамірскі комплексны школьны музей, і ён з краязнаўчым ухілам, — гаворыць Крысціна Іванчыкава. — Стваралі яго мае папярэднікі, тут бачым іх фотаздымкі: Валянціна Аляксандраўна Бадзюк, у замужжы Сяргеева, мая настаўніца Тамара Мікалаеўна Кротава. Яна ўжо і чакала, калі прыйду яе змяніць. Можна сказаць, выгадавала пераемніцу. Калі яна ўсё перадала, дакументы ў тым ліку, то сказала з палёгкай: “Цяпер, Крысціна, гэта ўжо твой клопат”.
Яна была гатова прадоўжыць традыцыі роднай школы. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны ў 2008 годзе, выкладае гісторыю і грамадазнаўства — і адразу кіраўнік музея. Шчаслівая выпадковасць? Хутчэй, заканамернасць: калегі бачылі яе патэнцыял, памяталі старанную вучаніцу, і такое “партфоліа” вельмі спатрэбілася Крысціне Іванчыкавай у педагогіцы. Са школы яна была ў курсе музейных спраў: збіралі ж экспанаты, матэрыял сумесна як настаўнікі, так і вучні, прычым пераважна ў сваёй мясцовасці.
З нашых палёў, з-пад нашых стрэх…
У Вышаміры жывуць яе бацькі, сястра. Бацька, Валерый Дзмітрыевіч, з мясцовых, да пенсіі быў трактарыстам-механізатарам, вадзіцелем у аграгаспадарцы, якая ў спадчыну ад былых аграструктур мае назву “Фрунзэ-Агра”. Маці, Лілія Чаславаўна, там і працуе, у Вышамір калісьці прыехала як малады спецыяліст — і каханне, расказвае дачка, залучыла да Палесся ўраджэнку Маладзечанскага раёна. І сама Крысціна папрацавала ў 2014—2016 гадах на жніве памочніцай у бацькі на камбайне гомельскай вытворчасці. Дарэчы, марку добра памятае: КЗС-10К “Палессе GS10”.
А палі, на якіх яна працавала, захоўваюць у сабе памяткі з глыбокай даўніны. Каменныя сякеры і скрэблы, знойдзеныя ў ваколіцах Вышаміра і пры вясковых пабудовах, бачым у першай экспазіцыі музея пад назвай “Першабытнасць”. “Усяго тут восем асноўных раздзелаў, — знаёміць з немалой гаспадаркай загадчыца. — Вось “Этнаграфія”. Сабралі тое, што створана рукамі продкаў, бабуль і дзядуляў: ручнікі, пакрывалы, посцілкі, прылады працы — усё з-пад нашых стрэх. У музеі няма запаснікаў: нічога не хаваем, усё навідавоку”. Да таго ж музей інтэрактыўны, можна ўсё ўзяць у рукі, памацаць, агледзець: вышыўкі, вырабы тканыя і з дрэва, металу. Ёсць у экспазіцыі, дарэчы, і сучасныя творы ў народнай стылістыцы. Мясцовы майстар Віталь Куркаеў працуе ў школе, а ў вольны час… вышывае карціны, як раней тое рабілі мясцовыя майстрыхі.
Па раздзелах музея лёгка прасачыць гісторыю Вышаміра, мясцовай школы, заглянуць у сацыялістычнае мінулае. “На гэтых матэрыялах мне вельмі цікава праводзіць урокі па гісторыі Беларусі, — адзначае Крысціна Валер’еўна. — Вось дыяпраектар з дыяпазітывамі, тут насценны гадзіннік савецкага часу, а гэта невялічкі тэлевізар, фотаапараты, радыёпрыёмнікі… Шмат яшчэ ўсяго цікавага, чым у тым ліку і мае бацькі раней карысталіся”.

Асобны і самы вялікі раздзел музея прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён створаны на мясцовых матэрыялах. Там шмат інфармацыі пра ўдзельнікаў вайны, вязняў працоўных лагераў і ахвяр фашызму. Сабраны ўспаміны, фотаздымкі, лісты, некаторыя асабістыя рэчы людзей, лёсы якіх апалены вайной. Невялічкі падраздзел знаёміць з воінамі-інтэрнацыяналістамі: некалькі былых вучняў Вышамірскай школы прайшлі праз Афганістан.
Цяпер у школы не лепшыя часы па напаўняльнасці. Пры ўсім тым установа адукацыі жыве, у ёй рэалізуюцца цікавыя праекты, а даследчыя работы вучняў заваёўваюць дыпломы на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях. “Мы цяпер, паколькі ўсе ветэраны вайны адышлі, больш увагі ўдзяляем былым вязням фашысцкіх працоўных лагераў, — зазначае Крысціна Іванчыкава. — Наведваем іх, аказваем пасільную дапамогу па гаспадарцы, віншуем з дзяржаўнымі святамі. Часам запрашаем на сустрэчы, запісалі відэасюжэты — іх успаміны. І ў пісьмовай форме зберагаем успаміны, але больш арыентуемся на відэа. Працуем сістэмна, рэжысіруем ролікі, сабралі шмат інфармацыі пра мясцовых жыхароў, кожны з якіх нечым адметны. Нехта ў сваёй прафесіі мае поспехі, нехта — у рукадзеллі. Гэта, лічу, важныя пасылы для вучняў: і прафарыентацыя, і прыклад патрыятызму, любові да малой радзімы, і ўзор для пераймання.
Адна з гераінь школьных відэаролікаў — Марыя Мікітаўна з вёскі Сямёнаўкі, жанчыне сёлета ў кастрычніку споўніцца 100 гадоў. “Жывая сведка падзей цэлага стагоддзя! — прадаўжае настаўніца. — Яна добра памятае, як сям’ю вывозілі з бацькамі ў Германію, дзе і сама працавала, як вярнулася дадому і як цяжка выжывалі пасля вайны, калі было голадна і холадна. І праз тое ліхалецце прайшлі сотні, тысячы беларусаў. На такіх прыкладах лёгка пераконваць вучняў у тым, як важна жыць у міры, працаваць на карысць Бацькаўшчыны, шанаваць тое, што мы сёння маем. І абавязкова пры тым пазітыўна ўспрымаць жыццё”.
Асаблівая асалода
Яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці Крысціны Іванчыкавай і яе вучняў — даследчыя работы. “Іх вельмі шмат, — і ў пацвярджэнне таго настаўніца паказвае вялікую папку з граматамі, дыпломамі. — Хоць многае даследавана, выходзім на вельмі цікавыя тэмы. Сёлета, напрыклад, склалі брашуру пад назвай “Топ малой радзімы”. А перад тым даследавалі, чым вышамірцы могуць ганарыцца. Прыйшлі да высновы: наша прырода, лясы з багаццем ягад і грыбоў, звяроў і птушак, мясцовыя краявіды — падставы для гордасці. А яшчэ таленавітыя, працавітыя людзі. З іх ліку, напрыклад, аграном Аляксандр Судаленка: ён жыве ў Вышаміры больш за 30 гадоў. Пчаляр-энтузіяст, які прыходзіў да нас, цікава расказваў пра пчол. Мы пра яго і адну работу пісалі, бо ён сацыяльна актыўны чалавек”.
У школьных планах — прадаўжаць такія кантакты, далучаць школьнікаў да пчалярскай справы.
Між тым наша гаворка пра перамогі, прызавыя месцы вышамірскіх педагогаў і школьнікаў у розных конкурсах не знайшла працягу, бо настаўніца прызналася: не надта любіць пра тое расказваць. “Самае важнае, што я займаюся цікавай працай і ёсць вынікі, — разважае яна. — Вядома ж, гэта радуе, аднак спецыяльна не імкнуся стаць пераможцай і на тое вучняў не арыентую. Зрэшты, у іх няма выбару, бо я ж чалавек патрабавальны, люблю парадак і дысцыпліну. (Смяецца.) Ёсць у нас вучні таленавітыя, цікаўныя — з імі прыемна працаваць. Але ж і з тымі, хто нібыта нічога рабіць не хоча, я з ахвотай працую. Гэта своеасаблівы выклік маёй кампетэнцыі: ці зможам з такой перашкодай, як лянота і абыякавасць, мы разам з вучнем справіцца? Безумоўна, у тэорыі ўсе ведаюць: трэба знайсці падыход, матываваць… Але як? Спрабую, і часам вучні самі потым здзіўляюцца, як і бацькі, настаўнікі, на што яны здольныя. Якраз гэта мне вельмі цікава. Ёсць асаблівая асалода ў тым, каб раскрываць прыхаваныя таленты. Гэта як быць першапраходцам”.
Вось як! Нават больш, чым перамогам у конкурсах, настаўніца радуецца, калі ўдаецца ёй абудзіць у вучняў цікавасць да творчасці, даследчай дзейнасці. Свежы прыклад — работа над сайтам пра абеліскі, памятныя мясціны, знакі памяці, прысвечаныя вайне, на тэрыторыі Вышамірскага сельсавета. Спачатку збіралі матэрыял: “Мы з хлопцамі-вучнямі праехалі на маім аўто па ўсіх месцах. Запісалі кароткія відэаролікі. Хлопцы, дарэчы, спачатку баяліся, што завязу іх некуды, заблудзімся, ды потым асвоіліся, цудоўна праявілі сябе. Мы шукалі дарогі, сцежкі, падыходы. Пазначалі GPS-каардынаты мясцін. Хлопцам спадабалася, і цяпер пытаюць, калі яшчэ паедзем. Гэта ўжо мае аднадумцы. Любім і на веласіпедах ездзіць па ваколіцах”.
Над афармленнем сайта на Google-платформе працавала Мілана Нікалайчык, ужо дзевяцікласніца. Збіралі матэрыялы разам з настаўніцай Міша Сівіцкі, Яраслаў Шалыпа, Андрэй Бяда, Станіслаў Строкін — яны праз месяц пойдуць у 8 клас. А ідэю каталога памятных мясцін Вышамірскага сельсавета, які аформлены і ў выглядзе буклета, і ёсць у інтэрнэце, Крысціне Валер’еўне падказалі калегі з райаддзела адукацыі, за што яна ім вельмі ўдзячна.
Покліч сэрца

Крысціна Іванчыкава: Калі працавалі над каталогам памятных мясцін, то на здымках было бачна, што ў двух месцах варта б паднавіць помнікі. Пры вёсцы Ганчароўцы раней стаяў проста крыж — побач з брацкай магілай. Там пахавана 9-гадовая дзяўчынка Раіса Пяшкун, ахвяра вайны. Як расказалі мясцовыя жыхары, яе застрэліў нямецкі снайпер, калі ўжо вызвалялі нашу мясцовасць. Яе там хутка прыкапалі, бо ішлі баі, потым крыжык паставілі. Пакуль былі жывыя родзічы, даглядалі магілку. А потым яна была занядбана. Калі выставілі матэрыялы ў інтэрнэт, на тое звярнула ўвагу Алеся Анціпава, прадпрымальніца з Рэчыцы.
Да нашай мясцовасці Алеся з мужам не маюць родавых дачыненняў — гэта покліч сэрца. Праз сваіх знаёмых Алеся даведалася пра маю дзейнасць. Паглядзела, што і дзеці нашы малайцы. У іх сям’і таксама ёсць дзеці, дык гэта ж ім добры прыклад. А ў 2024-м і на вышамірскіх могілках Алеся з мужам паставілі помнік (за іх кошт) мясцовым жыхарам — ахвярам вайны. Дабрадзеі Анціпавы да нас завіталі, мы іх сустракалі, зрабілі канцэрт, экскурсію па музеі, вёсцы — такая ў нас традыцыя. Вельмі прыемна, што добрыя людзі адгукаюцца сэрцамі на добрыя нашы справы.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара





