Якімі знаходкамі падзяліліся ўдзельнікі Рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў?

- 10:02Актуально, Новости

Гісторыя будаўніцтва храмаў і лёс святароў, цікавыя факты з царкоўных кніг і ўнікальныя археалагічныя знаходкі… Вынікамі сваіх даследаванняў падзяліліся ўдзельнікі Рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сапраўднае свята

Краязнаўчыя чытанні — заўсёды свята. Гэта радасць ад сустрэчы з даўнімі сябрамі, такімі ж апантанымі даследчыкамі роднага краю. Гэта цудоўная нагода падзяліцца сваімі знаходкамі, даведацца шмат новага з набыткаў аднадумцаў. Днямі такую магчымасць атрымалі больш за сто вучняў, якія разам з педагогамі прыехалі ў сталіцу з розных куточкаў краіны. Юных краязнаўцаў гасцінна сустракалі Мінская духоўная акадэмія і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Праграма чытанняў уключала пленарнае пасяджэнне, адукацыйную экскурсію ў царкоўна-гістарычны музей, Свята-Духаў кафедральны сабор. Асабліва насычанай была работа секцый “Праваслаўнае краязнаўства як крыніца духоўна-маральнага ўзбагачэння” і “Сакральная культура: матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці праваслаўнага краязнаўства”.

Слухаючы аповеды вучняў пра лёсы храмаў і святароў, міжволі задумваешся, як бы ты паступіў у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях, ці дастаткова ў тваім сэрцы любові, цярпення, што наогул ты ведаеш пра мінулае малой радзімы, сваіх продкаў.

Плённае супрацоўніцтва

— Сёння краязнаўчая работа вядзецца па многіх напрамках прыходамі, нядзельнымі школамі, установамі адукацыі, культуры, набываючы самыя розныя формы. Мы маем унікальную магчымасць збіраць па крупінках тое, што захавалася ў архівах, народнай памяці, сямейных традыцыях, паданнях. Дзякуючы намаганням педагогаў, навучэнцы актыўна вывучаюць і даследу­юць праваслаўную спадчыну беларускай зямлі. Вельмі важна, каб гэтая праца не спынілася на прыходскім, школьным ці раённым узроўні, а была абагульнена ў маштабах усёй краіны, стала годнай часткай грамадскай свядомасці, — адзначалася ў прывітальным слове Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, якое зачытаў рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў).

Папулярызацыі краязнаўчых ведаў, духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў у значнай ступені садзейнічае сумесная работа царкоўных структур і ўстаноў адукацыі.

Як адзначыла каардынатар па ўзаемадзеянні Міністэрства адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой Ларыса Васільеўна Емяльян­чык, сёлета спаўняецца 20 гадоў падпісанню пагаднення паміж дзяржавай і Беларускай Праваслаўнай Царквой. На аснове гэтага пагаднення рэалізуецца пятая па ліку праграма супрацоўніц­тва паміж Царквой і Міністэрствам адукацыі. Краязнаўчыя чытанні выдатна сведчаць пра значнасць і педагагічную важ­насць гэтага супрацоўніцтва.

Рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні навучэнцаў невыпадкова былі прысвечаны Герою Беларусі мітрапаліту Філарэту. Асаблівую ўвагу ўладыка ўдзяляў пытанням духоўна-маральнага фарміравання асобы, выхавання любові да Радзімы, таму ў царкоўным асяроддзі развівалася краязнаўства, яго намаганнямі праводзіліся царкоўна-гістарычныя даследаванні.

Выдатным памочнікам для педагогаў і навучэнцаў у краязнаўчай дзейнасці можа стаць Цэнтр праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Беларускай Праваслаўнай Царквы. Па словах яго дырэктара Зоі Іванаўны Падліпскай, пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі дзейнічае камісія па праваслаўным краязнаўстве, метадычнае аб’яднанне праваслаўных педагогаў, якія праз розныя актыўныя формы работы (круглыя сталы, канферэнцыі, чытанні) атрымліваюць метадычную падтрымку, абменьваюцца вопытам.

Цэнтрам створаны банк даных па наступных напрамках: “Праваслаўныя храмы”, “Праваслаўная гісторыя ў асобах”, “Турыстычныя маршруты па святых мясцінах Беларусі”, “З гісторыі ўласнага роду”, “Імёны, падзеі, памяць”. З матэрыя­ламі банка даных можна азнаёміцца на сайце Сінадальнага аддзела ў раздзеле “Цэнтр”.

З боку Міністэрства адукацыі работу па праваслаўным краязнаўстве каардынуе Рэспуб­ліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Аляксандра Яўгенаўна Кравец агучыла такія лічбы:

— Ва ўстановах адукацыі функцыянуе больш за 1,5 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах края­знаўчага напрамку. Праграмы аб’яднанняў уключаюць і раздзелы праваслаўнага краязнаўства. На аснове матэрыялаў, дасланых у наш цэнтр кіраўнікамі аб’яднанняў, будзе выдадзены зборнік праграм па праваслаўным краязнаўстве. Ваш вопыт павінен папулярызавацца, яго павінен ба­чыць свет, трэба прэзентаваць сябе на самых розных пляцоўках. А для гэтага края­знаўчыя чытанні сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой варта право­дзіць не толькі на рэс­публіканскім, але і на абласным, раённым узроўнях.

Унікальныя факты

За якое б краязнаўчае даследаванне ні браліся настаўнікі і вучні, яго вынікі абавязкова бу­дуць плённымі. Напрыклад, удзель­нікі экспедыцыйнага атрада “Пошук” Саўскай сярэдняй школы Горацкага раёна пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Сяргея Віктаравіча Юнашава адшукалі раней невядомыя факты з гісторыі царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Шарыпы.

— Гісторыя царквы не разглядалася ў літаратуры, і мы з’яўляемся першапраходцамі ў вывучэнні гэтай тэмы.

Пасля звароту ў дзяржаўныя і царкоўныя архівы Беларусі мы, на жаль, не знайшлі ніводнага дакумента па гісторыі храма. У нас засталася надзея на Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, дзе знаходзяцца матэрыя­лы пра дзейнасць урадавага Свяшчэннага сінода. Менавіта там нашы пошукі былі выніковымі.

Вось фрагмент з дакумента, у якім указана рашэнне Сінода пра фінансаванне будаўніцтва царквы ў вёсцы Малыя Шарыпы. Аказ­ваецца, царква была пабудавана ў 1916 годзе дзяржавай, а не на сродкі памешчыкаў, як было распаўсюджана ў той час і як сцвярджаюць нам некаторыя людзі, — паведаміла Юлія Усава.

Не менш цікавым быў аповед вучаніцы Плешчыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Серафімы Шапялевіч пра ўнікальны драўляны храм.

Два гады назад на занятках гуртка “Спадчына” мы з аднакласнікамі даведаліся, што за 5 км ад Плешчыц у вёсцы Вяляцічы ёсць царква Нараджэння Багародзіцы. Наведаўшы ўпершыню гэтую царкву, я здзівілася, наколькі яна адрозніваецца ад майго звычайнага ўяўлення аб праваслаўным храме. Гэта схаваная сярод кроны дрэў невялікая драўляная пабудова нябеснага колеру. Яна ўражвае сваёй прыгажосцю і ў той жа час сціпласцю.

Афіцыйнай датай пабудовы лічыцца 1826 год, але краязнаўцы нашай школы даказалі, што храм тут быў задоўга да гэтага часу. Разам з настаўніцай пачатковых класаў Зінаідай Дзмітрыеўнай Дубінецкай мы даведаліся, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца метрычная кніга Вяляціцкага храма з 1757 года. Верагодней за ўсё, да пачатку ХІХ стагоддзя стары драўляны храм састарэў і быў разабраны, а затым нанова адбудаваны ў 1826 годзе на сродкі мясцовага памешчыка Скірмунта.

Падчас Першай сусветнай вайны Вяляцічы знаходзіліся пад пастаянным абстрэлам, пра што нагадваюць сляды ад куль на некаторых іконах і нават асколак снарада. Храм быў разабраны для пабудовы абарончых збудаванняў. Перад гэтым мясцовыя жыхары вынеслі і схавалі іконы, дакументы і ўсё царкоўнае начынне. Калі фронт адышоў, сяльчане пачалі аднаўляць храм, нанялі майстроў. Царкву пабудавалі без купала, бо не хапіла сродкаў. Замест званоў каля храма на дрэвы прывязалі кавалак рэйкі. Прыхаджане вярнулі ў храм усё, што схавалі ў гады вайны.

Нягледзячы на трагічныя падзеі, у храма захаваўся багаты архіў. У гэтым годзе айцец Васілій звярнуў нашу ўвагу на два шлюбныя пісьмовыя акты ад 30 студзеня і 2 лютага 1922 года. Пад імі стаяў подпіс псаломшчыка Рамана Шахмуця. Аказалася, што гэта свецкае імя прападобнага Серафіма Жыровіцкага. Пры знаёмстве з яго біяграфіяй мы даведаліся, што ў 1921 годзе, вытрымаўшы экзамены на званне псаломшчыка, ён непрацяглы час служыў пры нашай царкве, — паведаміла Серафіма.

Праваслаўнае краязнаўства — неад’емная частка адукацыйнага працэсу, яно закладвае асновы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі, фарміруе любоў да малой радзімы.

Акрамя гісторыі храмаў, лёсу святароў, вучні прадстаўлялі вынікі даследаванняў шлюбных пісьмовых актаў, рабілі аналіз жыцця насельніцтва ў розныя перыяды гісторыі. Напрыклад, плешчыцкія краязнаўцы атрымалі з царкоўных дакументаў звесткі пра ўзровень адукаванасці, працягласць жыцця і ўзрост уступлення ў шлюб сваіх землякоў сто гадоў назад.

Справа, якую робяць юныя краязнаўцы, безумоўна, важная, таму традыцыя правядзення рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў працягнецца.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва ўдзельнікаў краязнаўчых чытанняў