Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна далучылася да праекта 3 гады назад.
Атрыманы статус дазваляе прыцягваць выхаванцаў да рэалізацыі ініцыятыў Беларускага фонду міру, развіваць такія якасці, як міласэрнасць, узаемаразуменне, паважлівыя адносіны да нацыянальных традыцый і рэлігійных асаблівасцей іншых народаў. Акрамя таго, вучні ў якасці валанцёраў удзельнічаюць у праектах, звязаных з адраджэннем і захаваннем гістарычнай спадчыны малой радзімы.

У рамках рэспубліканскага конкурсу на лепшы міратворчы праект Школы міру школьнікі падрыхтавалі работу “З гісторыі калгаса “Беларусь” пра гераічнае мінулае і пасляваенную працу землякоў, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё роднага краю. Гэтая работа была адзначана дыпломам ІІ ступені па выніках другога этапу конкурсу.
Валанцёры стварылі відэаролік пра знакамітых кіраўнікоў былога калгаса “Беларусь” (цяпер ААТ “Жарабковічы”). Так, пачынаючы з 1939 года першым старшынёй калгаса была Марыя Мінкевіч, родная сястра колішняга міністра асветы БССР Міхаіла Мінкевіча, імя якога носіць школа. Калгас праіснаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны і быў адноўлены ў 1948-м. Яго аснову склалі 35 сялянскіх гаспадарак. Старшынёй калгаса выбралі былога падпольшчыка Астапа Русака, які займаў гэтую пасаду да 1952 года.
Многія працоўныя здабыткі, будаўніцтва вытворчых і сацыяльных аб’ектаў у тагачасным калгасе імя І.В.Сталіна былі звязаны са старшынёй Пятром Бычковым. Ён узначальваў гаспадарку з 1952 па 1967 год. Пётр Панкратавіч прайшоў Вялікую Айчынную вайну з першага да апошняга дня. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка стала нязменнай удзельніцай ВДНГ, атрымала шэраг высокіх дзяржаўных узнагарод.
Справу знакамітага папярэдніка паспяхова прадоўжыў Іван Мікуліч, які ўзначальваў калгас з 1967 па 1975 год. За гэты час гаспадарка прымножыла здабыткі і выйшла на новыя рубяжы ў сельгасвытворчасці, атрымаўшы ордэн Чырвонага Працоўнага Сцяга і грамату Вярхоўнага Савета БССР.
Пад кіраўніцтвам Аляксандра Бокача (1975—1982) калгас неаднаразова станавіўся пераможцам усесаюзных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Затым самую вялікую гаспадарку раёна ўзначаліў 29-гадовы вучоны-заатэхнік Віталь Бусько. Маладому кіраўніку ўдалося вывесці калгас на стабільную і прыбытковую работу. У жніўні 1999-га сюды наведаўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Валявым, мэтанакіраваным, патрабавальным, апантаным у адносінах да работы застаўся ў памяці землякоў старшыня СВК “Жарабковічы” Віталь Бусько, які кіраваў ім 34 гады. Яго змянілі Антон Булаты, а потым Андрэй Новік.
Жыхарам вёсак, якія ўваходзілі ў склад калгаса, СВК, а цяпер ААТ “Жарабковічы”, заўсёды шанцавала на старшынь. Кожны з іх з гонарам працягваў справу папярэдніка і захоўваў памяць пра пачынальнікаў калгаснага ладу, вучыўся на іх поспехах і памылках.
Валанцёры школы ўпэўнены, што іх даследчая работа атрымае працяг, а набытыя веды і навыкі дазволяць праводзіць пошукавую дзейнасць у розных кірунках. Але самае галоўнае — такая дзейнасць выхоўвае любоў да малой радзімы і гордасць за людзей, якія стваральнай працай прыносілі карысць Радзіме. Школьнікі захоўваюць памяць пра іх і добрай вучобай імкнуцца прадоўжыць важную справу папярэднікаў.
Настасся КАРЧЭЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна
Фота з архіва ўстановы адукацыі





