Як зладжана працаваць у камандзе, ведаюць дырэктары школ Брагінскага і Чачэрскага раёнаў

- 15:15Пресс-тур «Настаўніцкай»

Як зладжана працаваць у камандзе і пры гэтым заставацца непаўторнымі, ведаюць дырэктары школ Брагінскага і Чачэрскага раёнаў Гомельшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За два дні прэс-туру творчай групы Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па гэтых рэгіёнах мы не толькі пазнаёміліся з цікавымі педагогамі, адметнымі кіраўнікамі і іх школамі, але і чарговы раз упэўніліся, што толькі дзякуючы ўзаемападтрымцы і ўзаемавыручцы можна пераадолець усе цяжкасці і выклікі.

Сістэма адукацыі раёна заўсёды пачынаецца з начальніка, яго ўмення аб’яднаць людзей, паве­рыць у іх магчымасці. Калі прафесійныя адносіны будуюцца на даверы і павазе адно да аднаго, то ўсе пытанні вырашаюцца, прычым хутка. Метавіта такія пастулаты ляжаць у аснове ўзаемадзеяння начальнікаў аддзелаў адукацыі са сваімі ўстановамі як у Брагіне, так і ў Чачэрску.

Заканамерна, што знаёмства з сістэмай адукацыі Брагіншчыны пачалося з гутаркі з начальнікам аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама Наталляй Даўжанок, падчас якой абмяркоўвалася больш цеснае супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”, узнімаліся пытанні арганізацыі работы ўстаноў адукацыі раёна ў сучасных умовах. Мэты перад сістэмай адукацыі, як вядома, стаяць вялікія. Як заўважыла Наталля Міхайлаўна, павышэнне якасці адукацыі немагчыма без уключэння ў гэты працэс абсалютна кожнага педагога і выхавальніка.

І, канечне ж, асаблівая місія ўскладаецца на кіраўнікоў устаноў, бо яны павінны не толькі арганізаваць вучэбна-выхаваўчы пра­цэс (і, адпаведна, пракантраляваць яго ажыццяўленне), але і натхніць свой педагагічны калектыў на вырашэнне пастаўленых задач.

Як гэта працуе, убачылі падчас наведвання школ раёна, дзе пазнаёміліся з маладымі дырэктарамі-мужчынамі. Нягледзячы на ўзрост (25, 28 гадоў), яны паказалі сябе прафесіяналамі, здольнымі павесці калектыў за сабой.  

Так, у Хракавіцкай сярэдняй школе ў цэнтры ўвагі было абмеркаванне магчымасцей сістэмы павышэння кваліфікацыі педработнікаў, падрыхтоўка да конкурсу “Педагагічны дэбют”. А ўсё таму, што яе дырэктар Андрэй Смаленчук стаў пераможцам аднайменнага рэспубліканскага фестывалю ў намінацыі “Малады дырэктар установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. Няма сумненняў, што перамога Андрэя Аляксандравіча заслужаная, бо нават за тую гадзіну, што пабылі ў школе, мы змаглі ўбачыць яго мабіль­насць, арганізаванасць і ўменне хутка прымаць рашэнні.

Іалчанская сярэдняя школа славіцца падрыхтоўкай па фізічнай культуры і спорце. Вучні гэтай навучальнай установы — пераможцы абласных спаборніцтваў па самых розных відах спорту. Трэба было бачыць, з якой гордасцю пра гэта гаварыў дырэктар школы Мікалай Бузько. У свае 25 Мікалай Сяргеевіч — выдатны гаспадар. Калі раптам надарыцца магчымасць наведаць яго школу, то, упэўнена, вы будзеце ў захапленні ад добраўпарадкавання тэрыторыі, ды і ад самой навучальнай установы.

 Камарынская сярэдняя школа імя П.І.Шпетнага адметная сваім музейным пакоем баявой славы. Да ведама: Камарын — першы выз­валены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населены пункт нашай краіны. Таму работа ў гэтым кірунку тут вядзецца актыўная. І зноў-такі, калі дырэктар уважлівы да свайго калектыву, то і вынікі ёсць. Ігар Васільевіч Самбук якраз з тых кіраўнікоў, хто падтрымлівае педагагічныя і вучнёўскія ініцыятывы.

Чачэршчына таксама багатая на самаадданых і зацікаўленых у развіцці адукацыі дырэктараў. Тон другога дня работы ў межах прэс-туру задала начальнік аддзела адукацыі Чачэрскага райвыканкама Ала Гулевіч, якая адразу пачала дзяліцца адметнасцямі навучальных устаноў свайго раёна. Ала Аляксандраўна не раз падкрэслівала, што калі дырэктар хварэе за справу, то навучальная ўстанова абавязкова будзе паспяховай.

У гэтым мы пераканаліся, калі наведалі сярэднюю школу № 1 Чачэрска, дзе дырэктар Вольга Лагойкіна прадставіла сістэму спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў сваёй установе і расказала, як яна дапамагае павышаць інтэлектуаль­ны ўзровень вучняў. На базе навучальнай установы дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы комп­лекс з басейнамі. Акрамя таго, тут ёсць абсталяваная футбольная пляцоўка.

 У Залескай сярэдняй школе вядзецца актыўная работа па развіцці аграрнага напрамку. Колькасць цяпліц і ўчастак з буякамі, малінамі, парэчкамі, агрэстам, вінаградам, разнастайнымі кветкамі, туямі вельмі ўразіў. Як і дырэктар Яўген Цалко, які, будучы матэматыкам, так захапіўся вырошчваннем розных культур, што далучыў да гэтай справы ўсю школу. Трэба адзначыць, што і педагагічны, і вучнёўскі калектывы займаюцца ёй з такім жа энтузіязмам, як і Яўген Анатольевіч.

Роўкавіцкая сярэдняя школа прадстаўляла сістэму патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання. У прыватнасці, мы наведалі тэматычны ўрок у пачатковай школе, музейны пакой, пазнаёміліся з выдатнымі педагогамі і вучнямі, якія штодзень імкнуцца зрабіць сябе і сваю навучальную ўстанову лепшымі. А матывуе іх на пастаяннае развіццё кіраўнік — дырэктар школы Святлана Корхава. Па меркаванні Святланы Васільеўны, калі дзеці будуць вучыцца ў прыгажосці (чалавечай і навакольнай), то і самі будуць з прыгожай душой. У Роўкавіцкай школе працуюць вельмі душэўныя настаўнікі і створаны выдатныя ўмовы: пасля мадэрнізацыі школа стала сучаснай і эстэтычнай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА