Як у айчынных УВА дапамагаюць раскрываць інтэлектуальны патэнцыял сучаснай моладзі

- 9:00Главная, Образование

Як таленавітыя студэнты айчынных УВА працягваюць лепшыя традыцыі беларускай навукі? Днямі ў сценах БДУІР узнагародзілі аўтараў 60 навуковых праектаў — лаўрэатаў XXX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Радыяцыйныя экраны на аснове вальфраму, электрагідраўлічны прывад для трактара, сухія канцэнтраты грэчкі, платформа для інтэлектуальных сістэм, фактары рызыкі развіцця харчовай алергіі, псіхалагічныя механізмы ўздзеян­ня, сенсорны маркетынг і нават спартыўная падрыхтоўка шахматыстаў — усё гэта і многае іншае — у цэнтры ўвагі маладых вучоных. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з некаторымі з іх.

Прастата і зручнасць

А таксама практычнасць і функцыянальнасць, універсальнасць і індывідуальнасць — пастулаты, якіх прытрымліваецца Наталля Кляшняк, дызайнер адзення і выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў яна паўдзельнічала ўпершыню:

— Гэта мая першая спроба заявіць пра сябе на такім конкурсе і адразу ўдалая. Прадстаўляю калекцыю мужчынскіх кашуль “Трусмены”, у якой офісны стыль трансфармаваны ў хатні для камфорту падчас аддаленай работы з дому. Кашулі выкананы з экалагічна чыстых матэрыялаў, у тым ліку і бавоўны, якія характарызуюцца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да святла і вады. Яшчэ адна з пераваг — выкарыстанне перапрацаванай непатрэбнай тканіны: маленькія кавалачкі не выкідваюцца, а ідуць на пашыў здымных дэталей, якія могуць паміж сабой камбінавацца. Напрыклад, манішкі, манжэты і каўняры, якія дапускаюць розныя варыянты камбінаторыкі вырабаў.

У планах у Наталлі Кляшняк — працягваць работу з натуральнымі тканінамі — бавоўнай і лёнам, якія лягчэй перапрацоўваюцца. У будучыні яна думае ствараць не калекцыі, а адзінкавыя мадэлі — больш эксперыментальныя, “не такія прывычныя чалавечаму воку”.

Вэб-экскурсіі

Студэнтка 2 курса новай спецыяльнасці “Урбаналогія і сіці-менеджмент” Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Аліна Несцяровіч прэзентавала праект “Віртуальныя экскурсіі для гарадскога парку”, створаныя пры дапамозе розных інструментаў воблачнай платформы ArcGIS Online.

— Зараз каля 80% насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах. Асноўным месцам адпачынку гараджан найчасцей выступа­юць гарадскія паркі. У буйным гора­дзе можа быць некалькі паркаў рознага тыпу і плошчы, а ў малым часцей за ўсё размешчаны адзін парк, які адыгрывае важную ролю ў жыцці горада. Гарадскія паркі характарызуюцца складанай канструкцыяй, разнастайнасцю зялёных насаджэнняў, значнай колькасцю дэкаратыўных пабудоў і помнікаў, наяўнасцю атракцыёнаў, гандлё­вых аб’ектаў і інш. Такім чынам, для найлепшага развіцця патэнцыялу гарадскіх паркаў значную актуальнасць набывае выкарыстанне вэб-тэхналогій, якія дазволяць візуалізаваць паркавую прастору, — расказала Аліна.

Паводле яе слоў, калі ва ўніверсітэце пачалася дысцыпліна “ГІС-тэхналогіі ў планаванні горада”, яе зацікавілі паркавыя тэрыторыі. Разам з яшчэ адной студэнткай яна прааналізавала і вызначыла перспектыўныя напрамкі развіцця турыстычнага патэнцыялу гарадскіх паркаў з выкарыстаннем воблачных тэхналогій. Работа праводзілася на прыкладзе двух гарадскіх паркаў: брэсцкага Парку культуры і адпачынку і столінскага парку “Маньковічы”, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй рэспубліканскага значэння.

— Пакуль мой праект проста праект, хоць падобныя яму ўжо ўкаранёны. Напрыклад, інтэрактыўны каталог “Карта госця” размешчана на сайце парку культуры і адпачынку імя А.В.Суворава ў Кобрыне. Таму і я разлічваю, што мая распрацоўка будзе карыстацца попытам, — выказала спа­дзяванне А.Несцяровіч.

Пазбегнуць выгарання

У лік лаўрэатаў XXХ Рэспуб­ліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў трапіла і Настасся Слесарава, магістрантка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Яе праект называецца “Дынаміка псіхаэмацыянальных парушэнняў у медыцынскіх работнікаў у перыяд пандэміі COVID-19”.

— У мяне былі дзве групы падыспытных, якія ўдзельнічалі ў маёй карэкцыйнай праграме. Падчас чатырохгадовых даследаванняў усіх трох хваль пандэміі разглядаліся тыя, хто аказваў дапамогу і хто не, у тым ліку маладыя спецыялісты. Было выяўлена, што ў медработнікаў (урачоў, маладых спецыялістаў, санітарак), якія аказвалі дапамогу цяжкім пацыентам, быў высокі ўзровень выгарання нават у маладым узросце, а таксама трывога, дэпрэсія, дыстрэс. Нам трэба было дапамагчы неяк скарэкціраваць іх псіхаэмацыянальны стан, таму што многія работнікі хацелі ўжо развітвацца з медыцынай. Мы пратэсціравалі іх, выявілі высокі ўзровень трывогі і дыстрэс і пачалі праводзіць з імі карэкцыйныя заняткі — усяго іх было 25. Аднак больш эфектыўнай методыкай, якая дапамагае ў выяўленні эмоцый, стала работа з метафарычнымі картамі. У нас ёсць чатыры калоды карт. Кожны падыспытны выцягваў сваю эмоцыю ў пэўны момант, далей знаходзіў свае станоўчыя і адмоўныя эмоцыі, а таксама рэсурсы, якія маглі б дапамагчы пражыць гэтую дрэнную эмоцыю і перавесці яе ў пазітыў, — патлумачыла Настасся.

Дарэчы, яна і сама працавала медсястрой у Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы і не па чутках ведае, з чым сутыкнуліся медработнікі падчас пандэміі. На сёння распрацавана карэкцыйная праграма, прызначаная для работы псіхолага ў медустановах, і ўжо ёсць акты яе ўкаранення ў вытворчы працэс сістэмы аховы здароўя.

Цяпер Н.Слесарава вывучае стаўленне пацыентаў да сваіх хвароб:

— Я даследую тое, як людзі адносяцца да сваіх хвароб, якія страхі яны выклікаюць. Право­джу гутаркі з усімі пацыентамі — ад 18-гадовых да пажылых — як у тэрапеўтычным, хірургічным аддзяленнях, так і ў гінекалагічным і анкалагічным.

Кіруе магістранткай загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі ГДУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Георгіеўна Шацюк. Дарэчы, падчас урачыстага ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу яна была адзначана Ганаровай граматай Мін­адукацыі за добрасумленную плённую навукова-педагагічную дзейнасць і паспяховае кіраўніцтва навуковымі работамі студэнтаў.

— Мае вучні — пастаянныя ўдзельнікі Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Яны рэгулярна паказваюць высокія вынікі на працягу многіх гадоў. Вельмі прыемна, што камісія высока ацаніла праекты маіх выхаванцаў і што мы трапілі ў лік лепшых, — дадала Т.Г.Шацюк.

Апора краіны

У айчынных універсітэтах ствараюцца ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых ініцыятыў, удзяляецца вялікая ўвага развіццю навуковых школ, а лепшыя прадстаўнікі становяцца гордасцю нацыі і здабыткам сусветнай навукі.

Падрыхтоўка спецыяліста, здольнага канкурыраваць на сучасным рынку працы, несумненна, прадугледжвае авалоданне навыкамі навукова-даследчай дзейнасці. Бо менавіта навука — найважнейшая апора дзяржавы, залог яе багацця і эканамічнага росквіту. У сучасным свеце даб­рабыт краін непасрэдна залежыць ад стану навукі. Толькі тыя краіны, якія ўдзяляюць сур’ёзную ўвагу навуковым даследаванням, паспяхова асвойваюць найноўшыя навукаёмістыя тэхналогіі і ўкладваюць у іх дастаткова вялікія фінансавыя, інфармацыйныя, вытворчыя і інтэлектуальныя сродкі, валодаюць эканамічным патэнцыялам і займаюць вядучыя пазіцыі на сусветным манежы.

А таму ўсім беларускім маладым вучоным хочацца пажадаць поспехаў, новых дасягненняў, ідэй і навуковых праектаў. Хочацца верыць, што тая высокая ацэнка, якую яны атрымалі на XXХ Рэспуб­ліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, стане для іх стымулам да новых перамог.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара