Настаўніца музыкі сярэдняй школы № 11 Мазыра і кіраўнік узорнага аматарскага калектыву Беларусі тэатра песні MUSIC LAND Вольга Суханава навучыць спяваць любога. Яна дакладна ведае, як таленту дзіцяці надаць агранку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як прызнаецца суразмоўніца, яна прыйшла ў педагогіку па прызванні, а непасрэдна ў сярэднюю школу № 11 Мазыра трапіла, як кажуць, па волі лёсу. Па адукацыі Вольга Вінцэнтаўна вакаліст, скончыла аддзяленне харавога дырыжыравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Працавала мастацкім кіраўніком ва ўстановах прафадукацыі Навагрудка і Мазыра — займалася з дзецьмі вакалам.
— А ў школу, у якой працую ўжо 27 гадоў, трапіла выпадкова, — гаворыць педагог. — Мая дачка, калі была навучэнкай другога класа 11-й школы, рыхтавалася да творчага школьнага мерапрыемства. Мы разам з ёй паставілі харэаграфічны нумар — танец “Цыганачка”. Так педагогі і дырэктар установы заўважылі мой творчы імпэт і запрасілі стаць кіраўніком гуртковай работы, а пасля пройдзеных курсаў перападрыхтоўкі — і настаўнікам музыкі. Вядома, мне бліжэй вакальнае мастацтва, вакальна-харавая работа, таму з дзецьмі спяваем як на ўроку, так і ў ансамблі, асобна займаемся вакалам з салістамі.
— Як працуецца з самымі маленькімі вучнямі?
— Я выкладаю ў пачатковых класах, з дзеткамі працаваць мне падабаецца. На ўрок яны прыходзяць заўсёды з добрым настроем, яны такія адкрытыя, адухоўленыя. Часта пытаюцца: “А вы навучыце мяне спяваць?”
— І што ж вы ім адказваеце?
— Ну вядома, гавару, што навучу! Усе людзі ўмеюць спяваць, проста трэба іх правільна накіраваць і надаць таленту агранку. З падтрымкай педагога любы чалавек адчуе ўпэўненасць у сабе, трэба толькі дабавіць працаздольнасці, і вынік абавязкова парадуе. Кожнае дзіця вылучаецца харызмай, здольнае зараджаць сваёй энергіяй. Калі праводжу заняткі ў класе, проста кайфую ад работы, таму што бачу ў вачах навучэнцаў гэтую радасць жыцця, натхненне. З першых гадоў навучання вучу іх спяваць, чысценька, прыгожа, ва ўнісон, і толькі потым спрабуем спяваць па партыях.
— Дырэктар школы Яўгенія Варановіч крыху расказала пра школьныя поспехі і дасягненні, адзначыўшы, што вы не толькі настаўнік музыкі, але і кіраўнік узорнага аматарскага калектыву, а гэта ў рамках установы адукацыі гучыць ганарова.
— Так, у 2021 годзе званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” прысвоена тэатру песні MUSIC LAND. Калектыў выступае ў трох складах, у ім займаюцца дзеці розных узростаў: 5—6, 7—9 гадоў і старэйшы склад, 12—16 гадоў. А некалі ўсё пачыналася з вакальнага ансамбля “Карамелька”, самы першы склад з’явіўся ў 2016 годзе. Калі ў вялікую творчую сям’ю прыйшлі старэйшыя дзеці, мы вырашылі змяніць назву нашай маленькай музычнай краіны. А паколькі ставім нумары не толькі вакальныя, але і харэаграфічныя, то назва для ансамбля з’явілася сама па сабе — тэатр песні MUSIC LAND. З нядаўняга часу да нас у ансамбль прыйшла маладая харэограф Людміла Землякова, і нашы нумары сталі яшчэ ярчэйшымі, яны зайгралі па-новаму. Танец дазваляе ажывіць уласныя пачуцці, эмоцыі, данесці думку да гледача, дастукацца да душы кожнага чалавека. А яшчэ пры пастаноўцы любога нумара асаблівую ўвагу ўдзяляю акцёрскаму майстэрству дзяцей, каб песня выконвалася на сцэне сапраўдным артыстам — і спеваком, і музыкантам, і акцёрам. Харызма, падача — галоўныя складнікі творчага вобраза.
2023 год стаў сапраўдным творчым узлётам для тэатра песні MUSIC LAND. Скарбонка дасягненняў папоўнілася “золатам” і “бронзай” IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж”. Калектыў стаў пераможцам на абласным этапе VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, заваяваў гран-пры на адкрытым рэспубліканскім разнажанравым конкурсе “Жарынка” і творчым фестывалі “Захавай святло сэрца”. MUSIC LAND стаў лаўрэатам I ступені ў V Міжнародным конкурсе выканальніцкіх мастацтваў “Фанфары”, а таксама атрымаў спецыяльны дыплом ад журы ў намінацыі “Лепшы нумар”. Дарэчы, толькі за апошнія два гады калектыў атрымаў 87 дыпломаў.
— У чым сакрэт поспеху і перамог на творчых фестывалях?
— Сакрэт поспеху просты: на 1% таленту трэба прыкласці 99% працавітасці. За звычайным вакальным нумарам стаіць тытанічная праца дзяцей і кіраўніка. Без працы нічога не атрымаецца. Нават калі чалавек таленавіты ад прыроды, яму трэба прыкласці нямала намаганняў. На адзіным таленце, як кажуць, далёка не паедзеш, заўсёды трэба развівацца і імкнуцца да новых вяршынь, спасцігаць і замахвацца на тое, чаго яшчэ не ўмееш.
— У тэатра песні, напэўна, склаўся дастаткова багаты рэпертуар?
— Выконваем песні розныя па жанры і тэматыцы, у аснове рэпертуару — кампазіцыі пра шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства, юнацтва. Маленькія выканаўцы заўсёды з радасцю спяваюць песні беларускіх кампазітараў Настассі Марчук, Сяргея Талкунова, Яўгена Алейніка, Яўгена Курчыча. Шмат кампазіцый прысвечаны Беларусі, асаблівую ўвагу ўдзяляю творам грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі і духоўнай накіраванасці. Да таго ж актыўны ўдзел калектыў прымае ў канцэртах, якія праводзяцца маладзёжным аддзелам Тураўскай епархіі, у калядных і велікодных мерапрыемствах, конкурсах духоўнай накіраванасці і праваслаўных адукацыйных чытаннях.
— Што самае галоўнае ў вашай рабоце настаўніка і кіраўніка калектыву? Тэатр песні MUSIC LAND вельмі любяць і чакаюць не толькі ў родным горадзе, але і ў раёне.
— Без нашага выступлення не абыходзіцца ніводнае гарадское ці раённае мерапрыемства, гэта праўда. Напэўна, адметная рыса калектыву яшчэ і ў тым, што мы спяваем шматгалоссе. Гэта вельмі прыгожа гучыць. У асноўным такое жывое выкананне сапраўды чапляе, бярэ за душу. Мы сталі вядомыя на сцэнічных пляцоўках горада, нас часта запрашаюць на канцэрты, прысвечаныя памятным датам. Наш рэпертуар даволі разнастайны: песні пра мір і вайну, пра краіну, пра дзяцінства і мары. Дарэчы, гэтыя кампазіцыі дазваляюць у тым ліку праводзіць выхаваўчую работу: дзеці ўбіраюць у сябе любоў да Радзімы, у іх фарміруюцца паняцці сяброўства, справядлівасці, а песні духоўнай накіраванасці прыводзяць іх да ўнутранай гармоніі. Неяк спявалі песню пра Ісуса Хрыста, дзе куплеты складзены з запаведзяў. Перш чым узяцца за выкананне, заўсёды разам з дзецьмі вельмі падрабязна разбіраем сэнс слоў песні, тады яны ўнікаюць у самую сутнасць, пранікаюцца сімвалізмам і зместам музычнага твора.
— Скажыце, вашы вучні выбіраюць творчыя прафесіі, становяцца музычнымі работнікамі, педагогамі, салістамі?
— Незалежна ад таго, куды мае выхаванцы паступаюць, яны ўсюды будуць навідавоку, зоркамі. Часта дзеці мне дзякуюць, дзеляцца, як ім у жыцці спатрэбілася ўсё тое, чаму яны навучыліся ў калектыве. Некаторыя мае вучні паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы — выкладчыкамі па вакале. Калісьці яны зіхацелі на сцэне і сваім вакалам пакаралі сэрцы гледачоў, а зараз таленавітыя педагогі і самі дапамагаюць дзецям здзяйсняць іх мары аб сцэнічным трыумфе. Дарэчы, мая старэйшая дачка скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Харэаграфічнае мастацтва”, а пасля і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Доўгі час працавала салісткай дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. Я часта ў творчых пытаннях звяртаюся па параду да дачкі. Падказаць можа і зяць, ён мультыінструменталіст-вакаліст.
— Творчаму чалавеку проста неабходны знешні ўсплёск матывацыі. Адкуль чэрпаеце натхненне?
— Мая работа мяне ж і натхняе. Калі прыходзяць дзеткі, спяваюць сваімі тоненькімі галаскамі, я кожны раз лаўлю сябе на думцы, як яны прыгожа праспявалі пэўны момант у песні, узялі ноту, адзначаю тэмбр. І адразу ў думках шукаю кампазіцыю пад выкананне для кожнага дзіцяці. Менавіта дзеці, іх тэмбральныя афарбоўкі мяне ўражваюць і натхняюць на новы віток работы. І потым менавіта з імі я хачу падзяліцца сваім майстэрствам.
Р.S. Вольга Суханава выказвае падзяку дырэктару сярэдняй школы № 11 Яўгеніі Варановіч за высокі пафесіяналізм, маштабны ўклад у развіццё творчага калектыву — дапамогу ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, творчы падыход да рэалізацыі планаў, а таксама за атмасферу цяпла і веру ў перспектывы далейшага развіцця.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва гераіні