Педагогі дашкольнай установы ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі надаюць вялікае значэнне фарміраванню ў малышоў любові і павагі да сваёй сям’і, дзіцячага сада, малой радзімы. Дзяцей далучаюць да нацыянальнай культуры, традыцый, гісторыі сваёй краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Работа ў гэтым кірунку не толькі мэтанакіраваная, але сістэмная і метадычна вывераная. Выхавальнікі надаюць вялікае значэнне шматлікім уражанням, прапушчаным праз дзіцячае ўспрыманне. Пазнанне малой радзімы раскрываецца ў працэсе назіранняў, на экскурсіях, у рознабаковай практычнай дзейнасці. Усё гэта робіць малышоў найбольш успрымальнымі да тых каштоўнасцей, носьбітамі якіх з’яўляюцца дарослыя.
— Фундамент патрыятычнага выхавання закладваем у адзінстве ведаў, адносін, паводзін. Бо патрыятызм — гэта не знешняя атрыбутыка, а нашы ўчынкі, наша стаўленне, наш светапогляд, — падкрэслівае загадчыца дзіцячага сада Людміла Гарагляд. — Цесна ўзаемадзейнічаем з бацькамі па ўсіх пытаннях выхавання.
Адной з форм узаемадзеяння ўстановы з сем’ямі з’яўляецца актыўны адпачынак, які дазваляе аб’яднаць выхаванцаў і бацькоў. Часцей за ўсё праводзяцца дні здароўя, фізкультурныя святы з удзелам татаў і мам. Вопыт арганізацыі такіх мерапрыемстваў паказаў іх станоўчы ўплыў на фізічнае і маральнае выхаванне дзяцей. А цяпер з’явіліся новыя вялікія планы на будучыню.
У лістападзе 2024 г. адбылося ўрачыстае пасвячэнне выхаванцаў дзіцячага сада № 4 Ганцавіч у члены клуба «Рубеж».
— Гэта выдатная форма сумеснай дзейнасці дарослых і дзяцей, якая дае нам унікальную магчымасць паўплываць на станаўленне падрастаючых грамадзян, патрыётаў. Для дзяцей гэта магчымасць стаць больш актыўнымі, ініцыятыўнымі, а значыць, хутчэй назапасіць асабісты пазнавальны вопыт, — падкрэслівае кіраўнік патрыятычнага клуба «Рубеж», кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада Людміла Цішчанка.
Дзейнасць клуба арганізуецца па трох напрамках: культурным, гераічна-гістарычным і спартыўна-аздараўленчым. Асобная роля адводзіцца фарміраванню асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры дзяцей праз спартыўныя гульні з ваенна-патрыятычным зместам. Іх спаборніцкі характар садзейнічае выхаванню ў малышоў мэтанакіраванасці, настойлівасці, знаходлівасці, смеласці, рашучасці. Развучваючы песні, вершы, танцы, выхаванцы атрымліваюць першапачатковыя ўяўленні аб гісторыі, культуры, прыродзе і дасягненнях сваёй краіны. Педагогі з гордасцю назіраюць за дзецьмі, якія шчыра і ўпэўнена спяваюць разам з бацькамі гімн. Усё гэта спрыяе развіццю ў малышоў патрыятычных пачуццяў.
— Упэўнена, такое стаўленне дзяцей да дзяржаўных сімвалаў абавязкова дасць станоўчы вынік, дапаможа ім стаць сапраўднымі грамадзянамі, навучыць любіць сваіх бацькоў і Радзіму і клапаціцца пра дабрабыт сваёй сям’і і краіны, — дадае Людміла Цішчанка.
У клубе склалася добрая традыцыя: пасля заканчэння мерапрыемства — сумеснае чаяванне з дамашняй выпечкай і абавязкова фотакалаж з месцаў спартыўных падзей. Адметнасцю аб’яднання па інтарэсах яго ўдзельнікі лічаць магчымасць далучыцца ўсёй сям’ёй да актыўнага адпачынку і выхавання ў дзяцей пазітыўных адносін да здаровага ладу жыцця.

Важным момантам з’яўляецца і тое, што клуб «Рубеж» узаемадзейнічае з ваенна-патрыятычным клубам «Палеская зорка» сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, чым забяспечваецца пераемнасць у рабоце дзвюх устаноў адукацыі. Няма сумнення, пры такім падыходзе словы Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына заўсёды будуць знаходзіць водгук у душах маленькіх патрыётаў Ганцавіч.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай





