Як зберагаюць у Радужскай школе Веткаўскага раёна памяць пра земляка Героя Савецкага Саюза Міхаіла Батракова

- 14:351944: путь к освобождению

Настаўніцамі пачатковых класаў працуюць на Веткаўшчыне ў Радужскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Батракова яго сваячкі: унучка брата Героя Ірына Самкова і праўнучка Юлія Красякова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ірына Самкова, Васіль Самкоў, Юлія Красякова і дырэктар школы Яна Ісачанка

Родныя людзі — розныя лёсы

Пасляваеннае адраджэнне адукацыі на вызваленых тэрыторыях Беларусі — вялікі пласт нашай гісторыі. Мы прадаўжаем знаёміць чытачоў “Настаўніцкай газеты” з людзьмі, якія ня­суць у сабе памяць пра тыя гады, гены герояў. Але ж ці варта звяртацца толькі да сведкаў ці ўдзельнікаў тых падзей? Мы ж ведаем: іх дзеці, унукі, нават праўнукі ўвабралі ў сябе памяць пра вайну.

У школе, якая носіць імя Героя, ведаюць: загінуў ён маладым, сям’і не меў, прамых нашчадкаў не пакінуў. Але ж родавае дрэва Батраковых вайна не знішчыла, і ў настаўніцах яно мае працяг. Таму раскажам спачатку пра Героя і яго родзічаў.

Ірына Міхайлаўна і яе дачка Юлія Барысаўна прадаўжа­юць род Батраковых па лініі роднага брата героя-танкіста Мікалая. Падчас вайны на франтах абаранялі Айчыну як бацька, Рыгор Сяргеевіч Батракоў, так і тры яго сыны з пасёлка Новае Жыццё Радужскага сельсавета. Бацька і малодшы сын Іван вярнуліся дадому, а Мікалай і Міхаіл загінулі. Апошні стаў Героем, ганаровае званне было прысвоена яму пасмяротна. У аграгарадку Радуга і адна з вуліц носіць імя земляка, будынак школы мае адрас: Батракова, 16.

Герой Савецкага Саюза Міхаіл Батракоў

Вось як апісвала геройскі по­дзвіг дзядзькі пляменніца Міхаіла Батракова, раней навуковая супрацоўніца Музея бітвы за Дняпро (г. Лоеў) Вольга Іванаўна Краўцова: “Танкавая рота пад камандаваннем М.Р.Батракова ў цяжкім баі прарвала моцна ўмацаваную абарону гітлераўцаў на правым беразе Нёмана ў гора­дзе Каўнасе, але ў варожым тыле ёй заступілі шлях 30 танкаў ворага. Савецкія танкісты адбілі чатыры атакі, знішчылі прытым 14 танкаў, асабіста Міхаіл Батракоў — 4. Ва ўзводзе яго сябра Івана Мат­веенкі засталося толькі два танкі, да таго ж камандзір атрымаў цяжкае раненне, і яму на дапамогу прыйшоў Міхаіл. Ён перацягнуў параненага сябра ў свой танк і працягваў наступленне. За той бой абодва таварышы былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, удастоены звання Героя Савецкага Саюза”. Можна ска­заць, цаной крыві праславіліся і парадніліся ў тым баі адважныя сябры-танкісты: беларус Батракоў і рускі Матвеенка.

Яшчэ вядома, што пры выз­валенні Оршы ў горад першай уступіла, знішчаючы і выцясняючы фашыстаў, асобная гвардзейс­кая 120-я танкавая брыгада, у скла­дзе якой змагаліся згаданыя сябры. Інтэрнэт падказвае: Оршу вызвалілі 27 чэрвеня 1944 года войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі, літоўскі Каўнас — 1 жніўня. Гарачае лета! З роднымі на Веткаўшчыне ў танкіста была ўжо тады сувязь праз палявую пошту. Але Зорку Героя не суджана было насіць капітану Батракову ра­зам з іншымі ўзнагародамі, сярод якіх і ордэн Аляксанд­ра Неўскага: ім адзначаюцца пераважна подзвігі камандзіраў. Геройскае званне камандзір танкавай роты атрымаў 24 сакавіка, загінуў жа 16 студзеня пераможнага 1945-га: маладым, у 22 гады. Смерць напаткала яго пры штурме Кёнігсберга, пахаваны герой на могілках савецкіх воінаў у літоўскім горадзе Кібартай. Як мне патлумачылі, ніхто ж не ведаў, што Кёнігсберг стане Калінінградам, таму загінуўшых ва Усходняй Прусіі чырвонаармейцаў звозілі на савецкую тэрыторыю. Кібартай быў і застаецца чыгуначнай станцыяй на лініі Каўнас — Калінінград.

Сямейнае паданне, якім па­дзялілася з чытачамі Вольга Краўцова, сведчыць: Рыгор Сяргеевіч быў і ўдзельнікам Першай сусветнай вайны, а перад Вялікай Айчыннай працаваў у калгасе брыгадзірам. Вайна прызвала з сям’і чацвярых. Калі баць­ку адпраўлялі на фронт, то ў Арле, дзе фарміраваліся воінскія часці, ён сустрэўся з сынам-танкіс­там. Некалькі га­дзін правялі ра­зам — і рассталіся назаўжды.

З трох братоў малодшы, Іван, пайшоў на фронт пасля вызвалення Веткаўшчыны, у 1943-м. Вярнуўся пакалечаным, пасля вайны безвынікова шукаў магілу старэйшага брата, Мікалая. З архіваў прыходзіў адказ: “Старшина Николай Григорьевич Батраков пропал без вести в августе 1944 года”. Гэта і быў родны дзед і прадзед настаўніц Ірыны Самковай і Юліі Красяковай, які да вайны паспеў ажаніцца. У вайну выжылі, ра­зам з маці, яго малодшыя браты і сястра, яго жонка і двое сыноў: Міхаіл і Аляксандр. Яны прадоўжылі род, а жонкай Міхаіла Мікалаевіча стала Тамара Мікалаеўна Тананушка — якая амаль 40 гадоў працавала ў школе бібліятэкарам. Гэта пляменніца настаўніка Івана Івашэвіча, вядомага і як паэт Пятрусь Граніт, з Гродзеншчыны.

Настаўніцы пачатковых класаў з “геройскай” Радужскай школы прадаўжаюць як род героя-танкіста, так і настаўніцкую дынастыю. Заслугоўвае павагі тое, што працуюць Ірына Міхайлаўна і Юлія Барысаўна на малой радзіме Героя, у той самай школе, дзе Міхаіл Батракоў скончыў перад вайной 7 класаў.

Суровая праўда салдат

Якімі яны былі, пасляваенныя настаўнікі? Яны прынеслі з акопаў, з партызанскіх зямлянак у пасляваенную адукацыю сваю жалезную волю да перамогі, няна­вісць да ворага, гранічную патрабавальнасць да сябе і да іншых. Вучылі так, як дыхалі-жылі, несучы ў сабе ваенную дысцыпліну і парадак, а яшчэ — суровую праўду пра тое, што такое жыццё і смерць.

Пэўна, далёка не ўсе пасля­ваенныя настаўнікі былі мяккія ды пакладзістыя, бо неймаверныя стрэ­сы, раненні, кантузіі давалі аб сабе знаць на працягу ўсяго жыцця. Скажам, павышанай нервовасцю. Многія з іх курылі: такімі памятаю і некаторых сваіх педагогаў. Выкладчыцай з папяросай-“беламорынай” помняць многія Ларысу Кароткую, з якой зводзілі мяне журналісцкія сцежкі. Да вайны яна была настаўніцай рускай і беларускай моў у Астрашыцкім Гарадку пад Мінскам, у ваенны час — падпольшчыцай, потым партызанкай брыгады “Штурмавая”. Пасля вызвалення працавала ў вясковых школах Міншчыны. Выкладала, была завучам, аспіранткай філфака БДУ, у 60-я абараніла дысертацыю. Чаму яе прыгадваю? Ларысу Лявонцеўну многія настаўнікі яшчэ памятаюць: доўгі час, з 1960 па 1995 год, яна выкладала на філфаку БДУ.

З ліку пасляваенных педагогаў Веткаўшчыны была Жанна Анд­рушкевіч, заслужаная настаўніца БССР. Цяжка сабе ўявіць, як жорстка вайна мясіла-дубасіла, перакоўвала ў франтавога хлебапёка гэтую  настаўніцу пачатковых класаў, якая добраахвотніцай пайшла на фронт. Пасля дэмабілізацыі ў 1945—1953 гадах яна працавала інспектарам школ Веткаўскага раёна і на грамадскіх пачатках вяла прафсправы.

Гордасць, слава і даследчая работа

Вяртаемся да роду Батраковых, асвечанага подзвігам Героя.

Ірына Міхайлаўна родам з Радугі, дачка школьнай бібліятэкаркі. Скончыла Мазырскі педінстытут (заснаваны, дарэчы, у 1944-м), размеркавалася ў родную школу. Пра яе педагагічнае майс­тэрства калегі кажуць: лепшая настаўніца пачатковых класаў у краіне. Але ж пакуль крытэрыі ацэнкі такіх спецыялістаў, на жаль, яшчэ не распрацаваны. Хоць, на добры толк, абуджаюць душы для спасціжэння ведаў, раскрываюць таленты якраз яны, першыя настаўнікі.

Па слядах маці, бабулі Тамары, прадзеда-нас­таўніка Івана Івашэвіча пайшла і Юлія. За плячыма ў яе школа ў Радузе, мінскі пед­універсітэт імя Максіма Танка, і цяпер яна таксама настаўніца пачатковых класаў.

Дзякуючы вялікай, самаахвярнай працы Ірыны Самковай і яе папярэднікаў, даследчай і пошукавай дзейнасці вучняў, у будынку школы на другім паверсе створана музейная экспазіцыя.

Там прадстаўлены матэрыялы пра гісторыю школы, настаўнікаў і вядомых выпускнікоў, пра Героя Міхаіла Батракова. Цікава, калі ж Ірына Міхайлаўна сябе адчула жывым звяном у эстафеце роду Героя? Калі ўсвядоміла, што наканавана ёй такая пачэсная місія — збіраць і перадаваць як у школе, так і ў сваім родзе весткі пра вайну, пра герояў-родзічаў? А прагучала пытанне маё крыху пафасна: “Вы адчувалі, што раслі ў аўры подзвігу, воінскай доблесці, славы свайго дзеда?”

Адказала Ірына Міхайлаўна проста і шчыра: “Ведаеце, у 70—80-я, калі я вучылася ў школе, чамусьці пра вайну мала гаварылі. Вось як быццам яе не было…” Разважаем: пэўна, трэба было, каб раны ў людзей загаіліся, многім балела яшчэ тая памяць. І таму на 9 Мая рабілі свята, доб­раўпарадкоўвалі помнікі, ускладалі кветкі, а далей — цішыня. Да наступнага года. І Дзень Вызвалення так шырока, як цяпер, не адзначалі. “Бачыце здымак сяброў? — звяртае яна ўвагу. — Два старшыя лейтэнанты-героі: Батракоў і Матвеенка. Пра іх сяброўс­тва, баявы шлях кнігі б пісаць, а мы так мала ведалі! Іван Матвеенка да нас прыяз­джаў на пачатку 70-х, камсамольскія білеты ўручаў тут… І я думала пазней: чаму ж мы не распытвалі пра вайну нашых бацькоў, дзядуляў і бабуль? А не было прынята. Была цішыня, нібы зачынілі дзверы — і ўсё. А потым давялося ўсё тое збіраць, па крупінках”.

Сабрана шмат — пра гісторыю школы, пасляваенных настаўнікаў, пра Міхаіла Батракова: “Мы самі зрабілі кнігу пра Героя і ў яе змясцілі ўсё, што змаглі адшу­каць. Гэта цяпер наша гордасць”.

Тое, што ведаюць пра вайну, пра вызваленне непасрэдна ў Радузе, раскажам іншым разам.

Іван ЖДАНОВІЧ