Якія маршруты адукацыйнага турызму плануюць ажыццявіць у Беларусі ў гэтым годзе

- 9:43Компетентно, Новости, Школа управления

Пра развіццё адукацыйнага турызму ў нашай краіне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак.

— Аляксандр Мікалаевіч, які план дзеянняў распрацавала міністэрства, каб адукацыйны турызм развіваўся сёння найбольш эфектыўна?

— Адукацыйны турызм інакш можна назваць турыстычным падарожжам. Яго развіццё, якое накіравана не толькі на атрыманне новых ведаў у сферы культуры, гісторыі нашай краіны, краязнаўстве ўвогуле, мае дзейсны пасыл у выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей і моладзі. Прааналізаваўшы існуючы патэнцыял і вызначыўшы перспектыўныя напрамкі, мы распрацавалі дарожную карту па эфектыўным развіцці адукацыйнага турызму ў нашай краіне да 2025 года. Да гэтага падключаны і рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй, якія вызначылі свае планы развіцця адукацыйнага турызму. З мэтай арганізацыі ­сістэмнай работы ў кожным з рэгіёнаў на сайтах падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць кіраванне ў сферы адукацыі, прадстаўлены раздзелы аб адукацыйным турызме, а таксама размешчаны зборнікі адукацыйных экскурсійных маршрутаў.

— Якія мерапрыемствы дарожнай карты ўжо рэалізаваны?

Уключаны адукацыйныя аб’екты ў экскурсійныя маршруты турыстычных арганізацый рэгіёнаў, фарміруецца рэестр адукацыйных маршрутаў, распрацоўваюцца даведнікі рэгіянальных тэматычных, турыстычных, экскурсійных маршрутаў і тураў для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, паэтапна ўкараняецца Дзённік вандроўніка. Шмат увагі ўдзяляецца прафесійнаму ўдасканаленню педагагічных работнікаў па пытаннях развіцця і папулярызацыі адукацыйнага турызму.

З гэтай прычыны Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства правёў рэспубліканскі семінар-нараду, дзе былі акрэслены шляхі далейшага ўдасканалення турыстычна-экскурсійнай дзейнасці як аднаго з рэсурсаў патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. У час сустрэчы праведзены прамы дыялог паміж прадстаўнікамі рабочай групы Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па развіцці адукацыйнага турызму, спецыялістамі, адказнымі за развіццё адукацыйнага турызму, і педагагічнымі работнікамі, якія арганізоўваюць турыстычна-экскурсійную работу з навучэнцамі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 100 чалавек. Акрамя таго, па гэтай тэме праведзены навукова-практычныя канферэнцыі, вучэбныя мерапрыемствы (семінары, трэнінгі, вэбінары і інш.), у тым ліку міжнародныя — міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўмовах сучаснай рэальнасці”, на парадку дня якой былі пытанні развіцця адукацыйнага турызму. Нашы ўстановы адукацыі абмяняліся турыстычна-экскурсійнымі групамі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі і іншымі краінамі СНД з мэтай устанаўлення ўзаемавыгадных кантактаў сярод моладзі.

Таксама арганізаваны пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, у ходзе якіх рыхтуюцца метадычныя рэкамендацыі, інфармацыйныя матэрыялы, вя­дзецца каардынацыйная дзейнасць на рэспубліканскім і абласных узроўнях. У рэгіёнах у цэлым праведзена больш за 50 сустрэч з педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі па тэме арганізацыі адукацыйнага турызму і яго папулярызацыі ў навучэнскім асяроддзі.

— Якімі нарматывамі кіруюцца навучальныя ўстановы пры арганізацыі адукацыйнага турызму і чаму аддаюць перавагу?

Міністэрствам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі экскурсій. Яны размешчаны на сайце ведамства і на адукацыйным партале. У дадатку да метадычных рэкамендацый створаны і перыядычна абнаўляецца пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі ў хо­дзе правядзення вучэбных і факультатыўных мерапрыемстваў, з улікам зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах. Таксама падрыхтаваны і даведзены да ведама зацікаўленых пералік турыстычна-экскурсійных маршрутаў (напрыклад, “Праваслаўныя святыні Беларусі”), значных, вядомых і папулярных мясцін Беларусі, якія рэкамендуюцца для наведвання кожнаму навучэнцу. У пералік уключаны 38 турыстычных аб’ектаў (4 са Спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, 34 па абласцях (ад 4 да 6 аб’ектаў у кожнай вобласці); 12 турыстычных маршрутаў.

Прадстаўлены пералік можна лічыць інфармацыйнай платформай для распрацоўкі індывідуальнай (для вучня) або калектыўнай (для класа, паралелі класаў) праграмы азнаямлення са славутасцямі Беларусі. Усе пералікі размешчаны на сайце Рэс­публіканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Таксама даве­дзены да ведама ўстаноў адукацыі распрацаваны Міністэрствам спорту і турызму пералік экскурсійных маршрутаў патрыятычнай накіраванасці, якія рэкамендуюцца для наведвання ў рамках правядзення выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Аб’екты, якія рэкамендуюцца для наведвання, прадстаўлены таксама ў маркетынгавым даследаванні Нацыянальнага агенцтва па турызме “Выкарыстанне нацыянальных месцаў памяці ў развіцці ваенна-гістарычнага турызму ў Рэс­пуб­ліцы Беларусь”.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца аб’ектам, арыентаваным на фарміраванне ў вучняў патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, правільнага грамадска-палітычнага погляду ў адносінах да падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, захаванне гістарычнай памяці.

Найбольш папулярнымі турыстычнымі аб’ектамі ваенна-патрыятычнай накіраванасці сталі Нацыянальны гістарычны музей, філіял Нацыянальнага гістарычнага музея “Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльныя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, “Курган Славы”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.

— Ці ажыццяўляецца маніторынг экскурсійнай дзейнасці?

Такі маніторынг мы право­дзім штоквартальна. Як вядома, у рамках пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры вызначаны адзіны бясплатны дзень наведвання музеяў навучэнцамі, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю. У час маніторынгу мы вызначылі ўзровень наведвання музеяў навучэнцамі, і высветлілася, што такія паслугі вельмі папулярныя. Ужо больш за 187 тысяч навучэнцаў наведалі музеі ў адзіны бясплатны дзень.

Штоквартальна мы аналізуем работу ўстаноў адукацыі па арганізацыі экскурсій у рамках вучэбных прадметаў згодна з прадстаўленым пералікам. Па выніках першага паўгоддзя 2023/2024 навучальнага года колькасць навучэнцаў, якія наведалі аб’екты, звязаныя з па­дзеямі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага перыяду, у цэлым па краіне склала 230 697 чалавек, а гэта 21% ад агульнай колькасці навучэнцаў 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У разрэзе рэгіёнаў карціна выглядае так: Брэсцкая воб­ласць — 52 189 чалавек, Віцебская воб­ласць — 23 203 чалавекі, Гродзенская вобласць — 16 470 чалавек, Гомельская вобласць — 29 028 чалавек, Магілёўская вобласць — 57 644 чалавекі, Мінская вобласць — 52 163 чалавекі, Мінск — 94 033 чалавекі.

— А хто каардынуе работу па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму?

— Гэтая місія ўскладзена на Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Цэнтр і сам ажыццяўляе турыстычна-экскурсійную работу з навучэнцамі. Некаторыя самыя значныя маршруты, арганізаваныя цэнтрам, былі тут ужо агучаны. Таксама на сайце цэнтра прадстаўлены тэматычныя маршруты па абласцях, раёнах, па малой радзіме.

Актыўнаму ўключэнню навучэнцаў у турыстычна-экскурсійную дзейнасць садзейнічае правядзенне шэрага знакавых рэспубліканскіх праектаў, сярод якіх Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” — ­адзін з самых маштабных праектаў, які рэалізуецца з 2021 года. На абласных, мінскім гарадскім этапах для ўдзелу ў мерапрыемстве былі прадстаўлены 392 праекты, на рэспубліканскі адабрана 147. Лепшымі вызначаны 52 праекты. Пераможцы стануць удзельнікамі тэматычнай змены ў НДЦ “Зубраня” ў лютым гэтага года, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

У рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” ў мінулым годзе прайшоў рэспубліканскі турнір знаўцаў “Пазнай свой край”. Па выніках даследавання былі створаны брашуры, у якіх змясцілі матэрыял аб найбольш значных гістарычных, культурных і прыродных асаблівасцях раёнаў.

