Якасць арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі абмеркавалі ў Віцебску

- 10:02Актуально

Пытанні фарміравання прававой культуры і грамадзянскай адказнасці ў навучэнцаў каледжаў абмеркавалі на рэспубліканскім семінары-­практыкуме ў Віцебску, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння яго ўдзельнікаў запрасілі на творчыя пляцоўкі. Так, Віцебскі абласны цэнтр развіцця прафесійнай адукацыі прадставіў яркую панараму дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і педагогаў каледжаў рэгіёна з майстар-класамі па лозапляценні, кераміцы і разьбе па дрэве. Шчырае захапленне ва ўсіх прысутных выклікала прэзентацыя народнага тэатра моды “Стыль” Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.

— Фарміраванне прававых кампетэнцый і грамадзянскай адказнасці навучэнцаў каледжаў у сучасных умовах набывае прыярытэтнае значэнне, — падкрэсліў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак. — Правільна арганізаванае прававое выхаванне забяспечвае падрыхтоўку навучэнцаў да самастойнага жыцця і паўнавартаснага ўдзелу ў сацыяльных пра­цэсах, выпрацоўку ўмення выбі­раць канструктыўную мадэль паводзін і міжасабовага ўзаемадзеяння. Установамі адукацыі ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі забяспечваецца комплексная мэтанакіраваная работа па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, аказанні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі навучэнцам, фарміраванні ўстойлівай матывацыі да законапаслухмянага ладу жыцця. Мы павінны знаходзіць спосабы, метады і формы работы, якія дазваляюць звесці да мінімуму негатыўныя фактары, што ўплываюць на моладзь. Адным з вядучых напрамкаў прафілактыкі павінна стаць арыентацыя не толькі на папярэджванне фактараў рызыкі ўзнікнення асацыяльных паводзін, але і на станоўчы эфект, які дасягаецца шляхам актыўнага ўключэння непаўналетніх у дзейнасць маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і ваенна-патрыятычных клубаў, грамадска-карысную і праваахоўную работу.

Аляксандр Мацюшонак падрабязна прааналізаваў тэндэнцыі і новыя выклікі ў выхаваўча-прафілактычнай рабоце, якія патрабуюць неадкладнага комплекснага рэагавання, прывёў статыстыку зафіксаваных правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, адзначыў прыклады эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння па папярэджванні, выяўленні фактаў парушэння заканадаўства і прыняцці адпаведных мер. У прыватнасці, у бягучым годзе пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі быў абмежаваны доступ да 190 рэсурсаў наркатычнага кантэнту, ліквідавана 17 інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў, пры гэтым затрыманы як іх кіраўнікі, так і ўвесь ланцужок распаўсюджвальнікаў. Таксама прадстаўнік Міністэрства адукацыі праінфармаваў аб ініцыіраваных па даручэнні кіраўніка ведамства змяненнях у падыходах да выхаваўчай работы, што будзе адлюстравана ў тым ліку ў распрацаваным сумесна з РІПА пісьме да пачатку навучальнага года і дадатку да яго.

Пытанням якасці арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці ў парадыгме “сістэма — працэс — вынік” прысвяціў сваё выступленне начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. На фарміраванні прававых кампетэнцый і грамадзянскай адказнасці ў навучэнскай моладзі як асновы павышэння якасці выхаваўча-прафілактычнай работы засяродзіла ўвагу начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ў сістэме прафесійнай адукацыі РІПА Святлана Бутрым.

Асаблівая ўвага была скіравана на вопыт работы каледжаў паўночнага рэгіёна, прадстаўлены ў фармаце інтэрактыўных пляцовак. Напрыклад, дырэктар Віцебскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алеся Вавілонская расказала пра рэалізацыю абласнога праекта па прававым выхаванні “Будучыня без правапарушэнняў”, намеснік дырэктара Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ала Рыхлова прадставіла інфармацыйна-прафілактычны праект “Права. Адказнасць. Здароўе”. Яе калегі, Святлана Каралёва з Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа і Ганна Кунцэвіч з Полацкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, разам з навучэнскім актывам паказалі, як развіваюцца мала­дзёжныя ініцыятывы ў праваахоўнай дзейнасці на прыкладзе антынаркатычнага атрада і якім чынам прававыя кампетэнцыі фарміруюцца праз валанцёрскі рух.

Зацікаўлена абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара і вопыт станаўлення грамадзянскай адказнасці праз работу ваенна-патрыятычнага клуба, магчымасці форум-тэатра ў фарміраванні прававой культуры, што прэзентавалі сумесна з навучэнцамі намеснік дырэктара Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Ніна Лапцоўская і яе калега з Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Юлія Абадова на пляцоўцы “Адказнасць пачынаецца з цябе”.

Дынамічнага спартыўнага пазітыву дабавілі ў палітру вопыту гаспадары семінара: на пляцоўцы “Чэлендж #за_спорт” кіраўнік фізічнага выхавання Алена Шаманава і навучэнцы ВДТК наглядна прадэманстравалі, як выкарыстоўваецца багатая спартыўная інфраструктура ўстановы адукацыі. Алена Аляксееўна падрабязна спынілася на важнай ролі спартыўнага складніка ў прафілактыцы дэструктыўных паводзін моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара