Як выхаваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта — вопыт устаноў адукацыі Гродзеншчыны

- 9:00Главная, Новости

Годных людзей, патрыётаў і сапраўдных мужчын выхоўваюць у праваслаўным ваенна-патрыятычным клубе “Дружына”, які дзейнічае на базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У клубе, канечне ж, ёсць і дзяўчаты, якія, нягледзячы на сваю загартаванасць, прыўносяць у хлапчуковы калектыў дабрыню, пяшчоту і прыгажосць. Але ядро — мужчынскае, бо перамяшчэнне на адкрытай мясцовасці з пераадоленнем паласы перашкод, страявая падрыхтоўка, авалоданне тэхнікай рукапашнага бою, тактычная і агнявая падрыхтоўка патрабуюць сілы, трываласці і цвёрдасці. За гады дзейнасці клуб аб’яднаў каля чатырохсот выпускнікоў. Цяпер у атрадзе 27 чалавек, для якіх на працягу тыдня прадугледжаны адны тэарэтычныя заняткі ў класе і тры — у спартыўнай зале.

 У камандзіра клуба маёра міліцыі Паўла  Найды падлеткі вучацца стойкасці, мужнасці і ўменню наладжваць звычайныя чалавечыя зносіны. Нездарма дэвізам клуба з’яўляюцца простыя словы, але з глыбокім маральным сэнсам, “Сяброўства і братэрства даражэй за любое багацце”.

Павел Паўлавіч не стамляецца гэта дэманстраваць на ўласным прыкладзе. Патрыятызм, духоў­насць, вернасць традыцыям і любоў да блізкага — тыя якасці, якія ён імкнецца закладваць у кожным сваім выхаванцу, бо гэта аснова, стрыжань чалавека. Побач з камандзірам заўсёды педагог дадатковай адукацыі Генадзь Шышкін. Будучы ў мінулым ваенным, ён ведае кошт адзінства і братэрства. Духоўнік клуба іерэй Аляксандр Пастарняк, благачынны Шчучынскай акругі, вучыць юнакоў і дзяўчат духоўнасці і маральнасці.

У год 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне шмат увагі ўдзяляецца вывучэнню гераічнага мінулага нашай краіны праз мастацкія і дакументальныя фільмы. Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты з “Дружыны” працягнуць сваю дзейнасць па доглядзе помнікаў і захаванняў герояў-франтавікоў.

За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі клуб быў удастоены прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Навучэнцы любяць збірацца ў клубе, дзе іх яднае імкненне стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Многія, уваходзячы ў дарослае жыццё, звяз­ваюць сваю прафесійную будучыню са служэннем Айчыне.

Месца прыцяжэння

У сярэдняй школе № 28 імя В.Д.Сакалоўскага Гродна развіва­юць кадэцкія традыцыі. Акрамя таго, у навучальнай установе дзейнічае рэсурсны цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання, ёсць музей баявой славы 28-й агульнавайсковай Чырванасцяжнай арміі.

Такая маштабная дзейнасць накіравана на выхаванне ў школьнікаў самых важных рыс чалавека — грамадзяніна, патрыёта, вернага сябра, які заўсёды прыйдзе на дапамогу блізкаму. Жаданне дзяцей насіць кадэцкую форму толькі пацвярджае неабходнасць працягваць пачатую работу.

Такая школьная лакацыя, як музей, заўсёды з’яўляецца месцам прыцяжэння, асабліва, калі кіраўніком і захавальнікам з’яўляецца апантаны чалавек. У 28-й школе Гродна якраз такі — настаўнік гісторыі афіцэр запасу Аляксандр Сяргеевіч Рабкоў. Дзякуючы яго захопленасці, музей не толькі папаўняецца новымі экспанатамі. У ім вядзецца актыўная выхаваўчая работа. Магчымасць дакрануцца да гісторыі дазваляе не проста даведацца пра факты і з’явы, але і ўсвядоміць значнасць гістарычных па­дзей.

Менавіта ў музеі праходзяць шматлікія выхаваўчыя мерыпрыемствы рознага ўзроўню, урокі памяці, вядзецца актыўная пошукавая работа. Тут заўсёды рады гасцям, а экскурсійны маршрут уключае некалькі прыпынкаў.

Прынамсі, вучні ваенна-патрыятычнага класа расказалі пра пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, пра бессмяротныя подзвігі сваіх суайчыннікаў, удзел нашых салдат у вызваленні Еўропы, па­дзенне Берліна, пра пасляваенны перыяд. У музеі сабраны 172 экспанаты. Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца кіцель і асабістыя рэчы генерала арміі А.А.Лучынскага, аўтограф канструктара М.Ц.Калашнікава, медаль “За перамогу над Германіяй”.

А для вучняў сярэдняй школы № 28 імя В.Д.Сакалоўскага Гродна музей — апора ва ўсведамленні характару гераічных учынкаў нашых людзей дзеля захавання міру і спакою ў роднай краіне.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА