Як уключаць батлеечны тэатр у навучальны працэс, абмеркавалі ў Мінску

- 16:21Новости, Репортаж

Вынікі інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра «Батлейка»)» прадставілі ў Акадэміі адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Ініцыятыва рэалізавана ўстановай пры падтрымцы Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі і Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ўстановы Вольга Волкава расказала, што да праекта далучылася 35 устаноў па ўсёй краіне.

Падключаем інжынерныя класы, каб паказаць, як на сучасным этапе развіцця батлейкі можна выкарыстоўваць у тым ліку і робатаў. Спадзяёмся, што працягнем рэалізацыю праекта, бо бачым зацікаўленасць і першыя вынікі. Батлеечныя пастаноўкі выдатна ўпісваюцца ў праграму вучэбных прадметаў: можна наглядна паказаць твор або нейкую гістарычную падзею. Таксама гэта важны фактар у сацыялізацыі і развіцці ў першую чаргу маўлення, — падкрэсліла В. Волкава.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 35 Бабруйска імя П.І. Батава Марына Шапашнікава адзначыла, што ўдзел навучэнцаў у тэматычным аб’яднанні па інтарэсах «Батлейка» дапамагае развіццю камунікацыі, памяці і з’яўляецца выдатнай магчымасцю паказаць творчыя здольнасці:

Функцыянаванне тэатра непасрэдна звязана з іншым гуртком — «Цуды з гліны». Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Вольгі Лавіцкай школьнікі робяць лялек для нашых пастановак. Яны могуць рухацца, варушыць галавой і нагамі. Таксама для герояў вырабляецца ўнікальнае адзенне.

Пры стварэнні тэатра ва ўстанове важную ролю адводзілі захаванню нацыянальных элементаў у дэкарацыях. М. Шапашнікава заўважыла, што поспех якаснага і цікавага прадукту заключаецца ў сумеснай рабоце адміністрацыі, настаўнікаў і навучэнцаў.

У нас ёсць музычная апаратура, падключана святло і святлодыёдная стужка, якая кантралюецца з тэлефона. Ёсць магчымасць мяняць уручную фон, з афармленнем якога дапамагала настаўніца выяўленчага мастацтва,патлумачыла педагог.

У рэпертуары не толькі традыцыйныя праваслаўныя сюжэты, але і адаптацыя сучасных твораў.

Такім чынам выкарыстоўваем пастаноўкі на ўроках літаратуры. Нядаўна паказвалі спектакль «Людзі на балоце» для 10—11-х класаў, для 6—7-х пераклалі на беларускую мову твор «Фантазёры» М. Носава, — дапоўніла кіраўнік праекта педагог дадатковай адукацыі Алеся Корзубава. — Уключаем лялечныя пастаноўкі нават ва ўрокі рускай мовы, дзе ў інтэрактыўнай форме дзеці адпрацоўваюць арфаграфію, і, вядома, батлеечны тэатр з’яўляецца добрай альтэрнатывай тэлефонам, каб на перапынках вучні маглі пазнавальна і цікава правесці час.

Настаўніца адзначыла, што многія дзеці адчуваюць страх перад сцэнай. А хаваючыся за шырмай, школьнікі становяцца больш разняволенымі і могуць паказаць свае творчыя здольнасці, ствараючы сапраўдныя цуды:

Навучэнцы праяўляюць увесь спектр эмоцый, становяцца больш камунікабельнымі, адкрытымі і ўпэўненымі, удасканальваюць майстэрства красамоўства. З дапамогай такога творчага падыходу абмяркоўваем з выхаванцамі важныя тэмы, учынкі герояў і бачым цікавасць нават сярод дзяцей, схільных да проціпраўных дзеянняў, што аказвае важную выхаваўчую ролю, — выказала меркаванне А. Корзубава.

Настаўніца пачатковых класаў Астровенскай сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна імя К.А. Абазоўскага Валянціна Шарко расказала, што батлеечны тэатр першапачаткова ўводзілі пры вывучэнні праваслаўных свят і традыцый, ставілі тэатралізаваныя паказы, што вельмі падабалася дзецям, іх бацькам і педагогам.

Канструкцыю для тэатра рабіў настаўнік працоўнага навучання Ігар Ганчароў, а ўсе лялькі звязаныя ўручную настаўніцай пачатковых класаў Таццянай Блахіной разам са школьнікамі ў рамках тэматычнага гуртка.

Асаблівы інтарэс у гледачоў выклікае створаная напярэдадні Вялікадня казка аб божай кароўцы, якая хацела паляцець на неба. Пастаноўку прадставілі на абласным конкурсе мастацкай творчасці, дзе тэатр быў адзначаны дыпломам І ступені.

У рамках традыцыйнага Траецкага фестывалю праходзяць педагагічныя чытанні, на якія прыязджаюць настаўнікі з усёй вобласці, а мы знаёмім з напрацоўкамі нашага аб’яднання. Дзецям падабаецца ўдзельнічаць у батлеечных пастаноўках пачынаючы з пачатковых класаў. Заўважаем, што ў вучняў палепшылася маўленне і памяць, таксама яны становяцца больш адказнымі, — пракаменціравала В. Шарко.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Алена Патапенка падкрэсліла, што спектаклі вучаць дабру, узаемадапамозе, міласэрнасці і спагадзе, выхоўваюць духоўнасць і маральнасць:

Цяпер працуем над пастаноўкай пра энергазберажэнне, каб з дапамогай такога візуальнага інтэрактыўнага фармату ўзнімаць у тым ліку і нестандартныя, але важныя пытанні. Менавіта праз лялечны тэатр можна разгледзець праблемы ўзаемаадносін, сфарміраваць пачуцці калектывізму, справядлівасці, данесці маральныя каштоўнасці, якія кожнае дзіця прапускае праз сябе і пачынае аналізаваць свае ўчынкі.

DSC_6139
DSC_6140
DSC_6150
DSC_6160
DSC_6155
DSC_6205
DSC_6144
DSC_6215
DSC_6139 DSC_6140 DSC_6150 DSC_6160 DSC_6155 DSC_6205 DSC_6144 DSC_6215

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 імя Д.М. Карбышава Гродна Святлана Беламыза паведаміла, што практычна ўсе сцэнарыі для школьнага батлеечнага тэатра піша сама. У цэнтры ўвагі — патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця:

Працаваць з батлейкай пачала ў 2019-м. Цікавасць да фальклорнай дзейнасці з’явілася падчас вучобы ва ўніверсітэце, рэалізаваць свае задумы змагла ў нашай школе пры падтрымцы адміністрацыі. Кожная тэатральная трупа ўкладае ўласныя эмоцыі ў пастаноўкі, пераасэнсоўвае сцэнарый па-свойму. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца яшчэ большая матывацыя нешта вынаходзіць і працягваць работу.

Педагог дадала, што ўсе пастаноўкі ставяцца выключна на беларускай мове, што таксама садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

Адна з важных тэм, на якой засяроджваем увагу, — роля сям’і, бацькоў і старэйшага пакалення. Таксама не абыходзім пытанне здаровага ладу жыцця. З дапамогай лялечных спектакляў расказваем пра шкоду курэння і іншых згубных звычак, зазначыла С. Беламыза. — У рамках Тыдня здаровага ладу жыцця паказваем тэматычныя пастаноўкі, а падчас правядзення шостага школьнага дня часта запрашаем бацькоў. Рыхтавалі спектаклі і да Дня маці, і да Дня бацькі, што выклікала мора станоўчых эмоцый.

Педагог выступае на метадычных аб’яднаннях, каб заахвоціць іншыя ўстановы адукацыі да стварэння падобных школьных тэатраў і расказаць пра карысць такой творчай работы.

У гімназіі № 2 Наваполацка асноўным прадуктам рэалізацыі праекта з’яўляюцца невялікія відэа паводле прытчаў на рускай, беларускай і англійскай мовах.

Гэты жанр — унікальны спосаб перадачы складаных пытанняў простай і даступнай мовай, — распавяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы адукацыі Кацярына Галынская. — Ролікі выкарыстоўваем на класных гадзінах, факультатыўных занятках і ўроках.

Школьнікі самастойна выконваюць увесь спектр задач: ствараюць лялькі, здымаюць відэа, агучваюць, накладваюць музыку, вывучаюць розныя праграмы для мантажу ролікаў.

Для напісання сцэнарыяў дзеці звяртаюцца па дапамогу да штучнага інтэлекту, але гэта толькі спосаб творчага натхнення. Кожная пастаноўка праходзіць дэталёвую рэдактуру. Навучэнцам падабаецца рабіць нешта сваімі рукамі, ствараць незвычайнае, яны бачаць вынікі творчасці і вучацца працаваць у камандзе, — рэзюмавала К. Галынская.

Кульмінацыяй мерапрыемства стаў тэматычны круглы стол у вочна-дыстанцыйнай форме, да ўдзелу ў якім падключылася больш за паўтары тысячы чалавек. Падчас яго расказалі пра выкарыстанне магчымасцей тэатральных пастановак у навучальным працэсе, інклюзіўнай адукацыі і пазаўрочнай дзейнасці.

Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА