З 27 чэрвеня гэтага года сярэдняя школа № 3 Дзятлава з гордасцю носіць імя Іосіфа Юр’евіча Філідовіча — удзельніка партызанскага руху на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Настаўнікамі і вучнямі праведзена вялікая работа па даследаванні жыцця і ўвекавечанні памяці гэтага чалавека. Спачатку мы апісалі гераічны шлях І.Ю.Філідовіча, вывучыўшы матэрыялы школьнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, архіўныя дакументы, сямейныя фотаархівы, матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў.
Падчас ХХ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі
Важна, каб моладзь адчувала сваю датычнасць да гісторыі краіны праз веданне сваёй сям’і, роду, таму ў 2022 годзе мы пачалі інтэрнэт-праект “Ліпічанскі Сусанін”, які дапамог аднавіць старонкі жыцця Іосіфа Філідовіча. У час рэалізацыі праекта вызначылі, што ў школе працуюць праўнукі героя Анатоль Фёдаравіч Філідовіч, Ала Анатольеўна Івашэвіч, вучацца прапраўнукі Ігнат і Інеса Івашэвіч, якія дзеляцца цікавымі фактамі з жыцця вядомага продка.
У школьным музеі “Вытокі” мы стварылі тэматычную экспазіцыю “Востраў выратавання”, інтэрактыўную экскурсію “Партызанская быль”, распрацавалі тэматычныя туры “Подзвіг І.Ю.Філідовіча”, “Дзятлаўскі раён у дні вайны”. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Фёдара Феафанавіча Бойкі зрабілі дыяраму “Ліпічанскі Сусанін”, якая з’яўляецца пераможцай раённага этапу абласнога конкурсу дыярам.
Паступова з’явілася ідэя ўзнавіць гісторыю партызанскага шпіталя, які размяшчаўся на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы, таму рэалізавалі праект “3D-шпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”. Перапіска з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, сумесная работа з былым педагогам Міхаілам Іванавічам Лук’янчыкам дазволілі ўстанавіць і дакументальна пацвердзіць склад медыцынскага і абслуговага персаналу партызанскага шпіталя. За мужнасць і гераізм пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў атрад медыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Помнік І.Ю.Філідовічу ў Дзятлаве
Каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасці навучэнцаў да праекта, да лёсу Іосіфа Філідовіча, правялі тэатралізаваную пастаноўку “Адзін дзень з жыцця партызанскага шпіталя”. Вынікам стала ўключэнне месца размяшчэння шпіталя ў турыстычны маршрут № 469 “Партызанскай сцяжынкай па Ліпічанскай пушчы”, а таксама ў рэестр турыстычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна. У школе была праведзена работа па стварэнні 3D-рэканструкцыі партызанскага шпіталя, 3D-мадэляванні шахмат, дзе шахматнымі фігурамі выступілі правобразы медыцынскага і абслуговага персаналу.
Імя Іосіфа Філідовіча актыўна папулярызуем з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій. Стварылі сайт “Дыялог пакаленняў, або Я — прапраўнук Ліпічанскага Сусаніна”, блог “3D-шпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”. Актыўна дзелімся сваім вопытам на розных узроўнях, напрыклад, на пасяджэнні абласной калегіі ідэалагічнага актыву Гродзенскага аблвыканкама, пасяджэнні камісіі архіўна-даследчай работы Дзятлаўскага райвыканкама, старонках “Настаўніцкай газеты” і раённай газеты “Перамога”. Вялікім гонарам для нас стала прымаць карэспандэнтаў тэлеканала “Беларусь 1”, якія зацікавіліся нашай работай і прапанавалі зняцца ў рэпартажы для тэлепраграмы “Краіна”.
Прыемна, што пра сваю дзейнасць расказваем не толькі мы, але і нашы вучні. Выпускнік Данііл Івашэвіч — на сустрэчы з міністрам адукацыі Андрэем Іванавічам Іванцом у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, навучэнцы Настасся Шавель і Станіслаў Якаўчык — падчас удзелу ў міжнародным праекце “Цягнік Памяці” ў 2023-м і 2024 гадах.
Сабраны матэрыял актыўна выкарыстоўваем пры падрыхтоўцы да конкурсаў. Так, у 2022 годзе Данііл Івашэвіч на рэспубліканскім конкурсе “Медыясфера-2022” быў узнагароджаны дыпломам І ступені, “Патрыёт.by” — дыпломам ІІ ступені. У 2023 годзе па выніках ХХ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі педагогі Марыя Мікалаеўна Шавель і Кацярына Валер’еўна Латушка адзначаны двума дыпломамі Міністэрства адукацыі. У 2024 годзе Настасся Шавель і Станіслаў Якаўчык узнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені па выніках VII форуму навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўзаемадзейнічаюць з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Прыемна, што на працягу двух гадоў установа адукацыі прызнавалася лепшай па патрыятычным выхаванні і ўзнагароджана сертыфікатамі Дзятлаўскага райвыканкама.
Праведзеная работа сведчыць пра тое, што ў нашай школе склалася эфектыўная сістэма патрыятычнага выхавання з выкарыстаннем імя Іосіфа Юр’евіча Філідовіча — грамадзяніна, удастоенага высокай узнагароды за адвагу, праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вядзецца работа па стварэнні мемарыяльнай дошкі, якая будзе размешчана на фасадзе ўстановы адукацыі. Таксама ў планах рэалізацыя не менш цікавага праекта “Лічбавая зорка”, асноўнай ідэяй якога стала стварэнне трохвымерных макетаў помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, размешчаных на тэрыторыі раёна, стварэнне аднайменнага сайта.
— Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы дзяды і прадзеды, часта цаной уласнага жыцця, заваявалі для нас мір і незалежнасць, якія мы абавязаны захаваць і прымножыць для таго, каб маладое пакаленне ўсвядоміла непаўторнасць гістарычнага шляху Беларусі, яго непарыўную сувязь з лёсам кожнага чалавека, — адзначыў дырэктар школы Іван Збышкавіч Кібінь.
***
Іосіф Філідовіч нарадзіўся ў 1874 годзе ў вёсцы Шаршні. У 1941 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна пачаў актыўна развівацца партызанскі рух, у якім Іосіфу Юр’евічу адвялі ролю сувязнога Ленінскай брыгады. З яго дапамогай на востраве ў Ліпічанскай пушчы быў абсталяваны партызанскі шпіталь. У снежні 1942 года І.Ю.Філідовіч цаной свайго жыцця не даў загінуць амаль 500 цяжкапараненым партызанам. Ён завёў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у балота, і толькі вясной 1943 года, калі растаяў снег, яго цела знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў ад шпіталя. Пасмяротна ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, у 1980 годзе ў Дзятлаве яму ўстаноўлены помнік.
Марыя ШАВЕЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Дзятлава імя І.Ю.Філідовіча
Фота аўтара