Як зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, расказвае Аляксей Сойка са Старых Дарог

- 10:23Новости

130 крокаў па Беларусі. Так называецца адукацыйны праект — віртуальная квест­-экскурсія, якую распрацаваў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Аляксей Сойка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Крок першы

Чатыры гады назад, калі прыйшоў працаваць у школу па размеркаванні, малады настаўнік паставіў перад сабой важную задачу. Ён хацеў не проста выкладаць прадмет і даваць дзецям базавыя веды. Настаўнік імкнуўся да таго, каб пашы­рыць кругагляд навучэнцаў, але не толькі за кошт матэматыкі і інфарматыкі. Ідэальным варыянтам для гэтага Аляксей Сойка называе праектную і конкурсную дзей­насць.

“Праз год работы ў школе я сам пачаў прымаць удзел у шматлікіх конкурсах, праектах, — расказвае Аляксей Валянцінавіч. — Першым творчым спаборніцтвам стала абласная “Педагагічная ІТ-мазаіка”, дзе я заняў 1-е месца. На конкурсе прэзентаваў распрацоўкі па віртуальнай экскурсіі, якую назваў “130 крокаў па Беларусі”.

Менавіта гэты момант стаў трыгерным і падштурхнуў педагога да рэалізацыі адукацыйных праектаў у большых маштабах. Пасля таго як віртуальная экскурсія была дапрацавана, Аляксей Сойка прыняў удзел у міжнародным конкурсе, які праводзіў Армавірскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. На ім настаўнік са Старых Дарог прэзентаваў свой аўтарскі праект і заняў 2-е месца.

“130 крокаў па Беларусі” — уласная адукацыйная распрацоўка, якая ўяўляе сабой віртуальную краязнаўчую і гісторыка-геаграфічную экскурсію, — прэзентуе праект педагог. — Яна, акрамя падарожжа па родным краі, уключае знаёмства з гістарычнымі мясцінамі. Мой праект — гэта праграмна-інфармацыйны прадукт у выглядзе відэа-, аўдыя- і графічных матэрыялаў, прызначаны для інтэграванага прадстаўлення інфармацыі як інавацыйнай формы навучання”.

У яго межах закладзена магчымасць вывучэння шасці абласцей краіны, пачынаючы ад гісторыі ўзнікнення і да нашых дзён. Месцазнаходжанне на геаграфічнай карце, агульная плошча, колькасць насельніцтва і славутасці — па кожнай з гэтых тэм Аляксей Сойка прадумаў пытанні і расфарміраваў іх па блоках.

“Віртуальная квест-экскурсія дазваляе пашырыць уяўленні аб родным краі, стварыць умовы для прывіцця грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў у навучэнцаў па вывучэнні самабытных этнакультурных традыцый нашай Радзімы, здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў, традыцыйных народных звычаяў і свят”, — звяртае ўвагу настаўнік.

“У праекце прасочваецца яркае комплекснае апісанне тых славутасцей, якія знаходзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны і ў іх абласных цэнтрах, — дадае дырэктар школы Вікторыя Пекар. — Дзякуючы ўзроўневым тэстам, у вучняў ёсць магчымасць засвоіць вучэбны краязнаўчы матэрыял. Сёння віртуальную квест-экскурсію мы рэкамендуем выкарыстоўваць на вучэбных і факультатыўных занятках, у выхаваўчай рабоце і пазакласнай дзейнасці”.

Крок другі

Страх і хваляванне, боязь, што не знойдзе агульную мову з дзецьмі, — гэта тое, што перажываў малады педагог, як толькі прыйшоў у школу па размеркаванні. Сёння Аляксей Сойка задаволены работай у сістэме адукацыі і гаворыць, што будзе і далей самаўдасканальвацца ў прафесіі, шукаць цікавыя і крэатыўныя метады і формы падачы інфармацыі. Прынамсі, у дачыненні да прадметаў, якія выкладае, яму гэта ўдаецца.

“Матэматыка і інфарматыка падабаюцца маім дзецям, але прасцей іх захапіць інфарматыкай, — расказвае А.Сойка. — Тут усё проста: сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі вучням вельмі блізкія”.

Для таго каб выклікаць цікавасць і да матэматыкі, педагог прымяняе практыка-­арыентаваныя задачы, якія навучэнцы змогуць выкарыстоўваць у рэальным жыцці. Як яму гэта ўдаецца?

“Заўсёды кажу дзецям, што матэматыка патрэбная нават дворніку, — прыво­дзіць цікавы прыклад педагог. — Яны вельмі здзіўляюцца, калі чуюць такое. Але гэта насамрэч так. Каб правесці на складзе перападлік, інвентарны вопіс, неабходна ўмець карыстацца табліцамі, лічыць”. 

Па суботах Аляксей Валянцінавіч працуе ў школе як педагог дадатковай адукацыі, вядзе гурток па інфарматыцы з выкарыстаннем набораў ROBBO. Яны дапамагаюць малодшым школьнікам у вывучэнні праграмавання і робататэхнікі.

“Дзецям вельмі падабаецца праца­ваць з наборамі, канструяваць, — дзеліцца назіраннямі Аляксей Сойка. — У наступным годзе планую ўзяць групу навучэнцаў 3—4 класаў, каб навучыць іх працаваць у асяроддзі праграмавання, буду расказ­ваць, як працаваць за камп’ютарам і г.д. Што тычыцца работы з ROBBO, то гэты кірунак падыходзіць для 5—6 класаў. Дзякуючы спецыялізаваным наборам, вучні атрымліваюць навыкі работы з робатамі ў візуальным асяроддзі праграмавання, якое з’яўляецца аб’ектна-арыентаваным. Гучыць гэта проста, але сапраўды, дзякуючы такому метаду, можна запраграмаваць нават самалёт. Такім чынам, праз графічныя спосабы ў навучэнцаў адбываецца ўвядзенне ў больш складаныя мовы праграмавання, якія ў школе не вывучаюцца. Адпаведна, узаемадзеянне з робатамі вучыць працаваць з датчыкамі, схематэхнікай і інш.”. 

На пытанне, што сёння рабіць, каб удасканальвацца ў прафесіі, Аляксей Сойка расказаў, што прымае ўдзел у абласным конкурсе “Малады лідар Міншчыны”, на якім будзе абараняць гонар Старадарожскага раёна. Для ўдзелу ў спаборніцтве трэба было выканаць шэраг правіл, адно з якіх — відэапрэзентацыя сацыяльна значнага праекта.

“Я прэзентаваў “130 крокаў па Беларусі”, але гэтым разам не толькі як адукацыйны праект для школьнікаў, але і як сапраўдную экскурсію па краіне для тых, хто па розных прычынах не можа самастойна падарожнічаць, — акцэнтуе ўвагу выкладчык матэматыкі і інфарматыкі. — У першую чаргу экскурсія будзе прызначана для лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія рэальныя экскурсійныя маршруты пабудаваны такім чынам, што для гэтай катэгорыі людзей няма магчымасці трапіць у тыя ці іншыя мясціны, напрыклад, на тэрыторыю Палесся, дзе многа балот. Дзякуючы майму праекту, дзеці і дарослыя, якія маюць асаб­лівасці ў развіцці, змогуць палюбавацца краінай з вышыні птушынага палёту. Толькі ўявіце гэтую прыгажосць!”

Крок трэці

Няўжо ўсё насамрэч так цікава і праект “130 крокаў па Беларусі” варты ўвагі? Калі я задала гэтае пытанне Аляксею Валянцінавічу, ён прапанаваў упэўніцца ў гэтым на ўласныя вочы і адправіцца на віртуальную экскурсію па краіне, а затым прайсці па ёй тэст. Я выб­рала для праходжання квест па Брэсцкай вообласці. Як толькі адкрываеш адпаведны раздзел, бачыш 17 узроўняў, сярод якіх “Белавежская пушча”, “Сядзіба Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна”, “Белавежскія зубры”, “Палац Пуслоўскіх у Косаве” і інш. Карацей кажучы, тэмы на любы густ. Калі выбрала “Белавежскую пушчу”, перада мной адкрыліся пяць пытанняў, якія тычацца расліннага і жывёльнага свету галоўнага запаведніка краіны, а таксама гісторыі стварэння пушчы, яе геаграфічнага становішча, аддаленасці ад пэўных пунктаў і інш. Звычайна карыстальнікі адукацыйнага рэсурсу, перш чым адказаць на пытанні, знаёмяцца з агульнай інфармацыяй па тэме (яна прадастаўлена ў раздзеле). Я вырашыла не чытаць, а паглядзець, што аб’ектыўна ведаю пра родны край. Як вынік, на чатыры пытанні з пяці адказала правільна. Дык ці варты праект нашай увагі? Так, адназначна. Квест цікавы, ён зацягвае. “130 крокаў па Беларусі”, дарэчы, можна прайс­ці анлайн, трэба толькі зайсці на сайт праекта.

Наталля САХНО
Фота аўтара