Як зацікавіць школьнікаў краязнаўствам? Дапаможа арыгінальна праведзенае мерапрыемства. У гэтым упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Таццяна Анатольеўна Марцэвіч.
Яна распрацавала серыю выхаваўчых заняткаў з інтрыгуючай назвай “У пошуках скарбаў”. Не менш прыцягальныя і назвы саміх мерапрыемстваў: “Уладары гары #Добрытон_бай”, “Золата продкаў”, “Лавачкі-адпачывалачкі”, “Не сілай, а розумам”, “Экскурсавод на тыдзень”, “Тэатр ценяў пана Тукалы”. Або вось яшчэ — “Адно вока бачыць далёка, а два — яшчэ далей”. Калі не здагадаліся, то гэта краязнаўчы біятлон, удзел у якім не менш захапляльны, чым у зімовым відзе спорту.
— Заняткі адрасаваны школьнікам рознага ўзросту. З дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій у прасторы ўстановы адукацыі дзеці становяцца шукальнікамі народных каштоўнасцей, вучацца іх захоўваць. “У пошуках скарбаў” — гэта яшчэ і спроба адшукаць скарбы выхаваўчыя — такія інструменты, якія фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, гордасць за родны край, за нашу краіну. Важна выбраць матэрыял і распрацаваць цікавае, “жывое” мерапрыемства, якое навучыць шанаваць сваё, роднае, — паведаміла Таццяна Анатольеўна.
У словах настаўніцы невыпадкова прагучала “родны, роднае”. Край, які яна вывучае, — родны. Школа, у якой працуе з 2008 года, таксама родная. Любоў да роднай мовы і літаратуры педагог прывівае на ўроках, а на пазакласных мерапрыемствах — любоў да мінулага роднай зямлі. Як і ў кожнага краязнаўца, у Таццяны Анатольеўны ёсць самая любімая тэма. Гэта вусная народная творчасць. Разам з вучнямі яна запісала каля 300 жартаў і 500 фразеалагізмаў. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя лічбы! Пошукавая работа была праведзена маштабная. У выніку быў выдадзены зборнік народных жартаў, за што ў рэспубліканскім конкурсе даследчых краязнаўчых работ настаўніца і яе выхаванцы атрымалі дыплом І ступені.
Чытайце матэрыял Ігара Грэчкі ў нумары ад 14 лютага 2023 года.