Як у Вышамірскай сярэдняй школе займаюцца пошукавай і даследчай дзейнасцю

- 12:32Образование

Традыцыя займацца пошукавай і даследчай дзейнасцю зарадзілася ў Вышамірскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна яшчэ ў 1950-­я гады. Цікаўнасць, інтарэс да пошуку абудзіла тады ў сэрцах дзяцей вядомая ў рэгіёне настаўніца гісторыі Валянціна Аляксандраўна Бадзюк. Пазней, у 1970­-я гады, справу працягнула яе вучаніца Тамара Мікалаеўна Кротава.

Экскурсіі, паходы, экспедыцыі, урокі мужнасці, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў — тыя актыўныя формы работы, якімі карысталіся В.А.Бадзюк і Т.М.Кротава. Гэтыя дзеянні дапамагалі не толькі пашыраць кругагляд дзяцей, але і дапамагалі збіраць вялікую базу дакументаў, фотаздымкаў, успамінаў. Сіламі гэтых педагогаў, іх выхаванцаў быў створаны школьны музей, які стаў цэнтрам пошукавай, краязнаўчай, даследчай і асветніцкай дзейнасці ва ўстанове адукацыі на доўгія гады. Большасць прадметаў экспазіцыі “Вялікая Айчынная вайна” былі сабраны падчас разнастайных выхадаў за межы ўстановы адукацыі.

Пошукавікі сустракаліся з ветэранамі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні вышамірскай зямлі ў лістападзе 1943 года, запісвалі ўспаміны відавочцаў вайны, вялі гутаркі з роднымі загінуўшых. Здараліся нечаканыя сустрэчы. Падчас аднаго з візітаў да родных Пятра Варфаламеевіча Канька — салдата Чырвонай Арміі, імя якога выбіта на пліце брацкай магілы вёскі Вышамір, — сустрэлі яго дома жывым! Ён страціў нагу, пахавальная прыйшла родным па пошце, але хутка ён прыехаў дадому. Той выпадак яшчэ больш узмацніў упэўненасць у тым, што ваенна-патрыятычная работа павінна стаць рэгулярнай.

Створаны раней моцны падмурак і якасны арыенцір былых настаўнікаў да нашых дзён дазваляе сучаснаму педкалектыву і многім пакаленням вучняў актыўна рухацца ў названым кірунку. На сучасным этапе асноўная задача ваенна-патрыятычнай дзейнасці ўстановы адукацыі — гэта захаванне, сістэматызацыя і папулярызацыя даных пра герояў-ветэранаў, вайсковыя часці, ахвяр генацыду, вязняў фашысцкай Германіі.

Успаміны ўдзельнікаў вайны, іх родных размяшчаюцца ў музеі, на школьным сайце, у сацыяльных сетках установы адукацыі. Афармляюцца альбомы “Летапіс славы народнай”, “Землякі-франтавікі” і “Кніга Вялікай Айчыннай вайны”, дзе можна знай­сці фотаздымкі, лісты з фронту, узнагародныя дакументы і інш.

Ажыццяўляецца пошук даных пра загінуўшых воінаў. Напрыклад, у красавіку 2024 года ў рамках акцыі “Мы жывыя, пакуль нас памятаюць” былі даследаваны ўсе замацаваныя за школай воінскія пахаванні, якія размешчаны на тэрыторыі пяці вёсак. Інфармацыю пра кожнага воіна ўдак­ладнялі на сайтах “Памяць народа”, “Подзвіг народа”, “Партызаны Беларусі”, а таксама дапаўнялі біяграфічнымі звесткамі са школьнага музея. Пра кожны мясцовы помнік і брацкую магілу зрабілі кароткія відэаролікі, у якіх расказалі гісторыю мемарыялаў. Атрыманыя пашпарты воінскіх пахаванняў з актыўнымі спасылкамі размясцілі на школьным сайце.

Падчас акцыі “Гісторыя Перамогі ў тварах” знайшлі звесткі пра ўсіх Герояў Савецкага Саюза, лёс якіх быў звязаны з гісторыяй Вышамірскага краю: Тачмамеда Ніязмамедава (пахаваны ў брацкай магіле Вышаміра), Барыса Царыкава, Максіма Апарына, Мікалая Міхайлава (загінулі падчас выз­валення гэтай зямлі, але пахаваны на Лоеўшчыне), Аляксандра Леўчанку (атрымаў самае высокае званне за подзвіг, які здзейсніў у наваколлі Вышаміра).

У рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у школе арганізаваны ўдзел дзяцей і дарослых у разнастайных творчых і даследчых конкурсах, акцыях, гадзінах памяці, уроках мужнасці, экскурсіях, паходах. Лепшыя традыцыі, закладзеныя былымі пакаленнямі, працягваюцца ва ўстанове адукацыі.

Мы імкнёмся давесці вучням важную думку: гістарычная памяць не мае тэрміну даўнасці. Вялікая Айчынная вайна — гэта няскончаная гістарычная падзея. Яе водгалас напрамую ўплывае на шэраг пакаленняў, у тым ліку і на сучаснае. Як прыклад —  гісторыя аднаго брацкага пахавання, пра якое раскажу падрабязней.

На ўскраіне вёскі Маладуша Рэчыцкага раёна размешчана брацкая магіла савецкіх воінаў. Датуецца яна 1943 годам. Тады, у халодны лістапад, мужныя, смелыя, самаадданыя салдаты Чырвонай Арміі, здзейсніўшы подзвіг падчас фарсіравання Дняпра, рушылі далей, пачаўшы Гомельска-Рэчыцкую вызваленчую аперацыю. Сотні байцоў ахвяравалі сваё жыццё, вызваляючы тэрыторыю раёна, у тым ліку вёску Маладуша і суседнія. Там жа яны знайшлі апошні прытулак — у сырой зямлі. Скончылася вайна Вялікай Перамогай. Ра­дасць была ўсеагульнай, азмрочваў яе толькі смутак па загінуўшых воінах-выз­валіцелях.

Мінула шмат гадоў з дня вызвалення Беларусі, але тыя ж самыя эмоцыі выклікаюць гістарычныя ўспаміны ў сучаснікаў. Сімвалічна выглядае помнік на брацкай магіле — гэта воін, а побач з ім маленькая дзяўчынка. Унізе — гранітныя пліты, на іх змешчана больш за 100 прозвішчаў герояў вайны. Штогод тут збіраюцца лю­дзі на памятныя мерапрыемствы, ніхто не застаецца абыякавым.

Вось і 7 мая 2024 года каля маладушскай брацкай магілы прайшоў мітынг. Адбылося перапахаванне астанкаў двух воінаў, якія знайшлі каля суседняй вёскі Сяргееўкі. Ка­жуць, што вайна не скончана, пакуль застаецца хаця б адзін салдат, які загінуў і не быў пахаваны. Імёны гэтых воінаў яшчэ не ўстанавілі, але пошукавая работа вядзецца. Ёй займаюцца навукоўцы, вайскоўцы, настаўнікі і, канечне, школьнікі, якія прысутнічалі на мера­прыемстве.

Хрысціна ІВАНЧЫКАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Вышамірскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна