Сёння функцыі школы пашыраюцца: яна становіцца не толькі сацыякультурным, але і духоўным, патрыятычным цэнтрам. Педагогі Любанскага і Салігорскага раёнаў адзначылі, што гэта патрэбна для ўсебаковага развіцця дзіцяці. Гэтым разам прэс-тур прадстаўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” праходзіў ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці, дзе нашай увазе была прадстаўлена палітра вопыту выхавальнікаў, педагогаў, адміністрацыі.
Дзіцячы сад № 1 Любані пабудавалі зусім нядаўна, але за непрацяглы час педагагічны калектыў здолеў стварыць сучаснае прадметна-прасторавае асяроддзе, якое ўключае некалькі цэнтраў: полікультурны, STEAM-цэнтр “Эўрыка”, інфармацыйна-развіццёвы “Азбука бацькоўства”. Ва ўстанове створаны адпаведныя ўмовы для дзетак з асаблівасцямі развіцця. Кіраўнік дашкольнай установы Тамара Верамейчык падкрэсліла, наколькі важна сёння развіваць інклюзіўную культуру.
У сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Л.Сячко мы пераканаліся, што педагагічны і вучнёўскі калектывы павінны выступаць адной камандай. Прэзентаваная візітоўка навучальнай установы была заснавана якраз на такім узаемадзеянні. Акрамя таго, у школе вядзецца актыўная дзейнасць па духоўна-маральным выхаванні: працуе адпаведны раённы рэсурсны цэнтр “Расток”, літаратурны музей “Любаншчына літаратурная”. Дырэктар школы Ірына Нямальцава адзначыла выніковасць работы ў гэтым напрамку.
У гімназіі Любані актыўна развіваюць робататэхніку. Пра тое, як яна ўплывае на пазнавальную актыўнасць дзяцей, расказаў дырэктар гімназіі Яўген Корсун.
У Сароцкай сярэдняй школе Любанскага раёна вельмі ганарацца спартыўнымі дасягненнямі. Дырэктар навучальнай установы Юлія Калядка прадставіла настаўніка фізкультуры выдатніка адукацыі Міхаіла Бакана, які азнаёміў з сістэмай сваёй педагагічнай дзейнасці. Педагог самааддана працуе як у звычайнай спартыўнай зале, так і ў трэнажорнай і зале барацьбы.
У Стараюрковіцкай сярэдняй школе Любанскага раёна працуюць у інавацыйным рэжыме — тут рэалізуюцца праекты рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. Дырэктар навучальнай установы Алег Сініцкі адзначыў, што ўдзел у інавацыйнай дзейнасці мае вялікае значэнне для развіцця школы, бо падштурхоўвае настаўнікаў да прафесійнага росту і стварае ўмовы для павышэння якасці адукацыі.
Другі дзень прэс-туру быў прысвечаны знаёмству з адметнасцямі навучальных устаноў Салігорска і раёна.
Салігорскі дзяржаўны каледж уразіў размахам і ахопам дзейнасці. Тут рыхтуюць не толькі будаўнікоў розных профіляў, але і педагогаў. Прычым вельмі паспяхова, пра што сведчыць выніковы ўдзел навучэнцаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. Акрамя таго, з гэтага навучальнага года ва ўстанове адукацыі пачалі рэалізацыю новага прафарыентацыйнага праекта для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Дырэктар каледжа Алена Хаміцэвіч звярнула ўвагу не толькі на арганізацыю вучэбнага працэсу. Яна адзначыла, што сучасны спецыяліст павінен быць і сапраўдным грамадзянінам, патрыётам сваёй краіны. Развіццю гэтых якасцей спрыяе дзейнасць музея афганскай славы.
У Салігорскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі працуюць валанцёры з ліку старшакласнікаў школ горада. Як адзначыла кіраўнік цэнтра Жанна Альховік, гэта спрыяе фарміраванню інклюзіўнай культуры. Акрамя таго, нам прадэманстравалі іншыя напрамкі дзейнасці цэнтра, якія спрыяюць адаптацыі ў грамадстве дзяцей з асаблівасцямі развіцця. У прыватнасці, на базе цэнтра дзейнічае школа ранняга ўмяшання, дзе маленькім дзеткам дапамагаюць развіваць маўленчыя навыкі.
У сярэдняй школе № 1 Салігорска вучацца больш за тысячу дзяцей, але гэта не перашкаджае педагагічнаму калектыву ствараць умовы для развіцця кожнага. Дырэктар навучальнай установы Валянціна Каштальян расказала пра традыцыі сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання, якое вядзецца ў школе з 2012 года, пра эксперыментальны праект па распрацоўцы і апрабацыі прафарыентацыйнай мадэлі для школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Акрамя таго, было прыемна пазнаёміцца з будучымі калегамі — старшакласнікамі, якія развіваюць школьныя СМІ: выпускаюць часопіс “Сюжэт” і працуюць на радыё “Вялікі перапынак”.
Уразілі і напрамкі дзейнасці Вялічкавіцкай сярэдняй школы. Тут дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні са стапрацэнтным ахопам дзяцей. Наладжана эфектыўная работа па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. Працуе ўнікальны краязнаўчы музей “Беларускае Палессе”, у якім сабраны экспанаты з усёй краіны. Як адзначыла дырэктар Вялічкавіцкай школы Святлана Доўнар, за кожным поспехам стаіць карпатлівая, зладжаная праца ўсяго калектыву.
Свае адметнасці мае і Крывіцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна. Тут працуе вельмі творчы калектыў, дзейнасць якога накіравана на выхаванне ўсебакова развітой асобы. Дырэктар установы Ігар Хаміцэвіч перакананы, што сучасная школа павінна адпавядаць запытам кожнага вучня. Таму ў Крывіцкай школе дзеці не толькі вучацца, але і малююць (прычым у самых розных тэхніках), спяваюць, танцуюць, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі піянерскай арганізацыі. А дзейнасць школьнага музея “Спадчына” ўзбагачае навучэнцаў духоўна, фарміруе ў іх патрыятычныя пачуцці да малой і вялікай радзімы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА