Як зберагаюць спадчыну класіка, расказала кіраўнік Коласаўскага музея ў Пінкавічах Жанна Верыч

- 16:15Новости

Разважанні пра палескую музейную педагогіку — для больш глыбокага разумення рамана Якуба Коласа “На ростанях” і адметнай культуры палешукоў — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Услед за Андрэем Лабановічам

Журналістыка — прафесія жывога палёту ў непрадказальнай рэальнасці. Часам здараецца “нялётнае” надвор’е, і тэкст нараджаецца з вялікай напругай унутраных сіл. А бывае — як на Піншчыне: будзь уважлівым, слухай-запісвай ды падрульвай пытаннямі ў вольнай размове, трымаючы курс. І жыццё, як кажуць, выведзе. Вядома ж, вялі мяне і цікавыя суразмоўнікі, першым з іх быў начальнік Пінскага рай­аддзела па адукацыі Віктар Гаўрыловіч. Два дні потым ездзі­лі мы па школах, іншых установах раёна з метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святланай Кахновіч.

Як жывецца роднай мове ў школах Пінскага раёна ў наш час? Як суседзіць мова ў літаратурным варыянце з каларытным дыялектам палешукоў, з мовай рускай? Як тыя радовішчы культурных традыцый, з якіх чэрпаў натхненне і сам Якуб Колас, распрацоўваюць сёння педагогі па ходзе вучэбна-выхаваўчага працэсу і ў пазашкольнай рабоце з вучнямі на карысць росквіту Бацькаўшчыны, умацавання адзінства беларускага народа? Мы спрабавалі ў гэта ўслухацца і ўглядзецца, капнуць глыбей, чым звычайна. Гэта лейтматыў незабыўных сустрэч, нераўнадушных гутарак, часам і дыскусій з вядомымі ў раёне майстрамі педагагічнай справы.

У насычаным плане работы Коласаўскі музей у Пінкавічах быў апошнім, але ж адтуль пачнём вандроўкі ў глыбіні педагогікі Палесся. Лагічна тое месца ўзяць пунктам адліку пры разглядзе азначаных тэм: 120 гадоў назад з-пад Ганцавіч, з Люсіна пад Пінск пераехаў малавядомы настаўнік, які з часам стаў Якубам Коласам. І 22 гадоў не меў Канстанцін Міцкевіч у верасні 1904-га. Усе заняткі, дарэчы, вёў на рускай мове, бо іншай за царскім часам у “Северо-Западном крае” нібыта і не было. І вершы па-руску пісаў. Але ж глядзеў далёка наперад і разумеў-прадбачыў: без роднай мовы знікае народ, перасыхае рака нацыі. Без роднай мовы перарываецца ўся культурная традыцыя, духоўная спадчына, тысячагоддзямі ўпартай працы родных нам людзей на­збіраная…

Як сустрэла Міцкевіча Палессе? У другой кнізе трылогіі “У глыбі Палесся”, у частцы “На новым месцы”, ён апісвае, па-мастацку асэнсоўвае той дзень: “Яшчэ не бачаныя краявіды Пінскага Палесся, залітыя святлом вераснёўскага сонца, атуленыя тонкаю павалокаю сінечы, поўныя свое­асаблівага хараства, першабытнай дзікасці, мяккасці тонаў і нейкай адвечнай задумлёнасці, вынікалі перад Лабановічам, захап­лялі сваімі чарамі, неабсяжнымі прасторамі зямлі і роўняддзю паземаў, што зліваюцца з небам ці хаваюцца за цёмна-сіняю стужкаю бясконца далёкіх лясоў. А на гэтай роўнядзі вынікалі палескія вёскі, дзе пад стрэхамі будынкаў высока ўзнімаліся вязы, ліпы і клёны, абсыпаныя золатам восені”.

Высокая паэзія праменіць-вынікае з коласаўскай прозы! Вядома ж, тагачасныя Пінкавічы ў рамане — гэта Выганы, і першая з імі сустрэча была такой: “Мінуўшы прыдарожны слуп з дзяржаўным гербам і табліцаю, дзе значылася: “Вёска Выганы, двароў 73 (прычым нейкі жартаўнік сцёр літару “д” у слове двароў), мужчын 269, жанчын 284”, вознік спусціўся з горкі ды павярнуў направа. Зараз жа за Выганамі на шырокім пляцы, што раз­дзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа, прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Лепшай пазіцыі для яе, як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці”.

Настаўніца, кіраўнік музея, маці

Праз 120 гадоў і мы там: у Пінкавічах, па вуліцы Школьнай, 18. У падноўленым будынку былой школы на тым жа (ці падноўленым) падмурку працуе Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа. Сустракае гасцей на ганку кіраўнік Жанна Верыч, і я прашу яе сфатаграфавацца пры магутным дубе: на ся­дзібе ён, пасаджаны ў 1990-м, як сімвал самога Якуба Коласа, улюбёнага ў дубы Панямоння. А ёсць і бяроза, яе ў 1972-м пасадзілі разам Юзік Міцкевіч і Іван Калоша. Як вядома, Кастусь Міцкевіч, каб аблегчыць жыццё маці, забраў з мнагадзетнай сям’і да сябе ў Пінкавічы малодшых братоў. Меншыя жылі з братам-настаўнікам, вучыліся ў яго класе ў Пінкавіцкім народным вучылішчы, як у тую пару называліся школы.

Згадалі мнагадзетную сям’ю, з якой быў Якуб Колас, а Святлана Кахновіч хітравата ўсміхаецца ды нечакана пытае ў гаспадыні музея: “Колькі ж дзетак у вас, Жанна Мікалаеўна?” Тая ў адказ: “Уласных — сямёра. І шмат гурткоўцаў, якім дапамагаю выходзіць у людзі”.

Пакуль прамаўляю сваё “Ого-о!..”, Ж.Верыч ужо пра на­дзённае: “Заўтра свята: 95 гадоў ад нараджэння настаўніка Івана Іосіфавіча Калошы. Раней не адзначалі, а ён, мне падаецца, герой нашага часу: яму прыйшлося будынак гэты адваяваць, каб яго не знеслі. Апантаны выкладчык беларускай мовы, родам з вёскі Нагорная Баранавіцкага раёна, прыехаў сюды працаваць — і быў здзіўлены: пра Коласаў след тут сведчыла толькі мемарыяльная дошка на школе. У вучняў запытаў: а можа, у каго дзеда вучыў Якуб Колас? То яны: “Мойго вучыў”, “І мойго дзіду”… — у нас па гэты час мясцовыя людзі майго ўзросту паміж сабой размаў­ляюць на мясцовым дыя­лекце”.

Спадарыня Жанна родам з Лышчы. Там скончыла школу. Атрымала педадукацыю і вярнулася настаўніцай пачатковых класаў на родную Піншчыну. З 1988 года працавала тры гады ў Забараўскай школе, затым дырэктар паклікаў яе ў родную Лышчанскую, “потым выйшла ў Пінкавічы замуж — і тут прапісалася”. Кіраўніком у музеі Жанна Верыч працуе з 2017 года.

Крыху пазней я ўсё ж такі ўдакладніў: хоць спадарыня Жанна ўжо бабуля (старэйшая дачка настаўніца-лінгвіст Марына з мужам гадуюць дачушку), але ж яна і маладая мама: яе малодшанькай Васілісе 10 гадоў. Адзін з сыноў, Аляксандр, вучыцца на інжынера-атамшчыка ў БНТУ, два іншыя “ў пошуках сябе”. Другая дачка, Дар’я, вучыцца ў Пінскім педкаледжы — будзе настаўніцай замежнай мовы. І, вядома ж, і паляшуцкі дыялект, і літаратурную беларускую мову цудоўна ўсе ведаюць. Маці кажа: “Выхоўвала іх у гэтай плыні. Яны па музейнай рабоце дапамагалі, хадзілі да мяне на гурткі. А я ж працы вольнага часу шмат прысвячаю. Двое маіх дзетак, Ліза і Васіліса, яшчэ ў школе вучацца. Амаль усе мае дзеці іграюць на музычных інструментах, скончылі музычную школу”.

Музей у розных фарматах

Варта ўдакладніць: Коласаў­скі музей у Пінкавічах — частка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна, і ад музея будынак цэнтра — праз дарогу. Жанна Верыч у цэнтры працуе ўжо больш за 30 гадоў. Тлумачыць: “У Івана Калошы быў зусім іншы музей. А ў 2012-м яго рэканструявалі, бо той будынак струхлеў, развальваўся: і сцены, і дах, і падлога… Рэканструкцыя ішла, калі я была ў дэкрэтным. У цэнтры ёсць і цікавы піянерскі музей, то я адказваю і за яго таксама. Іван Іосіфавіч стварыў свайго роду краязнаўчы музей. Быў стэнд, прысвечаны мясцовым жыхарам — удзельнікам вайны. Былі ўнікальныя матэ­рыялы пра мясцовых настаўнікаў, шмат іншых матэрыялаў. Цяпер па краязнаўстве экспазіцыя засталася, прысвечаная сялянскай хаце, побыту палешукоў. І ёсць тры залы, прысвечаныя непасрэдна Якубу Коласу, яго радні, раману “На ростанях”, увогуле беларускай літаратуры”.

Кожная экскурсія ў Жанны Верыч адметная, адаптаваная пад гасцей: пад іх статус, узрост, цікавасць…

“Для настаўнікаў, вядома ж, падаю матэрыял шырэй — тое, што ім цікавей з прафесійнага боку, — прыадкрывае напрацаваную методыку. — А калі, скажам, ідуць вучні з Гомельшчыны, якія адпачываюць у мясцовым дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым комплексе “Світанак”, тады іншы фармат размовы. Дарэчы, світанкаўцы, што мне надзвычай прыемна, перадаюць адно аднаму: тут вельмі цікава! Яны аблюбавалі наш музей. Вось перад вамі была экскурсія з Гомеля: вучні, з імі дзве настаўніцы і выхавальнік са “Світанка”. У мяне сёння работа, можна сказаць, у розных вымярэннях: і вас чакала, і экскурсія, і юбілей рыхтуем… І чалавек 40 з Лунінца чакаю”.

Пры ўваходзе ў музей бачу лазовы кош з надпісам: “Ад паненак і паноў поўны кошык прапаноў”. Такім чынам там дзейнічае зваротная сувязь. Дапамагаюць Жанне Мікалаеўне Верыч прымаць гасцей і вучні-экскурсаводы, вельмі зацікаўленыя ў музейнай працы.

“Калі раптам што — я іх падстрахоўваю. Бо пытанні ж бываюць розныя, вострыя ў тым ліку”, — падмячае Жанна Міка­лаеўна.

На днях, згадвае, атрымала камплімент: “Больш за га­дзіну вяла экскурсію, госці пайшлі, я ўжо сваімі справамі занялася. Настаўніцы ж вярнуліся і гаво­раць захоплена: “Каб раней ведалі, што ў вас так цікава, то мы б наогул нікуды больш не паехалі: тут нібы свае душы адагрэлі… Вялікі вам дзякуй!” …А ў нас музей піянерскай славы Пінскага раёна не менш цікавы. Прыяз­джайце іншым разам і пра яго чытачам раскажыце”.

Дзякуем за падказку. Што да Коласаўскага музея, то часам Жанна Верыч называе яго па ходзе экскурсій як школай, так і народным вучылішчам, а яшчэ — хатай Якуба Коласа, бо ён там і жыў. Звярнуўшы на тое ўвагу, адзін з краязнаўцаў сказаў: “Вы зрабілі з музея сапраўдны брэнд!”

“Ну, такога мудрагелістага слоўца ў мове палешукоў няма… — сціпла заўважыла кіраўнік. — Але што зрабіла — то зрабіла. І было з кім рабіць, бо зямля тут багатая на цікавых, таленавітых людзей”.

Першую экспазіцыю ў малым пакойчыку Іван Калоша зладзіў яшчэ ў 1962 годзе: па сутнасці, адкрыў музей. А ў 1990-м уся Коласава школа, як часам яе называе мясцовы люд, стала музеем. Таму афіцыйная дата яго адкрыцця — 11 лістапада 1990 года. Цяпер у музеі звыш 1000 экспанатаў па чатырох раздзелах: “Мінулае Пінкавічаў. Сялянская хата”, “Якуб Колас у Пінкавічах”, “Якуб Колас у Пінску” і “Пінкавічы сёння”.

У 2017 годзе музею пры­своена званне народнага, штогод у ім праводзіцца каля 200 экскурсій.

Скрыпкі голас ажыве…

Ужо ў Мінску я ўбачыў нататку пра тое, як у музеі святкавалі 95-годдзе Івана Калошы. Там ла­дзілася музейная сустрэча “Герой нашага часу, ці Каб не змоўкла скрыпка”. Сабраліся родныя настаўніка-энтузіяста, яго былыя вучні, калегі. Мясцовы гурт “Крыніцы” спяваў палескія песні, якія запісалі-збераглі ў свой час краязнавец і яго вучні. У скла­дзе гурта — былыя вучаніцы Івана Іосіфавіча. Былі сардэчныя, цёплыя ўспаміны пра настаўніка. Згадвалі, што на скрыпцы іграў і Канстанцін Міцкевіч, і прадаўжальнік той традыцыі настаўнік Іван Калоша. Прычым на свяце ў фонды музея была перададзена скрыпка, якой раней у экспазіцыі не было, і прыгожая вышыванка, і фотаздымкі заснавальніка музея, рупліўца Івана Калошы.

Асобна час прыезду Канстанціна Міцкевіча ў Пінкавічы (і Анд­рэя Лабановіча ў Выганы…) у музеі не адзначаюць. Аднак пра тое згадваюць, калі на пачатку лістапада святкуюць традыцыйныя Каласавіны, а 21 лютага — Дзень роднай мовы.

“То мы і нашу родную гаворку шануем — хочацца, каб яна не згінула! — заўважае Жанна Мікалаеўна. — Гэта ж родная мова палешукоў. Калі Канстанцін Міцкевіч сюды прыехаў, то яго родная мова ад нашай гаворкі адрознівалася. У нас адметны дыялект беларускай мовы, у яго ён быў іншы. А паколькі Якуб Колас быў з ліку людзей, якія ўнармоўвалі тагачасную беларускую літаратурную мову, то і гаворка яго аказалася да сучаснай беларускай мовы бліжэйшая, чым наша”.

Мы разважалі пра тое, што класік, шліфуючы мову, і паляшуцкі дыялект браў пад увагу: бо ён тут жыў і яго чуў. І мы палешукоў, ведаючы мову беларускую, заўсёды зразумеем, а калі што — перапытаем. Цікава: ці даследаваў хто, як Пясняр у сваіх творах выкарыстоўваў палескую гаворку, будаваў масткі для паразумення?..

Наведваючы музей, бачым пры ім і памятны знак у гонар палескай вандроўкі амерыканкі фатографа Луізы Бойд. І што цікава: яе картачкі, як там кажуць, можна лічыць унікальным дапаможнікам, каб пабачыць тагачаснае Палессе амаль што вачыма Якуба Коласа!

Як вядома, Луіза прыязджала ў Пінкавічы за польскім часам, у 1934-м, цікавілася культурай Палесся. Паказала на фотаздымках, як бедна і, можна сказаць, прымітыўна жылі тады палешукі. А Жанне Верыч, працуючы ў музеі, пашанцавала зрабіць края­знаўчыя адкрыцці: на некаторых здымках зафіксаваны продкі сучасных жыхароў Пінкавіч. Скажам, бабы Стэпы — Сцепаніды Пятроўны Клачко, на якую нашчадкі падобныя. Пра гэта пісала ў розныя выданні, у тым ліку і ў “Настаўніцкую газету”. Больш за тое: на адным са здымкаў пазналі пінкаўчане… дзеда яе мужа, казалі: “Гэта ж чыста ваш Валік!” Паляшук той косіць на балоце, стаіць па калені ў ва­дзе. Правяла музейшчыца даследаванне і зрабіла выснову: так і ёсць, гэта Рыгур Верыч, яе сваяк, сын якога — яе свёкар. Цесны свет! І ў ім заўсёды ёсць месца розным дзівосам.

Ды і мясціны тыя палескія самі па сабе дзівосныя, што бачым на каларытных карцінах мясцовых мастакоў, якія экспануюцца ў музеі. Гэта ж месца на ўзбярэжжы Піны, а непадалёк, праз балоты, і сама прыгажуня Прыпяць. Між тым і Язэп Драздовіч у Пінкавічах бываў: маляваў царкву Ільінскую (якой цяпер няма) і царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы — яна дзейнічае па гэты час.

“Мая калега з вучнямі нядаўна пісала даследчую работу “Нашчадкі Язэпа Драздовіча”, дык я нават і верш адпаведны напісала, — прызналася Жанна Мікалаеўна. — Пабыўшы столькі гадоў побач з Якубам Коласам, у яго аўры, і сама вершы пішу. Іншы раз наплывае — і не ведаю адкуль, проста запісваю на паперу. Дык вось, у той царкве, ацалелай, Канстанцін Міхайлавіч у царкоўным хоры спяваў. Тое апісана ў трылогіі “На ростанях”: перачытайце, самі пабачыце”.

Голас Якуба Коласа, як і яго скрыпкі (вось адкуль браліся вобразы і для “Сымона-музыкі”!), жывы, чуцен там усюды. Мяне ж уразіў сярод іншага яго глыбокі па сэнсе аўтограф на паштоўцы, копія якога ёсць у экспазіцыі. Варта прывесці яго цалкам, з захаваннем мовы арыгінала:

“Я прышоў у жыццё не для сябе самого — я прышоў дзеля Вас (апошняе слова падкрэслена. — І.Ж.). Калі Вам будзе добра, калі Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праў­дзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе (падкрэслена. — І.Ж.), але і народ, які Вас пусціў у жыццё, і калі Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай-жа будзе шчасліва ваша дарога!

Так гаворыць у мінуты шчырасці мікалаўскі чалавек Якуб Колас. 2 IV 1946 г.”

Праводзячы экскурсію, Жанна Верыч гаворыць пра добрае сяброўства, якое ўсталявалася ў пінкавіцкага музея Песняра з яго раднёй: “Яго нашчадкі любяць наш музей, мы іх добра тут сустракаем. Прыязджала, напрыклад, унучка Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Яна пры тым цікава расказвала і пра другога свайго дзеда, Янку Маўра. Яна, як вядома, унучка двух пісьменнікаў-класікаў. Мы рабілі разам свята ў гонар Янкі Маўра”.

На стэндах у музеі прадстаў­лены творы, кнігі празаікаў, паэтаў з Пінскага раёна. У адным з іх, музею прысвечаным, паэтэса з няпростым лёсам Тамара Лазнюха напісала: “Горад Пінск і прылеглая вёска зберагаюць нас­таўніка след”. Зачытваючы яго для юных наведнікаў, Жанна Мікалаеўна часам пытае: “Як вы лічыце: а ці збераглі мы настаўніка след?”

На гэтым роздумным пытанні і закончым першую частку нататак з Піншчыны. Спадзяюся, для некага з настаўнікаў, іх вучняў яны паслужаць штуршком для таго, каб пабываць у Коласавых мясцінах над рэчкай Пінай. На свае вочы пабачыць краявіды, рэчы, нашчадкаў тых палешукоў, якія натхнялі класіка ў тым ліку і ў рабоце над вядомай настаўніцкай трылогіяй “На ростанях”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара