Як у БДУТ умацоўваюць падмурак харчовай бяспекі

- 9:00Главная, Образование

Пра нюансы навучання ў адзіным у Беларусі профільным універсітэце па падрыхтоўцы спецыялістаў для харчовай вытворчасці карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з рэктарам установы Максімам Кіркорам.

Пропуск у будучыню

— Максім Аляксандравіч, БДУТ больш за 50 гадоў адказвае за падрыхтоўку спецыялістаў для харчовай вытворчасці. У цэлым што можна сказаць пра ўклад вашай установы ў харчовую бяспеку краіны?

— Наш універсітэт адзіны ў Беларусі рыхтуе спецыялістаў для харчовай і хімічнай прамысловасці. У свой час, дзякуючы будаўніцтву найбуйнейшага ў Еўропе (на той момант) прадпрыемства “Магілёўхімвалакно” і неабходнасці забяспечваць яго кадрамі, было прынята рашэнне аб стварэнні ў Магілёве тэхналагічнага інстытута. Адной з яго першых спецыяльнасцей стала “Грамадскае харчаванне”, але, паступова пашыраючыся, мы ахапілі ўсю харчовую прамысловасць. У 2021 годзе наша ўстанова была перайменавана ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. Для нас гэта не проста назва, а ганаровы статус.

За час існавання нашай УВА падрыхтавана больш за 38 тысяч спецыялістаў, якія працу­юць не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза. Наўрад ці знойдзецца айчыннае харчовае прадпрыемства, дзе няма ніводнага нашага выпускніка. Сёння харчовая прамысловасць краіны мае доб­рыя паказчыкі, у тым ліку ў сферы якасці і экспартных паставак. Такога выніку ўдалося дасяг­нуць у многім дзякуючы кадраваму патэнцыялу галіны, у чым ёсць і наша заслуга. Такім чынам БДУТ забяспечвае падмурак харчовай бяспекі краіны.

— А моладзь ахвотна паступае на спецыяльнасці БДУТ? І ці карыстаюцца попытам вашы выпускнікі ў наймальнікаў?

— Так, ахвотна, бо маладыя людзі разумеюць, што заўсёды будуць мець работу. Раней мы самі займаліся размеркаваннем сваіх выпускнікоў і прапаноўвалі іх прадпрыемствам. Зараз сітуа­цыя кардынальна змянілася:
пачынаючы з верасня ледзь не кожны тыдзень прыязджаюць прадстаўнікі прадпрыемстваў і знаёмяцца з будучымі выпускнікамі розных спецыяльнасцей. Да таго ж мы стараемся і на пераддыпломную практыку накіроў­ваць студэнтаў на тыя прадпрыемствы, на якіх яны працэнтаў на 90 у далейшым будуць працаваць.

Прычым нашы выпускнікі маюць права выбару першага працоўнага месца. Так, летась да нас паступіла ў сярэднім па тры заяў­кі на аднаго спецыя­ліста. На “Таваразнаўстве” ўвогуле было каля дзесяці прэтэндэнтаў на аднаго выпускніка. На, так бы мовіць, асноўных спецыяльнасцях — “Тэхналогія мяса і мясных прадуктаў”, “Тэхналогія малака і малочных прадуктаў”, “Тэхналогія хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў”, “Тэхналогія прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” — конкурс наймальнікаў склаў 4—5 на аднаго выпускніка.

Попыт на нашых спецыя­лістаў вельмі высокі, і, на жаль, поўнас­цю ўсе заяўкі задаволіць мы не можам. Калі я размаўляю з дырэктарамі прадпрыемстваў і іх кадравымі службамі, то заўсёды гавару: “Ваш шанс атрымаць спецыяліста — мэтавы набор”. Сёння сапраўды вялікая ўвага ўдзяляецца мэтавікам і Прэзідэнтам, і Міністэрствам адукацыі, якім створана траекторыя льготнага паступлення для мэтавікаў.

Дарэчы, амаль усе нашы спецыяльнасці адносяцца да ліку найбольш запатрабаваных эканомікай, бо харчовая прамысловасць — стратэгічны напрамак. Медалісты маюць права пасту­паць на іх без экзаменаў. Такой магчымасцю яны актыўна карысталіся ў мінулым годзе, і ў выніку да нас паступіла некалькі дзясяткаў такіх абітурыентаў.

На якасць адукацыі ў нашым універсітэце нараканняў з боку харчовых прадпрыемстваў няма.

Хто на новенькую

— Як часта ўзнікае неабходнасць у адкрыцці новых спецыяльнасцей?

— Перыядычна ў заказчыкаў кадраў узнікае патрэба ў новых спецыялістах. Так, у мінулым го­дзе ў нас адбыўся другі набор на адзіную ў краіне спецыяль­насць “Тэхналогія індустрыі гасціннасці”. Сёння ў краіне актыўна
развіваецца як аздараўленчы турызм, так і гастратурызм, якому патрэбны добрыя спецыялісты. І ў гэтым мы якраз можам дапамагчы.

Сёлета ўпершыню будзем набіраць абітурыентаў на ўнікальную для Беларусі спецыяльнасць “Харчовая бяспека”. Гэтае пытанне, паверце, вельмі актуальнае для нашых прадпрыемстваў. Па папярэдніх заяўках каля 150 такіх спецыялістаў ужо чакаюць заказчыкі кадраў. Хоць першы набор складзе ўсяго толькі 20 чалавек на дзённае бюджэтнае навучанне. Спачатку такім чынам апрабуем новыя праграмы, а пасля падумаем і пра адкрыццё завочнай формы навучання. Каб паступіць на гэтую спецыяльнасць абітурыентам трэба здаць ЦЭ/ЦТ па беларускай мове, хіміі і біялогіі.

У нашай краіне захаваліся старыя савецкія ДАСТы і цвёрдыя патрабаванні не толькі да якасці прадукцыі, але і да яе бяспекі, таму і наспела неабход­насць у адкрыцці такой спецыяльнасці. Яе выпускнікі з кваліфікацыяй інжынера будуць добра валодаць тэхналогіямі, асновамі механічных працэсаў абсталявання, разбірацца ў сертыфікацыі, сістэмах менеджменту якасці і бяспекі харчовых прадуктаў, ведаць, што такое фальсіфікацыя харчовых прадуктаў, ідэнтыфікацыя і ацэнка небяспек мікробнага, хімічнага і фізічнага паходжання і многае іншае. Яны змогуць працаваць менеджарамі па якасці, інжынерамі-тэхнолагамі, інжынерамі па стандартызацыі і сертыфікацыі, інжынерамі-хімікамі, мікрабіёлагамі, аўдытарамі, метролагамі.

Акрамя таго, мы плануем адкрыць спецыяльнасць “Інжынерна-педагагічная дзей­насць” з прысваеннем кваліфіка­цыі “інжынер. Педагог”. Такія спецыя­лісты змогуць працаваць майстрамі вытворчага навучання ў кулінарных каледжах. Калі ў нас прахо­дзіць размеркаванне выпускнікоў спецыяльнасці “Тэхналогія прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, паступае вельмі шмат просьб ад каледжаў направіць да іх менавіта педагогаў-майстроў. Спа­дзяёмся, што на гэтую спецыяльнасць першых 20 навучэнцаў мы набяром ужо летам 2025 года.

— Ці ідуць абітурыенты на мэтавае навучанне?

— Лічбы мэтавага набору ў БДУТ нарошчваюцца. На сёння каля 30 адзінаццацікласнікаў ужо заключылі мэтавыя дагаворы ў асноўным з малочнымі і хлебапякарнымі прадпрыемствамі. Думаю, у хуткім часе гэты працэс ажывіцца, бо старшакласнікі паспрабуюць свае сілы не толькі на РТ, але і РЦЭ, атрымаюць іх вынікі і задумаюцца над мэтавым навучаннем. Праўда, не трэба думаць, што на яго ідуць слаба падрыхтаваныя абітурыенты. Летась да нас паступалі нават медалісты-мэтавікі, а значыць, гэта ўжо дак­ладна матываваныя дзеці, якія хочуць працаваць на канкрэтным прадпрыемстве. Дарэчы, “Савушкін прадукт”, “Бабуліна крынка”, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат разумеюць, што мэтавікі — іх будучыня праз некалькі гадоў. Чым больш яны ўкла­дуць у іх падрыхтоўку сёння, тым больш якасныя прадукты атры­маюць заўтра.

Практычны складнік

— У БДУТ добрая практыка стварэння філіялаў на прадпрыемствах. Раскажыце пра яе.

— У нас 18 філіялаў на прадпрыемствах “Еўрагандаль”, “Універмаг “Цэнтральны”, “Магілёўгандальтэхніка”, “Бабруйскі бровар”, “МагНат”, “Малочныя горкі”, “Магілёўхімвалакно”, “Магатэкс”, Быхаўскім кансервавым заводзе, булачна-кандытарскай фабрыцы “Дамачай”, Магілёўскім мясакамбінаце і інш. На іх праходзяць лабараторныя і практычныя заняткі, экскурсіі па вытворчасці. Практычны складнік — неад’емная частка навучання, бо адна справа — даць студэнтам тэарэтычныя веды і зусім іншая — паказаць, як яны будуць прымяняцца ў рэальнасці. Важна, каб нашы выпускнікі мелі ўсе неабходныя навыкі, каб стаць добрымі спецыялістамі. Такое супрацоўніцтва прыносіць карысць як універсітэту, так і прымаючай арганізацыі, бо абнаўленне кад­равага складу заўсёды накіравана на развіццё вытворчасці.

У нас ёсць вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў для пякарнай вытворчасці, які ў хуткім часе будзе перайменаваны ў цэнтр кампетэнцый па хлебапячэнні. Там стаіць самае сучаснае абсталяванне, на якім праводзіцца як навучанне, так і павышэнне кваліфікацыі. Наш цэнтр быў адкрыты 1 верасня 2023 года, і толькі за першыя чатыры месяцы навучанне ў ім прайшлі больш за тысячу чалавек.

Дарэчы, адзін з напрамкаў прафарыентацыйнай работы цэнтра — правядзенне майстар-класаў для навучэнцаў 4—11 класаў. Дзеці прыязджаюць і сваімі рукамі гатуюць піцу або пернік і забіраюць з сабой.

Яшчэ мы плануем стварэнне цэнтра кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання. Зараз ідзе падрыхтоўка ўсёй дакументацыі. Гістарычна так склалася, што ў чэмпіянатах WorldSkills, а зараз ProfSkills у намінацыях “Рэстаранны сэрвіс”, “Кулінарнае майстэрства”, “Кухарская справа” ўдзельнічаюць нашы студэнты і вельмі добра паказваюць сябе. Напрыклад, у снежні на міжнародным чэмпіянаце па прафмайстэрстве “Прафесіяналы” ў Санкт-Пецярбургу нашы студэнты заваявалі два сярэбраныя медалі. Наш будучы цэнтр кампетэнцый па грамадскім харчаванні якраз і будзе дапамагаць у навучанні канкурсантаў, а заадно і вырашаць задачы, пастаўленыя перад універсітэцкай навукай, па распрацоўцы новых тэхналогій і падыходаў да харчавання.

БДУТ ужо два гады не набірае платнікаў на дзённую форму навучання.

Важная матывацыя

— Калі ўжо закранулі пытанне навукі, не магу не спы­таць, над чым зараз працу­юць вашы вучоныя.

Па-першае, над разнастайнымі рэцэптурамі, бо вельмі многія харчовыя прадпрыемствы разумеюць, што для павелічэння прыбытку і, адпаведна, аб’ёму продажаў неабходна абнаўляць сваю лінейку. Калі ты не будзеш у навуковыя даследаванні нешта ўкладваць сам, то нічога не абновіш і не заробіш, таму прадпрыемствы да нас звяртаюцца ў асноўным па новыя рэцэптуры, а значыць, стварэнне новых прадуктаў. Нядаўна працавалі з “Берасцейскім пекарам” па прарошчаным зерні, а зараз супрацоўнічаем са Слуцкім сыраробным заводам і “Бабулінай крынкай”.

У нас добрая прыборная база, а вопыт нашых супрацоўнікаў дазваляе спакойна ствараць новыя прадукты, напрыклад, касметычныя маскі, разнастайныя напоі, новыя віды хлеба, прадукцыю з прарошчанага збожжа для здаровага харчавання і іншыя рэцэптуры. Мы пастаянна рухаемся наперад, і лепшае пацвярджэнне гэтага — прызавыя месцы на міжнародных выставах. Так, вясной у Санкт-Пецярбургу на выставе інавацый HI-TECH-2024 мы атрымалі адзін спецпрыз, два “золаты” і адно “серабро”. Спецпрызам узнагароджаны біятэхналагічны комплекс “АСЕКМО”, залатымі медалямі — гатовая каша “Ласкавае зярнятка” ў вакуумнай упакоўцы і высокаэфектыўны сарбцыйна-актыўны матэрыял. “Серабро” атрымала распрацоўка “Смятана “На здароўе”.

У сярэдзіне снежня былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. У намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” 2-е месца заняў наш праект “Спагеці “Маэстра пасты” — дасканаласць безглютэнавай кухні”, які да таго ж атрымаў сертыфікат на суму 22 840 рублёў для камерцыялізацыі.

— Ваш універсітэт папулярны не толькі сярод беларускіх абітурыентаў, але і сярод замежных. Чым іх прываблівае БДУТ?

— Так, наш універсітэт шырока вядомы за мяжой. Сёння ў нас вучацца студэнты з Афрыканскага кантынента і Кітая, але больш за ўсё з азіяцкіх краін і былых рэспублік Савецкага Саюза — Узбекістана і Таджыкістана. З Узбекістанам у нас сумесная адукацыйная праграма па тэхналогіі мяса і малака, бо ў гэтай краіне шмат сыравіны, але зусім мала спецыялістаў і тэхналогій, таму яны і накіроўваюць да нас сваю моладзь.

Прадстаўнікі Таджыкістана вучацца на тэхналагічных спецыяльнасцях, прычым па ініцыя­тыве прыватнай фірмы, якая адпраўляе студэнтаў да нас і аплачвае ім усе расходы — навучанне, пражыванне, стыпендыі. Той факт, што замежны прыватны бізнес укладвае грошы ў адукацыю сваё­й моладзі ў нашым універсітэце, гаворыць пра многае.

— У пачатку 2025 года чаго б вы пажадалі сваім калегам, студэнтам і выпускнікам?

— Самае галоўнае — здароўя, мірнага неба над галавой, стабільнасці, каб усе задачы, якія мы ставім перад сабой, выконваліся. І пабольш нагод для ўсмешак! Студэнтам — паспяховай здачы сесіі, выпускнікам — не забы­ваць альма-матар, а супрацоўнікам — якаснай працы, якая будзе накіравана на ка­рысць і развіццё нашай роднай краіны!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і з архіва БДУТ