Як зрабіць энергазберажэнне справай усіх і кожнага? Педагагічны калектыў гімназіі Мсціслава перакананы: дасягнуць гэтага магчыма толькі праз фарміраванне ў дзяцей навыкаў эканамічнага рэсурсаспажывання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Энергазберажэнне становіцца ўсё больш актуальнай праблемай. Значнасць набывае і тое, якія каштоўнасныя асновы ў гэтым напрамку будуць прывіты маладому пакаленню. Навучэнцы павінны разумець, што стан навакольнага асяроддзя і прыроды шмат у чым залежыць ад паводзін, дзеянняў і ўчынкаў чалавека. Па гэтай прычыне фарміраванне экалагічнай культуры і навыкаў рацыянальнага спажывання рэсурсаў у вучняў бачым адной са сваіх ключавых задач, — расказаў дырэктар установы адукацыі Андрэй Казакоў.
Тэмай энергазберажэння гімназія жыве ўжо больш за 12 гадоў. Педагогі імкнуцца не проста даваць дзецям веды, а вучыць іх правільным жыццёвым нормам. Пытанні энергазберажэння разглядаюцца і на ўроках, і на пазакласных мерапрыемствах. Рэгулярна праводзяцца інфармацыйна-асветніцкія заняткі, конкурсы, турніры, акцыі, накіраваныя на выхаванне ў навучэнцаў беражлівасці, эканомнасці, гаспадарлівасці.
Прывіццю вучням навыкаў эфектыўнага энергакарыстання садзейнічае і праектная дзейнасць. Установа адукацыі распрацавала некалькі інавацыйных праектаў па праблемах энергазберажэння. Наватарскія ідэі былі тройчы адзначаны пераможнымі дыпломамі і фінансавымі грантамі рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.
— Асаблівасць нашых праектаў у тым, што тэма энерга- і рэсурсазберажэння цесна звязана з канцэпцыяй устойлівага развіцця. У сучасных рэаліях захаванне навакольнага асяроддзя змяняецца больш складанай і шматузроўневай праблемай гарманізацыі адносін у сістэме “чалавек — грамадства — прырода”, — адзначыў Андрэй Валер’евіч.
Зараз у гімназіі рэалізуюць праект “Цэнтр рэалізацыі МУР — сістэмны рэсурс інфармацыйна-адукацыйнай дзейнасці ў сферы энергазберажэння”. Педагогі стварылі сапраўдную акадэмію, дзе вучаць дзяцей разумець сутнасць Мэт устойлівага развіцця, далучаюць да ўдзелу ў адукацыйных турнірах і фестывалях, адкрылі школу маладых “Захаваем энергію”. Значна, што віртуальны цэнтр дазволіў аб’яднаць не толькі гімназістаў, але і навучэнцаў усіх мсціслаўскіх школ. Рэсурс таксама стаў прасторай для зносін педагогаў, пляцоўкай для прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытанняў энергазберажэння.
— Арганізацыя сеткавага партнёрства ўсіх устаноў адукацыі раёна дазваляе дасягаць важкіх вынікаў у інфармацыйнай асвеце навучэнцаў. Сумеснымі намаганнямі мы вучым дзяцей беражліва і эканомна выкарыстоўваць рэсурсы, быць руплівымі гаспадарамі роднай зямлі, — адзначыў Андрэй Казакоў.
Гімназію Мсціслава сёння можна ўпэўнена назваць установай адукацыі рацыянальнага рэсурсаспажывання. Тут не толькі многае робіцца ў кірунку інфармацыйна-асветніцкай работы — будынак навучальнай установы аснашчаны рознымі энергазберагальнымі элементамі. Гэта дае магчымасць паказваць вучням спосабы эканоміі энергіі на прыкладзе звычайных бытавых дзеянняў. Менавіта сумяшчэнне тэорыі і практыкі прыносіць жаданыя вынікі: навыкі энергазберажэння дзеці прымянюць і ў вучэбны час, і дома.
Адметна, што сваім багатым вопытам па выхаванні ў навучэнцаў навыкаў беражлівага энергакарыстання педагагічны калектыў гімназіі актыўна дзеліцца з калегамі. Мясцовымі настаўнікамі распрацаваны шэраг аўтарскіх адукацыйных матэрыялаў і рэкамендацый па гэтым напрамку. Уся метадычная база ў адкрытым доступе размешчана на сайце ўстановы, скарыстацца ёй можа любы жадаючы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі