Вучоны, грамадскі і палітычны дзеяч, ён імкнецца данесці да чытача свой погляд на рэчаіснасць, за якім паўстае багаты жыццёвы вопыт чалавека і пісьменніка, публіцыста, шчырага і адкрытага ў сваіх ацэнках часу і самых розных падзей. Увазе чытачоў “Настаўніцкай газеты” прадстаўляем старонкі новай публіцыстычнай кнігі Аляксандра Радзькова “Гарады”. У хуткім часе яна пабачыць свет у выдавецтве “Беларусь”.

Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў — пастаянны аўтар часопісаў “Нёман”, “Полымя”, “Маладосць”, газет “Звязда”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”. Выступае на старонках гэтых выданняў з артыкуламі, гутаркамі. А яшчэ згаданыя выданні з зайздроснай перыядычнасцю прадстаўляюць чытачу ўрыўкі з яго новых кніг. Публікацыі, змешчаныя ў “Настаўніцкай газеце”, заўсёды маюць асаблівы розгалас. Аляксандр Радзькоў — вядомы ўсёй краіне рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, чалавек, які і сёння нераўнадушны да сістэмы адукацыі, шчыра перажывае за яе развіццё.
Прадмова
Жыццё кожнага чалавека так ці інакш звязана з вялікімі і малымі гарадамі, айчыннымі і замежнымі, правінцыйнымі і сталічнымі. Нават калі ты нарадзіўся ў вёсцы, з часам зразумеў, што жыццё ў сельскай мясцовасці табе генетычна блізкае і па ўсіх кірунках прыцягальнае, усё роўна не абыдзешся без горада. Туды абавязкова давядзецца з’ездзіць па розных неадкладных справах, ці проста на экскурсію, ці на вучобу для атрымання прафесіі, ці паглядзець, як уладкавалі сваё жыццё твае дзеці. Прыцягальнасць і магчымасці гарадскога жыцця рана ці позна выцягнуць з родных вясковых мясцін калі не цябе, дык тваіх дзяцей ці ўнукаў. Магчыма, не ўсіх, але абавязкова выцягнуць. Асабліва калі гораду раптам спатрэбіліся ў вялікай колькасці рабочыя рукі, калі там вырашылі разгарнуць будаўніцтва буйнога завода, як, напрыклад, аўтамабільнага ў Мінску ці хімічнага ў Магілёве.
Калі ж ты нарадзіўся ў горадзе, то адразу прасякнуты дынамікай яго жыцця — інтэнсіўнымі зносінамі, высокімі хуткасцямі перамяшчэнняў, уяўным адчуваннем натуральнага адбору пры пошуку свайго месца ў грамадстве. Ты ў гэтай дынаміцы з самага пачатку жывеш і адмовіцца ад яе ўжо не здольны. Таму гараджане рэдка ад’язджаюць жыць у вёску, а вось адток вясковага люду ў горад не спыняецца.
Я гарады спазнаваў і асвойваў паступова, паслядоўна і… няпроста. Да сямі гадоў жыў з бабуляй у зусім невялікай, але вельмі прыгожай вёсачцы. Яна размяшчалася на высокім беразе Дняпра з яго імклівай быстрынёй, ціхімі старымі рэчышчамі і неабсяжнымі заліўнымі лугамі. Сядзець на высокім беразе і проста глядзець на гэтую невымоўную прыродную прыгажосць і быў на той час самы прыцягальны для мяне занятак.
Пасля сямі гадоў бацькі забралі мяне да сябе ў рабочы пасёлак торфапрадпрыемства “Чырвоная Беларусь”, што зусім побач з горадам Быхавам. Першае наведванне гэтага пасёлка мяне агаломшыла. Перш за ўсё багаццем яркага электрычнага асвятлення. Мы ж з бабуляй жылі пры газавай лямпе, а тут вечарам і ноччу ў кватэры і нават на вуліцы гэтак жа светла, як днём. А пры ўездзе ў пасёлак усіх сустракае высокая, ілюмінаваная электрычнымі лямпачкамі арка.
У гэтым пасёлку маё дзіцячае ўяўленне адразу ўразілі двухпавярховыя дамы, роўныя і шматлікія вуліцы, мноства аўтамабіляў, трактароў і зусім не знаёмай мне тэхнікі, чыгуначная вузкакалейка з акуратнымі вагончыкамі, вялікі клуб з кіназалай, парк з танцпляцоўкай і духавым аркестрам, пяць профільных магазінаў, вялікая сталовая, добраўпарадкаваны і дагледжаны стадыён, прыгажуня двухпавярховая белакаменная школа, кіёск, у якім дарослым налівалі піва, а дзецям накладвалі марожанае ў хрумсткія вафельныя кубачкі.
Пасля маёй маленькай і небагатай вёскі Вотні пасёлак Чырвоная Беларусь мне здаўся казкай. Але гэта ж яшчэ не горад! Мае бацькі, як і ўсе жыхары пасёлка, трымалі карову, свіней, курэй і гусей, садзілі бульбу. Вакол пасёлка быў прыгожы і багаты на ягады і грыбы лес. Для дзетвары, нягледзячы на занятасць хатняй гаспадаркай, поўнае раздолле.

Наш рабочы пасёлак займаў прамежкавае месца паміж горадам і вёскай, а горад ужо вабіў, уяўна паказваў свой маштаб і таямнічую прыцягальнасць. Старажытны беларускі Быхаў быў за дзесяць кіламетраў ад нас. І там з аэрадрома ўздымаліся магутныя ракетаносцы, якія пасля выканання заданняў заходзілі на пасадку прама над нашым пасёлкам. Вось Быхаў і стаў для мяне першым горадам, з якім я пазнаёміўся. Пасля былі Жодзіна, дзе працаваў старэйшы брат, горад вучобы і працы Магілёў, горад армейскай службы Мінск, потым — гарады навуковых канферэнцый, наведванне гарадоў па доўгу дзяржаўнай службы, падарожжы ў час адпачынку, паездкі да родных і сяброў…
Некаторыя гарады, на жаль, толькі прамільгнулі. Але шмат аказалася і такіх, якія запалі ў памяць сваім каларытам, гісторыяй, знакамітымі мясцінамі, помнікамі і, канечне ж, людзьмі. Мне захацелася расказаць пра гарады, якія сталі для мяне блізкімі. Пра тое, чым яны мне запомніліся, чым да гэтай пары ўражваюць — старажытнай гісторыяй ці рэдкім помнікам культуры, цікавай для мяне падзеяй ці сустрэчай з незвычайным чалавекам, нязбытнай марай ці вынікам дзелавой сустрэчы. Буду рады, калі мае апавяданні пра гарады майго жыцця і чытача падштурхнуць да ўласных успамінаў пра гэтую канцэнтрацыю чалавечага жыцця ва ўсіх яго праявах.
Крычаў
У студэнцтве на працягу навучальнага года мы нікуды не выязджалі. Падарожнічаць было не па кішэні, а ў камандзіроўкі нас не адпраўлялі. Таму чакалі лета і работы ў студэнцкім будатрадзе. Пасля другога курса Генадзь Пятроўскі будатрад не фарміраваў, быў заняты іншымі справамі, і мы вырашылі сваёй кампаніяй запісацца ў атрад да Віктара Будзянкова. Ён жыў па суседстве з намі ў інтэрнаце, быў на курс старэйшы і ўвогуле выклікаў давер. Накіроўваўся будатрад на завяршэнне будоўлі сярэдняй школы ў вёсцы каля Крычава. Прызнацца, самі мы над аб’ёмам і коштам будучых работ не задумваліся, даверыліся камандзіру і камісару, студэнтцы філалагічнага факультэта Людміле Дземянчук. Нас падвяло і тое, што Люся была блізкай сяброўкай сакратара камітэта камсамола інстытута Таісіі Салодкай, і мы былі ўпэўнены, што яны ўдзвюх забяспечаць нам добрую для заробку дамоўленасць. Пралічыліся! І вельмі моцна!

Літаральна ад Крычава пачыналіся вёскі, якія ішлі адна за другой: Бель Першая, Бель Другая, Бель Трэцяя і Лабковічы. Усе яны размяшчаліся стужкай уздоўж ракі Сож. У Лабковічах мы і павінны былі заняцца аддзелачнымі работамі ў новай школе: тынкоўкай, афарбоўкай, насцілам падлогі. А перад гэтым ачысціць узведзены будынак ад рознага будаўнічага смецця. Працы шмат, але за прыбіранне плацяць зусім капейкі, а аддзелачныя работы патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі і адпаведнага вопыту. Для будатрадаў болей падыходзілі бетонныя работы, узвядзенне сцен, мантаж канструкцый, прычым пераважна на прамысловых аб’ектах, кароўніках, свінарніках. Там можна было зарабіць. А тут школа…
У выніку напрыканцы лета мы атрымалі на рукі па 120 рублёў. Але само лета засталося ў памяці надоўга. Нас пасялілі ў драўляным будынку старой школы ў Лабковічах на высокім беразе ракі Сож. Гэта яшчэ адна найпрыгажэйшая беларуская рака. У тых мясцінах яна крыху большая за Друць, але вельмі павольная, з берагамі, багатымі на расліннасць, з неагляднымі заліўнымі лугамі. Кожны дзень пасля работы мы хадзілі на Сож купацца, змываць будаўнічы пыл. Вада ж у рацэ шчолачная, мяккая, валасы на галаве пасля яе як шаўковыя. Запомніліся два моманты, звязаныя з Сожам.
Аднойчы пасля працоўнага дня мы, як звычайна, пайшлі купацца на раку. Вечар быў вельмі цёплы, паветра напоўнена водарам квітнеючых траў, сонца ўжо схілялася на захад. На рацэ — ціхая плынь. І мы раптам убачылі лодку, якая ціха спускалася па цячэнні. Дакладней, спярша пачулі песню, якую пад баян выконваў мужчынскі барытон. У лодцы было двое маладых хлопцаў. Адзін сядзеў за вёсламі, але не веславаў, а толькі акуратна скіроўваў лодку. Другі сядзеў на карме і спяваў, акампаніруючы сабе на баяне. Мы ўсе застылі як зачараваныя. Так і стаялі, пакуль гэтая пара не праплыла міма нас і не схавалася за выгібам ракі. Што цікава, было відавочна: песня прызначана не нам. Праплываючы, яны нават не паглядзелі ў наш бок. Гэта было эмацыянальнае яднанне прыроды і чалавека, і мы гэтым хараством любаваліся… Колькі гадоў з тае пары прайшло, а гэтая карціна ў мяне да сённяшняга дня перад
вачыма.
І яшчэ адзін эпізод таго часу я таксама памятаю да драбніц, таму што ён прывабіў мяне да вывучэння зорнага неба. У той жнівеньскі вечар мы пайшлі пасядзець на высокі бераг Сожа. Да нас далучыліся мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. Разгаварыліся. Не заўважылі, як надышла ноч і над намі пачалі запальвацца зоркі. У вёсцы няма такой ілюмінацыі, як у горадзе, таму неба яркае, зоркі нізкія і іх так шмат! Раптам нехта з дзяўчат папрасіў паказаць сузор’і. Мы, студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, змаглі паказаць толькі Вялікую Мядзведзіцу. Мне стала так сорамна! Чалавеку ж мозг, розум дадзены для таго, каб глядзець на неба, вывучаць, спасцігаць сусвет. На Зямлі гэта даручана толькі людзям. А мы?!.
Дзеля цікаўнасці спытайце ў сваіх сяброў, родных, арбіта якой планеты размяшчаецца адразу пасля Марса? Толькі не давайце загугліць гэтае пытанне. Вы нават не ўяўляеце, як здзівіцеся.
Тут, мяркую, дарэчы прывесці на гэтую тэму яшчэ адну гісторыю. Амерыканскія даследчыкі вырашылі высветліць, ці разумеюць іх суайчыннікі, якія маюць універсітэцкую адукацыю, чаму на Зямлі змяняюцца поры года. Правільна на гэтае пытанне змаглі адказаць толькі 30% удзельнікаў апытання. А ці зможаш ты, чытач, адказаць?
Пасля той ночы над Сожам пад Крычавам я стаў вывучаць зорнае неба. Цяпер бы мяне на той высокі бераг!
Крычаў мы наведвалі часта. Па сутнасці, у ім жылі. І канечне ж, заўсёды цікавай была яго гісторыя. Упершыню ў гістарычных дакументах ён згадваецца з 1136 года. Ён тады называўся Крэчут. Быў у ліку гарадоў Смаленскага, Мсціслаўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага. З тых часоў перажыў шмат войнаў і сацыяльных узрушэнняў.
Надзвычай вялікія страты нанеслі гораду ў 1708 годзе шведы.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай уладальнікам Крычава быў граф М.Мнішак. За яго адмаўленне прыняць прысягу вернасці Кацярыне II горад быў канфіскаваны ў казну і падораны князю Р.А.Пацёмкіну. Пасля гэтага горад пачаў імкліва развівацца. Там пабудавалі два гарбарныя, два шкляныя, медналіцейны, цагляны заводы, бровар, канатную мануфактуру і мануфактуру па вырабе парусіны. Але мне заўсёды было цікава, чаму Пацёмкін вырашыў пабудаваць у Крычаве суднаверф. Там жа будавалі караблі і для марскога плавання. Зразумела, што адной з прычын стала зручнае размяшчэнне рэк Сож і Днепр. Па іх, дарэчы, адпраўлялі ў Херсон вырабленыя ў Крычаве парусіну і канаты. Там пад кіраўніцтвам адмірала Ф.Ф.Ушакова будаваліся ўжо больш буйныя ваенныя караблі. Аднак немалаважнай прычынай закладкі ў Крычаве суднаверфі быў… лес. Там раслі ўнікальныя сосны і для мачтаў, і для суднавых карпусоў.

Па праекце архітэктара І.Стаўрова князь Пацёмкін пабудаваў у Крычаве палац, які стаў помнікам рускага класіцызму. Там Пацёмкін прымаў Кацярыну II. Палац за апошнія гады адрэстаўраваны, і ў ім цяпер размяшчаецца гістарычны музей Крычава.
Князь Пацёмкін у сваіх ініцыятывах быў нястомны. Напрыклад, ён хацеў узброіць супраць турак яўрэяў і нават набраў з іх казацкі полк, назваўшы яго Ізраілеўскім, але праз паўгода загадаў яго распусціць. Як тады жартавалі, каб не сварыцца з Бібліяй.
Надаўшы Крычаву значную дынаміку развіцця, князь Пацёмкін, тым не менш, пазбавіў горад самакіравання і ўсіх яго жыхароў перавёў у прыгонныя. Гараджане з гэтай нагоды доўга з ім судзіліся.
З часам князь перадаў свае крычаўскія ўладанні І.Галынскаму, пасля чаго горад пачаў прыходзіць у заняпад. Некаторае ажыўленне ў развіцці горада адбылося толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, пасля будаўніцтва дарогі Масква — Варшава, якая праходзіла і праз горад. У Крычаве да гэтага часу захавалася ў добрым стане паштовая станцыя — неад’емны складнік усіх дарог у тыя часы.
Чарговы ўздым горада пачаўся ўжо пры савецкай уладзе ў перыяд індустрыялізацыі. У 1930-я гады ў Крычаве ўзведзена некалькі прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку і цэментны завод. Яго наяўнасць у горадзе мы адчулі адразу, бо нават да месца дыслакацыі нашага будатрада часам далятаў цэментны пыл.
Цяпер там працуе яшчэ і гуматэхнічны завод, некалькі прадпрыемстваў па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Прыемна, што працягваецца выпуск канатаў, вяровак, шнуроў.
Будатрад — гэта своеасаблівы калектыў маладых, дапытлівых, бестурботных людзей. І ў нас у тое лета работы ў Крычаве было нямала прыгод і вясёлых гісторый. Вось некалькі з іх.
Раніцай камандзір атрада Віктар Будзянкоў размеркаваў усіх па ўчастках работ. Каго — фарбаваць, каго — займацца атынкоўкай, каго — выносіць будаўнічае смецце. Пры гэтым строга папярэдзіў берагчы будаўнічыя інструменты: у школе працавалі не толькі мы, таму здараўся іх крадзеж. У час работы мы перамяшчаемся па тэрыторыі будоўлі і бачым, што Пётр Шамборкін паклаў на дзве цагліны сякеру і сядзіць ужо дзве гадзіны, нічога не робіць. Цікавімся, у чым справа. Ён тлумачыць:
— Будзянкоў сказаў: “Глядзі сякеру!” Вось я і гляджу!
Неяк прачнуўшыся вельмі рана, мы выявілі выхадку нашых дзяўчат. Пакуль мы спалі, яны моцнымі ніткамі старанна зашылі аднаму каўнер, другому — рукаў кашулі, трэцяму — калашыну штаноў. Смеху ж было, пакуль высветлілі, у каго што зашыта. Але пік гэтага вяселля прыйшоўся на рэакцыю майго старэйшага брата. Агледзеўшыся, ён уголас выказаў сваё шчырае здзіўленне:
— Чаму мне і толькі мне зашылі шырынку?!
У Крычаве мне пасля давялося бываць і па службовых справах, выступаць перад актывам горада, сустракацца з настаўнікамі. Дапамагаў я і адкрыццю ў гэтым горадзе ліцэя. Шкада, што, як і ў Быхаве, мясцовыя ўлады не змаглі яго адстаяць.
Часта слухаў аповеды пра гэты горад Тамары Паўлаўны і Генадзя Цімафеевіча Ігнаценка. У Крычаве яны жылі даволі працяглы адрэзак часу, таму што Генадзь Цімафеевіч працаваў там першым сакратаром райкама партыі. За іх малодшага сына Аляксандра выйшла замуж наша старэйшая дачка Наталля.
А ў тую школу, якую мы будавалі, пасля прыйшоў працаваць дырэктарам баец нашага атрада Мікалай Галавач.
Фёдараўка
Пасля трэцяга курса мы вырашылі працаваць у будатрадзе за межамі Беларусі, у Казахстане. Камандзірам камітэт камсамола інстытута прызначыў Уладзіміра Папова — студэнта гістфака, які ўжо адслужыў у арміі. А мы са старэйшым братам займаліся разам з ім у валейбольнай секцыі. Сябравалі. Таму і запісаліся ў яго атрад.
Дарога ва Уральскую вобласць стала для мяне і маіх таварышаў першым значным падарожжам. Да Мінска з Магілёва мы дабраліся цягніком, а там фарміраваўся чыгуначны састаў для мэтавай дастаўкі беларускіх студэнтаў у Казахстан.
Вагоны былі старыя, мяркую, яшчэ даваенныя. Драўляныя паліцы ў тры ярусы. Але маладосці ўсё хоць бы што! Нас цалкам захапіла дарога. Жлобін, Канатоп, Растоў, Саратаў. Праз вокны мы глядзелі на лясы, палеткі і стэпы, на вялікіх станцыях выходзілі на перон, каб не толькі размяцца, але і пагаварыць з мясцовымі жыхарамі, купіць у іх якую-небудзь ежу. Да гэтага часу ў памяці смарагдавая зеляніна беларускага лесу, бязмежныя палеткі сланечнікаў ва Украіне, манументальны вакзал у Растове і мост праз Волгу ў Саратаве.
Месцам працы нам вызначылі райцэнтр Фёдараўка Уральскай вобласці. Нарэшце па прыездзе на месца мы высветлілі, што для будатрада ў 40 чалавек там работы мала. Таму нас раздзялілі на дзве часткі паміж Фёдараўкай і Фурманавам. Фурманава я так і не ўбачыў, а вось Фёдараўку вывучыў дасканала.
Нам неабходна было заліць падмурак пад новую вялікую школу, накрыць дах кацельнай для аўтарамонтнага завода і ўзвесці цагляныя сцены для двух аднапавярховых жылых дамоў, як цяпер кажуць, катэджнага варыянта. Такія работы нам падыходзілі, бо былі грашовымі і па нашых сілах. Пасяліліся мы ў будынку старой школы, там і карміліся. Гатавалі ежу нашы ж кухары, але нам яе не хапала — працавалі ад святла да цямна, ды яшчэ на танцы бегалі, энергетычныя затраты вялікія, ды і арганізмы маладыя, вось і хацелася ўвесь час нечага “грызануць”. Таму, здаралася, палявалі на свойскіх гусей, якія збіраліся ў вялікую чараду на востраве пасярэдзіне вялікай затокі. Калі атрымлівалася злавіць хаця б адну птушку, а на вадзе гэта было няпроста, адразу ж яе з’ядалі, а падазрэнні мясцовых жыхароў аб прапажы жыўнасці пераводзілі на салдат, якія кватаравалі недалёка ад нас.
Фёдараўка ўяўляла сабой роўныя прамыя вуліцы, застаўленыя аднапавярховымі дамамі. Нават адміністратыўныя будынкі былі ўзведзены з белай цэглы ў адзін паверх. У беларускіх райцэнтрах, асабліва ў заходніх гарадках, заўсёды вылучана цэнтральная плошча. У Фёдараўцы ўсе галоўныя будынкі фасадамі проста выходзілі на шырокую вуліцу. З часам жылыя дамы мясцовых жыхароў падзяліліся на тры класы. У Фёдараўцы тады жылі паволжскія немцы, рускія, украінцы, беларусы і казахі.
Немцы ў тых мясцінах засталіся пасля высылкі з Паволжа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Славян арганізавана рассялялі там у часы асваення цалінных зямель. Казахі былі мясцовымі жыхарамі.
