У першыя пасляваенныя гады адраджаць адукацыю ў палескіх рэгіёнах Беларусі невыпадкова накіроўвалі былых франтавікоў-педагогаў. Многія з іх штодзень і там рызыкавалі жыццямі, толькі ворагі былі ўжо іншыя — украінскія нацыяналісты. Пад Туравам, напрыклад, бандытаў тых называлі бульбаўцамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Барацьба ідэй — бойка людзей
Пасляваенная праца настаўнікаў на Палессі — найцікавейшая старонка ў гісторыі адукацыі Беларусі. Пакуль, на жаль, маладаследаваная. А пра тых мужных людзей варта было б гераічныя серыялы здымаць! На фотаздымках той пары заўважаем адметныя дэталі ў адзенні настаўнікаў і вучняў. Часам бачым і вайсковыя кіцелі, гімнасцёркі на мужчынах, і школьнікаў басанож. Адзначаем вялікую сур’ёзнасць і засяроджанасць на тварах, нават дзіцячых, як адбітак перажытых падзей… А часам яшчэ і не перажытых. Сляды прыхаванай трывогі?..
Хоць фашыстаў з Палесся і выбілі, аднак спакойнае жыццё ў тую пару яшчэ не настала. Гінулі вясковыя актывісты, і многія настаўнікі жылі ў трывогах, бо смерць хадзіла побач, жорсткая барацьба розных ідэй, а таксама апантаных імі людзей прадаўжалася.
Калі фронт адышоў на захад, павылазілі ўзброеныя бандыты — і зноў лілася кроў, і накручвала гора чорныя кругі па шматпакутным Палессі.
Чаму тое адбывалася? Розныя былі прычыны. Хоць у пасляваенны ды і пазнейшы савецкі час не прынята было пра тое казаць, аднак савецкая ідэалогія прыжывалася на Палессі з вялікім скрыпам. Зрэшты, і мележаўская трылогія “Людзі на балоце” пра тое сведчыць. Не ўсім адназначна прыйшоўся даспадобы новы лад жыцця. Дровы ў тое ідэалагічнае вогнішча шчодра падкінула вайна, дакладней тыя, хто грэў на ёй свае скрываўленыя рукі. А з “вогненнай” метафары заглянем у тагачасную рэальнасць. У адной з крыніц пра ідэалагічную расстаноўку актыўных сіл на Палессі знаходзім: “У ваенны час бывала так, што ля аднаго вогнішча ў лясах Піншчыны ці Тураўшчыны маглі апынуцца беларускія партызаны, акаўцы і аунаўцы”. З часам іх шляхі разышліся: нібы іскры разляцеліся. Бо розныя ідэі былі закладзены ў аснову фарміраванняў. Каб не зацягваць тэкст, скажам шчыра, што і Армія Краёва (АК), і Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) мелі на тэрыторыі Беларусі сваіх прыхільнікаў. Адных завербавалі, другіх запалохалі, трэцім пэўна што і заплацілі… А былі яшчэ і бульбаўцы…
Пра іх я даведаўся, калі ў Тураве гутарыў з настаўнікам гісторыі Аляксеем Марозам: з 2021 года ён працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў 2-й школе. Кіруе школьным краязнаўчым музеем імя Кірылы Тураўскага. Аляксей Уладзіміравіч расказаў, што прафесію настаўніка, да таго ж гісторыка, ён выбраў у многім дзякуючы аповедам дзеда — былога настаўніка, удзельніка трох войнаў Івана Герасімавіча Сілкова. І што дзеда яго ледзь не прашылі ў пасляваенны час кулі бульбаўцаў, калі ён працаваў у Тураўскім райаддзеле адукацыі.
Падрабязнасці пра тое прывядзём пазней. А пакуль паспрабуем прасвятліць: хто ж такія тыя бульбаўцы? І чаму ім карцела ўкараняць сваю ідэалогію і на зямлі нашай — на беларускім Палессі?
Нацыяналісты з абвераўскай закваскай
З гісторыі вядома: да верасня 1939-га Заходняе Палессе цалкам уваходзіла ў склад Польшчы (дакладней — Другой Рэчы Паспалітай) і не падзялялася на ўкраінскае і беларускае. А пасля далучэння Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі гэта ўжо была тэрыторыя СССР, аднак падзеленая паміж БССР і УССР па нацыянальнай прыкмеце. Вядома ж, на далучаных тэрыторыях ішла калектывізацыя, раскулачванне: абвастрылася класавая барацьба, як тады казалі. Зрэшты, спрэчкі “за Палессе” былі яшчэ значна раней. У прыватнасці, у аповедах гісторыкаў пра паўстанне Багдана Хмяльніцкага (1648—1657) чытаем: “Повстанцы также действовали севернее (на территории современной Беларуси). Там они заявили о себе погромами шляхетских имений у Поповой горы, Речицы, Брагина. Далее в Мозыре и его окрестностях вспыхивает восстание. После победы казаки заняли Мозырь, а затем и Туров”. І яшчэ цікавая дэталь: “Достоевские утратили свое родовое гнездо в Достоево в 1754-м. Это произошло после того, как имение разорили казаки Богдана Хмельницкого”.
Першы пасляваенны дырэктар Тураўскай сярэдняй школы (цяпер СШ №2) Максім Бруй
У 1941-м на Палессе прыйшлі фашысты-захопнікі і абвастрылі праблему. Даследчыкі пішуць, што тады тэрыторыі Піншчыны і Брэстчыны ўвайшлі ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”. І на той падставе ўкраінскія нацыяналісты зноў палічылі беларускія палескія землі сваімі, “спрабавалі там, наколькі дазвалялі немцы, праводзіць сваю палітыку”. У пацвярджэнне гэтага прыводзіцца такі аргумент: у многіх старажылаў Брэстчыны ў сямейных архівах зберагаюцца пажоўклыя паперкі часоў Другой сусветнай вайны — з надпісамі на ўкраінскай мове. Вось чаму ахвярамі ўкраінскіх нацыяналістаў станавіліся ў 40—50-я гады і беларусы, прычым на сваёй роднай зямлі.
Цяпер крыху пра саміх украінскіх нацыяналістаў. Як вядома, былі ў тым руху розныя плыні, адметнасці, лідары. Найбольш вядомыя з мінулага бандэраўцы — прыхільнікі ідэй і метадаў барацьбы за ўладу Сцяпана Бандэры. А прапятлюраўскіх барацьбітоў за самастойную Украіну (яны прадаўжалі антысавецкую дзейнасць забітага ў 1926-м у Парыжы Сімона Пятлюры) у гады Другой сусветнай вайны ўзначаліў Тарас Баравец. За імя сваё, відаць, атрымаў гучную мянушку Бульба, яго паплечнікаў называлі бульбаўцамі. Даследчыкі пішуць, што “гэта было адно з крылаў АУН”. Бульбаўцы арганізавалі ўзброенае злучэнне “Палеская Сеч”, якое дзейнічала ў рэгіёне Пінск — Мазыр — Корасцень. І Тураў з яго ваколіцамі ў тым трохвугольніку. Бандэраўцы і бульбаўцы хоць люта варагавалі паміж сабою (бо, пэўна, кожны з амбіцыйных лідараў прэтэндаваў на ролю першага барацьбіта за самастойную Украіну), аднак лічылі сваімі ворагамі ўсіх савецкіх актывістаў. І ў іх лік траплялі таксама і настаўнікі.
Да сярэдзіны 1943-га ўзброеныя фарміраванні бандэраўцаў і бульбаўцаў актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызан не вялі. Кажуць, калі-нікалі дапамагалі нават ім інфармацыяй ці яшчэ неяк. А летам 1943-га змянілі пазіцыю, распрацаваўшы такую тактыку: у дачыненні да гітлераўцаў — пасіўная самаабарона, да партызан — барацьба. Усё тое, а таксама расправы над палякамі, якія жылі ў Беларусі, дамоўленасць бандэраўцаў і бульбаўцаў пра сумесную барацьбу супраць Саветаў з беларускімі калабарацыяністамі прывялі да крывавых сутыкненняў паміж беларускімі партызанамі, бандэраўцамі і бульбаўцамі.
Першы пасляваенны выпуск Тураўскай сярэдняй школы, 1944 год
Даследчыкі пастараліся і адшукалі след абвера (у 1921—1944 гадах так называўся орган ваеннай разведкі і контрразведкі Германіі) у дзейнасці бандэраўцаў. Калі ў 1944-м Сцяпана Бандэру вызвалілі з турмы, з польскага Кракава той пачаў кіраваць барацьбой супраць савецкай улады. І ў 1944-м якраз па заданні абвера АУН стварыла шэраг новых узброеных фарміраванняў, аб’яднаных ва Украінскую паўстанцкую армію (УПА). Яны напрамую прызначаліся для дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў тыле Чырвонай Арміі. Уражваюць лічбы: на пераломе 1944—1945 гадоў байцоў і ўдзельнікаў падполля УПА было да 150 тысяч, па іншых ацэнках — ажно 500! Гэта яны стралялі ў спіны салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, бандыты з УПА 5 сакавіка 1944 года смяротна паранілі генерала арміі Мікалая Ватуціна, які камандаваў 1-м Украінскім фронтам.
