У сталіцы сёння праходзіць Рэспубліканскі педагагічны савет. Самая актыўная і прагрэсіўная педагагічная грамадскасць краіны абмяркоўвае стан і перспектывы сістэмы адукацыі. Мы таксама далучаемся да важнай размовы і прадстаўляем меркаванні дэлегатаў — настаўнікаў, дырэктараў, выхавальнікаў.
Прызнанне з дзяржаўнай падтрымкай
Шлях да грамадскага і прафесійнага прызнання можа быць не такім доўгім і цярністым, калі тваё жаданне працаваць і развівацца падтрымліваюць вопытныя калегі, школьная адміністрацыя і дзяржава.
Настаўніца інфарматыкі і фізікі Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя І.П.Собалева Хрысціна Кустава ў педагогіцы шэсць гадоў, але яе прафесійных дасягненняў хапіла, каб без экзамену атрымаць вышэйшую катэгорыю. Усё з-за захаплення даследчай дзейнасцю.
— Стаць настаўніцай марыла з дзяцінства, таму пасля заканчэння школы без роздуму паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, які скончыла ў 2017 годзе. Затым год вучылася ў магістратуры (стала магістрам фізіка-матэматычных навук) і працавала ў Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна, педагогі якой зрабілі з мяне сапраўдную настаўніцу, здольную арганізоўваць і праводзіць эфектыўныя ўрокі, працаваць з дакументамі, наладжваць адносіны з бацькамі. Таму калі прыйшла працаваць у Акцябрскую школу, то была падкавана як метадычна, так і арганізацыйна.
Тут жа працягнула займацца з дзецьмі даследаваннямі. Мяне такая дзейнасць заўсёды захапляла і матывавала да развіцця, таму вырашыла далучаць да яе школьнікаў, каб дзяліцца з імі сваёй матывацыяй для росту. Акрамя таго, стымулюе актыўны ўдзел у конкурснай дзейнасці, якая ў нашай краіне ўвесь час развіваецца. Выдатна, калі ў маладых людзей ёсць магчымасць заявіць пра свае распрацоўкі ў межах конкурсу “100 ідэй для Беларусі” на ўсю краіну, а яшчэ атрымаць прызнанне з дзяржаўнай падтрымкай. Краіне патрэбны вынаходнікі, здольныя ў будучыні развіваць інавацыйную эканоміку і працаваць на карысць Радзіме.
У 2022 годзе мая вучаніца Лізавета Іванова ў гранд-фінале рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” прадставіла сваю распрацоўку — сэнсарную пальчатку для алічбоўкі жэстаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі — і перамагла ў намінацыі “Ахова здароўя”. Цяпер Лізавета — студэнтка медыцынскага ўніверсітэта. Яшчэ хочацца адзначыць работу Дзмітрыя Мельнікава, які вывучаў шляхі навігацыі з дапамогай компаса і GPS (для стварэння робата, які будзе ажыццяўляць дастаўку). Работу ацанілі дыпломам ІІ ступені ў секцыі па інфарматыцы на 27-й Рэспубліканскай канферэнцыі.
Вельмі хочацца далучыць да такой дзейнасці як мага больш дзяцей, таму шукаю розныя метады і шляхі для павышэння цікавасці да праектнай дзейнасці. Напрыклад, можна даваць вучням тэхналагічныя заданні (займаюся іх распрацоўкай даўно), якія апісваюць праект. Акрамя таго, у іх утрымліваюцца падказкі, якія дапамагаюць накіраваць вучня ў рэалізацыі праекта.
Планы на новы навучальны год вялікія. Закуплены новыя наборы Arduino Uno, (с) датчыкі, таксама і канструктары СП 32 (з платай ESP 32 САМ), за што вялікі дзякуй адміністрацыі школы. Думаю, што разам з дзецьмі зможам дасягнуць новых вяршынь. Будзе выдатна, калі і сярод калег знойдзецца больш аднадумцаў. Інфармацыйны абмен будзе спрыяць прафесійнаму росту, што дазволіць павысіць якасць адукацыі, — расказала Х.Кустава.
Залатыя вяршыні
Настаўніца гімназіі № 10 Маладзечна Аксана Каляда: “У краіне вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі
і матываванымі навучэнцамі”.
Пералічваючы перамогі на міжнародных алімпіядах па хіміі, з якімі на працягу апошніх шасці гадоў вяртаюцца яе вучні, Аксана Каляда адзначае, што выканала абяцанне, якое дала сабе, калі праводзіла свой першы ўрок: захапіць хіміяй кожнага навучэнца, а з тымі, хто праявіць павышаную цікавасць да прадмета, будзе падымацца да залатых вяршынь.
Сёння работа з адоранымі дзецьмі — любімы кірунак Аксаны Каляды. Перш чым узяць на сябе гэтую адказную работу, настаўніца доўга назірала за калегамі, якія ўжо без боязі дзейнічалі ў гэтай сферы. Педагог прызнаецца: калі рыхтуеш вучняў да алімпіяды, пачынаеш ацэньваць кожны свой настаўніцкі крок.
Гісторыя высокіх прафесійных дасягненняў Аксаны Каляды і гучных перамог яе таленавітых хімікаў пачалася з Івана Мамчыца. Затым былі Аляксандр Шарайчук і Павел Батура. Але за кожным з іх — асоба настаўніка.
“У краіне вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі і матываванымі навучэнцамі, падтрымцы і развіццю іх талентаў, — зазначыла А.Каляда. — Гэтаму ў тым ліку спрыяюць шматлікія конкурсы, алімпіяды, зборы ў абласных лагерах для адораных і высокаматываваных дзяцей “SMART CAMP”, “Біт”, адукацыйныя змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Штогод навучэнцы, якія на паглыбленым узроўні вывучаюць хімію, праходзяць у ім навучанне па кірунках “Біятэхналогія” і “Зялёная хімія”.
Педагог звярнула ўвагу, што паспяховаму ўдзелу вучняў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах спрыяе вялікая праца, якая вядзецца на працягу апошніх гадоў і ўключае ў сябе арганізацыйныя і метадычныя мерапрыемствы, псіхолага-педагагічнае, сацыяльнае і фінансавае суправаджэнне.
“Што тычыцца нашай установы, то ў гімназіі № 10 па ўсіх вучэбных прадметах, у тым ліку і па хіміі, на працягу ўсяго навучальнага года працуе інтэлектуальная школа “Тытул”, — дадала педагог. — У перыяд падрыхтоўкі да заключнага этапу алімпіяды праводзяцца зборы, на якіх выкладчыкі УВА чытаюць лекцыі і вядуць практычныя заняткі. Такім чынам, толькі сістэмная работа з адоранымі дзецьмі пры пастаяннай падтрымцы дзяржавы прыносіць выдатныя вынікі”.
Да практыка-арыентаванага навучання
З педагагічнай дзейнасцю жыццё настаўніка гісторыі Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Рыты Мішынай трывала звязана ўжо 36 гадоў.
— Сістэма адукацыі — адзін са складнікаў ідэалогіі беларускай дзяржавы. Навучальныя ўстановы — значныя звёны ідэалагічнага механізма, бо менавіта тут у свядомасць маладога пакалення закладваюцца традыцыйныя каштоўнасці, фарміруецца грамадзянскасць і патрыятызм. Па гэтай прычыне настаўнік у школе сёння мусіць быць у першую чаргу асобай, чалавекам, які можа стаць прыкладам для вучняў. У педагогу павінны спалучацца прафесіяналізм, адданасць сваёй справе, любоў да Радзімы і актыўная грамадзянская пазіцыя. Калі настаўнік сам усведамляе сацыяльную адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, — гэта будуць пераймаць і яго навучэнцы.
