Педагогі Святлана і Раман Арол — унікальная пара, якую аб’ядноўвае многае. Абое нарадзіліся ў мястэчку Ветрына, недалёка ад Полацка, атрымалі прафесію гісторыкаў і амаль чвэрць стагоддзя аддалі Ветрынскай сярэдняй школе. А яшчэ яны аб’ядналі дзве педагагічныя дынастыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Іх злучыла гісторыя

Да моманту стварэння сям’і кожны ўжо сфарміраваўся не толькі як асоба, але і як прафесіянал. Калі Святлана амаль з 1 класа школы вызначылася з прафесіяй, то Раману прыйшлося прайсці пэўны шлях да любімай справы…
Святлана марыла пра настаўніцтва з самага дзяцінства, бачыла, як самааддана працавалі ў Ветрынскай школе-інтэрнаце яе бацькі, штодзень чула іх размовы пра школьныя справы, бачыла, як яны рыхтуюцца да ўрокаў, і не ўяўляла для сябе іншай прафесіі. Да таго ж яе першай настаўніцай таксама была матуля, якая не патурала ёй, была строгай і справядлівай, а дачка заўсёды імкнулася быць дастойнай мацярынскага прыкладу. І ніводнага разу не пашкадавала пра гэта. Пасля школы скончыла педагагічны каледж у Полацку і працягнула навучанне ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава (атрымала кваліфікацыю “настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік гісторыі”), паралельна працуючы ў Ветрынскай школе настаўніцай пачатковых класаў.
Гэта сёння на рахунку настаўніка гісторыі Рамана Арла цэлы спіс перамог у розных адукацыйных і выхаваўчых конкурсах па гісторыі і краязнаўстве, музейнай і турыстычнай дзейнасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, а таксама пахвальных лістоў, сертыфікатаў і ганаровых грамат. Пра такіх кажуць: “Гарыць справай, працуе на вынік, імкнецца быць лепшым”. А 30 гадоў назад, пасля атрымання пасведчання аб базавай адукацыі, ён марыў іграць у аркестры. Таму спачатку скончыў Наваполацкае музычнае вучылішча па класе віяланчэлі, а потым некалькі гадоў запар штурмаваў Беларускую акадэмію музыкі. Але лёс распарадзіўся інакш: яго першым працоўным месцам стала Ветрынская сярэдняя школа, куды ён уладкаваўся педагогам-арганізатарам. І адначасова паступіў на гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які зараз носіць ганаровае імя Еўфрасінні Полацкай.
Зразумець і падтрымаць
Такім чынам, апынуўшыся ў адной школе, яны назіралі за прафесійным ростам адно аднаго, вучыліся ва ўніверсітэтах, набіраліся жыццёвага вопыту і яшчэ доўгія 7 гадоў былі проста калегамі. Аднойчы ім даручылі сумесны праект у школьным музеі. Паступова, крок за крокам яны ішлі ў больш глыбокія чалавечыя адносіны і з калег неўзабаве ператварыліся ў мужа і жонку.
Такі вынік трэба было чакаць, бо іх жыццёвыя прынцыпы супадалі. Па агульным меркаванні мужа з жонкай, настаўніка лепш зразумее толькі настаўнік. Падрыхтавацца да ўрокаў, засядзецца над сшыткамі ці распрацоўкамі для конкурсаў, затрымацца з алімпіяднікамі ў школе — яны заўсёды падтрымаюць адно аднаго.
— Ведаеце, я не магу ўспомніць дакладна момант, калі мы сталі глядзець адно на аднаго з рамантычнымі ноткамі, але ёсць адчуванне, што гэта мой чалавек, настолькі мне камфортна і спакойна побач усе гэтыя гады, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна.
— Мая жонка — выдатная жанчына, добрая маці для нашай дачушкі Арыны, мой самы надзейны сябар, які падтрымае ва ўсіх пачынаннях. Для мяне важна, што мы разважаем на тэму педагогікі прадметна: жонка можа даць параду, падштурхнуць да новых перамог, — дзеліцца Раман Іванавіч.
Хатнія справы падзелены па наступнай схеме: Святлана адказвае за смачную ежу, а Раман дапамагае ёй з прыбіраннем кватэры. Яны як мага больш часу імкнуцца правесці ўсёй сям’ёй, таму летні адпачынак — гэта абавязкова вандроўка па роднай Беларусі. Святы таксама праводзяць разам. Па сямейнай традыцыі ўся педагагічная дынастыя збіраецца за святочным сталом 1 верасня, а потым на працягу тыдня сям’я Арол па вечарах разам глядзіць любімую мнагасерыйную кінастужку пра школу “Вялікі перапынак”.
Верныя справе
Кожны з іх адбыўся ў прафесіі. Раман Іванавіч больш за два дзесяцігоддзі аддаў Ветрынскай школе, дзе доўгі час займаўся выхаваннем навучэнцаў: спачатку быў педагогам-арганізатарам, потым амаль 15 гадоў — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Пры гэтым адначасова вёў гісторыю і грамадазнаўства, узначальваў школьны музей. У яго прафесійным партфелі назапашаны дзясяткі метадычных распрацовак па краязнаўстве, музейнай і турыстычнай дзейнасці. Таму, каб перадаць свой шматгадовы вопыт большай колькасці вучняў, ужо другі год працуе настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў самай вялікай школе Полацка — № 18 імя Еўфрасінні Полацкай.
— Гісторыя — навука, якая выхоўвае, фарміруе будучага чалавека праз прыклады перамог і памылак, развіццё нашага грамадства. Так, усё больш набірае абароты штучны інтэлект, але я на ўроках грамадазнаўства імкнуся ўпэўніць вучняў, што трэба працаваць над сабой, быць адукаваным і інтэлектуальна развітым, а новыя тэхналогіі выкарыстоўваць у дапамогу, а не замест уласнага развіцця. Адукаваны чалавек будзе заўсёды запатрабаваны, але маё меркаванне: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Бо няма нічога больш любага сэрцу і воку, чым родная зямля! Сёння можна вандраваць па ўсім свеце, а жыць, працаваць і прыносіць карысць трэба на Радзіме, — падкрэслівае Раман Арол.
Святлана Уладзіміраўна пасля ўніверсітэта выкладала гісторыю, але пасля нараджэння дачкі зноў перайшла ў пачатковую школу ў Ветрына.
— Школа — гэта мая стыхія, тут кожны дзень не падобны на папярэдні. Жыццё ў школе б’е крыніцай, трэба паспяваць за ўсімі педагагічнымі трэндамі і дзяліцца з дзецьмі энергіяй, бо мы павінны многаму навучыцца. Быць першай настаўніцай не толькі ганарова, але і адказна. Менавіта мне давяраюць бацькі самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. І ад мяне, першай настаўніцы, залежыць, як складзецца школьнае жыццё дзіцяці. Толькі павага і давер, шчырая любоў да вучняў могуць стварыць сітуацыю ўзаемаразумення. Я веру, што кожнае дзіця таленавітае па-свойму. Мая задача як настаўніка — выявіць унікальны патэнцыял кожнага вучня, дапамагчы яму праявіць свае лепшыя якасці, раскрыць сябе, — гаворыць Святлана Арол.
* * *
Выхадцы і прадаўжальнікі педагагічнай дынастыі Рагачовых — Серафімавых, а сёння ўжо і Арлоў, яны вучыліся ў педагогаў, якія адносіліся да савецкай школы, дзе аўтарытэт настаўніка быў сапраўды бясспрэчным. І засноўваўся ён не толькі на прафесіяналізме, але і на выключных чалавечых якасцях.
— У савецкі час у большай ступені ў прафесію траплялі самыя таленавітыя, добрасумленныя, гатовыя аддаць усе свае сілы і веды не толькі вучням, але і пачынаючым педагогам. Сельская школа, дзе паспеў папрацаваць, — гэта вялікая педагагічная сям’я, у якой мы адчувалі сябе сваімі сярод сваіх. Было вельмі прыемна, што ў калектыў педагогаў прынялі вельмі цёпла. Мае ўрокі наведвалі дырэктар і завуч, адразу паказвалі памылкі, давалі парады, я сам прысутнічаў на ўроках мэтраў. Маладых педагогаў паважалі, падтрымлівалі і ганарыліся нашымі першымі поспехамі, а вучылі не з пазіцыі “зверху ўніз”, а па прынцыпе “роўны роўнаму”, — успамінае Раман Іванавіч.
Раман і Святлана Арол імкнуцца перадаць лепшае, чым валодаюць, вучням і калегам, дачцэ Арыне — і не толькі ў плане прафесіі, але і чалавечых адносін, у тым ліку паказваючы прыклад шчаслівай сям’і.
Таццяна ЛАПАЦІНА
Фота з архіва сям’і АРОЛ





