Як у ліцэі ПалесДУ раскрываюць таленты і дапамагаюць вызначыцца з прафесіяй

- 11:10Абитуриент, Образование

Ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — выбар дасведчаных навучэнцаў. Чаму выпускнікам 9-­х класаў варта прыйсці менавіта сюды, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Наш ліцэй пачаў функцыянаваць 1 верасня 2007 года. За 17 гадоў работы былі адкрыты некалькі профіляў навучання: хіміка-біялагічны, фізіка-матэматычны і эканамічны. Адметная асаблівасць установы — спецыялізаваныя па спорце класы. У іх дзеці займаюцца па некалькіх напрамках — веславанне, плаванне, хакей і футбол, — паведаміла намеснік начальніка ліцэя па вучэбнай рабоце Ірына Дзянісава.

Ліцэй — сучасная адукацыйная прастора, якая мае інавацыйны патэнцыял, перспектыўныя тэхналогіі і методыкі выкладання вучэбных прадметаў.

— Навучэнцы ліцэя інтэграваны ва ўніверсітэцкае асяроддзе, і гэта мы вельмі цэнім. Юнакі і дзяўчаты, праходзячы навучанне па школьнай праграме, займаюцца ў сучасных кабінетах і лабараторыях ПалесДУ, удзельнічаць у шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемствах нароўні са студэнтамі. Гэта дазваляе ім у будучыні свядома выбіраць прафесію. У ліцэі пануе сяброўская атмасфера, а навучэнцы мо­гуць праявіць сябе не толькі ў вучобе, але і ў творчасці, спорце, грамадскім і навуковым жыцці. Нашы дзеці імкнуцца паспяваць усюды, бо працуюць на вынік і на сваю будучыню, — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна.

Пры паступленні ў ліцэй у профільныя класы падлеткі здаюць уступныя іспыты — пісьмо­выя работы з заданнямі, распрацаванымі РІКВ. Конкурс — ад 2 да 4 чалавек на месца ў залежнасці ад профілю навучання. У спецыя­лізаваныя па спорце класы дзеці заліч­ваюцца па рэкамендацыях спартыўных школ, адпаведна, яны павінны мець высокія спартыўныя дасягненні за год, які папярэднічае году прыёму, спартыўныя разрады, а таксама добра здаць нарматывы па фізічнай культуры на базе сваіх спартыўных школ пад кантролем прыёмнай камісіі ўніверсітэта.

— Несумненны бонус для нашых выпускнікоў — магчымасць пасля заканчэння ліцэя стаць студэнтамі ПалесДУ без уступных экзаменаў, калі вучыліся на 8—10, а па прадметах профільных выпрабаванняў маюць дзявяткі і дзясяткі. У мінулым годзе без уступных іспытаў у ПалесДУ паступілі 10% нашых выпускнікоў профільных класаў, а ў гэтым — больш за 20% збіраюцца скарыстацца такой магчымасцю. Увогуле з году ў год працэнт выпускнікоў, якія выбіраюць для далейшай вучобы Палескі дзяржуніверсітэт, расце. Летась ён склаў 41%, у гэтым, спадзяёмся, гэты паказчык павялічыцца да 50%. Але магу адзначыць, што кожны год больш за 90% выпускнікоў нашага ліцэя паступаюць ва УВА краіны, — праінфармавала намеснік начальніка ліцэя па вучэбнай рабоце.

Па яе словах, у Палескі ўніверсітэт залічваюцца без іспытаў і выпускнікі спецыялізаваных па спорце класаў, якія сталі пераможцамі чэмпіянатаў Беларусі і міжнародных спаборніцтваў.

— Напрыклад, у мінулым годзе па-за конкурсам было залічана сем хакеістаў. Сёлета шэсць нашых спартсменаў таксама плануюць прадоўжыць навучанне на факультэце “Арганізацыя здаровага ладу жыцця”, — дадала Ірына Дзянісава.

Будучых ліцэістаў пачнуць набіраць ужо хутка. З 12 па 15 чэрвеня адбудзецца прыём дакументаў, з 16 чэрвеня па 1 ліпеня — уступныя экзамены і па 5 ліпеня — залічэнне ў шэрагі дзесяцікласнікаў.

Жыццёвы арыенцір

Дзе даюць глыбокія веды, раскрываюць таленты, дапамагаюць вызначыцца з прафесіяй і проста не даюць засумаваць? У ліцэі ПалесДУ!

Усяго тут вучацца 200 навучэнцаў. У гэтым годзе выпускаецца 96 адзі­наццацікласнікаў ліцэя, у тым ліку і залатая медалістка Варвара Мартынюк. Яна марыць паступіць на фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Я зразумела: хачу пайсці ў медыцыну, а не звязваць сваё жыццё з вывучэннем моў, як планавала раней. Ліцэй адрозніваецца ад школы сваім узроў­нем, усе яго навучэнцы імкнуцца да ведаў, і старанна працуюць. Тут больш урокаў адведзена на профільныя прадметы. Да таго ж мне падабаюцца адносіны выкладчыкаў да вучняў. Кожная асоба ў ліцэі, як з ліку педагогаў, так і з ліку вучняў, — непаўторная. Сярод гэтых людзей ніколі не бывае сумна!

Усім выпускнікам гэтага года жадаю паступіць менавіта туды, куды запланавалі! А астатнім хочацца сказаць, каб ніколі не гублялі веры ў сябе, не ленаваліся, хапаліся за любыя магчымасці, праяўлялі сябе, дапамагалі адно аднаму і не забывалі верыць у цуды.

Варвара штогод удзельнічае ў алімпіядах, пачынаючы з 4 класа. У 8 класе прайшла на абласны этап, а ў 9-м —
і на рэспубліканскі. Алімпіяда стала неад’емнай часткай яе жыцця. Нядзіўна, што сёлета дзяўчына атрымала дыплом II ступені на заключным этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”. Дарэчы, такі дыплом алімпіядніцы дае права не здаваць ЦЭ па рускай мове, бо ён прыраўноўваецца да ста балаў.

— Заўсёды запамінаецца рэспуб­ліканскі этап, бо ты становішся часткай абласной каманды, знаёмішся з адоранымі падлеткамі іншых рэгіёнаў, жывеш у інтэрнаце сярод алімпіяднікаў, наведваеш цікавыя месцы, ну і, вядома ж, адчуваеш радасць, калі трымаеш у руках дыплом і стаіш на сцэне ў ліку пераможцаў. Традыцыйна да алімпіяды я рыхтуюся па звыклай схеме, але сёлета працавала з большым аб’ёмам інфармацыі, бо вельмі хацелася перамагчы. Рыхтавацца мне дапамагала Людміла Генадзьеўна Кахнюк, настаўніца рускай мовы і літаратуры ліцэя. Яна заўсёды накіроўвала мяне, раіла, як лепш выказаць думкі, як справіцца з любым, нават самым складаным і незразумелым заданнем, вельмі падтрымлівала і верыла ў мяне, — прыгадала дзяўчына.

У сваю чаргу Ксенія Ціпун — выпускніца эканамічнага класа, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца анг­лійская мова і матэматыка — думае паступаць у ПалесДУ менавіта як ліцэістка па льготнай траекторыі, хоць і вучыцца яна на выдатна — яе сярэдні бал 9,5.

— Я разглядаю лінгвістычны напрамак, бо мне вельмі падабаецца вывучаць замежныя мовы. Палескі ўніверсітэт прываблівае тым, што ў ім працуюць сапраўдныя прафесіяналы і ён мае вельмі добрую навуковую базу, сучасны спартыўны комплекс з басейнам, лядовай арэнай і трэнажорнымі заламі, а яшчэ і карпусы прыгожыя і ўтульныя, што таксама прыемна, — аргументавала свой выбар дзяўчына. — У ліцэі я сустрэла выдатных людзей, сяброўства з якімі, спадзяюся, застанецца са мной на ўсё жыццё. А яшчэ тут добрыя выкладчыкі, вельмі ўтульны інтэрнат, прычым іншагародніх навучэнцаў і навучэнцаў з мнагадзетных сем’яў два разы на дзень бясплатна кормяць.

На самай справе многія сёлетнія выпускнікі ліцэя збіраюцца атрымліваць вышэйшую адукацыю менавіта ў Палескім дзяржуніверсітэце. Да таго ж 16 ліцэістаў сёлета сталі пераможцамі ўніверсітэцкай алімпіяды ПалесДУ, і ўсе яны нацэлены паступаць менавіта па гэтай траекторыі. Адна з іх — выпускніца спецыялізаванага па спорце класа Ксенія Каравайчык:

— Пасля заканчэння 9 класа ў сярэдняй школе № 7 Пінска я вырашыла паступіць у ліцэй, таму што ён дазваляе сумяшчаць спорт і вучобу. Тут выдатныя педагогі, якія заўсёды падтрымліваюць і дапамагаюць ва ўсім. Дзякуючы цікавым заняткам з трэнерам Аляксандрам Васільевічам Булыгам, я стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені ўніверсітэцкай алімпіяды ПалесДУ па фізічнай культуры, здаўшы тэарэтычны тэст на 42 балы, а спартыўныя нарматывы — на 36. Гэтая перамога дае мне магчымасць пасту­піць на спецыяльнасць “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура” ў ПалесДУ без іспытаў.

Дарэчы, Ксенія — кандыдат у майстры спорту па веславанні на байдарках і каноэ. Сёлета ў яе быў першы міжнародны старт — “Алтайская рэгата” ў Барнауле. Юная спартсменка выступіла вельмі годна і заняла 1-е месца на дыстанцыі 200 метраў і 2-е — на 500 метрах.

А вось Ягор Глебаў, скончыўшы 9 класаў у сталіцы, спецыяльна пераехаў у Пінск, каб сумяшчаць вучобу і прафесійны хакей у складзе клуба “Пінскія ястрабы”.

— Ведаеце, спалучаць гэтыя напрамкі тут прасцей, чым у Мінску, усё знаходзіцца побач і не трэба шмат часу траціць на дарогу. Навучанне ў спартыўным класе дазволіла мне займацца прафесійным спортам і вывучаць любімыя прадметы — фізіку і матэматыку. Да таго ж педагогі ліцэя імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб мы былі паспяховымі. Асаблівую падзяку хачу выказаць нашаму класнаму кіраўніку Алесі Васільеўне Палто — спагадлівай і добрай настаўніцы, якая дапамагае нам спраўляцца не толькі з вучобай, але і з рознымі жыццёвымі праблемамі, як і начальнік ліцэя Аліна Іванаўна Сінкевіч, якая ніколі не застаецца ўбаку, — сказаў юнак.

Паступаць Ягор збіраецца на факультэт “Арганізацыя здаровага ладу жыцця”, праўда, вельмі спадзяецца як мага даўжэй займацца любімай справай — гуляць у хакей на прафесійным узроўні.

Ну што ж, няхай усе мары і спа­дзяванні нашых герояў, выпускнікоў ліцэя ПалесДУ, спраўдзяцца!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота ліцэя ПалесДУ