З нядаўняга часу Высокаўская сярэдняя школа Камянецкага раёна носіць імя былога дырэктара-франтавіка Мікалая Рудэнкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прыклад для ўсіх
У амаль 80-гадовым летапісе ўстановы адукацыі асоба гэтага чалавека займае адно з цэнтральных месцаў. Ураджэнец далёкага Гомеля большую частку жыцця звязаў з Камянеччынай, дзе сёння беражліва захоўваюць памяць пра таленавітага кіраўніка і педагога.
Яго лёс быў тыповым для даваеннага пакалення моладзі. Выпускніка школы Мікалая Рудэнку прызвалі ў 1940 годзе на вайсковую службу, з якой ён вярнуўся толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Баявы шлях пачынаў звычайным байцом, а завяршыў начальнікам страявога атрада штурмавой авіядывізіі. У пачатку вайны ўдзельнічаў у абароне розных расійскіх гарадоў, а затым у шэрагу стратэгічных і наступальных аперацый на балтыйскім кірунку.
У жніўні 1946-га разам з дэмабілізацыйным пасведчаннем лейтэнант Мікалай Рудэнка, адзначаны баявымі ўзнагародамі, атрымаў пісьмо-наказ, якое цалкам спраўдзіў далейшым жыццём: “Будзьце дастойнымі слаўнага імені франтавіка, прымнажайце свае баявыя заслугі ў мірнай, стваральнай працы ў гонар нашай вялікай Радзімы”.
У час ваеннага ліхалецця малады чырвонаармеец, як і ўсе іншыя, больш за ўсё марыў пра мір. Але кожны па-свойму ўяўляў мірнае жыццё. Мікалай Мікалаевіч бачыў яго ў выхаванні новага пакалення, якое будзе берагчы мір, заваяваны цаной шматлікіх ахвяр, і ўмацоўваць яго добрасумленнай працай. Гэтаму ён і прысвяціў усё далейшае жыццё.
Пасля нядоўгай партыйнай вучобы і работы ў мясцовых райкамах КПБ Мікалая Рудэнку накіравалі ў Высокаўскую сярэднюю школу, якую ён узначальваў з 1952 па 1958 год, калі яго ў сувязі з неабходнасцю прызначылі старшынёй аднаго з калгасаў. Назад Мікалай Мікалаевіч вярнуўся ў 1963-м, а канчаткова развітаўся са школай студзеньскім днём 1987-га прама ў рабочым кабінеце: не вытрымала сэрца.
Пра дырэктара не раз пісала “Настаўніцкая газета”. Упершыню яго імя з партрэтам з’явілася на першай паласе галіновага выдання ў лістападзе 1955 года: “Гэта яшчэ малады педагог і малады кіраўнік. Але колькі ў яго любові да сваёй прафесіі!.. Такія педагогі змогуць выхаваць маладое пакаленне, навучыць яго сумленна жыць і працаваць, моцна любіць і берагчы нашу вялікую і цудоўную Радзіму… Педагогі вераць яму, вучацца ў яго… Мікалай Мікалаевіч умее вызначыць галоўныя задачы і мабілізаваць калектыў для актыўнага ўдзелу ў іх вырашэнні”.
Пад кіраўніцтвам выдатніка асветы СССР, заслужанага настаўніка БССР і кавалера ордэна “Знак Пашаны” Мікалая Рудэнкі школа 4 разы станавілася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва сярод устаноў адукацыі раёна па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. У 1964 годзе высокаўскія піянеры як пераможцы Усесаюзных піянерскіх гульняў былі ўзнагароджаны пуцёўкамі ў знакаміты лагер “Артэк”. Педкалектыў установы двойчы адзначаўся памятнымі медалямі Фонду міру СССР.
Шмат сіл і здароўя Мікалай Мікалаевіч аддаў узвядзенню новага будынка школы, якое пачалося па яго ініцыятыве і завяршылася ў 1980 годзе. А ў 1984-м установа была адзначана на ВДНГ СССР “за выдатную пастаноўку ваенна-патрыятычнага выхавання”. Сёння імя былога дырэктара носіць і школа, і піянерская дружына.
— Мікалай Рудэнка заўсёды імкнуўся выхоўваць уласным прыкладам, — гаворыць дырэктар школы Валянціна Патрабенка. — Яго вылучалі сціпласць, добрасумленнасць, справядлівасць і разумная патрабавальнасць, за што кіраўніка вельмі цанілі педагогі. Дырэктарскую пасаду ён удала спалучаў з грамадскай нагрузкай: доўгія гады з’яўляўся дэпутатам і намеснікам старшыні гарадскога Савета дэпутатаў, узначальваў раённую арганізацыю таварыства “Веды”. Вялікую ўвагу ўдзяляў выхаванню настаўніцкай змены.
Гісторыя школы — у музеі
Мікалай Рудэнка марыў, каб у школе было цёпла і ўтульна, як у родным доме, і каб яна ашчадна захоўвала памяць пра педагогаў і выпускнікоў. Яшчэ ў 1950-я гады ён пачаў збіраць матэрыялы для будучага музея гісторыі школы, які адкрыўся толькі ў 1984-м, каб злучаць розныя пакаленні і перадаваць эстафету памяці ад папярэднікаў нашчадкам. А ганарыцца тут ёсць кім, як і раўняцца на каго. Сярод выпускнікоў шмат дактароў і кандыдатаў навук, афіцэраў і настаўнікаў. Больш за 70% педкалектыву — колішнія вучні.
У школьным музеі захоўваюцца лісты выпускнікоў розных гадоў, дасланыя з розных куткоў СССР. У кожным з іх разам з аповедам пра жыццё і работу — словы шчырай падзякі Мікалаю Рудэнку за добрыя веды і ўзорнае выхаванне. Асоба былога дырэктара — арыенцір для педагогаў і школьнікаў. Яго справу і традыцыі дастойна працягваюць сучаснікі.
На працягу 36 гадоў школьны музей узначальвала Валянціна Марцішка. Сёння захавальніцай яго фондаў з’яўляецца Лада Данілюк.
— Музей складаецца з некалькіх тэматычных экспазіцый, якія налічваюць каля 2 тысяч арыгінальных экспанатаў без уліку дапаможнага фонду, — расказвае Лада Мікалаеўна. — Увазе наведвальнікаў прадстаўлены рэліквіі далёкага мінулага, калі дзеці хадзілі ў школу ў лыкавых лапцях з палатнянымі сумкамі і самаробнымі скрынкамі для сшыткаў і падручнікаў. Асаблівую цікавасць выклікаюць падручнікі, якім больш за 120 гадоў, савецкія вучнёўскія сшыткі, пасляваенныя табелі паспяховасці, атэстаты сталасці і пратаколы педагагічных нарад з “разборам палётаў”, чарніліцы-невылівайкі, пёравыя ручкі… Асобнае месца займаюць экспанаты, звязаныя з польскім перыядам 1921—1939 гадоў. Сярод іх — нумар газеты Dzvonki, якая выдавалася на грошы школьнай касы, дзе можна даведацца пра пералік тавараў школьнай кааперацыі. Сотні фотаздымкаў са школьнага жыцця, якія не ўвайшлі ў экспазіцыйныя стэнды, знаходзяцца ў спецыяльных альбомах.
Музей не абмяжоўваецца толькі школай, а знаёміць з гісторыяй Высокага і легендамі пра горад, расказвае пра барацьбу мясцовага насельніцтва з фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вызваленне ад захопнікаў у ліпені 1944-га. Сабраны шматлікія матэрыялы пра ветэранаў, складзены летапіс стралковай дывізіі, якая вызваляла рэгіён ад акупантаў.
— У музеі можна даведацца не толькі пра мінулае, але і пра сучаснае жыццё Высокага, мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі, знакамітых землякоў, — працягвае Лада Данілюк. — Аднак большая частка экспазіцыі, безумоўна, прысвечана людзям, якія ў розны час вучыліся і працавалі ў школе, у тым ліку настаўніцкім дынастыям.
У 1985 годзе быў арганізаваны своеасаблівы з’езд выпускнікоў і педагогаў, куды з’ехаліся каля 700 чалавек. Пра вялікую павагу да альма-матар красамоўна сведчыў той факт, што адгукнуліся нават выпускнікі першага пасляваеннага выпуску, які адбыўся ў 1948 годзе. У ім 6 з 10 учарашніх школьнікаў сталі педагогамі.
З таго часу юбілейныя сустрэчы выпускнікоў праходзяць ва ўстанове рэгулярна. Іх фотаздымкі, пісьмы і ўспаміны беражліва захоўваюцца ў музеі. Па лёсах выпускнікоў і настаўнікаў сучасныя школьнікі вывучаюць гісторыю малой радзімы і краіны. Мінулае ў асобах паўстае найбольш ярка і запамінальна, асабліва калі яны з’яўляюцца прыкладам для пераймання.
Музей даўно стаў цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Тут прымаюць у піянеры, уручаюць білеты тым, хто ўступае ў БРСМ, праводзяць экскурсіі. На аснове экспанатаў вучацца займацца пошукавай дзейнасцю і пішуць даследчыя работы. Так атрымалася з лістом ад 1945 года, знойдзеным былым вучнем пры разборцы старога хлява. Ліст напісаў Пётр Ярмалюк з вёскі Бярозаўка, прызваны ў Чырвоную Армію годам раней. Салдат дайшоў да Германіі, быў паранены, трапіў у шпіталь у Бернау, адкуль і адправіў бацькам вестачку, прасякнутую адчуваннем блізкай перамогі. Школьнікі не толькі прасачылі ўвесь баявы шлях чырвонаармейца, але і даведаліся, як склалася яго жыццё пасля вайны.
Высокаўскія музейшчыкі ідуць у нагу з часам: большасць матэрыялаў алічбавана, у памяшканні ўсталяваны QR-код, па якім можна перайсці на сайт музея. Педагогі гасцінна запрашаюць у госці, каб прайсціся сцежкамі-дарожкамі агульнага мінулага разам з былымі настаўнікамі і выпускнікамі школы, чые твары добразычліва глядзяць з фотаальбомаў і стэндаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы