Як у Браслаўскай гімназіі развіваюць лідарскія якасці навучэнцаў і выхоўваюць адказных грамадзян

- 13:04Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Браслаўскай гімназіі развіты лідарскі дзіцячы рух, валанцёрства, арганізаваны клуб для пажылых людзей і інвалідаў, рэалізуюцца сацыяльна значныя маладзёжныя ініцыятывы, выпускаецца часопіс “Магістр”, працуе вучнёўскае тэлебачанне “ОКО ТВ”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З пытання аб грамадзянскім выхаванні вучняў і пачынаецца наша размова з дырэктарам гімназіі Аленай Гірон.

— Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт нашай краіны, адказ­насць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі маладога пакалення, а разам з ім і ўсёй краіны, —  гаворыць Алена Браніславаўна. — Грама­дзянскае, патрыятычнае выхаванне, развіццё дзіцячых ініцыятыў — прыярытэтныя кірункі нашай работы. Сёння гра­мадствам і дзяржавай запатрабаваны ініцыятыўныя людзі ва ўсіх сферах дзейнасці: эканоміцы, дзяржаўнай службе і кіраванні, са­цыяльным і сямейным жыцці. Дарэчы, за 14 гадоў ва ўстанове распрацавана 47 вучнёўскіх ініцыятыў, створана каля 15 каманд па іх рэалізацыі, у склад якіх увайшлі 63 гімназісты, падрыхтаваны дзясяткі творчых актывістаў. Мы выхоўваем навучэнцаў адказнымі грама­дзянамі і ініцыятыўнымі партнёрамі дзяржавы, нераўнадушнымі і бескарыслівымі людзьмі, сапраўднымі лідарамі.

У прыярытэце — ініцыятыва

Для развіцця і рэалізацыі лідарскіх якасцей навучэнцаў ва ўстанове дзейнічае гімназічны лагер “ШАГ”: школа актыву гімназіі” пад кіраўніцтвам Святланы Шэнда, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.  За час работы лагера 85 выхаванцаў развілі ў сабе актыўнасць, сталі ініцыятарамі карысных спраў.

 —  Калі ў чалавека ёсць лідарскія задаткі і жаданне развівацца, то праз навучанне і практыку ён мае ўсе шансы стаць лідарам, — дзеліцца Святлана Аляксандраўна. — Сярод выпускнікоў установы нямала тых, хто рэалізаваў свой лідарскі патэнцыял у прафесійным і грамадскім жыцці: Юлія Далецкая (дырэктар Браслаўскага РЦК), Ірына Мурашка (першы сакратар РК ГА “БРСМ”), Дзмітрый Гарбачэўскі (фармацэўт аптэкі № 7 ТАА “ВітВар” Браслава), Аляксандра Яфімава (настаўніца браслаўскай сярэдняй школы № 2 імя З.Я.Кожар), Ксенія Плясун (следчы Браслаўскага РАСК), Караліна Жэб­рык (аніматар) і інш.

Чым жа адрозніваюцца сапраўдныя лідары?

 — Шчырасцю і актыўнымі дзеяннямі, — лічыць Лізавета Цыўнэль, навучэнка 11 класа. —  Лідар — гэта камандны гулец, таму што нават самая лепшая ідэя не так ужо шмат значыць без каманды.

— Аб’яднаўшы намаганні са сваёй камандай, можна многага дасягнуць, — пераканана Паліна Адахоўская, прадстаўніца савета лідараў гімназіі.

Дарэчы, К.Ушынскі, А.Макаранка, В.Сухамлінскі разглядалі ініцыятыўнасць як гатоўнасць да асабістага пачыну ў дзейнасці. Менавіта ў школе актыву гімназіі дзеці мо­гуць яе спаўна праявіць. Для рэалізацыі сваіх задум удзельнікі змен вучацца арганізоў­ваць каманды, здольныя вырашаць лакальныя праблемы рэгіёна, арганізоўваць падтрымку сваіх ідэй рознымі людзьмі і арганізацыямі.

 Трэба адзначыць, што самым важным сродкам развіцця лідарскіх якасцей з’яўляецца рэальная работа ў праектах. Удзельнікі змен набываюць уменні дакладна прадумваць, арганізоўваць, планаваць сваю дзейнасць і яе вынікі. Ва ўстанове падтрымліваюць і развіваюць вучнёўскія ініцыятывы. Прапановы дзяцей разглядаюцца, уносяцца ў план выхаваўчай работы на новы навучальны год і рэалізуюцца ў рамках комплексна-мэтавых праграм у гімназіі і раёне. Напрыклад, ініцыятыва “#ВелаBras” аб’яднала прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця. Яе ўдзельнікі з цікавасцю і запалам пераадольвалі велаквесты па Браславе і раёне, а таксама падарожнічалі па прапанаваных арганізатарамі веламаршрутах.  Ініцыятыва “Рамёствы нашых продкаў” рэалізоўвалася ў зімовым лінгвакультуралагічным лагеры “Спадчына”: дзеці пагружаліся ў атмасферу традыцыйных рамёстваў Паазер’я,  удзельнічаючы ў майстар-класах і практыкумах па пляценні пасакаў на дошчачках. Яны таксама прасоўвалі ідэі ўстойлівага развіцця на Браслаўшчыне праз гімназічны часопіс “Магістр”, ладзілі акцыі для жыхароў горада з удзелам выхаванцаў раённага ЦКРНіР, а таксама членаў сацыяльнага клуба для пажылых і інвалідаў “Акадэмія Gold”.

Партнёрамі гімназічнага савета лідараў сталі Беларускі фонд міру, Беларускі дзіцячы фонд, БРПА, БРСМ, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, ТЦСАН Браслава, Браслаўскае аб’яднанне музеяў, ЦРБ, РАНС, АДАІ, Відзаўскі ДПТК, а таксама дзіцячая школа мастацтваў і Цэнтр дзяцей і моладзі Браслава.

Адказнасць па сумленні

Валанцёрства — стыль жыцця многіх навучэнцаў гімназіі. Атрад быў арганізаваны яшчэ ў 2007 годзе пад кіраўніцтвам Людмілы Хілько, былога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. У яго склад уваходзілі 12 вучняў 9—11 класаў. За апошнія 5 гадоў валанцёрскай дзейнасцю ахоплена 53% гімназістаў, што на 15% больш, чым дагэтуль.

Для распаўсюджвання вопыту выхаваўчай работы ў Браслаўскай гімназіі ў 2015 годзе быў створаны рэсурсны цэнтр “Развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў”. Цэнтр узначальвае Вольга Васільеўна Лукша, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Напрамкі работы разнастайныя: пат­рыятычны, сацыяльны, дабрачынны, прафілактычны, экалагічны, культурны, спартыўны, асветніцкі і інфармацыйна-прапагандысцкі. Сярод яркіх праектаў апошніх 5 гадоў — сацыяльныя ініцыятывы валанцёрскага атрада “Данка”, сайт “Наша агульная Перамога”, відэафільм “Генацыд на Браслаўшчыне”, створаны сумесна з пракуратурай Браслаўскага раёна, гімназічнае тэлебачанне “ОКО ТВ” і інш. У 2022 го­дзе атрад “Данка” атрымаў дыплом I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама на абласным конкурсе валанцёрскіх атрадаў “Хто, калі не мы!” у намінацыі “Партфоліа”, а ў 2023 годзе разам з цімураўскім атрадам “Гарачыя сэрцы” стаў пераможцам абласной міратворчай адукацыйнай акцыі “Наш свет — у нашых руках”. Сёння атрад налічвае 24 гімназісты, сярод якіх 8 навучэнцаў педагагічнага класа.

—  Валанцёры — гэта сапраўдная эліта грамадства і дзяржавы, — адзначае Вольга Васільеўна. — Яны бяруць на сябе адказ­насць не па даручэнні, а па сумленні і ўспрымаюць сваю работу як служэнне. Гэта людзі, якія не толькі мяняюць да лепшага свет вакол сябе, але і паказваюць, якім ён можа і павінен быць.

Супрацоўніцтва і імправізацыя

На думку В.Сухамлінскага, шчаслівы той чалавек, які прысвяціў сваё жыццё клопату аб шчасці іншых без разліку на пахвалу ці ўзнагароду, для якога тварэнне дабра стала звычкай. Педагог падкрэсліваў, што трэба ўдзяляць увагу выхаванню ў навучэнцах найважнейшай якасці — адказнасці чалавека за чалавека, адказнасці чалавека перад грамадствам. У гімназіі  працуе сацыяльны клуб дадатковай адукацыі “Акадэмія Gold” для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў. Дзякуючы ініцыятыве атрада “Данка”, традыцыйнымі сталі бясплатныя заняткі ў групах па напрамках “Старэйшае пакаленне выбірае энергазберажэнне”, “Камп’ютар і інтэрнэт”, “Сам сабе ратавальнік”, “Стоп-кадр” і інш.  Праз стварэнне імерсіўнага тэатра TeatR валанцёры ўвасобілі ў жыццё праект на стыку творчасці і псіхалогіі. Асаб­лівасць праекта ў тым, што гледачы апынаюцца ў цэнтры падзей і могуць стаць удзельнікамі паказу, разам з героямі праходзяць ад завязкі да фіналу, разам з імі перажываюць і прымаюць правільныя рашэнні. Ініцыя­тыва дапамагае ўцягнуць людзей з інваліднасцю і пажылых у актыўную дзей­насць, дзе яны могуць прая­віць свае творчыя здольнасці, падзяліцца ведамі і вопытам, пры неабходнасці пераадолець сацыяльную ізаляцыю, перагле­дзець стаўленне да сябе. А самае галоўнае — адчуць, што яны не засталіся адзін на адзін са сваімі праблемамі. Валанцёры становяцца носьбітамі спачування і дабрыні.

Ад ідэі да ўвасаблення

“ОКО ТВ” — гэта тэлебачанне, супрацоўнікам якога не больш як па 17 гадоў.  Вядучыя, аператары, тэлежурналісты, рэдактары, мантажоры  з ліку старшакласнікаў прайшлі падрыхтоўку на пазакласных занятках з прадстаўнікамі газеты “Браслаўская зорка”. Па выніках практыкі 6 спецвыпускаў праграм, прысвечаных цімураўскаму атраду Браслаўскай гімназіі “Гарачыя сэрцы”, выйшлі ў эфір. З 2020 года перадачы гімназістаў выходзяць штомесяц на канале YouTube “ОКО ТВ”. Пасля пачатку выхаду перадач на тэлеканале неўзабаве стартавалі новыя праекты, у якіх расказваецца пра маладых спецыялістаў Браслаўскага раёна, штогадовыя фестывалі Браслаўшчыны. Навучэнцы 5—7 класаў, якія хочуць  праявіць сябе ў рабоце гімназічнага канала, спасцігаюць асновы прафесіі, звязанай з тэлебачаннем і журналістыкай, у падрыхтоўчай школе летняга лагера “ОКОшко ТВ” на базе ўстановы.

 — Ад выпуску да выпуску штат ка­рэспандэнтаў у гімназіі расце, — расказ­вае Аліса Спірыдонава, намеснік галоўнага рэдактара канала. — Наш праект быў адзначаны дыпломам I ступені на Рэспуб­ліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Дыплом і каштоўны падарунак мы атрымалі ад тэлерадыёкампаніі “Мір”. Гэтыя вынікі натхняюць нас на рэалізацыю новых задум.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота Алега ІГНАТОВІЧА