З нядаўна рассакрэчаных у Расіі матэрыялаў стала вядома: хоць ліквідацыя падпольных груп АУН ва Украіне афіцыйна працягвалася да 1952 года, але сляды іх дзейнасці фіксавалі да пачатку 1960-х. Прычым гісторык Сяргей Васільеў, стваральнік грунтоўнай дакументальнай кнігі “Борьба с петлюровщиной и бандеровщиной в 20—50-х годах ХХ века”, зрабіў парадаксальную выснову: “После изучения ряда фондов архива СБУ я пришел к выводу, что никакой идейности у украинского национализма не было. И всю его деятельность можно охарактеризовать словами: политический бандитизм”.
Другі фронт Івана Сілкова
Вялізны масіў інфармацыі давялося паварушыць, каб зразумець, чаму бульбаўцы, “ідэйныя” бандыты, забівалі ды запалохвалі ў пасляваенныя гады настаўнікаў на беларускім Палессі, на Тураўшчыне.
Успамінамі пра той час падзялілася Таццяна Сілкова — настаўніца хіміі 2-й тураўскай школы, дачка Івана Сілкова і яго жонкі-настаўніцы Лізаветы Жыткавец.
Нарадзілася Таццяна ў канцы 1949 года, і вострая дзіцячая памяць некаторыя дэталі з таго часу зафіксавала.
“Мой тата, педагог і танкіст Іван Сілкоў, напрыканцы 1946-га вярнуўся з арміі дадому, — прыгадала дачка. — Пра той час мне Алена казала — старэйшая сястра з 1941-га родам, і мама таксама. І адразу тата пайшоў працаваць у Тураўскі райаддзел народнай адукацыі: тады яшчэ быў Тураўскі раён. У райцэнтры і наваколлях адкрываліся школы: у вёсках Малешаў, у аддаленых Букчы і Тонежы (пазней адышлі да Лельчыцкага раёна, як і Дзяржынск, да яго ад Турава кіламетраў 75). Франц Лешчанка, як гаварылі дома, з 1952-га працаваў загадчыкам райана, мой тата — інспектарам. Барыс Фёдаравіч Галавач, мамін пляменнік, загадваў метадкабінетам, плюс яшчэ былі тры супрацоўнікі — я пазней удакладніла. І тады яшчэ ў раёне дзейнічалі бульбаўцы. Машыны калі ехалі — толькі да Азяран: кіламетраў 12 ад Турава. Далей было небяспечна, бо запынялі бульбаўцы, забівалі ўсіх, спальвалі машыну і трупы. Гарэлі хаты ў Верасніцы і Азяранах, у Перарове і Чэрнічах. Бандыты падпальвалі хаты, а на прадстаўнікоў савецкай улады палявалі, як на звяроў: каго знойдуць — забівалі ці да смерці запалохвалі”.
Івану Сілкову як інспектару даводзілася часта бываць у камандзіроўках па раёне. Дык яго да згаданых Азяран падвозілі, а далей ён дабіраўся пешшу, скажам, у той Дзяржынск у школу: “І каб не сустрэцца з бандытамі, уначы ён хадзіў, і лесам. Расказваў пазней, што прыйшоў неяк у Дзяржынск. Правяраў школу, правялі педсавет. Збіраўся ісці дадому, а дырэктар школы: “Іван Герасімавіч, надвор’е сапсавалася, завіруха — можа, застаньцеся ў нас?” Ён падумаў і пагадзіўся. Гаспадар-дырэктар пайшоў у краму нешта прыкупіць, можа, каб госця пачаставаць, вярнуўся і кажа: у вёсцы бульбаўцы. Спытаўся: “Дык дзе начаваць будзеце: у хляве ў сене ці ў хаце з намі?” Бацька сказаў: у сям’і. Бо хлявы ж, ведаў, бульбаўцы адразу правяралі, віламі калолі па сене. Ложка ў хаце лішняга не было — паслалі на палацях з дошак, пры падлозе ля сцяны. А ўначы як ішлі бандыты па вуліцы, дык і паласнулі аўтаматнай чаргой па хаце: ведалі, дзе дырэктар жыве. Кулі па сцяне секанулі, вокны вылецелі. А бацька на палацях унізе, дык чарга над ім прайшла…”
Згадваючы той час, маці Таццяне казала: муж сыходзіў як на фронт кожны дзень, калі выпраўляла яго на працу. Не ведала, калі вернецца і ці вернецца ўвогуле.
Тады старшынёй тураўскага калгаса “Новае жыццё” працаваў мужны чалавек Мікалай Ільіч Засінец, які ў вайну ў партызанскім атрадзе “За Радзіму” быў намеснікам камандзіра па разведцы і контрразведцы. У 1944-м той атрад аб’яднаўся з часцямі Чырвонай Арміі, байцы разам 5 ліпеня вызвалілі Тураў і потым партызаны сталі чырвонаармейцамі, ваявалі далей. Дык Іван Герасімавіч пазней расказваў: неяк ішоў ён са школы з Малешава ў Тураў, а Мікалай Ільіч на кані пад’язджаў. Спяшаўся: “Сілкоў, сядай хутчэй — паедзем бульбаўцаў браць!” Інспектар-франтавік як стаяў, так у воз і скочыў — і паехалі. “І бралі ж яны тых бульбаўцаў!” — з гордасцю за бацьку сказала дачка.
“А ключ у іх не пракручваецца…”
Ці памятае Таццяна Сілкова той страх? Так, ён і да гэтага часу непазбыўны…
“Мы з мамай і сястрой увечары заўсёды ў хаце зачыняліся, зашчэпліваліся, — прыцішвае голас Таццяна Іванаўна, нібы прыслухоўваючыся да самой сябе. — І страх такі быў… Здавалася, што ўсё нутро сціскалася, і холадам цела працінала… Мы ў цемры сядзелі ціха-ціха. Мне сніцца дагэтуль, нібыта ёсць нехта нядобры за дзвярыма. Яны ў нас і ключом зачыняліся: былі ўразныя замкі. Дык мне сніцца, бывае, нібыта звонку штурхаюць, грукаюць у нашы дзверы, а ключ у іх не пракручваецца. І бандыты ломяцца, але не могуць увайсці. Мы цесненька ўсе, памятаю, прыціскаліся адна да адной, і так часам і засыналі: мама і я з сястрой”.
Па словах Таццяны Сілковай, бульбаўцы хацелі запалохаць актывістаў, каб ніхто не супрацоўнічаў з савецкай уладай. Таму і забівалі, таму і здзекаваліся з людзей, каб нават больш не забіць, а запалохаць. Гэтак і сёння, ведаем, дзейнічаюць тэрарысты ў розных краінах. У іх была такая тактыка барацьбы за свае вар’яцкія ідэі. Пра тое ўсё, гаворыць Таццяна Іванаўна, варта ведаць і сённяшнім настаўнікам, школьнікам, студэнтам. І бачыць сутнасць падобных акцый, а не шалупінне слоў, якімі падобныя крывавыя дзеянні прыкрываюцца: не столькі забіць, колькі запалохаць, пасеяць страх, зламаць волю, імкненне людзей да супраціўлення тым, хто сваю фанатычную волю іншым навязвае. Таццяна Іванаўна робіць выснову, што разбуральныя ідэі, якімі кіруюцца некаторыя экстрэмальныя групоўкі, — страшная рэч. Зрэшты, і ў наш час таму ёсць нямала пацвярджэнняў…
Тураўскі раён потым расфарміравалі — у 1962-м. Франтавік-педагог Іван Сілкоў, які быў родам з 1903-га, папрацаваў яшчэ і ў Жыткавічах, таксама інспектарам райана, і ў 1966-м выйшаў на пенсію. Дачка ўспамінае: “Дабіраўся ў Жыткавічы па-рознаму: дзе пешшу, дзе пад’едзе. Аднойчы на Прыпяці ўвесну было такое велізарнае разводдзе, што вайскоўцы прывезлі ветэрана-франтавіка на сваёй амфібіі: прама да дома, які ў нас быў пры беразе. Дык нам, дзецям, тое вельмі цікава было — вось і памятаецца”.
…Як жа ўдавалася бульбаўцам здзяйсняць крывавыя намеры? Пра тое не раз гутарыла дачка з Іванам Сілковым. І ён па сакрэце ёй расказваў, што і ў Тураве, напрыклад, многія людзі былі таемна звязаны з бульбаўцамі. Калі ж каго лавілі з доказамі злачынства, то казалі: “Мяне прымушалі, мне пагражалі ўсю сям’ю вынішчыць”. Яны, тыя запалоханыя, маглі і хаты актывістаў падпальваць, калі бандыты патрабавалі.
“Нібы звычайныя людзі, а пад уладай бульбаўцаў. Ім ішло распараджэнне, што кагосьці трэба прыбраць, — і яны абарочваліся ў ворагаў. А ў нас дом стаяў крыху наводшыбе ад Турава: у месцы, здаўна вядомым як Дварэц. І ў тым доме доўга жылі нашы страхі. Дом пазней згарэў, і яго прыйшлося аднаўляць. А вось сны мае да гэтага часу як жывыя”, — прызналася Таццяна Іванаўна.
Іван ЖДАНОВІЧ