З педагагічнай дзейнасцю маё жыццё трывала звязана ўжо 36 гадоў. За гэты час у сферы адукацыі прайшло шмат змяненняў. Змяніліся і самі дзеці. Вучні не сталі лепшымі ці горшымі. Проста цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі іншыя. І нам, педагогам, трэба шукаць да іх падыход.
Галоўная задача настаўніка з гадамі не мяняецца. Важна разгледзець патэнцыял кожнага навучэнца і ўсяляк садзейнічаць яго самарэалізацыі: падтрымліваць, накіроўваць, выхоўваць.
Лічу значным, што наша сістэма адукацыі развіваецца, поўнасцю адпавядае рэаліям, улічвае выклікі сучаснасці. Апошнім патрэбным новаўвядзеннем стаў пераход да цэнтралізаванага экзамену. Першапачаткова навіну аб ЦЭ педагогі, навучэнцы і бацькі ўспрынялі з асцярожнасцю. Былі і праяўленні непрымання. Аднак усё спазнаецца ў параўнанні. Як аказалася, ЦЭ матывуе навучэнцаў і дапамагае ім пазбегнуць лішніх хваляванняў. Вельмі правільным стала прадастаўленне магчымасці пераздаць экзамен і ўсё ж атрымаць атэстат тым, хто першапачаткова паказаў вынік 0 балаў. Гэта будзе стабілізаваць псіхаэмацыянальны стан выпускнікоў, пасадзейнічае іх усвядомленаму прафесійнаму выбару. Адметна, што істотнае змяненне знойдзе адлюстраванне ў Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, бо наша грамадства ведае: усе пытанні, зафіксаваныя заканадаўча, абавязкова будуць рэалізаваны.
Аналізуючы вынікі правядзення цэнтралізаванага экзамену, прыйшла да высновы: трэцюю ступень агульнай сярэдняй адукацыі можна зрабіць выключна профільнай. Навучэнцы профільных класаў паказваюць больш высокія балы, чым тыя, хто вучыўся на базавым узроўні. Паглыбленае вывучэнне профільных прадметаў дазволіць вучням набываць неабходны аб’ём ведаў для атрымання будучай прафесіі. Выбіраючы пэўны профіль, навучэнцы ўжо будуць разумець, у якім напрамку прадоўжаць адукацыю. Абсалютна правільны крок — замацаванне прафесійных класаў за пэўнымі ўніверсітэтамі. Гэта дапаможа школьнікам канкрэтна і дакладна вызначацца са сваёй далейшай адукацыйнай траекторыяй. Такім чынам мы хутка прыйдзем да практыка-арыентаванага навучання.
У тандэме з сям’ёй
“Выгадаваць патрыёта сваёй краіны — галоўная задача бацькоў і педагогаў”, — лічыць Вольга Вітко, загадчыца
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 36 Мінска.
— Адным з актуальных пытанняў дашкольнай адукацыі на сучасным этапе з’яўляецца фарміраванне асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэты працэс складаны і шматгранны.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі праводзіцца сістэмная мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку. Патрыятычнае выхаванне адбываецца ў працэсе ўзаемадзеяння дарослых і дзяцей у сумеснай дзейнасці і зносінах, накіраваных на раскрыццё і фарміраванне ў маленькіх грамадзян краіны агульначалавечых якасцей асобы, выхаванне грамадзянскасці і росквіту, далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей і вытокаў культуры. Гэтыя пачуцці і якасці, якія дапамогуць дзіцяці дашкольнага ўзросту вырасці годнай асобай і грамадзянінам сваёй краіны, павінны фарміравацца не толькі ва ўмовах установы адукацыі, але і ў сям’і. Як бы педагогі ні імкнуліся змагацца за падрастаючае пакаленне, якія б дзяржаўныя праграмы ні прымалі, асноўным застанецца сямейнае выхаванне. Сям’я — гэта пачатак усяго. У сям’і дзеці атрымліваюць першыя ўрокі дабра, абавязку, міласэрнасці, патрыятызму і грамадзянскасці.
Роля сям’і ў патрыятычным выхаванні дзіцяці часта не ўсведамляецца самімі бацькамі. Таму педагогам устаноў дашкольнай адукацыі неабходна далучаць законных прадстаўнікоў выхаванцаў да прадукцыйнага, канструктыўнага супрацоўніцтва ў гэтым кірунку, што дазволіць бацькам змяніць ролю назіральнікаў на ролю суаўтараў і саўдзельнікаў адукацыйнай дзейнасці. Гэтую праблему можна і трэба вырашаць не толькі з дапамогай выкарыстання і дасведчанага напаўнення інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы, але і шляхам далучэння законных прадстаўнікоў выхаванцаў да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Напрыклад, да стварэння тэматычных стэндаў, музеяў, экспазіцый, фотавыстаў. Бо гісторыя краіны адлюстроўваецца і ў гісторыі сям’і, роду, у лёсе блізкіх людзей. Ці ведаюць яны, за што іх прадзядуля і прабабуля атрымалі медалі? Ці ведаюць яны сваіх знакамітых продкаў? Дзіцяці пра гэта трэба расказваць, паказваць сямейныя рэліквіі (ордэны, медалі, нататкі з газет, фотаздымкі, пісьмы, вершы, апавяданні, кнігі і г.д.), паказваць залежнасць паміж дзейнасцю аднаго чалавека і жыццём усіх людзей, праз малое вялікае — вось што важна для выхавання маральна-патрыятычных пачуццяў дзяцей дашкольнага ўзросту. Так, у нашай установе ў рамках акцыі “У страі заўсёды, у памяці навечна!” аформлены адпаведны фотастэнд. На стэндзе размешчана інфармацыя пра сваякоў выхаванцаў установы, якія абаранялі нашу Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Асаблівую значнасць у выхаванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры набывае сумесны ўдзел у дзяржаўных святах і агульнарэспубліканскіх святочных днях. Напрыклад, традыцыйна ў нашай установе з актыўным удзелам бацькоў праводзіцца квест-гульня “Дарогамі Перамогі”, прысвечаная святкаванню
9 Мая. У кульмінацыі свята ўсіх удзельнікаў чакае пачастунак — сапраўдная салдацкая каша і гарачы чай. На працягу 2 гадоў нашы выхаванцы разам са сваімі бацькамі ўдзельнічаюць у акцыі, прысвечанай Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Сумеснае святкаванне падзей, звязаных з гісторыяй і культурай краіны, фарміруе гордасць і асновы патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту, спрыяе ўсведамленню сваёй прыналежнасці да беларускай культуры і яе спадчыны. І што самае важнае, дзіця бачыць “грамадзянскае аблічча” сваёй сям’і. Сям’я і соцыум, маючы свае асаблівыя функцыі, не могуць замяніць адно аднаго і павінны ўзаемадзейнічаць у імя аднаго — паўнавартаснага развіцця дзіцяці. Выгадаваць патрыёта сваёй краіны — галоўная задача бацькоў і педагогаў, і яна можа быць паспяхова вырашана толькі ў сумесным узаемадзеянні сям’і і педагагічнага калектыву.
Пры поўнай самааддачы
У прафарыентацыйнай рабоце важна будаваць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж школамі і УВА, упэўнены Уладзімір Міхальчык, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы.
— Упершыню прымаю ўдзел у рэспубліканскім форуме такога фармату. Гэта вельмі хвалююча і адначасова адказна — быць сярод запрошаных прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці ў сталіцу.
Мы сёння пачуем пра асноўныя вектары развіцця сістэмы адукацыі на розных узроўнях. І, вядома, вызначым для сябе напрамкі, над якімі трэба працаваць у справе павышэння якасці адукацыі.
Для мяне мінулы навучальны год быў вельмі насычаным у прафесійным плане. Марафон пад назвай “Настаўнік года — 2023” завяршыўся ў верасні. Яго фінальныя 10 дзён варты таго, каб пражыць іх у цесным узаемадзеянні з калегамі з усёй краіны. Конкурс дапамог праявіць, а ў нечым і раскрыць сябе. З вялікім гонарам прывёз у раён крыштальнага жураўля.
Шчыра кажучы, у мяне была даўняя мара ўбачыць свой партрэт на раённай Дошцы гонару. І ўдзел у самым прэстыжным прафесійным конкурсе, а дакладней, перамога ў яго абласным этапе, дапамаглі ў ажыццяўленні яшчэ і гэтага жадання.
У мінулым навучальным годзе быў настаўнікам для маладых педагогаў не толькі роднай установы адукацыі. Творчая каманда маладых спецыялістаў Свіслацкага раёна стала прызёрам міжнароднага фестывалю “Прызванне — педагог”.
З вялікай цікавасцю будую работу з калегамі, якія пачынаюць свой шлях у прафесіі. Гэта адначасова прыемная магчымасць дзяліцца вопытам, заваёўваць іх давер і разам з тым нешта запазычваць для сябе.
Усе яны актыўныя, крэатыўныя і зацікаўлены ў прафесійным росце. Зачароўвае яркі бляск у іх вачах. Імкнуся дапамагчы захаваць гэты бляск на многія гады, бо без яго немагчыма ў педагогіцы. Гэта тая прафесія, якая прыносіць карысць і вынік толькі пры поўнай самааддачы.
Лічу, што для сапраўднага настаўніка навучальны год заканчваецца 31 жніўня, а пачынаецца 1 верасня. Абапіраючыся канкрэтна на свой вопыт, магу сказаць, што нават лета ў настаўніцтве — час актыўнай працы. Разам са сваімі вучнямі якраз у разгар канікул, напрыклад, прыняў актыўны ўдзел у анлайн-віктарыне “Захоўваючы памяць” на адукацыйнай платформе SkyBel. Па выніках толькі гэтага спаборніцтва інтэлектуалаў заваявалі 44 дыпломы рэспубліканскага ўзроўню І—ІІІ ступеней.
Акрамя таго, напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы ажыццявілі велапаход па мясцінах баявой славы. Як настаўнік гісторыі да арганізацыі падобных мерапрыемстваў стаў-
люся з вялікай адказнасцю, бо гэта магчымасць даць дзіцяці доўгатэрміновыя веды. Тыя, што адкладуцца ў свядомасці і ўспрыманні мінулага значна лепш, чым прапанаваныя падчас вучэбных заняткаў.
Калі б у мяне была магчымасць падысці да адкрытага мікрафона, то абавязкова закрануў бы пытанне пашырэння экскурсійнай дзейнасці, а таксама прафарыентацыйнай работы з моладдзю, у якой, на мой погляд, важна будаваць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж школамі і ўстановамі вышэйшай адукацыі.
Cохранить духовный стержень
Людмила Филонюк, директор гимназии Дрогичина:
— Отечественное образование базируется на укреплении ведущих принципов развития белорусской школы. А образование в интересах устойчивого развития обеспечивает возможность участия каждого человека в повышении качества собственной жизни и жизни общества. В стране на практике реализуется принцип “образование через всю жизнь”.
Президент Беларуси Александр Лукашенко не раз говорил: “Время выбрало нас”. Поэтому в современных реалиях мы должны не только давать качественное образование, но прежде всего воспитывать в детях осознанное стремление сохранить мир в своей стране, традиции и духовный стержень.
Учебные заведения создают условия для развития, саморазвития и самореализации учащихся. В процессе воспитания на первое место выходят любовь и уважение к Отечеству, народу, языку, культуре, обычаям. Поэтому очень важно формировать у молодежи патриотическое самосознание, готовность к выполнению гражданского долга по защите интересов Родины.
Сегодня в учреждениях образования введена должность руководителя по военно-патриотическому воспитанию. Это грамотное и разумное решение в организации воспитательного пространства.
Эффективность и конкурентоспособность образовательной организации, ее стабильное развитие невозможно без кадров. Более 90% педагогов нашей гимназии имеют высшую и первую категорию, а также квалификационную категорию “учитель-методист”.
Профильное обучение позволяет наиболее полно учитывать как интересы и способности учащихся, так и потребности общества и государства в формировании социально активной и творческой личности. В нашей гимназии организовано профильное обучение по трем моделям, открыты педагогические и инженерные классы.
Современной Беларуси нужны граждане, способные максимально реализовать свой потенциал в профессиональной деятельности, чтобы приносить пользу обществу. Этим объясняется актуальность проблемы развития функциональной грамотности.
Гимназия Дрогичина идет в ногу со временем и активно участвует в инновационной деятельности. Так, педагоги реализуют проект, связанный с функциональной грамотностью и цифровизацией всех направлений работы учреждения.
Много времени учителя уделяют общению с учащимися вне учебных занятий. Классные руководители отслеживают безопасное поведение детей в интернете, поскольку хорошо понимают, что отвечают за психологический климат в коллективе и что результат их работы — это безопасность молодого поколения.
В нашем учреждении сложилась результативная система работы с высокомотивированными учащимися. Созданная образовательная среда способствует раскрытию способностей каждого ребенка, его природных задатков, реализации разносторонних интересов и склонностей. В гимназии организована творческая и исследовательская работа с одаренными детьми. Кроме познавательного и развивающего значения, самостоятельная исследовательская деятельность способствует успешной социально-психологической адаптации учащихся. Все это приводит к высоким достижениям в конференциях, конкурсах, интеллектуальных играх и спортивных соревнованиях.
Ежегодно выпускники гимназии поступают в престижные вузы страны. В этом году учащиеся показали высокие результаты при сдаче централизованных экзаменов и централизованного тестирования: семь стобалльных сертификатов. А выпускница Анна Третьяк показала максимальный результат — 400 баллов.
Быць прыкладам
Дырэктар Уборкаўскай сярэдняй школы Лоеўскага раёна Рыгор Мельчанка, уладальнік нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Беларусі, аналізуючы свой вопыт працы ў якасці кіраўніка, разважае пра будучыню сельскай адукацыі.
У свой час кар’ера Рыгора Мікалаевіча пачалася імкліва, маладому спецыялісту з першых дзён даверылі кіраваць сельскай школай. Так, ён адданы прафесіі ўжо больш за 38 гадоў. Як ні дзіўна, дырэктар не настальгіруе аб мінулым, а з аптымізмам глядзіць наперад і адкрывае для сябе і педагагічнага калектыву, выхаванцаў новыя гарызонты. Рыгор Мікалаевіч — актыўны чалавек, які хутка ўключаецца ў работу, жыве школьным жыццём. Яго паважаюць і шануюць калегі, аднавяскоўцы. Характарызуючы развіццё галіны адукацыі ў сучасных умовах, ён акцэнтуе ўвагу на дзяржаўнай падтрымцы, сацыяльнай справядлівасці і роўным доступе да адукацыі. Адкрыта гаворыць пра свае погляды і каштоўнасці, а таксама падкрэслівае, што настаўнікі, адданыя сваёй справе, не толькі прывіваюць любоў да прадмета, але і шмат у чым дапамагаюць моладзі вызначыцца з жыццёвым шляхам:
— Наша сельская школа размешчана ў аграгарадку Уборак, аднак яна нічым не саступае вядучым гарадскім школам. Вялікую ўвагу педагогі ўдзяляюць прафесійнай падрыхтоўцы дзяцей. У мінулым навучальным годзе выпускнікі атрымалі дакументы аб сярэдняй адукацыі, а яшчэ асвоілі прафесіі трактарыста, праграміста, агародніка. Усё дзякуючы вучэбнай праграме ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне”, па якім прадугледжаны гадзіны на тэарэтычнае, вытворчае навучанне, у тым ліку і на вытворчую практыку. Выхаванцы, якія паспяхова завяршылі курс навучання і здалі кваліфікацыйны экзамен, атрымалі пасведчанні аб падрыхтоўцы. Акрамя таго, у нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца здароваму ладу жыцця, фізічнай актыўнасці дзяцей. У шосты школьны дзень праводзяцца культурна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя, выхаваўчыя, а таксама факультатыўныя заняткі. Субота ў вучняў загружана з карысцю.
Шмат зроблена для таго, каб адукацыя была якаснай і даступнай. Сёння школа поўнасцю аснашчана сучасным абсталяваннем: ёсць камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, вучэбныя кабінеты ўкамплектаваны неабходнай тэхнікай. Напрыклад, у гэтым годзе ў кабінеце абслуговай працы ўстаноўлены швейныя машыны, прасавальныя дошкі, халадзільнае абсталяванне, ёсць неабходная кухонная мэбля. Раней пры словазлучэнні “сельская школа” міжволі ўяўляўся невялікі драўляны будынак, маленькія класы, настаўніца з добрымі вачамі, якая нешта піша на дошцы… Так было ў мінулым. Гады ідуць, дзесяцігоддзі змяняюцца, развіваецца Беларусь, удасканальваюцца і сельскія ўстановы.
Уборкаўская сярэдняя школа асаблівая. Тут вельмі берагуць родную мову, гісторыю і традыцыі роднага краю, ствараюць спрыяльную атмасферу для дзіцяці, а адміністрацыя, настаўнікі і бацькі цесна ўзаемадзейнічаюць адно з адным. З дзіцячага сада і 1 класа хлопчыкам і дзяўчынкам прывіваюць пачуццё гордасці за Беларусь. Школа выхоўвае чалавека клапатлівага, добрага, які любіць сваю Радзіму. Тут настаўнікі не проста працуюць, яны жывуць і прысвячаюць сябе дзецям, аддаючы ім сваю душэўную цеплыню, расстаўляючы арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам.
Фішка нашай установы — рэгулярнае правядзенне мерапрыемства “Дзень дырэктара”, падчас якога ганаровыя госці могуць азнаёміцца з поспехамі і дасягненнямі навучэнцаў.
Кожнае дзіця адоранае, задача дарослых — раскрыць яго здольнасці і таленты. Нашы школьнікі заяўляюць аб сабе на спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У Дзень ведаў за партамі сельскай установы зручна ўладкуюцца 42 навучэнцы, 18 выхаванцаў будуць займацца ў групах дзіцячага сада. Вучыць і выхоўваць іх будуць 19 педагогаў, у тым ліку з вышэйшай катэгорыяй. Папаўняюць педагагічную сям’ю і маладыя спецыялісты, якія ўмеюць працаваць, рухацца наперад, а галоўнае — вельмі любяць сваю справу.
Перад пачаткам навучальнага года жадаю моцнага здароўя, дабрабыту неабыякавым выкладчыкам, якія здольны весці нацыянальную адукацыю на больш высокі ўзровень, забяспечыць яе канкурэнтаздольнасць. Кожнаму з прадстаўнікоў высакароднай прафесіі жадаю расці, удасканальвацца, не спыняцца на дасягнутым. Бо ў сістэме адукацыі заўсёды трэба развівацца, успрымаць новае, працаваць над сабой і атрымліваць добрыя вынікі ад навучэнцаў.
Падрыхтавалі Наталля КАЛЯДЗІЧ, Кацярына МАЦЕВІЧ, Ганна СІНЬКЕВІЧ, Вольга ДУБОЎСКАЯ, Наталля САХНО, Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА, Ганны СІНЬКЕВІЧ, Кацярыны МАЦЕВІЧ і прадастаўлены суразмоўнікамі