Аповед пра народную майстрыху з Івацэвіцкага раёна, якая разгледзела ў рамястве, якім дасканала валодае, каштоўны рэсурс для работы з дзецьмі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У студзені 2020 года яна была ўшанавана ганаровым званнем народнага майстра Беларусі. Натхнёнай ды ўпартай працай яго здабыла. Пра творчасць настаўніка-дэфектолага з Косаўскага дзіцячага сада на той час ужо ведалі як у Міністэрстве адукацыі, так і ў Мінкультуры, Саюзе народных майстроў. А яе работы атрымалі прызнанне на розных конкурсах, нават былі персанальныя выставы. І, вядома, ёсць заслуга Наталлі Міхайлаўны ў тым, што ў 2021 годзе ў Беларусі выцінанцы павысілі статус: яна была ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Адметны талент Наталлі Кулецкай расцвіў, можна сказаць, вельмі своечасова.
Як працуе выцінанка?
Ва ўсе часы лепшыя педагогі, не сакрэт, былі творцамі. Таленты раскрывалі ў працы выхавальнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў. Вядомая “Педагагічная паэма” Антона Макаранкі — як моцны літаратурны твор, так і настольная кніга для педагогаў. Прыгожа праявілі сябе ў творчасці настаўнікі-сябры Канстанцін Міцкевіч, Іван Фёдараў пад літпсеўданімамі Якуб Колас і Янка Маўр. Яны ж і парадніліся з часам праз сваіх дзяцей, сталі дзядамі адных унукаў. Дарэчы, ці не пара стварыць у Беларусі адметны музей, прысвечаны такім — творчым — асобам-педагогам! І можа, у Івацэвічах, з якімі было спалучана жыццё настаўніка і пісьменніка Міколы Купрэева. Якраз гэты райцэнтр стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў наступным годзе.
Што да Наталлі Кулецкай, то і яе месца ў творчасці адметнае, з народнымі традыцыямі спалучанае. Педагагічная дзейнасць і творчая адна ў другую перацякаюць, нібы колеры вясёлкі. З таго, як яна выкарыстоўвае сваё захапленне ў дзіцячым садзе, і пачнём. Каму тэма цікавая, можа ў інтэрнэце знайсці дзве беларускія народныя казкі, крэатыўна ілюстраваныя выцінанкамі: “Як курачка пеўніка ратавала” і “Каток — залаты лабок”. Яе арыгінальныя праекты. Паслухаем народную майстрыху, яна ж і настаўнік-дэфектолаг, дзеля чаго тое рабілася і як з такім рэсурсам у садках працаваць.
“Я выкарыстоўваю выцінанку не толькі як від мастацтва, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — З часам усё больш пераконваюся, што гэтае рамяство, мастацтва эфектыўнае ў рабоце з асаблівымі дзеткамі. Пачала ілюстраваць казку “Як курачка пеўніка ратавала”, бо маім выхаванцам патрэбна дэталізацыя аповеду. Калі ёсць нагляднасць, то дзеці лепш засвойваюць сэнс казкі. Патраціла нямала часу і зрабіла казку-выцінанку. Гэта як мультыплікацыя, але вось такім арыгінальным чынам. З казкай мы трапілі на рэспубліканскі конкурс “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” і атрымалі там дыплом. У працяг тэмы потым выцінанкамі “ажывіла” і казку “Каток — залаты лабок”. І яшчэ на такой жа аснове цяпер зроблены электронны дапаможнік. У ім ёсць дыдактычныя гульні. Скажам, дзецям прапануецца знайсці адказ на пытанне: чаго на карцінцы не хапае? Альбо: хто галоўны герой? І такіх гульняў, з казкай пра курачку і пеўніка, 15. Ёсць яшчэ гульнявы момант: калі адказ няправільны, то карцінка з экрана знікае. Малым цікава: і забаўляюцца, і вучацца, ну і выхоўваюцца, бо асвойваюць асновы таго, што называецца ўзаемадапамогай, сацыяльнымі зносінамі, спагадлівасцю. Мэта гульні: паэтапна падрыхтаваць малога да пераказу казкі. Выцінанкі актуалізуюць яе ключавыя моманты, засяроджваюць на іх увагу — і дзіця тое бачыць, лепш развіццё падзей запамінае. Атрымалася прыгожае сумяшчэнне народнага мастацтва, гульні з навучаннем і выхаваннем”.
Ад бабуліных карункаў…
Пунктам адліку ў выцінанкавай творчасці называе Наталля Кулецкая 2002 год, калі паехала ў Брэст на курсы павышэння кваліфікацыі. На той час ужо скончыла Баранавіцкае педвучылішча, выйшла замуж і нарадзіла дваіх сыноў. Працуе ж у Косаўскім садку з 2000 года: спачатку выхавальніцай, а з 2009 года настаўнікам-дэфектолагам.
У Брэсце курсантаў вучылі нетрадыцыйным спосабам работы з аплікацыяй: “Выкладала Ніна Міхайлава, яна паказала нам і выцінанку ў яе найлепшым выглядзе. У тым ліку і замежную: кітайскую, літоўскую, польскую… І нашу традыцыйную — як від мастацтва. Паказала, як з гэтым можна працаваць на занятках з дзецьмі”.
Але ж да таго Наталля Кулецкая пра выцінанку ўжо ведала. Родам яна з вёскі Чамялы Івацэвіцкага раёна, і жыла тады сям’я мнагадзетная пры вёсцы на хутары. А выцінанкі-каруначкі дзяўчынка з дзяцінства бачыла ў хаце яе другой бабулі, мамінай маці ў вёсцы Корачын: “Гэта глыбокае Палессе, і якраз там, у вёсцы, народнае мастацтва было-жыло ў выглядзе фіранак на вокнах і розных падузораў-падзораў. Была, помніцца, нават рытуальная выцінанка там. Выразаныя з паперы адмысловыя ўзоры, больш сціплыя і далікатныя, чым звычайныя, і ва ўзорах крыжыкі былі, яны аздаблялі труну, калі хавалі нябожчыка”.
Такія ўспаміны — каштоўнае сведчанне таго, што народнае мастацтва мела раней прыкладны характар.
І назва — выцінанка — з народа. Гэта не толькі “што-небудзь з паперы выразаць”, але ж і выводзіць прыгожа, з мелізмамі нейкую мелодыю, музычную ці спеўную. І ў новы час даўні “прыкладны” патэнцыял мастацтва з сялянскіх хацін Палесся Наталля Кулецкая творча рэалізуе ў педагагічнай дзейнасці.
А як моцна ж дзіцячыя ўражанні западаюць у душы! Праз гады дастаткова было ўскалыхнуць яе, актывізаваць закладзеныя ў падсвядомасці праграмы — і яны пачалі развівацца. “Прыкладна так і было: мяне ўжо дарослую гэта вельмі ўразіла. Нешта цёплае і шчымлівае ў душы ўскалыхнулася… Памяць пра родных і дарагіх людзей. У бабулі, Ганны Данілаўны Зыбайла, выцінанкамі са шпалер былі ўпрыгожаны палічкі ў кладоўцы. На кухні палічку, дзе стаяла вазачка з цукеркамі, акаймоўвалі карункі. Як бабулі дома не было, мы, малыя, лазілі па тыя цукеркі. Здаралася, рвалі каруначкі… Бабуля здагадвалася, што мы там пахадзілі, прымушала новыя выразаць. Вось якія былі першыя мае ўрокі ў выцінанцы”. (Смяецца.)
Будуць унучкі — завядзём і авечак!
На тых знакавых для яе брэсцкіх курсах узгадалі-паказалі яшчэ, як сняжынкі з паперы выразаць. Такімі, дарэчы, і цяпер вокны ўпрыгожваюць у вясковых школах да Новага года. І я іх памятаю з дзяцінства, як і змайстраваныя ўласнымі рукамі з цукеркавых фанцікаў ды каляровай паперы ланцужкі на ёлку. Але ж адна справа — памятаць, і зусім іншая — паглыбіцца ў майстэрства ў сталым узросце, што называецца, з галавой: “Дадому вярнулася — і пачала рэзаць… То, можа, упаковак з пяць перарэзала ў шмаццё, пакуль стала хоць нешта ў мяне атрымлівацца. Пры знешняй простасці справы навык патрэбен, і ўседлівасць, і цярплівасць. І, вядома ж, калі развівацца, то вобразнае светаўспрыманне. А ўсё гэта мне ўласціва. Дарэчы, у маленстве я першую камізэлечку з шарсцяной пражы звязала ў гадоў пяць: ад мамы навучылася. І дзед, Васіль Зыбайла, быў майстрам добрым. Праўда, памёр маладым, калі маёй маме было сем гадоў. Але ж эстафету творчасці нам перадала яго жонка, Ганна Данілаўна. Не паверыце: мама зберагла і мне перадала праснічку з выразаным сонейкам на дошцы! Прылада такая: дошка, да якой воўна мацуецца, другая — пад прамым вуглом: каб сядзець на ёй і прасці. Дзед Васіль з душой майстраваў прасніцы. У бабулі была вялікая, а ў матулі маёй — малюсенькая, дзіцячая. Дзед іх паспеў дочкам зрабіць: маме і яе сястры Ніне. Мама праснічку сваю зберагла, і мы з ёю воўну пралі: авечак яна многа трымала. Сёння дзедава праснічка ў мяне дома. Чакаю: дачок няма — два сыны, халастыя абодва. Маю надзею, што калі-небудзь унучак дачакаюся”.
У такім настроі як не прадоўжыць тэму пераемнасці традыцый! Прасніца ёсць, унучкі чакаюцца, то і авечак трэба ж будзе завесці.
“Ну, як дачакаюся ўнучак, то, можа, і авечак завядзём!” — творча заглядае ў будучыню Наталля Міхайлаўна.
Дарэчы, дом у іх з мужам-сталяром Валерыем Сідаравічам свой, вялікі, двухпавярховы, у вёсцы Дубітава, што за чатыры кіламетры ад Косава. На работу ў дзіцячы сад народная майстрыха ездзіць на сваім аўто. І работы пры доме хапае таксама: вялікі прысядзібны ўчастак, прычым з вадаёмам зарыбленым, ёсць і цяпліца з агуркамі-памідорамі, растуць бульба, буракі, морква, цыбуля… Але ж на ўсё хапае ў яе пакуль сіл і часу, а галоўнае — жадання ўладкоўваць жыццё па законах мэтазгоднасці і прыгажосці. Вось і даводзіцца часам быць у розных месцах… у адзін і той жа час.
І тут яна, і там адначасова
І гэта ніяк не раздваенне асобы! Асаблівасць творчых людзей патлумачым на прыкладах. Быў час, калі Наталля Кулецкая адчула: трэба вучыцца далей. У 2008 годзе паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна, скончыла факультэт дашкольнай адукацыі. Потым у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў атрымала спецыяльнасць “Інтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі”. Таксама, што называецца, без адрыву ад педагагічнай дзейнасці: тут і там.
Згадвае, як на першы конкурс у Брэст ехала з невялікім творчым багажом: навыразала фіранак. Потым на конкурс “Пад дахам дома твайго” паехалі сям’ёй: муж прадставіў драўляныя вырабы, сын-школьнік Сяргей карціны, яна — выцінанкі. Тады, у 2013-м, Кулецкія атрымалі ў вобласці 2-е месца за сямейную творчасць. І пайшло! На конкурсы запрашаюць у тым ліку і буйныя. У 2019 годзе на “Славянскім базары ў Віцебску” Наталля Кулецкая атрымала гран-пры: “Прэзентавала калекцыю выцінанак “Народныя танцы”, зрабіла як дамашняе заданне. А ў Віцебску выканала работу “Тры дрэўцы на матуліным двары”. Рэзала прама на конкурсе, і тыя людзі, хто ў журы, глядзелі працэс. Дарэчы, гэта рэспубліканскі конкурс “Ажурныя мары”. Кожны год на “Славянскім базары” прысвячаюць нейкаму народнаму рамяству, і ў 2019-м гэта была выцінанка”.
І вось часам калі едзе майстрыха куды на конкурс ці выставу, то яе работы дэманструюцца ў іншым месцы. Сёлета было: яе запрасілі ў Маскву на вялікую выставу беларускіх народных рамёстваў, якая ладзілася ў Кацярынінскім садзе. А тым часам яе выцінанкі дэманстраваліся і на Купаллі ў Александрыі. Вось так, дзякуючы выцінанкам, Наталля Кулецкая ўсюды і паспявае. А цяпер ужо, як мы казалі, ёй і электронныя рэсурсы ў дапамогу.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара