Адукацыйныя і педагагічныя праекты, работа па добраўпарадкаванні тэрыторый і якаснае аздараўленне навучэнцаў — педагогі Салігорскага раёна працуюць над гэтым падчас летніх канікул. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выхаваўчыя мадэлі
Начальнік упраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігар Цыбулька, падводзячы вынікі навучальнага года, звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх установах адукацыі рэалізоўваліся эксперыментальныя праекты.
У сярэдняй школе № 1 Салігорска працавалі над праектам “Апрабацыя мадэлі ўзаемадзеяння “каледж — школа” па арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, а ў сярэдняй школе № 2 Салігорска — над праектам “Адаптацыя мадэлі дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Акрамя гэтага, у 12 установах адукацыі ў мінулым навучальным годзе рэалізоўваліся 7 інавацыйных праектаў, — дадаў Ігар Аляксандравіч. — Школы працавалі па такіх напрамках, як фарміраванне функцыянальнай адукаванасці, укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання, укараненне мадэлі канструктыўнага ўзаемадзеяння сацыяльных партнёраў ва ўмовах прымянення медыятыўных тэхналогій, фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў. Актыўна вялася работа па рэалізацыі 30 педагагічных праектаў раённага ўзроўню, фактычна ў праектнай дзейнасці прынялі ўдзел 95% устаноў адукацыі.
У новым навучальным годзе ў Салігорскім раёне пачнецца рэалізацыя 1 эксперыментальнага і 1 інавацыйнага праекта, 9 педагагічных праектаў абласнога ўзроўню і 13 педагагічных праектаў раённага ўзроўню.
Падводзячы вынікі, нельга не сказаць пра вучэбныя дасягненні школьнікаў — Салігорскаму раёну ёсць кім ганарыцца: 96 выпускнікоў 11-х класаў атрымалі атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем. Так, залатыя медалі былі ўручаны 91 выпускніку, сярэбраныя — 5 вучням школ і гімназій.
— Самы важны вынік выпускнікоў — гэта 30 стабальных вынікаў у 27 вучняў: 20 на ЦЭ і 10 на ЦТ, — дадаў Ігар Цыбулька. — Паліна Рамашка, выпускніца гімназіі № 1 Салігорска, мае 3 стабальныя вынікі: ЦЭ па рускай мове, фізіцы і ЦТ па матэматыцы. Акрамя таго, у Паліны агульны сярэдні бал атэстата складае 10. Па двух вучэбных прадметах атрымалі 100 балаў выпускніца гімназіі № 2 Салігорска Мілана Амельчанка (руская мова і грамадазнаўства) і выпускнік сярэдняй школы № 2 Салігорска Юльян Пратасеня. Малады чалавек паказаў бездакорныя веды па матэматыцы і фізіцы.
Цяпер на кантролі начальніка ўпраўлення па адукацыі знаходзіцца аздараўленне. Ігар Цыбулька расказаў, што ў першую змену ў іх функцыянавалі 54 выхаваўча-аздараўленчыя і 5 спартыўна-аздараўленчых лагераў, у якіх былі 3256 і 573 дзіцяці адпаведна.
— У лагерах з дзённым знаходжаннем, якія працавалі ў школах і ва ўстановах дадатковай адукацыі горада і раёна, адпачылі 2480 школьнікаў, — зазначыў Ігар Аляксандравіч. — У тым ліку 75 дзяцей сталі ўдзельнікамі лагераў працы і адпачынку.
Падчас аздараўленчай кампаніі асаблівая ўвага ўдзялялася аздараўленню сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Усяго было аздароўлена 776 непаўналетніх, сярод якіх дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў і інш.
— Выхаваўчая работа ў лагерах пабудавана ў адпаведнасці з матрыцай “Змена: дзень за днём”, — дадае начальнік упраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама. — Кожны дзень у лагеры тэматычны, актыўна рэалізуюцца розныя праекты, арганізаваны аб’яднанні па інтарэсах, праводзяцца мерапрыемствы ў межах рэспубліканскай акцыі “Лета — дзецям”, абласной акцыі “Канікулы на Міншчыне: лета без небяспекі”, а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Году добраўпарадкавання, 80-годдзю Вялікай Перамогі і інш.
У аптэкарскім садзе
Дзіцячы сад № 42 Салігорска — гэта не проста дашкольная ўстанова, а лабараторыя адкрыццяў і магчымасцей.
За час работы педагогі ўстановы назапасілі вопыт у галіне пазнавальна-практычнай дзейнасці, правялі маштабную работу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Як вынік, сёння яе можна лічыць эфектыўным сродкам фарміравання экалагічнай культуры навучэнцаў, крыніцай эстэтычнага густу і прывіцця працавітасці.

— У 2020 годзе мы далучыліся да рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”, — расказвае загадчыца дашкольнай установы Наталля Нікановіч. — Над ім працавалі ў пяці кірунках: біяразнастайнасць, эканомія водных рэсурсаў і энергіі, абыходжанне з адходамі, якасць атмасфернага паветра, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовымі экалагічнымі ініцыятывамі.

Развіваць цікавасць да экалагічнага выхавання педагогам дапамагае экалагічная сцежка.
— На ёй выхаванцы атрымліваюць інфармацыю аб гэтых аб’ектах, — дадае Наталля Мікалаеўна. — У якасці аб’ектаў выбраны розныя віды дзікарослых і культурных раслін, лекавыя расліны, розныя віды дрэў. На тэрыторыі нашай установы высаджаны алея туй, дрэвы і кусты, пасаджаны клумбы з аднагадовымі і шматгадовымі раслінамі, ёсць міні-агарод, дзе за кожнай групай замацавана градка.
Агарод у дзіцячым садзе — гэта цікавы і карысны занятак, які не толькі дапамагае дзецям лепш даведацца пра расліны, але і развіць такія якасці, як працавітасць, адказнасць, творчасць. Агарод дзіцячага сада № 42 Салігорска дапоўнены малымі архітэктурнымі формамі — калодзежам і млыном, іх зрабілі бацькі выхаванцаў. Непадалёк звычайнага агарода з’явіўся яшчэ адзін — аптэкарскі.

— Дзякуючы актыўнаму ўдзелу бацькоў, у нас ёсць сажалка, акружаная невялікім кветнікам, — дадае Наталля Нікановіч. — Добраўпарадкаванне тэрыторыі нашага дзіцячага сада — гэта прыемны творчы працэс, які дорыць многа станоўчых эмоцый.
Чатыры школьныя сезоны
Творчае афармленне навакольнай прасторы — гэта не толькі пра эстэтыку і добры густ. У дачыненні да вучняў Пагосцкай сярэдняй школы Салігорскага раёна дэкарыраванне і мастацкія формы, якімі ўпрыгожаны лакацыі, выконваюць важную выхаваўчую ролю.
Дырэктар установы Наталля Гаўруціна расказала, што для ўсебаковага развіцця школьнікаў іх трэба не толькі забяспечыць неабходным вучэбным матэрыялам, але і стварыць паўнавартасныя ўмовы для вучэбнага працэсу.
— Над добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі пачалі працаваць у 2017 годзе, — расказвае Наталля Віктараўна. — Перад калектывам стаяла задача стварыць на прышкольнай тэрыторыі новыя сучасныя кветнікі, пашырыць разнастайнасць раслін, павысіць узровень зацікаўленасці вучняў у захаванні прыроднага асяроддзя.

Настаўнікі, вучні і бацькі прапанавалі шмат цікавых ідэй, але выбраць трэба было лепшае, зыходзячы з асаблівасцей планіроўкі прышкольнай тэрыторыі, рэальнасці рэалізацыі і матэрыяльных затрат, што асабліва актуальна для вясковай малакамплектнай школы. Да такой творчай работы падышлі вельмі адказна. Настаўнікі вывучалі літаратуру па стварэнні ландшафтнага дызайну і на яе аснове распрацавалі свой праект азелянення прышкольнага ўчастка, вызначылі агратэхнічныя прыёмы вырошчвання прапанаваных раслін.
— Сёння на прышкольнай тэрыторыі аформлены такія клумбы і кампазіцыі, як міксбордар “Чатыры сезоны”, дзве сіметрычныя клумбы “Рамонак”, зона адпачынку “Лясны ўзлесак”, герб Салігорска, клумба да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — пералічыла дырэктар школы.

Цікавай атрымалася гісторыя стварэння міксбордара. Ha школьным двары ёсць дзве сіметрычныя, выцягнутай формы клумбы, якія размешчаны па абодва бакі ганка. Адна частка клумбы заўсёды ў цені, другая трапляе пад сонечны свет. Раней на гэтых клумбах раслі густа засаджаныя кветкі — петуніі, аксаміткі, цыніі, сальвія, але з-за недахопу святла і неўрадлівай глебы кветкі выглядалі слабымі. З усіх прапанаваных варыянтаў афармлення гэтай тэрыторыі ўсім найбольш спадабалася ідэя стварэння міксбордара, у якім будуць выкарыстаны лісцяныя і іглічныя кусты, шматгадовыя і аднагадовыя кветкава-дэкаратыўныя расліны.
— Шэсць гадоў назад мы паспяхова рэалізавалі праект па добраўпарадкаванні і азеляненні прышкольнага ўчастка, дзякуючы якому школьны двор упрыгожылі дзве сіметрычныя клумбы “Гадзіннік”, — працягвае дырэктар Пагосцкай сярэдняй школы. — Праект быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.

А гэтай вясной мы аформілі клумбу да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Такім чынам, створаныя за восем гадоў клумбы і кветкавыя кампазіцыі садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў сродкамі праектнай дзейнасці, прывіваюць эстэтычны і мастацкі густ, садзейнічаюць выхаванню працавітасці, навыкаў догляду навакольнага асяроддзя.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





