Удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — вялікі крок да самаўдасканалення. І каб яго зрабіць, патрэбна дапамога, найперш метадычнай службы раёна. На Ваўкавышчыне яна шмат гадоў працуе эфектыўна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Падмацую гэты факт лічбамі. З 2009 года ў конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” прынялі ўдзел больш за 1000 педагогаў на школьным узроўні, звыш 300 — на раённым (завочным), на раённым вочным этапе — 121 педагог, на абласным — 14, на заключным этапе — 7.
Зразумела, у рэгіёне распрацавана свая методыка падрыхтоўкі да конкурсу прафесійнага майстэрства, асноўнымі элементамі якой падзялілася загадчыца Ваўкавыскага РВМК Ірына Вялесік. Дарэчы, Ірына Мечыславаўна сама некалі ўдзельнічала ў конкурсе, таму ведае конкурсную “кухню” і разумее пачуцці канкурсантаў.
Методыка падрыхтоўкі — працэс скрупулёзны і паслядоўны. Спецыялістамі РВМК выкарыстоўваюцца калектыўныя і індывідуальныя формы работы. Гаворка найперш пра семінары, аўтарскія конкурсы, павышэнне кваліфікацыі, школы перадавога педагагічнага вопыту. Абавязковыя наведванне і ўдзел у конкурсах метадычнай накіраванасці, майстар-класах, уроках для дарослых.
У праграму таксама ўключаны майстар-клас настаўніка-метадыста намесніка дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска Алены Аскірка “Майстар-клас па майстар-класе”, прысвечаны планаванню і правядзенню такога конкурснага мерапрыемства, як майстар-клас. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі — наведванне ўрокаў удзельнікаў конкурсу папярэдніх гадоў.
Індывідуальная работа з канкурсантамі ўключае самастойную метадычную падрыхтоўку, самааналіз, самаадукацыю, індывідуальныя кансультацыі па запыце, знаёмства з эфектыўнымі педагагічнымі практыкамі.
“Менавіта метадычная работа набывае асаблівую значнасць у павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў. Асноўнымі яе напрамкамі ў раёне з’яўляюцца выяўленне цікавага педагагічнага вопыту, вывучэнне эфектыўных педагагічных практык, арганізацыйна-метадычная, індывідуальная работа з педагогамі, сустрэчы метадыстаў з меркаванымі ўдзельнікамі конкурсу, кансультацыі, інструктажы, стварэнне творчых груп па падрыхтоўцы да конкурсу.
У склад творчай групы ўключаюцца загадчык і метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета, намеснікі дырэктара ўстаноў адукацыі раёна, творча працуючыя педагогі, настаўнікі-метадысты і абавязкова педагогі-псіхолагі.
Дзейнасць творчай групы накіравана на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы конкурсных матэрыялаў. І самае галоўнае, мы імкнёмся ствараць камфортную абстаноўку падчас гэтай работы”, — адзначыла Ірына Вялесік.
Для кожнага ўдзельніка распрацоўваецца індывідуальны план падрыхтоўкі, які разглядаецца на раённым метадычным савеце і зацвярджаецца начальнікам. Гэты план уключае павышэнне ўзроўню тэарэтычнай падрыхтоўкі, вывучэнне нарматыўных дакументаў, дапамогу ў распрацоўцы метадычных матэрыялаў, планаў-канспектаў урокаў, вызначэнне праблемных пытанняў і распрацоўку метадычных рэкамендацый, абмеркаванне на ўзроўні раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання арганізацыі самаадукацыі педагогаў, аказанне метадычнай дапамогі педагогам пры падрыхтоўцы да праходжання атэстацыі.
Безумоўна, у камандзе па падрыхтоўцы да конкурсу актыўна працуюць настаўнікі-метадысты, у мінулым фіналісты конкурсу “Настаўнік года”, бо кожнаму з іх ёсць чым падзяліцца з калегамі. Гэта Алена Аскірка, падчас конкурсу настаўніца пачатковых класаў Краснасельскай пачатковай школы, а цяпер намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска; Ірына Клак, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гэтай гімназіі; Алена Дубанос, настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска; Юлія Касталомава, настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска; Людміла Заяц, настаўніца пачатковых класаў ваўкавыскай гімназіі № 1; Аксана Свістунова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, і Ксенія Арцюх, настаўніца англійскай мовы гэтай жа школы.
Яны з’яўляюцца ядром раённага клуба настаўнікаў-метадыстаў, дзейнасць якога ў першую чаргу накіравана на павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, развіццё ў педагогаў матывацыі на творчую педагагічную дзейнасць па фарміраванні ўласнага эфектыўнага педагагічнага вопыту. У сувязі з гэтым паспяховыя педагогі Ваўкавышчыны ахвотна сустракаюцца з навучэнцамі педагагічных класаў, праводзяць майстар-класы, урокі для дарослых, кансультуюць калег, якія адважыліся атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, і, канечне, трансліруюць свой вопыт у межах абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА