Як у навучэнцаў Маларыцкага раёна і Брэста выхоўваюць любоў да роднага краю

- 13:15Репортаж

Багаты педагагічны вопыт, павага да народнай культуры і традыцый, прывіццё вучням любові да роднага краю і стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця дзяцей — менавіта гэта вылучае сістэму адукацыі Брэсцкай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адукацыя Маларыты

Знаёмства з сістэмай адукацыі Маларыцкага раёна пачало­ся з сустрэчы з намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіславам Лешчуком і намеснікам начальніка аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Лідзіяй Пішчык. Станіслаў Яўгенавіч — педагог па адукацыі і ў мінулым дырэктар Маларыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, таму не па чутках ведае пра асаб­лівасці настаўніцкай прафесіі.

“Сістэма адукацыі Маларыцкага раёна працуе зладжана і вынікова, у нас шмат педагогаў, вартых увагі, — адзначыў С.Ляшчук. — Наша гордасць — нас­таўніца гісторыі і грамадазнаўст­ва Олтушскай сярэдняй школы кандыдат гістарычных навук Кацярына Якаўлеўна Алесік, якая кіруе школьным музеем і з’яўляецца акрэдытаваным экскурсаводам. Са свайго вопыту ведаю, што педагогі адчуваюць сябе больш упэўнена, калі іх падтрымліваюць кіраўнікі, заўважаюць іх дасягненні”.

З гэтым пагадзілася і намеснік начальніка аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Лі­дзія Пішчык: “Мы заўсёды побач з педагогамі, падтрымліваем іх ідэі і ганарымся поспехамі”.

Заканамерна, што наступным аб’ектам для наведвання стала Олтушская сярэдняя школа імя А.Н.Алесіка. Напрыканцы мінулага года ўстанове прысвоена імя героя Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Навумавіча Алесіка. Гісторыю знакамітага земляка расказаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Вячаслаў Зезюкоў. Акрамя таго, Вячаслаў Мікалаевіч спыніўся на выхаваўчай ролі музейнай педагогікі. Дарэчы, у гісторыка-краязнаўчым музеі ўстановы цэнтральны раздзел экспазіцыі прысвечаны Аляксею Алесіку. Вялікая ўвага асобе героя ўдзяляецца і ў ваенна-патрыятычным клубе “Патрыёт” пад кіраўніцтвам Ганны Стральцовай.

У дзіцячым садзе № 5 Маларыты быў прадстаўлены вопыт фізкультурна-аздараўленчай работы. Педагогі дашкольнай установы распрацавалі сваю сістэму работы ў гэтым кірунку. На развіццё матывацыі да заняткаў фізкультурай уплываюць і створаныя ўмовы: абсталяваная гімнастычная зала, сучасны басейн. 

У Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сваёй творчасцю штораз здзіўляе ўзорны тэатральны калектыў “Каламбур”. Дзякуючы яго кіраўніку Валянціне Самуйлік, пачынаючыя акцёры дэманструюць свае таленты ў розных жанрах, такіх як клаўнада, пантаміма, тэатр ценяў і інш. Дарэчы, “Каламбур” — адзіны ў вобласці тэатр, які працуе ў азначаным кірунку.

Завяршыла першы дзень прэс-­туру сустрэча з настаўнікам-метадыстам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры гімназіі Маларыты, адданым чытачом і пас­таянным аўтарам “Настаўніцкай газеты” Мікалаем Навумчыкам. Педагог паразважаў пра ролю ў яго жыцці друкаванага слова і падзяліўся сакрэтамі натхнення на творчасць.

Па школах Брэста

Падчас другога дня прэс-туру адбылася сустрэча з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталляй Каліноўскай, яе першым намеснікам Таццянай Савіч і начальнікам аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатолем Насковым. Усе яны сышліся ў меркаванні, што супрацоўніцтва з выдавецкім домам пашырае інфармацыйныя маг­чымасці рэгіёна, з’яўляецца асновай для абмену перадавым педагагічным вопытам.

Сістэму адукацыі Брэста вылучаюць асаблівасці, якімі тут па праве ганарацца. Так, у сярэдняй школе № 27 Брэста імя Героя Савецкага Саюза І.П.Барсукова паспяхова працуе цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі Ленінскага раёна. Акрамя таго, ва ўстанове ўжо на працягу чатырох гадоў рэалізуецца інавацыйны праект па ўкараненні сеткавай мадэлі выхавання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў, да якога далучыліся многія школы Брэста і Камянецкага раёна.

Ухіл на ваенна-патрыятычнае выхаванне робяць і ў сярэдняй школе № 19 Брэс­та імя Героя Савецкага Саюза С.І.Сікорскага. Дарэчы, у мінулым сакавіку ўстанове прысвоены статус “Школа міру”.

Вопытам работы ў кірунку бяспекі жыццядзейнасці падзяліліся педагогі дзіцячага сада № 7. Неабходныя паводзіны ў дашкалят дапамагае фарміраваць прадметна-развіццёвае асяроддзе, якое тут створана. Вольга Войнаш распрацавала для малых дзве гульні на замацаванне навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці.

Пра супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій і ролю праграмавання ў развіцці навучэнцаў расказала дырэктар пачатковай школы № 7 Брэста Ганна Амельянчук. У пачатку года Ганна Мікалаеўна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

У гімназіі № 3 Брэста імя В.М.Вера­мяюк у прыярытэце — эстэтычнае выхаванне. Тут з 1954 года працуе дзіцячы народны ансамбль песні і танца “Прыбужжа” імя Валянціны Верамяюк — яго заснавальніцы. Акрамя гэтага, установу славяць узорны аркестр народных інструментаў, народна-­інструментальны ансамбль “Лад”, хор хлопчыкаў і інш.

У гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава геаграфію і астраномію выкладае Ірына Вішнявецкая. Педагог любіць падарожнічаць і прывівае навучэнцам любоў да турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці. Яе вучні штогод прыма­юць удзел у конкурсе “Дзённік вандроўніка”. Да таго ж педагог выкладае факультатыў па фінансавай дасведчанасці.

А настаўніца інфарматыкі Людміла Бялецкая паспяхова рыхтуе дзяцей да ўдзелу ў шматлікіх конкурсах і алімпіядах па прадмеце.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА