Як у Глыбокім захоўваюць памяць пра славутага авіяканструктара

- 14:12Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Памяць пра славутага авіяканструктара, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата шэрага дзяржаўных прэмій і ўзнагарод Паўла Восіпавіча Сухога беражліва захоўваюць на яго малой радзіме. З 2012 года сярэдняя школа № 1 Глыбокага з гонарам носіць імя вядомага земляка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Насычаная біяграфія

У якім вобразе паўстаюць перад намі героі мінулых эпох? Звычайна як сур’ёзныя, мужныя людзі, з максімальнай колькасцю станоўчых рыс характару. Іх біяграфіі практычна ідэальныя, жыццёвы шлях варты пераймання, а лёс напоўнены гераічнымі ўчынкамі, пераадоленнем шматлікіх цяжкасцей. Такім чалавекам быў і Павел Восіпавіч Сухі.

Пра цікавыя факты з жыцця авіяканструктара, яго радавод раскажуць у школьным гістарычна-манаграфічным музеі. Створана экспазіцыя ў 1985 го­дзе пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Тэрэзы Эдуардаўны Рабіза. Інтэрнэту тады яшчэ не было, таму інфармацыю пра Паўла Сухога педагогі і вучні знаходзілі праз перапіску з роднымі авіяканструктара, работу ў архівах, вывучэнне краязнаўчай літаратуры. А пачаўся збор звестак у 1984 го­дзе, калі на старонках раён­най газеты быў перадрукаваны арты­кул гомельскага музейшчыка Мікалая Царкова. Дзякуючы яму жыхары Глыбокага даведаліся, што знакаміты авіяканструктар — іх зямляк. Да гэтага месцам яго нараджэння многія лічылі Гомель.

— Гэты артыкул выклікаў вялікі рэзананс, — расказала сённяшні кіраўнік музея настаўніца гісторыі Наталля Аляксандраўна Рабіза. — Мая мама ў 1984 го­дзе паехала ў Гомель і сустрэлася з пляменніцай Паўла Восіпавіча Вівеяй Васільеўнай Фандзеевай. Тая перадала копію пасведчання аб нараджэнні свайго дзядзькі. Запіс 1895 года з метрычнай кнігі глыбоцкай царквы былога Дзісенскага павета можна ўба­чыць сярод нашых экспанатаў. Дарэчы, і ў атэстаце аб заканчэнні Паўлам Сухім Гомельскай гімназіі таксама значыцца, што ён нара­дзіўся ў Глыбокім.

Пасведчанне, копія з метрыкі сталі аднымі з першых экспанатаў. Сёння ў музеі іх больш за 500 (гэта фотаздымкі, асабістыя рэчы авіяканструктара, успаміны родных і сяброў, макеты самалётаў, лётны касцюм і інш.). Усе гэтыя прадметы расказваюць пра гісторыю развіцця авіяцыі, знакамітых лётчыкаў, подзвігі экіпажаў, здзейсненыя на самалётах маркі Су. І ўсё ж чырвонай ніткай праз аповед экскурсаводаў праходзіць біяграфія Паўла Восіпавіча.

— Мы запрашаем разам прасачыць за лёсам нашага знакамітага земляка, генеральнага авіяканструктара, даведацца, як ён прыйшоў у авіяцыю, як пачаўся і працягваўся яго разбег па жыццёвай узлётнай паласе, — паведамілі юныя экскурсаводы.

“Разбег па жыццёвай узлётнай паласе” П.В.Сухога змясціўся ў некалькі стэндаў, якія ў храналагічнай паслядоўнасці расказваюць спачатку пра радавод авіяканструктара, а потым пра этапы яго жыцця.

Цікавы аповед экскурсаводаў займае каля гадзіны, таму спынімся толькі на некаторых момантах.

На хрысціянскіх традыцыях

Сухія паходзяць з Вілейшчыны. Менавіта адсюль родам дзед Паўла Восіпавіча Андрэй Аляк­сее­віч Сухі. Адзін з яго сыноў Восіп скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (у музеі захоўваецца пасведчанне аб заканчэнні) і працаваў у народных вучылішчах тагачаснай Віленс­кай губерні. З 1891 па 1895 год Восіп Андрэевіч разам з жонкай пражываў у Глыбокім і працаваў настаўнікам у народным ву­чылішчы. Сям’я была ў пашане сярод мясцовых жыхароў, да таго ж бацькі былі шчырымі хрысціянамі. Яны выхоўвалі дзяцей на праваслаўных традыцыях, вучылі музыцы. У сям’і Восіпа Андрэевіча была вялікая бібліятэка, але адна кніга шанавалася асабліва. Гэта томік першых вершаў Якуба Коласа з аўтог­рафам аўтара.

Выхаванне на хрысціянскіх традыцыях адбілася і на жыццёвых поглядах Паўла Восіпавіча. Ён быў адным з першых канструктараў, якія працавалі над сістэмай бяспекі экіпажа. Для Паўла Сухога захаванне жыцця было ў прыярытэце. Менавіта на самалёце Су-9 была ўпершыню ў свеце прыменена сістэма ратавання лётчыка. Павел Сухі стварыў катапультнае крэсла. Такое школьнаму музею падарыў Баранавіцкі авіярамонтны завод. Сёння гэтае крэсла, а таксама пульт кіравання знішчальніка Су-17 — адны з самых папулярных экспанатаў. Іх можна не толькі разгле­дзець…

Дысцыпліна і працавітасць

Многія тэхнічныя рашэнні былі апрабаваны на самалётах Су ўпершыню. Дасягнуць такіх вынікаў Паўлу Восіпавічу дапамаглі дысцыпліна і працаві­тасць. Невыпадкова яго жыццёвым дэвізам былі такія словы: “Добра працуе не той, хто добра гаво­рыць, а той, хто добра працуе”.

Павел Восіпавіч быў вельмі патрабавальным да сябе. Дак­ладна выконваў усе задачы, прытрымліваўся пэўных правіл у жыцці. Як лепшы вучань Гомельскай гімназіі летам 1911 года ён паехаў у Туркестан, дзе захварэў на дызентэрыю. Таксама ў гады Першай сусветнай вайны перанёс шкарлятыну і тыф. Гэта моцна адбілася на яго здароўі. Ён усё жыццё быў патрабавальным да сябе ў плане ежы, не ўжываў тлус­тага, спіртнога, не курыў, не любіў банкетаў, застолляў. Аднак, нягле­дзячы на праблемы са здароўем, шмат працаваў. Яго жыццё — гэта ўжо подзвіг.

Павел Восіпавіч часта ўспамінаў такі эпізод сваёй вучобы ў Гомелі: “Я ішоў з хлопцамі з гімназіі, і раптам над нашымі галовамі праляцеў аэраплан. Гэта было так нечакана і дзіўна, што дух заняло. Не птушка, а чалавек ляціць над намі!”

— Быў такі выпадак: Паўлу Восіпавічу ў рабочы час неабходна было схадзіць да ўрача, дык ён сказаў сакратару выключыць гэтыя дзве гадзіны з аплаты. Гэты факт мяне вельмі ўразіў, — прызналася Наталля Аляксандраўна.

Цудоўны прыклад

Жыццё Паўла Восіпавіча — цудоўны прыклад працавітасці, мужнасці. Яго біяграфія насычаная, лёс напоўнены гераічнымі ўчынкамі, а жыццёвы шлях варты пераймання. Невыпадкова ў Глыбокім на алеі знакамітых землякоў устаноўлены бюст П.В.Сухому, а сярэдняя школа № 1 носіць яго імя.

Цэнтр патрыятычнага выхавання

Багатыя традыцыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў першай школе звязаны не толькі з вывучэннем біяграфіі Паўла Восіпавіча Сухога. З 2000 года тут дзейнічае Цэнтр дапрызыўнай пад­рыхтоўкі Глыбоцкага раёна. Ён быў адным з першых падобных цэнтраў, створаных у краіне. Да нядаўняга часу меў асобны юрыдычны статус, а з 2022 года з’яўляецца структурным падраздзяленнем школы. Нягледзячы на рэарганізацыю, цэнтр па-ранейшаму паспяхова і на высокім узроўні выхоўвае патрыётаў.

Па словах загадчыка цэнтра Івана Іванавіча Абрамчыка, наладжана цеснае супрацоўніцтва з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь, воінскімі часцямі. Калі па рашэнні міністра абароны шэраг воінскіх часцей і падраздзяленняў быў замацаваны за ўстановамі адукацыі, шэфства над Цэнтрам дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна ўзялі на сябе агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі і воінская часць 22313 (артылерыйская брыгада), якая знаходзіцца ў Лепельскім раё­не. Наладжана супрацоўніцт­ва і з іншымі часцямі.

— Заняткі ў цэнтры прахо­дзяць кожны дзень. Асаблівасць нашага цэнтра ў тым, што на яго базе займаюцца вучні не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ — раз у месяц па 4 гадзіны. Для таго каб заняткі былі якаснымі, патрэбна добрая матэрыяльная база. У гэтым плане нам дапамагаюць Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі, аддзел па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама. Па медыцынскай падрыхтоўцы таксама створана выдатная база, ёсць вучэбныя трэнажоры. Ніводны вучань раёна не застаецца за бортам вывучэння прадмета “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”. Дарэчы, некаторыя дзяўчаты па жаданні вывучаюць дапрызыўную падрыхтоўку і потым паступаюць на ваенныя факультэты. Право­дзяцца вучэбна-палявыя зборы з тактычнай і агнявой падрыхтоўкай. У нашых навучэнцаў страя­вая падрыхтоўка нават лепшая, чым у ваеннаслужачых, — паведаміў Іван Іванавіч.

На распрацаваным П.В.Сухім Су-2 у гады Вялікай Айчыннай вайны ваявалі 27 Герояў Савецкага Саюза. Усяго Павел Восіпавіч з’яўляецца аўтарам звыш 50 тыпаў самалётаў.

Па словах дырэктара школы Іны Леанідаўны Сауліч, яшчэ вучні вельмі любяць “Арляня” і “Зарніцу”. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у раённых і абласных спаборніцтвах. У гэтым годзе занялі 3-е месца на рэспубліканскім этапе гульні “Арляня”. Паспяховым было выступленне на абласных спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — 1-е месца. Гэтыя перамогі дасягнуты пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі Аксаны Мікалаеўны Закрэўскай, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Арцёма Юр’евіча Шынкевіча і Настассі Аляксандраўны Булына.

Выдатную страявую падрыхтоўку паказваюць удзельнікі ўзвода Ганаровай варты. Яны рэгулярна выступаюць на раённых і абласных святах. Для мясцовых жыхароў іх выступленні — заўсёды чаканае шоу. Але падчас яркіх нумароў мала хто задумваецца, што выдатны вынік дасягаецца гадзінамі трэніровак, дзякуючы дысцыпліне і працавітасці. І тут зноў жа цудоўным прыкладам для глыбоцкіх навучэнцаў з’яўляецца Павел Восіпавіч Сухі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА