Якім павінен быць дзіцячы сад будучыні? Наш педагагічны калектыў перакананы: ён павінен быць дзівоснай краінай дзяцінства, дзе ўсё магчыма, дзе слабы можа стаць моцным і смелым, а сумнае ператвараецца ў вясёлае і цікавае.

У нашай краіне дзяцінства мы імкнёмся зрабіць навакольны свет выхаванцаў яркім і маляўнічым. Усе педагогі ўстановы — творчыя людзі, якія любяць малых. Іх працавітасць дазволіла стварыць асяроддзе, у якім дзеці гарманічна растуць і развіваюцца.
Кожная цаглінка, кожны куток нашага дзіцячага сада дыхае і жыве любоўю. Тэрыторыя ў нас вельмі вялікая, участкі для прагулак падзелены згодна з колькасцю груп. На кожным з іх размешчаны дыхтоўныя альтанкі, якія адрозніваюцца непаўторнасцю і арыгінальнасцю афармлення: на адной “расцвілі” палявыя званочкі, на другой “успыхнулі” чырвоныя макі, а на трэцяй “саспелі” суніцы — усе стымулююць пазітыўны эмацыянальны настрой выхаванцаў.
На прагулачных участках ёсць неабходнае абсталяванне як для ціхіх гульняў, так і для развіцця рухальнай актыўнасці дзяцей. Працуючы над афармленнем тэрыторыі дзіцячага сада, наш калектыў ставіў перад сабой задачы садзейнічаць развіццю пазнання, дапытлівасці, устанаўленню сувязі ў дзяцей з прыродай, іх далучэнню да міру і дабра. Так у нас з’явіўся цудоўны куток для зносін, адпачынку і арганізацыі мастацка-эстэтычнай дзейнасці “У гасцях у казкі”.
Летам вакол установы ўсё патанае ў кветках. Разбіты кветнікі і клумбы, якія цешаць вока да позняй восені. Для стварэння прывабнасці сіламі работнікаў дзіцячага сада створаны малыя архітэктурныя формы — пацешныя гномікі і жывёлы. Яны ўпрыгожваюць агульны выгляд участка, візуальна дзеляць яго на зоны, служаць для гульняў. А яшчэ ў нас ёсць лавачкі “Добры настрой”. Дзяцей запрашаюць прысесці на казачны яблычак, памідорчык, грыбочкі.
Некалькі гадоў назад у нашай установе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў навучэнцаў”. Сімвалам сумеснай працы на карысць нашых дзяцей стала стварэнне кампазіцыі “Тэрыторыя дзяцінства”. Гэтая архітэктурная форма выкарыстоўваецца не толькі як аб’ект ландшафтнага дызайну, але і як фотазона.
Будынак дзіцячага сада хоць і не новы, але пабудаваны па спецыяльным праекце. Кожная група займае 5 памяшканняў: гульнявы і спальны пакоі, пакой гігіены, раздзявалка, буфет. Усе яны ўпрыгожаны. Дэталі інтэр’ера аказваюць гаючае ўздзеянне на падсвядомасць: колеры, матэрыялы, формы, функцыянальнасць — усё прадумана да дробязей. Пакоі гігіены выкананы пліткай з дзіцячым малюнкам, прычым у кожнай групе сваёй. Санітарнае абсталяванне — з улікам узросту дзяцей, патрабаванняў нарматываў. Гульнявыя пакоі аформлены ў індывідуальным выкананні, напоўнены новай мэбляй і цацкамі, сярод якіх шмат вырабленых рукамі педагогаў і бацькоў.

Работу над абнаўленнем і пераўтварэннем памяшканняў дзіцячага сада мы пачалі ў 2012 годзе і працягваем да цяперашняга часу. У нас ёсць спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, таму вялікую ўвагу ўдзялілі афармленню кабінета настаўніка-дэфектолага. Прыярытэтным напрамкам тут стала стварэнне ўтульнай атмасферы, прыемнай па колеравым і прасторавым рашэнні. Афармленне падбіралася ў адпаведнасці з асаблівасцямі колерабачання і колераўспрымання выхаванцаў, прызначэннем памяшканняў і ўмовамі іх эксплуатацыі. Сцены ў выніку былі пафарбаваны ў спакойныя, цёплыя, радасныя тоны. Падабраная мэбля вытрымана ў адзіным стылі. Атрымалася мястэчка, дзе дзеці з задавальненнем вучацца і гуляюць.
У нашым дзіцячым садзе ўсё большы прыярытэт надаецца праблеме эмацыянальнага дабрабыту дзіцяці. Для маленькага чалавека няма нічога важнейшага. Эмацыянальны дабрабыт забяспечвае малышу высокую самаацэнку, фарміруе самакантроль, арыентацыю на поспех. Значную ролю ў эмацыянальным дабрабыце мае навакольнае асяроддзе: у нас для гэтых мэт створаны рэлаксацыйны куток, дзе педагог-псіхолаг займаецца з дзецьмі ранняга ўзросту, якія наведваюць адаптацыйную групу. У кутку сканцэнтраваны прадметы і абсталяванне, якое дазваляе дзіцяці расслабіцца, эмацыянальна адпачыць: пакаёвы дэкаратыўны вадаспад, бурбалкавая колба, сухі басейн, калейдаскоп, пясочны гадзіннік, масажныя шарыкі, цацкі-фігуркі і многае іншае.
У гэтым навучальным годзе мы аформілі таксама стацыянарны куток пажарнай бяспекі, дзе не толькі дзеці, але і іх бацькі могуць азнаёміцца з правіламі паводзін пры пажары, разгледзець пажарную тэхніку, макет пажарнай часці Круглага, прымераць форму ратавальніка-пажарнага, пагуляць з дапаможнікамі і дыдактычнымі гульнямі, узяць для азнаямлення інфармацыйныя буклеты. Дарэчы, пажарныя верталёты выраблены рукамі выхаванцаў і педагогаў у тэхніцы арыгамі. Выклікаюць цікавасць у дзяцей і дыдактычныя гульні, распрацаваныя педагагічнымі работнікамі.
У перспектыве — стварэнне метэагарадка, дзе выхаванцы атрымаюць магчымасць назіраць за прыроднымі з’явамі, будуць вучыцца любіць і ахоўваць прыроду. Ёсць і шэраг іншых патрэбных задум.
Дык якім жа павінен быць дзіцячы сад будучыні? На мой погляд, гэта ўстанова дашкольнай адукацыі, дзе ўсё зроблена для дзіцяці і дзеля дзіцяці, дзе камфортна ўсім: выхаванцам, педагогам, бацькам.
Інеса ГАНЧАРОВА,
загадчыца дзіцячага сада № 1 Круглага





