Як у школе № 1 Бялыніч захоўваюць памяць пра воінскую доблесць і гераізм дзядоў і прадзедаў

- 15:22Новости

У сярэдняй школе № 1 Бялыніч імя М.І. Пашкоўскага ўрачыста адкрыўся цэнтр патрыятычнага выхавання, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сярод ганаровых гасцей свята — начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іна Ігнатовіч, ветэраны ваенных дзеянняў у Афганістане Уладзімір Карпухін і Віктар Падольскі.

Намаганнямі педагогаў і навучэнцаў у цэнтры адкрыта некалькі экспазіцый. Адна з іх прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў — фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна, дзяцей ваеннага ліхалецця. Тут сабраны матэрыял пра ветэрана вайны, былога дырэктара школы Івана Піліпавіча Прончанку, дачка якога падчас адкрыцця цэнтра падзялілася ўспамінамі пра бацьку.

Асобны раздзел прысвечаны генацыду беларускага народа, дзе прадстаўлены матэрыялы, якія сведчаць пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. У дакументах зафіксаваны факты аб знішчэнні матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, а таксама аб масавай вярбоўцы рабочай сілы. Пісьмы, паштоўкі і фотаздымкі ад грамадзян, якія былі забраны ў нямецкае рабства, раскрываюць усю трагічнасць тагачасных падзей. Прыцягвае ўвагу макет вёскі Бранькоў Бялыніцкага раёна, спаленай немцамі.

— У Беларусі тысячы населеных пунктаў, якіх напаткаў лёс Хатыні. А ў нашым раёне гэта вёскі Стэфанава, Бранькоў, — гаворыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алеся Бунакова. — Стараемся данесці і растлумачыць дзецям, што цяпер мы жывём пад мірным і спакойным небам і павінны шанаваць усё тое, што ёсць у нас зараз, прыкладаць максімум намаганняў, каб не дапусціць паўтарэння тых страшэнных падзей. Бо нашы продкі рызыкавалі, аддавалі жыццё, каб у сучаснага пакалення была магчымасць расці, вучыцца, атрымліваць прафесіі, ствараць сем’і і працаваць на карысць роднай зямлі.

Яшчэ адзін раздзел экспазіцыі расказвае пра падзеі вайны ў Афганістане. Ліхтарык, біклажка, памазок, наручны гадзіннік і іншыя рэчы, нібы авеяныя пылам афганскіх дарог, сведчаць пра незабыўныя старонкі савецкай гісторыі. Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў і парадны кіцель з ордэнамі і медалямі ветэрана афганскай вайны Уладзіміра Карпухіна.  

У цэнтры захоўваюцца і даследчыя работы, праведзеныя навучэнцамі школы пад кіраўніцтвам педагогаў. Так, дзесяцікласніца Васіліса Семашкевіч даследавала генацыд на Магілёўшчыне. Акцэнт быў зроблены на Бялыніцкім краі. Дзяўчына абапіралася на архіўныя матэрыялы, рассакрэчаныя Генеральнай пракуратурай Беларусі. У рабоце знайшлі адлюстраванне факты аб знішчэнні фашыстамі каля 3 тыс. жыхароў Бялыніч, спальванні мясцовых вёсак. Васьмікласніцы Марыя Юрчанка і Ксенія Каспяровіч правялі даследаванне «Прыватныя пісьмы гастарбайтараў як гістарычная крыніца сведчанняў пра злачынствы фашысцкіх акупантаў супраць жыхароў Бялыніцкага раёна». Дзяўчаты высветлілі, што хоць нацысты імкнуліся схаваць свае злачынствы, але пісьмы і паштоўкі забраных у рабства людзей усё роўна даволі змястоўна раскрываюць умовы іх жыцця і працы. Гэтыя факты былі заключаны не толькі ў эмацыянальна насычаных аповедах, няхай і завуаліраваных пад ціхае і бязрадаснае жыццё, але і ў маленькіх ёмістых дыялектных фразах, якія вырваліся з-пад цэнзуры. А дзесяцікласніца Юлія Нізаўцова напісала работу па беларускай мове «Тапаніміка роднага краю», дзе даследавала назвы бялыніцкіх вуліц.

Каардынацыяй работы цэнтра будуць займацца кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні школы Аляксей Галаўнёў і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алеся Бунакова.

Плануецца, што ў цэнтры будуць праходзіць урокі гісторыі, заняткі па ваенна-патрыятычным выхаванні, класныя гадзіны і пазакласныя мерапрыемствы не толькі для навучэнцаў школы, але і для школьнікаў раёна. А экспанаты цэнтра падкажуць новыя тэмы для даследаванняў школьнікаў.

— Беларусь заўсёды славілася моцнымі і мужнымі людзьмі, гатовымі аберагаць і абараняць Радзіму. Мы захоўваем гістарычную памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра тыя жахі, якія яна прынесла нашай зямлі, пра генацыд беларускага народа. Не забываем мы і пра тое, што многія нашы землякі ўдзельнічалі і ў вайне ў Афганістане. І наша задача — захаваць памяць пра воінскую доблесць і гераізм дзядоў і прадзедаў. На прыкладзе іх подзвігаў выхаваць у падрастаючым пакаленні рашучасць, смеласць, высакароднасць і мужнасць. На гэта і будзе накіравана дзейнасць цэнтра патрыятычнага выхавання, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І. Пашкоўскага Таццяна Балдышэўская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара