Як зрабіць так, каб маладыя педагогі не расчараваліся ў выбранай прафесіі, ведаюць у Ляхавіцкім РВМК

- 15:20Образование

Як зрабіць так, каб маладыя педагогі не расчараваліся ў выбранай прафесіі, паверылі ў сябе і мелі належныя ўмовы для прафесійнага росту, ведаюць у Ляхавіцкім раённым вучэбна-­метадычным кабінеце. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Штогод ва ўстановы адукацыі рэгіёна прыходзяць маладыя спецыялісты, — расказвае метадыст Ляхавіцкага раённага ВМК Святлана Бандарык. — У бягучым навучальным го­дзе іх было 10, у мінулым — 13, у пазамінулым — 11. У кожнай установе ім назначаюцца вопытныя куратары, складаюцца індывідуальныя планы работы. Менавіта ад правільна арганізаванай метадычнай дапамогі залежыць паспяховая прафесійная адаптацыя моладзі.

Для гэтага ляхавіцкія метадысты арганізавалі школу маладога настаўніка (для педагогаў першага года работы). У бягучым навучальным годзе там правялі 3 пасяджэнні (“Прафесійнае станаўленне маладога педагога”, “Мэтапастаноўка ў сістэме вучэбнай матывацыі вучняў” і “Сакрэты камфортнага ўрока”), накіраваныя на ўдасканаленне псіхолага-педагагічнай і навукова-метадычнай кампетэнтнасці маладых калег, павышэнне іх агульнай і прафесійнай культуры, развіццё патрэбы ў прафесійнай сацыялізацыі і рэфлексіі ўласнай дзейнасці.

— Штогод у кастрычніку для метадычнай дапамогі педагогам першага і другога года работы па арганізацыі адукацыйнага працэсу праводзіцца метадычны тыдзень “Маладым спецыялістам — дапамога метадыстаў”, а ў красавіку ў школах і дзіцячых садах — дэкада адкрытых вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў “Мае першыя поспехі”, — працягвае Святлана Бандарык. — Добра зарэкамендавалі сябе конкурсы і канферэнцыі з удзелам мола­дзі. Так, у сакавіку адбылася раённая канферэнцыя “Педагог: прафесія, прызванне, мастацтва” (для спецыялістаў 3—5 гадоў работы), якая дапамагла раскрыць творчы і прафесійны патэнцыял моладзі, самарэалізавацца, павысіць матывацыю да пошуку і ажыццяўлення актуальных педагагічных методык і тэхналогій у адукацыйным працэсе. Для завочнага этапу канферэнцыі ўдзельнікі рыхтавалі відэаролікі на тэму “Кніга, якую я раю пачытаць сваім калегам”, а для вочнага этапу — публічнае выступленне на тэму “Ідэі маладога педагога ў адукацыі”. Лепшай прызнана настаўніца хіміі і біялогіі Настасся Кулеш з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч, пераможца мінулагодняга раённага конкурсу для педагогаў другога года работы “Педагагічны дэбют” у адной з намінацый.

Кожны май раённы ВМК і раённая арганізацыя галіновага прафсаюза ладзяць спаборніцтва “Педагагічны дэбют”. Сёлета ў ім удзельнічалі 7 маладых педагогаў і іх куратараў. Маладыя спецыялісты прэзентавалі медыявізітоўкі педагагічнага дуэта “Мы — каманда” і вопыт работы “Мая педагагічная знаходка”, а куратары падчас міні-майстар-класаў прадэманстравалі прыёмы творчага рашэння педагагічных задач.

Па выніках усіх выпрабаванняў лепшым куратарам прызнана настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Кацярына Гачко з Крывошынскай сярэдняй школы імя Г.С.Здановіча, а лепшым маладым педагогам — настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Сімановіч з гэтай жа ўстановы адукацыі. Дарэчы, малады спецыя­ліст з’яўляецца адной з пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі — 2023”, а яе выхаванка Святлана Бурчыц адзначана дыпломам ІІІ ступені на ХХХ абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў. Падзякай за творчы падыход узнагароджаны настаўніца інфарматыкі Дар’я Краўчэня і яе куратар — настаўніца матэматыкі Таццяна Крапіневіч з гімназіі Ляхавіч.

У аснове поспеху — сістэмная і зладжаная камандная работа педагогаў і метадыстаў Ляхавіччыны. 

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