Як зацікавіць вучняў біялогіяй і падрыхтаваць іх да ЦЭ і ЦТ — вопытам дзеліцца Ірына Варвашэвіч

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Чаму для прафілактыкі прастуды неабходна прымаць вітаміны? За што жыхары Новай Гвінеі пальму Метраксілон называюць сагавай? На гэтыя і многія іншыя пытанні ведаюць адказ вучні настаўніцы біялогіі Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Ірыны Варвашэвіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вучыся навучаючы

З дзяцінства Ірына марыла стаць настаўніцай. Усе яе дзіцячыя гульні былі звязаны з урокамі, вучобай. А ў школе любімым прадметам стала менавіта біялогія. Маладому настаўніку Мамеду Мустафаевічу ўдалося зацікавіць дзяўчыну і многіх яе аднакласнікаў сваім прадметам. Ён захап­ляльна расказваў матэрыял па той ці іншай тэме, і школьнікі з задавальненнем ішлі да яго на ўрок. Пазнанне таямніц жывога арганізма, любоў да прыроды і да дзяцей сталі для Ірыны Уладзіміраўны штуршком у выбары прафесіі. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Ошскі дзяржаўны педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт.

Педагагічную дзейнасць Ірына Варвашэвіч пачала ў 1991 годзе. У Жамчужненскай школе настаўніца працуе ўжо 7 гадоў.

— Работа з дзецьмі — гэта не толькі магчымасць чамусьці іх вучыць, але і кожны дзень, узаемадзейнічаючы з імі, адкрываць для сябе штосьці новае, — заўважае Ірына Уладзіміраўна. — Мяняюцца дзеці, мяняюся і я разам з імі. Мне падабаецца разважаць словамі і думкамі дзяцей, гля­дзець на свет іх вачыма.

У аснову дзейнасці педагога пакладзены шэраг прынцыпаў, сярод якіх — шчырасць і ўменне захапіць сваім прадметам, справядлівасць і імкненне стварыць умовы для рэалізацыі індывідуальных здольнасцей кожнага дзіцяці, уменне спусціцца з вышынь сваіх ведаў да няведання вучня і разам з ім ажыццявіць узыходжанне. А яшчэ педагог лічыць, што настаўнікі не могуць паспяхова вучыць, калі не вучацца самі. Нездарма педагагічнае крэда І.У.Варвашэвіч — “Навучаючы іншых, вучыся сам”.

Для падтрымання матывацыі навучэнцаў Ірына Уладзіміраўна шэраг заданняў прапануе ў гульнявой форме. Матэрыял, які вывучаецца, педагог звязвае з жыццём, паказвае яго значнасць. Стымулюе вучняў добрай адзнакай, заахвочвае за поспехі словам.

Каб зацікавіць школьнікаў, настаўніца выкарыстоўвае прыём навізны, уключае цікавыя біялагічныя звесткі, факты. Так, пры вывучэнні тэмы “Знешняя і ўнутраная будова сцябла” ў 7 класе навучэнцам прапаноўваецца невялікае паведамленне “Аладкі праз 15 гадоў”: “Жыхары Новай Гвінеі больш за ўсё цэняць невысокую пальму Метраксілон. Пятнаццаць гадоў расце пальма і не цвіце, а потым выкідвае вялізную мяцёлку кветак. Аднак жыхары не чакаюць, пакуль саспеюць плады. Хлеб у пальмы ўнутры ствала. Цвіценне — сіг­нал таго, што хлеб саспеў. Пальму ссяка­юць, расколваюць ствол папалам, здабы­ваюць адтуль крухмалісты асяродак і пякуць смачныя аладкі. Астраўляне ядуць аладкі амаль кожны дзень — бо адна пальма дае амаль тону аладак! А еўрапейцы з асяродка пальмы робяць крупы сага, за што і пальму называюць сагавай”.

— Да кожнага навучэнца можна знай­сці індывідуальны падыход, — пераканана настаўніца біялогіі. — У слабых навучэнцаў важна не акцэнтаваць увагу на памылках, а знайсці, за што пахваліць, падмацаваць іх веру ў сябе. А высокаматываваных школьнікаў трэба натхняць на работу, якая будзе абавязкова ўзнагароджана перамогамі на алімпіядах, конкурсах, паступленнем у жаданую УВА.

Пачуць і ўбачыць

Сёння найбольш эфектыўнымі педагог лічыць тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, праблемнага навучання і інфармацыйна-камунікацыйныя. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення прадугле­джвае прымяненне разнастайных прыёмаў, накіраваных на тое, каб спачатку зацікавіць навучэнца, абудзіўшы ў ім актыўнасць, а затым стварыць яму ўмовы для асэнсавання новага матэрыялу, а таксама дапамагчы абагульніць і сістэматыза­ваць ужо набытыя веды. Сярод эфектыўных прыёмаў — “Канцэптуальная табліца”, “Да — пасля”, “Ведаю — хачу даведацца — даведаўся”, “Зводная табліца” і інш.

У пачатку ўрока пры вывучэнні новай тэмы педагог імкнецца захапіць дзяцей пастаноўкай праблемнай сітуацыі або задачы. Каб вырашыць яе, вучні на працягу ўрока шукаюць новыя звесткі, даследуюць іх, набываюць веды. Так, пры вывучэнні тэмы “Вітаміны” ў 9 класе настаўніца пытаецца ў сваіх выхаванцаў: “Чаму ўрачы рэкамендуюць ужываць вялікія дозы вітамінаў для прафілактыкі і лячэння прастудных захворванняў?” Альбо ў пачатку вывучэння тэмы “Генетыка” ставіцца праблема: “На Русі пры выбары будучай жонкі для сына бацькі прымалі пад увагу не толькі знешнасць, але і нораў. Асаб­ліва цаніўся міралюбівы характар, падатлівасць, лагоднасць. Глядзелі таксама, якая дзяўчына працаўніца і якое ў яе здароўе. Гаварылі: жонку выбірай не вачамі, а вушамі. Чаму менавіта так?” Такі прыём прымушае навучэнцаў адчуць не толькі знач­насць матэрыялу, але і асабістую далучанасць да з’явы.

Біялогія — навука, дзе не ўсе працэсы, якія адбываюцца ў жывых арганізмах, можна ўбачыць нават пры дапамозе мікраскопа. Таму для пашырэння кругагляду навучэнцаў настаўніца выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Яна лічыць, што дзецям важна не толькі пачуць, але і ўбачыць пэўны біялагічны працэс. Пры гэтым значна павышаецца матывацыя школьнікаў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Мітоз” (дзяленне клеткі) у 11 класе альбо “Біясінтэз бялка” падчас прагляду відэафільма вучні назіраюць за біялагічнымі працэсамі больш падра­бязна.

— Лічу, што мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты ўжо не выкрасліш з жыцця сучаснага падлетка. Тым больш што зараз ужо напрацаваны фарматы эфектыўнага навучання з дапамогай гаджэтаў, напрыклад, BYOD (Bring Your Own Device — “прынясі ўласную прыладу”). Навучэнцам прапаноўваецца выкарыстоўваць на занятках свой гаджэт для пошуку інфармацыі, прагляду відэаматэрыялаў. Калі-нікалі прапаноўваю дзецям на ўроку скарыстацца мабільнымі тэлефонамі для работы з дадатковым матэрыялам. А profil.adu.by прымяняю для вывучэння біялогіі ў профільных класах, — расказвае Ірына Варвашэвіч.

На думку Ірыны Уладзіміраўны, сярод вялікай разнастайнасці нестандартных урокаў найбольшую цікавасць уяўляюць урокі, якія праводзяцца ў выглядзе гульняў і спаборніцтваў. Гэта конкурсы, турніры, дзелавыя гульні, брэйн-рынгі і інш. Таму педагог імкнецца па магчымасці ўключаць іх у адукацыйны працэс.

— Эфектыўны ўрок — гэта ўрок, на якім поўнасцю вырашаны ўсе пастаўленыя адукацыйныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы. Гэта ўрок, на якім удаецца ўцягнуць у работу ўсіх навучэнцаў: і моцны, і слабы вучань знаходзяць сабе пасільную работу, а па выніках урока дэманструюць добрыя веды. Пасля такога ўрока я атрымліваю вялікую радасць і стымул да далейшай прадукцыйнай дзейнасці, — адзначае настаўніца.

Самастойны пошук

Ірына Уладзіміраўна паспяхова рыхтуе школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах самага рознага ўзроўню. Летась дыплом ІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі завая­ваў вучань 11 класа Андрэй Пятрушка. Дзевяцікласніца Паліна Сяўрук увайшла ў лік пераможцаў абласной алімпіяды па здаровым ладзе жыцця.

Часта педагогі скардзяцца на тое, што ў сельскай школе даволі праблематычна знайсці вучняў для падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным руху. У Ірыны Уладзіміраўны штогод некалькі чалавек да 7—8 класа выказваюць жаданне сур’ёзна займацца біялогіяй. Хтосьці бачыць сябе ў медыцыне, хоча стаць урачом альбо фармацэўтам, хтосьці марыць вынайсці новы прэпарат, які пазбавіць чалавецтва цяжкага захворвання, а хтосьці любіць жывёл і плануе стаць ветэрынарам.

Працэс падрыхтоўкі да алімпіяды — вельмі доўгая і карпатлівая праца. Паколькі алімпіядны рух па біялогіі пачынаецца з 8 класа (для дзяцей арганізоўваюцца апераджальныя алімпіяды), настаўніца пачынае праводзіць сістэматычныя заняткі з высокаматываванымі навучэнцамі. Для гэтага ў школе адводзяцца гадзіны факультатыўных і стымулюючых заняткаў, дзе вучні паўтараюць і набываюць новыя веды па біялогіі і абавязкова рашаюць алімпіядныя заданні мінулых гадоў.

— У прадметных алімпіядах асновай поспеху з’яўляецца жаданне самога вучня, а таксама яго здольнасць лагічна мыс­ліць, прычым нестандартна, бо алімпіядныя заданні ў значнай ступені адышлі ад стандартных школьных заданняў, — заўважае Ірына Уладзіміраўна. — Вялікую ўвагу ўдзяляю самастойнай рабоце навучэнцаў. Лічу, што самастойны творчы пошук з’яўляецца самай эфектыўнай формай пад­рыхтоўкі. Таксама неабходна выхоўваць у школьніка пачуццё здаровай амбіцыйнасці, імкненне да перамогі. Наву­чыць ве­рыць у свае сілы, пераканаць, што ён здольны перамагаць. Тады будуць і перамогі.

Ірына Варвашэвіч рыхтуе сваіх выхаванцаў да цэнтралізаванага тэсціравання. І яны звычайна набіраюць больш за 75 балаў. Педагог лічыць, што калі навучэнец паспяхова займаецца біялогіяй з 7 класа, удзельнічае ў алімпіядным руху, то для якаснай падрыхтоўкі яму дастаткова года. А вось астатнім неабходна займацца як мінімум сістэматычна 2 гады. Акрамя вывучэння тэорыі, трэба сфарміраваць навык рашэння задач, бо правільныя адказы ў частцы В даюць больш высокія балы. Абавязкова неабходна разглядаць схемы, табліцы і малюнкі, каб запомніць, напрыклад, будову цела жывёлы ці сэрца чалавека, — яны заўсёды ёсць у падручніках. Для падрыхтоўкі важна набыць зборнікі тэстаў мінулых гадоў, а таксама дапаможнікі “Біялогія. Поўны школьны курс” М.Д.Лісава і Л.В.Камлюк, “Біялогія. Дапаможнік для падрыхтоўкі да ЦТ” М.Д.Лісава.

— Тэмы, якія часцей за ўсё выкліка­юць цяжкасці: каверзныя заданні па батаніцы (плады, насенне, тыпы суквеццяў — іх варта проста вывучыць), па заалогіі (прадстаўнікі некаторых класаў і атрадаў жывёл, напрыклад, адмірал, крапіўнік, мядзянка і інш., якія збіваюць вучняў з правільнага шляху, — варта знаходзіць карцінкі ў інтэрнэце, запамінаць, як выгляда­юць гэтыя жывёлы), па анатоміі (будова галаўнога мозга, нервовай сістэмы, працэс праходжання нервовых імпульсаў, у эндакрыннай сістэме — гармоны). Памылкі вучні робяць і пры рашэнні задач па генетыцы. Складанасць заключаецца ў самым пачатку, на першым этапе, калі вучні чытаюць умову. Як толькі правільна размеркавалі, якая прыкмета, правільна запісалі генатыпы бацькоў, правільна распісалі гаметы, тады ўсё складваецца. Таму пры падрыхтоўцы да ЦТ абавязкова неабходна праштудзіраваць названыя тэмы, — адзначае Ірына Уладзіміраўна.

Педагог і ў далейшым плануе працягваць падрыхтоўку вучняў да алімпіяд, ЦЭ і ЦТ, распрацоўваць заданні павышанай складанасці для высокаматываваных навучэнцаў у межах раённай творчай групы настаўнікаў біялогіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара