Як сумясціць фізіку з рамантыкай? У Асінторфскай сярэдняй школе гэта дапамагаюць рабіць паветраныя змеі!

- 16:30Увлечения

Чаму лятаюць паветраныя змеі, нібыта насуперак законам зямнога прыцяжэння? У Асінторфскай сярэдняй школе, што ў Дубровенскім раёне, ведаюць: адзін з галоўных фактараў паспяховых палётаў, нароўні з ветрам, — гэта ўмелы настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паветраны змей, Асінторф і законы фізікі

Таямніцы быцця… Некаму здаецца, што мы ў законах прыроды нешта канчаткова спазналі. Ды ні ў падручніках фізікі, ні ў акадэмікаў не знойдзеш адказаў на многія пытанні. Дзе ўсяму пачатак, адкуль мы прылятаем і куды знікаем? Чаму адны адчуваюць паўнату быцця нават у беднасці, а іншым і ў золаце няма радасці? Чалавек жывы-здаровы, на сваіх нагах — а яму, бач ты, усе словы як не з тае літары пачынаюцца. Занадта гняце зямное прыцяжэнне?

Вучыцца жыць у радасці можна, відаць, і ў паветраных змеяў. На зямлі ж іх вартасці не надта разгледзіш. Як птушку бачна ў палёце, так і змей у небе напоўніцу распраўляецца, трапяткою натурай ловіць вецер.

А натуры няшмат: планкі-мемб­рана, доўгі хвост і леер — нітка моцная, каб і ў палёце ад зямлі не адрываўся. Прычым, як расказалі мне ў Асінторфскай школе, сам палёт — гэта згарманізаванасць трох сіл: ціску на паверхню змея, супраціўлення і пад’ёмнай сілы. У гэтым найбольш дасведчаны, вядома ж, настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі, які па сумя­шчальніцтве займаецца з дзецьмі мадэляваннем — як у Асінторфскай, так і ў 1-й дубровенскай школе імя Г.А.Нікандравай.

Упершыню выхаванцы Анд­рэя Віктаравіча паўдзельнічалі ў Віцебскім фестывалі-конкурсе паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі”, прымеркаваным да 9 Мая, гады чатыры назад. Прыг­ледзеліся, асвоіліся і цяпер там атрымліваюць дыпломы рэгулярна. Праводзіць спаборніцтвы абласны Палац дзяцей і мо­ла­дзі — сектар тэхнічнай творчасці, у журы конкурсу працуюць і прадстаўнікі ДТСААФ. Запускаюць сваіх паветраных змеяў пры Лядовым палацы дзеці, падлеткі з розных куткоў Віцебшчыны.

Настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі, Станіслаў Русанаў і Паліна Кручкова — яна з пераможным паветраным змеем-гігантам

Забягаючы крыху наперад, адзначым: сёлета фэст праходзіў 3 мая, журы вызначала лепшых, разглядала па розных крытэрыях 33 паветраныя змеі. Былі публікацыі ў абласных СМІ, выніковая таб­ліца ёсць на сайце згаданага палаца. Там знаходзім і такі факт: у намінацыі “Гігантум” лепшай стала Паліна Кручкова з Асінторфскай сярэдняй школы, у яе  ж дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Вышэйшы пілатаж”. Мае калегі напісалі, што “яе работа прызнана самай лепшай і эфектыўнай”, аднак мы ж ведаем: яе паветраны змей — вынік каманднай работы пад кіраўніцтвам Андрэя Шахоўскага. І як на добры толк, то кіраўнікоў груп (настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў, бацькоў), якія стаяць за прызёрамі, варта б таксама ўказваць у выніковых табліцах. Для лепшага балансу, кажучы мовай юных мадэлістаў, каб прызёраў не надта заносіў парывісты вецер прывіднай славы.

Каб абгрунтаваць такое меркаванне, паглыбімся ў дэталі. Разглядваю мадэлі, пытаюся: “Паветраныя змеі — гэта дакладны разлік і фізіка?” Так, адказвае настаўнік, усё павінна быць ураўнаважана, пралічана на аснове масы мадэлі, яе сіметрыі, плошчы: “У нас ёсць група дзяцей з 5 па 8 клас, мы з імі зай­маемся пачатковым тэхнічным ма­дэляваннем. А фэст у Віцебску дае імпульс для работы, рыхтуемся інтэнсіўна, пад яго падладжваемся. Чарцяжы бяром з інтэрнэту, і старыя кнігі, часопісы ў мяне ёсць — з тых ідэй нешта выкарыстоўваем. Эксперыментуем. Вось у нас форма монакрыла, тут — каробчатая. Зрабілі да фэсту чатырох змеяў”.

Сам Андрэй Шахоўскі родам з Дуброўны. Там, у 1-й школе, і пачаў займацца мадэляваннем. Гэта паўплывала і на выбар прафесіі: у 1986 годзе паступіў у Мазырскі педінстытут, атрымаў спецыяльнасць “Агульныя тэхнічныя дысцыпліны і фізіка”.

Гэта значыць, урокі працоўнага навучання і фізіка. Пасля вучобы паехаў працаваць на Палессе, у Пінскі раён. А праз 25 гадоў вярнуўся на Дубровеншчыну: 7 гадоў працуе ў школах раёна, у тым ліку 4 і ў Асін­торфе.

…А таксама важны хвост!

Калі мы сустракаліся ў Асінторфскай школе, падрыхтоўка да фэсту “Майскае неба Перамогі” была ў разгары. Мадэлі змеяў з адпаведнымі надпісамі настаўнік з вучнямі выпрабоўвалі на пры­школьным стадыёне. Аднаго было павяло ў бярозавае вецце, і Паліна Кручкова з Анд­рэем Віктаравічам яго адтуль паспяхова дасталі. А з пластыку змей, адзін з тых чатырох, у форме табурэткі з акенцам, не надта сябе ў небе праявіў, да таго ж даў трэшчынку, то Шахоўскі як галоўны канструктар школьнага канструктарскага бюро вырашыў на фэст яго не заяў­ляць. Лагічна! Каб перама­гаць, трэба быць самакрытычнымі. Як патлумачыў настаўнік, паветраных змеяў журы ацэньвае па розных параметрах. У тым ліку эстэтыку мадэлей уліч­вае: “Прысвячаецца фэст Дню Перамогі, а сёлета і 80-годдзю вызвалення Беларусі, таму зроблена ўсё ў нас прыгожа, у нацыянальных колерах. Форма і змест суадносяцца гарманічна. Увогуле, у кожную мадэль трэба ўкласці гадзін 12 калектыўнай працы. А простасць канструкцый уяўная — гэта эстэтыка мінімалізму. Заўважце: мембрана тут з празрыстай плёнкі, яна лёгкая і не баіцца вады. Стрэ­сваюцца кропелькі, нібы з птушыных пёраў. А то неяк ездзілі на фэст, пайшоў дождж — і ў змеяў з тканіны ўжо нялётнае надвор’е”.

Паводле правіл фэсту, даўжыня леера там да 30 мет­раў. Вышэй, як патлумачыў настаўнік, бадай што ўсе паветраныя змеі лётаюць добра, і так лепш відаць, наколькі ўмела вучань запускае канструкцыю. Бо пралічыць, змайстраваць ма­дэль — адзін этап клопатаў. Другі ж — адчуць яе ў палёце, хутка падняць і ўтрымаць у паветры. Акрамя дзевяцікласніцы Паліны Кручковай, запускі на стадыёне рабіў і сямікласнік Ва­дзім Логвінаў. Асвойваў пілатаж і дзевяцікласнік Станіслаў Русанаў (ён на здымку з настаўнікам і Палінай). Паколькі Андрэй Шахоўскі працуе ў дзвюх школах, то і яго другая каманда рыхтавалася да фэсту. З 1-й дубровенскай сёлета паспяхова выступіў Ула­дзімір Уладзіміранка: заваяваў дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Гігантум”.

Ну і, безумоўна, калі штурман, вядучы паветранага змея застаецца з ім сам-насам, то галоўны канструктар нічым яму дапамагчы ўжо не можа. Хіба што нала­дзіць нябачны кантакт з сіламі прыроды, прасіць у іх пругкі ды роўны ветрык — а патрэбен ад 3 да 6 м/сек. На мой жарт, што, можа, папрасіць адміністрацыю школы зрабіць пры стадыёне ветраўстаноўку, Андрэй Віктаравіч з усмешкай заўважае: на фэст яе не завязеш. А майстэрства вучня з леерам і ў тым, каб умець як асядлаць свае эмоцыі, так і настроіцца на знешнія ўмовы, злавіць момант жыцця. Увогуле, важная ўмова фэсту — зрабіць паветранага змея сваімі рукамі, да іншых у журы значна менш увагі. У канструкцыі ж асінторфскіх паветраных змеяў, гаво­рыць Андрэй Шахоўскі, усё сваё. Пры тым настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Куляшоў крыху дапамагае мадэлістам: наразае роўныя, лёгкія, трывалыя рэечкі. Калектыўная праца!

Эстэтыка паветранага змея, прыгажосць палёту, яго ўстойлівасць у небе… Што яшчэ дае шансы на перамогу?

“Час уздыму таксама ўлічваюць, і ўменне вядучага кіраваць мадэллю, — раскрывае нюансы справы вядучы канструктар. — Нам умовы даслалі: трэба сёлета 5 мінут паветранага змея ў небе ўтрымаць з моманту адрыву ад зямлі. А гэта ўжо і ёсць асаблівае мастацтва, майстэрства. Тут і хвост, як некалі казалі героі мульцікаў, вельмі важны. Ён, дарэчы, у 7—8 разоў большы за памер паветранага змея. Па ім дасведчаны майстар чытае характар ветру і з улікам гэтага вядзе мадэль. Талент, інтуіцыя, трэніроўкі, душэўная раўнавага… Многае патрэбна, прычым такое майстэрства развіваецца, напрацоўваецца. На Паліну маем вялікія надзеі: яна ўжо другі раз будзе ўдзельнічаць”.

Па максімуме

Сама ж Паліна Кручкова, якая і фатаграфавалася з паветраным змеем, і потым спрабавала яго вывесці ў палёт у прышкольнае неба, рыхтавалася браць у Віцебс­ку толькі дыплом І ступені.

“Трэба выступіць па максімуме, — дзялілася сваімі планамі дзевяцікласніца. — Летась нам не ўсё ўдалося: былі тры другія месцы. Будзем ляцець вышэй: да перамогі!”

Як бачым, не памыліўся ў сваім даверы да таленавітай дзяўчыны Андрэй Шахоўскі.

Высокага неба, роўнага ветрыку ў межах з 3 да 6 м/сек, новых жыццёвых перамог вам, юныя аматары паветраных змеяў! Пашанцавала вам, што ёсць побач старэйшыя сябры, якія з гадамі не пакінулі рамантычны і ў той жа час моцна спалучаны з цвярозым разлікам, зямной фізікай занятак.

А наконт таго, што не ўсе законы, па якіх пабудаваны свет, мы ведаем, — тае бяды! Галоўнае ж у тым, каб жыць нам з адчуваннем палёту, калі нават і фізічная форма-канструкцыя з гадамі ўжо не такая лятучая. Ніхто ж не перашкодзіць узвышанасці, калі ўнутры сябе схопімся за леер… паветранага змея. Што ні кажы, а прыгожы гэта вобраз: памкнёнасці ў вышыню, светлай радасці ад пераадолення сілы зямнога прыцяжэння — дзякуючы жыццё­вай сіле, якая ёсць у кожным з нас. Толькі каб лятаць, варта не страч­ваць адчуванне гэтай жывой плыні.

Хто перамог сёлета ў Віцебску?

Дыпломы І ступені ў намінацыі “Крэатыў”  атрымалі Цімур Цітоў (Аршанскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і Антон Зубаўжэн (Талачынскі  раённы цэнтр дзяцей і моладзі).

У намінацыі “Гігантум” лепшай прызнана Паліна Кручкова (Асінторфская сярэдняя школа, Дубровенскі раён).

У намінацыі “Вышэйшы пілатаж” перамог Максім Самахвалаў (Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі).

Святу хочацца ляцець і расці

Як адзначалі арганізатары свята, якое набывае ўсё больш прыхільнікаў, яны ма­юць на­дзею, што ў будучыні яго ўдзель­нікі змогуць запус­каць сваіх прыгожых паветраных змеяў і ў цэнтры Віцебска — у раёне знакамітага Летняга амфітэатра. Гэта, безу­моўна, можа надаць святу новыя фарбы, паспрыяць папулярызацыі такога віду ма­дэлявання,  а сам праект зной­дзе шматлікіх новых сяброў, стане больш маштабным і відовішчным.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара