Аб новых напрамках развіцця прафесійнай адукацыі і перспектывах на будучыню карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валерый Галубоўскі.
— Валерый Мікалаевіч, выстава “Беларусь інтэлектуальная”, якая з поспехам праходзіць на прасторах нашай краіны, яскрава сведчыць, наколькі высокі ўзровень тэхналогій здольны распрацоўваць нашы вучоныя, практыкі, прадстаўнікі ўніверсітэцкай навукі. Сучаснымі тэхналогіямі павінны валодаць і рабочыя.
— Безумоўна, вектар развіцця прафесійнай адукацыі сёння накіраваны на падрыхтоўку кадраў з больш высокім узроўнем кваліфікацыі, прафесійных навыкаў, інтэлекту і практычных навыкаў. Ад гэтага залежыць узровень прадукцыйнасці працы і эканамічны эфект вытворчасці ў цэлым і кожнага прадпрыемства ў прыватнасці. Для гэтага мы стварылі сетку цэнтраў кампетэнцый, дзе сканцэнтравана самае перадавое вытворчае і вучэбнае абсталяванне, сучасныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў рэальным сектары эканомікі. Відавочна рацыяльнасць такога падыходу.
Кожную ўстанову адукацыі вельмі складана абсталяваць сучаснымі адукацыйнымі рэсурсамі, таму сканцэнтраваць тэхналагічны парк у адной установе — самы эфектыўны спосаб. Акрамя таго, такі падыход дае магчымасці для сеткавага ўзаемадзеяння, калі навучэнцы з іншых устаноў аднолькавага профілю з’язджаюцца ў цэнтр кампетэнцый для навучання на найноўшым абсталяванні, а потым працягваюць засвойваць вучэбную праграму ў сябе ў каледжы. Сёння дзейнічаюць 52 цэнтры кампетэнцый, частка якіх працуе на рэгіянальным узроўні. Таксама ёсць 11 цэнтраў рэспубліканскага значэння, дзе выкарыстоўваюцца не толькі сённяшнія, але і апераджальныя тэхналогіі, якіх можа не быць нават на самой вытворчасці.
На працягу сакавіка і красавіка сумесна з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі аблвыканкамаў інстытут праводзіць серыю выязных семінараў у кожным рэгіёне краіны на базе цэнтраў кампетэнцый. Мы хочам прадэманстраваць іх эфектыўнасць, прасачыць за развіццём сеткавага ўзаемадзеяння як паміж профільнымі ўстановамі адукацыі вобласці, так і з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У семінарах прымаюць удзел не толькі дырэктары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адпаведнага рэгіёна, але і кіраўнікі профільных цэнтраў кампетэнцый, прадстаўнікі камітэтаў па працы, эканоміцы і сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў. Вынікамі такіх семінараў, як правіла, становяцца выяўленне праблем, якія перашкаджаюць павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў, распрацоўка новых прапаноў па ўдасканаленні механізмаў узаемадзеяння сістэмы адукацыі, арганізацый — заказчыкаў кадраў, мясцовых органаў кіравання.
— Раскажыце пра самыя адметныя цэнтры кампетэнцый.
— Вось, напрыклад, цэнтр кампетэнцый Мінскага аўтамеханічнага каледжа, філіяла РІПА. Гэтая ўстанова першапачаткова прызвана рэалізоўваць не толькі традыцыйныя адукацыйныя праграмы, але і эксперыментальна апрабаваць методыкі і тэхналогіі зместу адукацыі, якія распрацоўвае наш інстытут. Каледж з’яўляецца вядучым у гэтым кірунку, драйверам абнаўлення зместу методык прырашчэння адукацыйных і вытворчых тэхналогій і спрыяе развіццю навучання па спецыяльнасцях электрамабілебудавання, абслугоўвання і эксплуатацыі электрамабіляў.
Цэнтрам кампетэнцый рэспубліканскага значэння з’яўляецца Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе РІПА, дзе праходзяць навучанне па “Індустрыі 4.0” амаль 700 чалавек. У рэгіёнах таксама створаны цэнтры кампетэнцый у сферы машынабудавання і аўтасэрвісу, якія рыхтуюць кадры для мясцовай вытворчасці, у тым ліку для горадаўтваральных прадпрыемстваў. Для засваення часткі адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі на базе такіх цэнтраў займаюцца студэнты УВА: БНТУ, БДТУ, абласных універсітэтаў. Сёння тое, калі бакалаўры з вышэйшай адукацыяй валодаюць прыкладнымі кампетэнцыямі, з’яўляецца сусветным трэндам. І гэта лёгка патлумачыць. Наймальнікі не столькі зацікаўлены ў якаснай акадэмічнай падрыхтоўцы работнікаў, колькі цэняць у іх здольнасці прымяняць акадэмічныя веды на практыцы. Такой падрыхтоўцы садзейнічае дзейнасць экатэхнапарка “Волма”, дзе вучацца каля 1600 чалавек, большасць з якіх — студэнты нашых універсітэтаў.
— У маі пачнецца Рэспубліканскі чэмпіянат прафесійнага майстэрства. Цэнтры кампетэнцый сёння выкарыстоўваюцца як пляцоўкі для адбору канкурсантаў. Як плануецца правесці спаборніцтва?
— Прафесійны конкурс — гэта інструмент павышэння прывабнасці і значнасці рабочай прафесіі, паколькі абсталяванне, тэхналогіі, вытворчыя прыёмы, якія прымяняюцца на конкурсных пляцоўках, маюць узровень сусветных узораў, і той, хто стаіць на парозе выбару прафесійнага шляху, можа на такім спаборніцтве азнаёміцца з сённяшнім станам прафесійнай адукацыі, яе будучыняй, сфарміраваць сваё меркаванне наконт прафесійнай дзейнасці, зрабіць адпаведныя высновы. На кожным чэмпіянаце мы практыкуем устаноўку дэманстрацыйных пляцовак для школьнікаў. Акрамя таго, для іх будуць арганізаваны экскурсіі, сустрэчы з канкурсантамі, вытворцамі. Характэрна, што ў рамках чэмпіянату будзе праводзіцца конкурс JuniorSkills з удзелам дзяцей. Сёлета ён упершыню будзе арганізаваны на базе дзіцячага тэхнапарка. Як бачна, прафарыентацыя набывае новыя рысы і пашырае аўдыторыю дзяцей і моладзі.
— Які фармат конкурсу прапануецца ў гэтым годзе?
— Канкурсанты будуць выступаць па 49 кампетэнцыях. Пачынаючы з 2014 года, калі быў праведзены першы чэмпіянат, кампетэнцый было толькі 20. Як бачым, за папярэднія гады іх колькасць істотна павялічылася, і, безумоўна, нам ёсць куды расці. Павялічваецца і колькасць тых кампетэнцый, якія будуць праходзіць у анлайн-фармаце. Гэта такарныя, фрэзерныя работы, кулінарнае мастацтва, хлебапячэнне, рэстаранны сэрвіс. Конкурс па іх будзе праводзіцца ў цэнтрах кампетэнцый і дэманстравацца на маніторы асноўнай пляцоўкі чэмпіянату ў Мінску. Увогуле, плануецца ўдзел у чэмпіянаце 335 канкурсантаў, амаль столькі ж экспертаў, а калі ўлічыць колькасць канкурсантаў на адборачных турах, то атрымліваецца маштабная конкурсная кампанія.
— Істотным дапаможным сродкам у выбары прафесіі можна лічыць прафесійную падрыхтоўку школьнікаў 10 і 11 класаў у рамках працоўнага навучання. Сёння гэта выбар, апрабаваны на практыцы. Ці ёсць у ёй рацыя?
— Калі мы праводзілі аналіз сусветнай практыкі ў гэтым напрамку, то выявілі, што краін, дзе даюць навыкі рабочай прафесіі старшакласнікам, вельмі мала. А ў нас такая мадэль прыжылася і прыносіць заўважныя вынікі. Увогуле, у нашай краіне створана бесперапынная сістэма навучання, забяспечана пераемнасць яго зместу, што дае магчымасць выбудаваць любую траекторыю адукацыі. Школьнікі, якія не трапілі ў профільныя класы пасля 9 класа, у 10 класе могуць выбраць прафесійную накіраванасць і асвоіць рабочую прафесію ў час працоўнага навучання. Гэта дапамагае зрабіць прафесійны выбар, і не памылковы, а больш усвядомлены і вывераны. І нават калі навучэнец пойдзе па іншым прафесійным шляху, то атрыманыя прафесійныя навыкі заўсёды спатрэбяцца. Працоўнае навучанне развіваецца з кожным годам, і з нядаўняга часу мы сумесна з галіновымі міністэрствамі, непасрэдна прадпрыемствамі і арганізацыямі правялі работу па абнаўленні пераліку прафесій, якія можна атрымліваць школьнікам у рамках працоўнага навучання ў больш кароткія тэрміны. Мы дадалі яшчэ 9 прафесій. Сярод іх прафесіі машына- і станкабудавання: слесар механазборачных работ, слесар-рамонтнік, токар, электрык па рамонце электраабсталявання; шэраг прафесій будаўнічай галіны: муляр, абліцоўшчык-плітачнік, мантажнік, слесар-сантэхнік, а таксама наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння, што дазволіць працаваць у сферы інфармацыйна-кабельных сетак, праграмаванні і іншых кірунках ІТ.
— Нядаўна быў абноўлены Агульнадзяржаўны класіфікатар. У чым яго адметнасці?
— Па сутнасці, стаяла задача прывесці Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ў адпаведнасць з Агульнадзяржаўным класіфікатарам відаў эканамічнай дзейнасці, а значыць, зрабіць яго больш адпаведным развіццю сённяшняй эканомікі і намеціць шляхі на перспектыву. Калі гаварыць пра некаторыя адрозненні новага Агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь АКРБ 011-2022 “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ад папярэдняга, то заслугоўвае ўвагі адно важнае новаўвядзенне — зняты абмежаванні ў атрыманні спецыяльнасцей для моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта вельмі важна. Адзіным абмежаваннем застаюцца медыцынскія проціпаказанні па стане здароўя, якія могуць уплываць на далейшае працаўладкаванне такой катэгорыі навучэнцаў. Для іх сталі больш даступнымі шляхі атрымання рабочых прафесій. Улічваючы спецыфіку навучання такой катэгорыі, распрацаваны праграмы павышэння кваліфікацыі для тых педагагічных работнікаў, якія будуць з імі працаваць і павінны мець у гэтым прафесійны навык. З гэтай мэтай мы рэалізуем праект “Школа інклюзіўнага педагога”, дзе педагогам прадстаўляюцца сучасныя тэхналогіі, актыўныя метады навучання, новыя падыходы.
Сёння тое, калі бакалаўры з вышэйшай адукацыяй валодаюць прыкладнымі кампетэнцыямі, з’яўляецца сусветным трэндам. І гэта лёгка патлумачыць. Наймальнікі не столькі зацікаўлены ў якаснай акадэмічнай падрыхтоўцы работнікаў, колькі цэняць у іх здольнасці прымяняць акадэмічныя веды на практыцы.
— Як фарміруецца Нацыянальная сістэма кваліфікацый? Наколькі актыўныя ў гэтым наймальнікі?
— Нацыянальная сістэма кваліфікацый абнаўляецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны разам з Міністэрствам адукацыі і іншымі галіновымі міністэрствамі. У ідэале ініцыятыва ў гэтым павінна зыходзіць ад аб’яднанняў наймальнікаў, якія павінны дыктаваць эканамічныя патрабаванні па падрыхтоўцы кадраў. З гэтай мэтай створаны 20 сектарных саветаў кваліфікацый, якія займаюцца перспектыўным развіццём адпаведнага сектара эканомікі, арганізацыяй узаемадзеяння рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, наймальнікаў кадраў і іншых арганізацый, якія вядуць прагназаванне патрэбнасці ў кваліфікаваных кадрах, забеспячэнне развіцця НСК і распрацоўку прафесійных стандартаў на перспектыўныя і эканамічна значныя віды дзейнасці і інш. У практычным ажыццяўленні гэтых кірункаў РІПА супрацоўнічае з РІВШ, вядучымі прадпрыемствамі, падключае УВА, установы прафесійнай адукацыі, якія маюць трывалы метадычны базіс у гэтым напрамку.
— У новым прававым полі мэтавая падрыхтоўка кадраў набывае сучасныя грані. Як гэта ўспрынята работадаўцамі?
— Адно са змяненняў, якое замацавана ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, тычыцца правядзення мэтавай падрыхтоўкі і непасрэдна зняцця ў ёй абмежаванняў незалежна ад рэгіёна. Заказчыкам кадраў важна растлумачыць, каб яны зразумелі магчымасці, якія адкрываюцца перад імі ў мэтавай падрыхтоўцы будучых кадраў. Для гэтага арганізаваны не толькі кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. РІПА арганізоўвае шмат семінараў з прадстаўнікамі галіновых міністэрстваў, арганізацый у сферы прамысловасці, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, каб расказаць пра новыя падыходы, замацаваныя заканадаўствам, у частцы падрыхтоўкі кадраў, прагназавання патрэбнасцей, вытворчых практык, працаўладкавання. Усё гэта ў комплексе тычыцца рэальнага сектара эканомікі, і мы паказваем, у якім прававым полі яны павінны весці сваю кадравую палітыку.
Ала КЛЮЙКО