Перасяленне беларусаў у казахскія стэпы я памятаю са школы. Туды сабраліся тры сям’і маіх аднакласнікаў. Мы праводзілі сяброў са слязамі на вачах і былі ўпэўнены ў тым, што ніколі ў жыцці з імі болей не ўбачымся. Аднак іх бацькі былі поўныя энтузіязму. Не дзіва! Ім дазволілі прадаць усю лішнюю маёмасць, свойскую жывёлу ды яшчэ давалі пад’ёмныя грошы для пачатковага ўладкавання. Яны былі ўпэўнены ў тым, што на новым месцы іх чакае прыгожае жыццё.
Праз год вярнуліся ўсе тры сям’і…
Я думаў над гэтай гісторыяй. І мне бачыцца, што для беларуса няма больш прывабнай зямлі для жыцця, чым родныя лясы, рэкі, азёры і палеткі. Клімат умераны, зіма мяккая, умовы надвор’я дазваляюць вырасціць хаця б які-небудзь ураджай — калі не жыта, дык бульбу, калі не буракі, дык капусту, не яблыкі, дык слівы. Ды яшчэ ў лясах ягады, грыбы, а ў рэках — рыба.
Гарады індустрыяльныя, вёскі ўладкоўваюцца, краіна безупынна адбудоўваецца, а значыць, для ўсіх ёсць праца.
Быў у Беларусі яшчэ адзін прывабны момант, пра які мне расказаў міністр абароны генерал-палкоўнік Леанід Сямёнавіч Мальцаў. Ён вучыўся ў Кіеўскім вышэйшым ваенным агульнавайсковым вучылішчы. Лепшы курсант, Ленінскі стыпендыят, на размеркаванні — першы! Камісія:
— Дзе, таварыш лейтэнант, жадаеце служыць?
— У Беларускай ваеннай акрузе.
— Там вакансій няма. Выбірайце любую іншую: Маскоўскую, Забайкальскую, групу савецкіх войскаў у Германіі, Венгрыю, Чэхаславакію. У Беларусі месца няма!
Леаніда Сямёнавіча цягнула ў родныя мясціны, ён з-пад Гродна, аднак трапіць на службу ў Беларусь імкнуліся многія афіцэры. Мала таго што там быў прыдатны клімат і добрае прадуктовае забеспячэнне, Беларуская ваенная акруга, дзякуючы размяшчэнню на заходніх рубяжах СССР, была насычана воінскімі злучэннямі і самай сучаснай ваеннай тэхнікай. Таму ў афіцэраў былі рэальныя магчымасці хуткага, без затрымак, прасоўвання па службовай лесвіцы і атрымання чарговых званняў. Менавіта туды яны і імкнуліся служыць. Беларусь у Савецкім Саюзе была вельмі прывабнай, як, дарэчы, і зараз.
Дык вось нямецкія дамы ў Фёдараўцы былі ўладкаваны лепш за ўсе астатнія. З белай цэглы, з акуратным, але глухім плотам, за якім дагледжаны сад і агарод з помпай для паліву, якая працавала пастаянна.
Славянскія дамы таксама былі цаглянымі, але платы — прасцейшымі. Аднак сад і агарод былі ля кожнага дома, хаця помпы для падпампоўвання вады былі ўжо не паўсюль.
Дамы казахаў былі з саману, агароджа невысокая, глінабітная, агароды трымалі не ўсе, летам спалі на даху. Аднак знутры дамоў усе сцены былі завешаны дыванамі.
Сум па Радзіме ў беларусаў-перасяленцаў не праходзіў. У гэтым мы пераканаліся ў першы ж дзень прыезду ў Фёдараўку. Уладкаваліся, агледзеліся і пайшлі ў мясцовы Дом культуры на танцы. Пасля іх позна ўвечары ішлі дамоў, вуліцы былі пустымі, таму размаўлялі мы гучна. І раптам з супрацьлеглага боку вуліцы чуем голас падвыпіўшага мужчыны:
— Беларусы! Хлопцы! Як жа я рады вас чуць і бачыць!
Мы ад здзіўлення аслупянелі. Пытаемся:
— А як вы распазналі ў нас беларусаў?
— Ну як жа не пазнаць?! Адразу ж чуваць: гх, кх… Так размаўляюць толькі ў нас на Радзіме…
Танцы ў Фёдараўцы таксама прымусілі мяне надоўга задумацца. У Дом культуры прыходзілі дзяўчаты ўсіх нацыянальнасцей, якія там жылі. Нашы хлопцы запрашалі на танец таксама ўсіх: і немак, і славянак, і казашак. І праводзіць спрабавалі ўсіх. Але казахскія хлопцы сваіх дзяўчат раўніва аберагалі. Спярша здараліся з імі і сутычкі, прычым нас папярэдзілі: у бойку з мясцовымі хлопцамі не ўступаць, яны здольны выкарыстоўваць нажы.
Я таксама хадзіў на танцы, але казашак не запрашаў і не праводзіў. І не толькі па гэтай прычыне. Мне быў не знаёмы пах, які ад іх сыходзіў і адчуваўся нават праз парфуму. Толькі з часам я даведаўся, што праз пахі перадаецца генетычны код.
Каб атрымаліся здаровыя нашчадкі, у самкі і самца гэтыя коды павінны быць сумяшчальнымі. Нездарма ж сабачкі, і не толькі яны, доўга прынюхваюцца адно да аднаго, перш чым злучыцца. Таму, калі табе не падабаецца пах чалавека, гэта не значыць, што ён дрэнна пахне. Можа быць, прырода папярэджвае, што ў яго не падыходзячы табе генетычны код. Ёсць нават устойлівы алгарытм пошуку партнёра для сумеснага жыцця. Спярша знешні агляд: постаць, рост, сіла, адсутнасць знешніх дэфектаў. Пасля маўленне, разуменне праз яго ўзроўню адукаванасці, культуры, інтэлекту (у жывёл гэта гучнае рыканне, спевы, брэх). Затым пах, пасля яго — дотык, і толькі пасля гэтага — блізкасць. Прырода! У ёй усё абгрунтавана.
Валодзя Папоў “матляўся” паміж Фёдараўкай і Фурманавам. Камандзір атрада адказваў за ўсё і за ўсіх. Часам не паспяваў за развіццём падзей на ўчастках, што прыводзіла і да кур’ёзаў.
Мы адкапалі глыбокі роў пад заліўку падмурка школы. Зрабілі гэта ў адсутнасць камандзіра. А калі ён прыехаў у Фёдараўку, далажылі, што нам патрэбна пяцьсот чырвоных цаглін. У нашай школе такой цэглы няма, але побач будаўніцтва вядзе другая арганізацыя, і там яе звышдастаткова. Валодзя гаворыць: “У чым справа?! Там ноччу і возьмем!” Пайшлі камандай на чале з камандзірам, але забылі яго папярэдзіць, што па дарозе мы ўжо выкапалі траншэю пад падмурак. Папоў загрузіўся цэглай напоўніцу, прыціснуў верхнюю цагліну падбародкам і на поўнай хуткасці грымнуўся ў яму. Мы перапужаліся: яма глыбокая, дакладна ён там сабе нешта пашкодзіў. За ім следам у яму скочыў наш доктар — студэнт Мінскага медінстытута. Агледзеў застылага Валодзю і крыкнуў нам, што ўсё ў парадку. Чаму я ўтрымаў у памяці гэты эпізод? Папоў не выпусціў цэглу з рук, мы з цаглінамі ў руках яго з ямы так і выцягнулі.
Пра доктара нашага будатрада. Ён да паступлення ў медыцынскі тры гады адслужыў на флоце. Яго карабель у моры гарэў, там ён і нацярпеўся страху. Праяўлялася гэта ў тым, што ноччу наш доктар часам крычаў. Спярша нам ад гэтага было жахліва, але пасля прывыклі. А непакоіўся ён за нас як за сваіх дзяцей. Пры гэтым даваў не толькі медыцынскія парады. Напрыклад, папярэджваў, што трэба добра хаваць заробленыя грошы. Дадому дарога доўгая, ці мала што можа здарыцца. Прапанаваў схаваць заробак у канверт і прышыць яго да ўнутранага боку майкі. Сам так і зрабіў — яго канверт быў прышыты да белай майкі чорнымі ніткамі.
Цяпер Фёдараўка называецца інакш — Церакты. Але я і мае сябры заўсёды будзем называць яе так, як і тым летам, калі мы там будавалі аўтарамонтны завод, школу і жылыя дамы.
Было ў нас і здарэнне, якое я таксама помню да гэтага часу ў дробязях. Валерый Рыжанскі, мой старэйшы брат і я працавалі на даху качагаркі. Гэта была высокая квадратная вежа. Бетонны дах мы ўжо зрабілі, засыпалі яго керамзітам і ўзяліся за растворную сцяжку. Дах быў агароджаны парапетам вышынёй каля 80 сантыметраў. Аўтакран падаваў нам балею з растворам, мы яе ставілі на дах і вычэрпвалі змесціва, раўнамерна яго размяркоўваючы па ўсяму даху. Нарэшце засталося непакрытым тое месца, куды мы ставілі балею. Мы дамовіліся з кранаўшчыком, што ён апошнюю порцыю пакіне ў паветры, і тады мы завершым усю сцяжку. Пры гэтым не ўлічылі таго, што, вызваліўшы ад раствору толькі адзін бок балеі, мы парушым яе раўнавагу. Балея нахілілася, тросы з аднаго боку аслабелі, крукі саскочылі — і балея звалілася на дах, прама на нагу Валеру. Мы з братам адразу ж яе падхапілі, каб ён выцягнуў нагу. Гэта быў цуд! Балея металічная, з заскарузлымі на ёй рэшткамі раствору. Мы яе ўчатырох падняць не маглі. А тут з часткай раствору ўдвух з братам паднялі, каб Рыжанскі выцягнуў нагу. Выратавала яго яшчэ і тое, што нага патанула ў керамзіце. Валера пасля гэтага крыху пакульгаў, але пасля ўсё прайшло.
Тое лета 1971 года помніцца яшчэ і тым, што 15 ліпеня ў брата нарадзіўся сын. Яго назвалі Вова. Гэта першы прадстаўнік ужо наступнага пакалення ў нашай сям’і — дзяцей маіх братоў. Брат быў шчаслівы. У Фёдараўку якраз у гэты час завезлі венгерскі вермут у вельмі прыгожых бутэльках. Прыём з нагоды нараджэння сына брат арганізаваў непасрэдна ў качагарцы, якую мы будавалі. Сядзелі на кавалках цэглы, стол абсталявалі таксама з цэглы. Госці прыходзілі ў тры заходы, па брыгадах. Але я ж брат, родны дзядзька нованароджанага, таму ўдзельнічаў ва ўсіх трох застоллях. Напрыканцы трэцяга моўчкі паваліўся з цаглін…
Зарабілі мы па тым часе нямала — па 700 рублёў, як тады гаварылі, чыстымі. Грошы ў нас было прынята аддаваць у сям’ю, маці. Але я ўжо сустракаўся з Таццянай і вельмі хацеў прывезці ёй з Фёдараўкі падарунак. Ва Уральску набыў пальчаткі, будзільнік і мяккую цацку — паласатага тыгра. Ёй усё спадабалася.
Джамбейты
Пасля чацвёртага курса будатрад на цаліну даручылі сфарміраваць мне. Камісарам вызначылі маю аднакурсніцу Алу Усцінаву.
Вопыт фарміравання будатрада ў нас ужо быў, яго касцяк склаўся раней, а вось месца дыслакацыі і аб’ём работ вызначаў рэспубліканскі штаб. Зразумела, што там былі ў асноўным прадстаўнікі мінскіх ВНУ, таму і аб’екты для працы ў мінчан былі больш выгадныя.
Наш атрад пад назвай “Дубінушка” скіравалі ў горад Джамбейты той самай Уральскай вобласці. І мяркуемыя там заданні добрых заробкаў нам не прадказвалі — даручалася выкананне аддзелачных работ у новай школе.
Улічваючы мінулагодні вопыт, збіраліся грунтоўна: закупілі дзесяць мяхоў бульбы, некалькі скрынь макароны, рыбныя і мясныя кансервы. З гэтым багажом дабраліся цягніком да Мінска і загрузіліся ў эшалон. У тыя самыя трох’ярусныя вагоны. Пакуль ехалі да Мінска, пакуль перагрузіліся, значна стаміліся, і, калі познім вечарам састаў крануўся, усе імгненна заснулі. Я размясціўся ў адным канцы нашага вагона, Ала — у другім. І, трэба ж таму здарыцца, кіраўніцтва эшалона зайшло з праверкай якраз з боку, дзе спала Ала. Кагосьці з нашых байцоў папрасілі паказаць кіраўніцтва атрада. Паказалі на Алу. Калі яе расштурхалі, запыталіся:
— Вы хто?
Яна, толкам не прачнуўшыся, адразу ж адказала:
— “Дубінушка”!
Пасля такога знаёмства наш атрад адразу стаў папулярным і вядомым на ўвесь эшалон.
Дарога ва Уральск гэтым разам была яшчэ больш цікавай. Маршрут той самы — Жлобін, Канатоп, Растоў, Саратаў. Мы таксама з вокнаў любаваліся наваколлем. Аднак гэтым разам нас абавязалі даваць на буйных станцыях каля сваіх вагонаў імправізаваныя канцэрты. У нас з сабой былі і гітара, і баян, таму абыходзіліся некалькімі песнямі пад іх акампанемент. А на пероне Растоўскага вакзала Ала прапанавала дэкламацыю вершаў у выкананні Люды Крукоўскай. Гэта была наша аднакурсніца, я ведаў, што вершы яна чытае выдатна. Але гэта са сцэны. А тут вакзал — шум, гоман, мітусня, абвесткі дзяжурнага. Пытаюся:
— Што Люда збіраецца чытаць?
Ала адказвае:
— “Радзіму” Лермантава.
Я яшчэ больш згас, але пярэчыць не стаў.
Прыехалі ў Растоў. Люда выйшла, на крок адышла ад вагона і добра пастаўленым голасам, з усімі інтанацыямі пачала чытаць:
Люблю Очизну я, но странною любовью!
Не победит ее рассудок мой.
Ни слава, купленная кровью,
Ни полный гордого доверия покой,
Ни темной старины заветные преданья
Не шевелят во мне отрадного мечтанья.
Но я люблю — за что, не знаю сам —
Ее степей холодное молчанье,
Ее лесов безбрежных колыханье,
Разливы рек, подобные морям…
І здарыўся цуд! Увесь перон застыў і пачаў слухаць вершы. Людзі спыніліся, паставілі на зямлю сумкі, чамаданы і моўчкі ўнікалі ў кожнае слова вялікага паэта.

Джамбейты мала чым адрозніваліся ад Фёдараўкі. Гэты горад размяшчаўся значна далей ад абласнога цэнтра, таму пераважна быў заселены казахамі, прамысловых прадпрыемстваў і цагляных дамоў там было менш, чым у Фёдараўцы.
Пасялілі нас па традыцыі ў будынку старой школы, а новую мы павінны былі атынкаваць, пафарбаваць усе ўнутраныя сцены і паслаць падлогу. Адразу зразумеўшы, што на гэтым мы заробім мала, сталі рызыкаваць: адну брыгаду выдзелілі для “халтурных” работ. Мясцовае кіраўніцтва раёна папрасіла нас зрабіць сховішча для збожжа і скласці некалькі саманных домікаў. Аднак начальства нашага будаўнічага трэста пільна сачыла за колькасцю работнікаў на школе, і я даручыў спартсмену-футбалісту Мішу Алтынаву ў выпадку нечаканай праверкі імгненна збіраць усіх на галоўным аб’екце. “Левым” брыгадам на агульны збор даводзілася па вуліцах Джамбейтаў імчацца бягом, але сабрацца ў поўным складзе мы заўсёды паспявалі.
На школе намі кіраваў вопытны прараб Павел Іванавіч Зарубін. Невысокага росту, але з гучным басавітым голасам. Знешне строгі, патрабавальны, але вельмі добрай душы чалавек. Да студэнтаў ставіўся па-бацькоўску. Я прыходзіў да яго зусім рана, і мы ўдвух размяркоўвалі нарады на работу. Памочнікам у Зарубіна працаваў даволі стары чалавек. Маўклівы, дысцыплінаваны. Майстар на ўсе рукі. Ён і карміў прараба, гатаваў яму снеданні, абеды і вячэры. Я ведаў, што ён быў асуджаны, правёў нямала гадоў у месцах пазбаўлення волі, але, па якой прычыне, сам не гаварыў, а пытацца ў яго пра гэты перыяд жыцця было няёмка.
Аднойчы я прыйшоў па нарады зусім рана. Памочнік Зарубіна ўжо гатаваў яму снеданне. Цікаўлюся:
— А што, прараб яшчэ спіць?
Памочнік вельмі ўважліва на мяне паглядзеў і сказаў:
— Саша, запомні: начальства ніколі не спіць, яно толькі адпачывае.
Я запомніў.
У Джамбейты я з задавальненнем хадзіў на рынак па агародніну. Прыходжу ў сем раніцы. Гандляр ужо выклаў на прылавак памідоры. Кажу яму, што вазьму адразу ўсё, што ён прывёз, але за палову кошту. Ён замірае, прыкрывае вочы, пачынае варушыць вуснамі і… звычайна пагаджаецца.
Аднойчы я вырашыў пабалаваць байцоў кавунамі. Дзесяць капеек за кілаграм. Можна сказаць, бясплатна. Заказаў паўнюткі грузавік.
Але папярэдзіў, што есці іх байцы будуць толькі пасля работы і на вуліцы. Вось і елі да позняй ночы, хто колькі мог.
Жылі мы ў аднапавярховым будынку, і вокны з-за гарачыні на ноч ніколі не зачынялі. Усе наступствы смакавання кавуноў вядомыя, вось Міша Кужаль і адчуў іх пасярод ночы. Выгоды ў нас былі на вуліцы, але Міша наеўся кавуноў удосталь, спяшаўся, таму выскачыў у адчыненае акно.
У тую ноч мы прачнуліся ад дзікага, нечалавечага крыку. Аказалася, што пад акном на начлег уладкавалася каза і Міша прызямліўся прама на яе. Ад нечаканасці і страху закрычалі і наш сябар, і каза, таму крыкі былі жахлівыя.
Праграма асваення цалінных зямель у Савецкім Саюзе была задумана з маштабам. І Джамбейты таму прыклад. Там быў аэрапорт. Гэты горад размяшчаўся за 140 кіламетраў ад Уральска, і туды лятаў самалёт адзін раз на тыдзень. Дакладней, ён рабіў там прамежкавую пасадку, а пасля ляцеў у суседні райцэнтр. І гэтаксама па дарозе назад. Але аэрапорт быў пабудаваны грунтоўна: узлётнае грунтовае поле, дыспетчарская з трохпавярховай вежай для кіравання палётамі, зала чакання. Разлік быў на сур’ёзнае засяленне гэтых мясцін, і для пераадольвання тых стэпавых адлегласцей авіяцыя была найбольш падыходзячым варыянтам.
На ўзлётным полі звычайна быў на выпасе конскі табун, і ў абавязкі начальніка аэрапорта ўваходзіла выгнанне ўсіх жывёл за межы аэрапорта перад пасадкай ці ўзлётам самалёта.
Аднойчы па тэрміновых справах ва Уральск давялося ляцець і мне. Гэта быў Ан-2, які ў народзе называлі “кукурузнікам”. Да гэтага на самалёце я ніколі не лятаў. Мяне папярэдзілі, што ў ім укалыхвае. Гэта праўда. Мне давялося нават узяць спецыяльны папяровы пакет на выпадак ванітавання. Але я вытрымаў, пакет не спатрэбіўся.
Палёты на “кукурузніках” мы пасля доўга прыгадвалі з маім малодшым братам Міхаілам. Ён урач-гінеколаг, працаваў у Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і рэгулярна выходзіў дзяжурыць па службе “санітарнай авіяцыі”. Гэта калі доктар раённай бальніцы не здольны справіцца са складаным выпадкам захворвання, узнікала экстранная сітуацыя і даводзілася звяртацца па дапамогу да спецыялістаў з абласных клінік. У савецкі час “кукурузнікі” ляталі з Магілёва ва ўсе раённыя цэнтры. І вось брата на тэрміновую аперацыю вырашылі даставіць гэтым самалётам. Калі яго прыйшлі сустракаць калегі, то яны зведалі шок. Урача, якога яны тэрмінова выклікалі правесці аперацыю, вынеслі з самалёта на насілках. Гэта яго так укалыхала ў палёце.
Школу да пачатку навучальнага года мы падрыхтаваць не паспелі, таму нас пакінулі ў Джамбейтах яшчэ на дзесяць дзён.
Дадому вярталіся самалётам праз Маскву, ужо на Іл-18. Былі вельмі здзіўлены задымленасцю аэрапорта Быкава. Толькі з часам мы даведаліся, што ў той 1972 год у ваколіцах Масквы гарэлі тарфянікі.
Сёння ў Джамбейтаў іншая назва — Жымпіты, але я ўпэўнены, што дзеці і цяпер вучацца ў той школе, якую мы будавалі.
Пераклад з рускай мовы
Алеся КАРЛЮКЕВІЧА
Фота з архіва рэдакцыі і адкрытых крыніц інтэрнэту