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства падве­дзены вынікі рэспубліканскага конкурсу “Па старонках Дзённіка вандроўніка”. Конкурс право­дзіўся з мэтай далучэння дзяцей і моладзі да актыўнай турыстычна-экскурсійнай дзейнасці. Штогод праходзіць рэспубліканскі конкурс турысцкіх відэаролікаў “Падарожнічай разам з намі!”. З матэрыяламі пераможцаў і прызёраў названых конкурсаў можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, на платформе “Патриот.бай”, а таксама на адпаведных рэгіянальных сайтах. У цэлым у 2023 годзе ў краіне праведзена больш за 30 рэс­пуб­ліканскіх мерапрыемстваў, якія спрыяюць развіццю адукацыйнага турызму і ў якіх прынялі ўдзел больш за 500 тысяч чалавек.

— Якія маршруты адукацыйнага турызму плануеце ў гэтым годзе?

— Для эфектыўнага развіцця адукацыйнага турызму ў нашай краіне будзе прадоўжана рэалізацыя комплексу арганізацыйных і маркетынгавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю і прасоўванне адукацыйнага турызму, у тым ліку ўдзел у выставачных мерапрыемствах, форумах, міжнародных праектах і г.д. Цяпер ажыццяўляецца карэкціроўка плана дзеянняў (дарожнай карты) па эфектыўным развіцці адукацыйнага турызму ў Беларусі. У гэтым годзе запланавана правядзенне рэспубліканскіх семінараў для спецыялістаў, якія курыруюць пытанні арганізацыі адукацыйнага турызму ў рэгіёнах.

2024 год адметны знакавай датай — 80-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2025 годзе будзе адзначацца 80-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Тэме Вялікай Перамогі прысвечаны рэспубліканскія праекты, у межах якіх практычна кожны навучэнец зможа ўключыцца ў тыя ці іншыя конкурсы і акцыі. Запланавана правядзенне комплексу рэгіянальных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 80!”. Гэтай тэме павінны быць прысвечаны і турыстычна-экскурсійныя маршруты.

У 2025 годзе запланавана правядзенне конкурсу “Дарогамі воінскай славы” па стварэнні маршрутаў экскурсій па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны.

Асобна хацелася б адзна­чыць актуальнасць выкарыстання музейнай педагогікі. Каардынатарамі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі выступаюць рэгіянальныя ўстановы дадатковай адукацыі. Ва ўстановах адукацыі сёння налічваецца каля 1500 музеяў, створана больш за 3000 музейных экспазіцый, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Статус “народны” прысвоены 120 музеям. Экскурсіі ў музеі ўстаноў адукацыі, азнаямленне з музейнымі экспазіцыямі, прысвечанымі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будуць садзейнічаць развіццю адукацыйнага турызму.

У 2024 годзе будзе праведзены рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. Працягнецца работа па абнаўленні экспазіцый музеяў, у тым ліку прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як бачна, у краіне праводзіцца актыўная работа па фарміраванні ў навучэнцаў матывацыі падарожнічаць па Беларусі, уключаць у экскурсійныя маршруты наведванне музеяў, у тым ліку ўстаноў адукацыі. Работа па прасоўванні і развіцці дзіцячага і маладзёжнага турызму будзе прадоўжана.

Сёння закладзена аснова дзейнасці ўстаноў адукацыі ў развіцці адукацыйнага турызму. Расце матывацыя навучэнцаў падарожнічаць па Беларусі, а разам з гэтым ідзе фарміраванне ў іх высокіх якасцей грамадзянскасці і патрыятызму. У далейшым мы будзем удасканальваць развіццё адукацыйнага турызму, вызна­чаць новыя напрамкі, займацца прафесійным удасканаленнем педагогаў, каб гэты рух стаў для нашай сістэмы адукацыі масавым.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва рэдакцыі