Якія метадычныя правілы дапамагаюць матываваць вучняў, расказаў заслужаны работнік адукацыі Міхаіл Волкаў

- 17:39Багаж знаний, Образование

Сотні пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, 9 былых вучняў — дактары навук, 37 — абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Такі выдатны вынік працы мае ўнікальны настаўнік гімназіі № 8 Віцебска Міхаіл Мікалаевіч Волкаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Міхаіл Мікалаевіч — настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, чалавек года Віцебшчыны, кавалер ордэна Францыска Скарыны.

Метадычныя правілы, якія дапамагаюць матываваць вучняў

  • Сістэма выкладання любога прадмета павінна будавацца на прынцыпах даступнасці і навуковасці. Парушэнне аднаго з іх вядзе да адсутнасці матывацыі і ведаў у вучняў. На працягу 45 гадоў працуючы па гэтых прынцыпах, я пераканаўся ў іх эфектыў­насці.
  • У аснове выкладання — падача інфармацыі. Існу­юць два падыходы. Першы: кожны наступны радок звязаны з папярэднім, і паміж імі няма пропускаў. Зна­чыць, вы паслядоўна падымаецеся па прыступках ведаў да апошняга паверха. Апошні паверх — гэта кантрольная, праверачная работа. Такі падыход зручна выкарыстоўваць у пачатковай школе. Крок за крокам, каб дзеці, у якіх у такім узросце пераважае на­глядна-вобразнае мысленне, разумелі настаўніка і засвойвалі тэму. Больш сур’ёзны прынцып падачы інфармацыі, калі кожны наступны радок звязаны з папярэднім, але паміж імі ёсць пропускі. І вучань павінен ці самастойна іх запоўніць, ці звярнуцца да дадатковай інфармацыі, каб здабыць патрэбныя веды. Такі фармат разлічаны на старшыя класы. Атрымліваецца, як у фізіцы па законе Мэрфі: пусты вагон хутка разганяецца, але хутка спыняецца, а гружаны цяжка разганяецца, але доўга едзе.
  • Пры падрыхтоўцы алімпіяднікаў выкарыстоўваю асобасна арыентаваны падыход Якіманскай, які заключаецца ў тым, каб для кожнага вучня падабраць сістэму і методыку навучання. Тады ідзе індывідуальная работа, накіраваная на тое, каб вывесці вучняў на максімальны ўзровень развіцця. Мне пашчасціла не толькі асабіста быць знаёмым з Іраідай Сяргееўнай Якіманскай, акадэмікам, доктарам псіхалагічных навук, але і вучыцца ў яе.
  • У аснове маёй педагагічнай практыкі ляжыць работа Шохара-Троцкага “Метода мэтазгодных задач”, якую гэты вялікі метадыст напісаў яшчэ ў 1908 годзе. У студэнцкія гады выкладчыца Марыя Драбкіна звярнула маю ўвагу на яго работу, за што ёй вялікі дзякуй. Сутнасць работы заключаецца ў тым, што веды ў значнай ступені не перадаюцца ў гатовым выглядзе, а набываюцца ў працэсе пазнавальнай дзейнасці ва ўмовах праблемнай сітуацыі. Само навуковае пазнанне мае тры кірункі. Першы — вы ўваходзіце ў новыя веды, абапіраючыся на тыя веды, якія ўжо ў вас ёсць. Другі — вы павінны заўва­жыць заканамернасць і сфармуля­ваць гіпотэзу. Яна можа быць ілжывай ці ісціннай. Гэта трэба дака­заць. Трэці кірунак — існуе неадпаведнасць з тымі ведамі, якімі вы валодаеце ў пэўны момант, і тымі, якія спатрэбяцца, каб знайсці адказ на пытанне ці вырашыць праблему. І тады ўзнікае неабходнасць ліквідаваць недахоп. А для гэтага варта звярнуцца па дапамогу да падручніка ці разумнага чалавека, каб выйсці на вырашэнне праблемы. Увесь школьны курс матэматыкі я перавёў на гэтыя тры кірункі. Такі падыход дае станоўчыя вынікі пры падрыхтоўцы алімпіяднікаў.

Галоўныя моманты сістэмы Волкава

  • У мяне вялікі кабінет, ён вельмі адрозніваецца ад звычайнага. Ёсць круглы стол, за якім рыхтуюцца ўдзельнікі алімпіяд па матэматыцы. Перад ім стаяць парты для вучняў. Кожнае працоўнае месца абсталявана ўсім неабходным — ёсць лінейкі, алоўкі, цыркулі…
  • Я не сябрую з камп’ютарам. З’яўляюся прыхільнікам крэйды, дошкі і мовы настаўніка. У маім кабінеце 13 дошак. Яны павінны быць вялікімі, каб запісанае педагогам за ўвесь урок заставалася на іх. За 5 мінут да канца заняткаў звяртаюся да дошкі, і мы паўтараем важныя моманты: якую тэму прахо­дзілі, якія памылкі дапускалі, як іх выпраўлялі.
  • Як мы пішам самастойную работу з дзецьмі? Даю заданне, выклікаю да дошкі двух моцных вучняў. Іх работа бу­дзе эталонам, але яе вынік аднакласнікі ўбачаць падчас праверкі. Астатнія выконваюць на месцах і пад капірку. Потым адзін экзэмпляр пакідаюць сабе, другі адда­юць мне. Адкрываю дошкі. Перад вачамі школьнікаў варыянты рашэння. І дзеці могуць самі сябе праверыць. Яны, пакідаючы ўрок, ведаюць, на якую адзнаку напісалі работу.
  • Мае дзеці выконваюць дамашнее заданне пасля ўрокаў у маім кабінеце. Што гэта дае? Я не губляю 15—20 мінут наступнага ўрока, каб усіх праверыць. Адны могуць самастойна ўсё зрабіць, другія — спісаць. Я дазваляю гэта. Але дзейнічае наступнае правіла: калі вучань пазычыў рашэнне ў суседа, выклікаю яго да сябе, мяняю ўмову задачы і прашу даць адказ. Калі дзіця спраўляецца, зна­чыць, яно зразумела тэму. 
  • Найперш вучу дзяцей думаць — доказным разважанням, вызначэнню прычынна-выніковых сувязей, аналізу і сінтэзу, індукцыі і дэдукцыі, абагульненню і канкрэтызацыі, аналогіі і параўнанню, абстрагаванню і мадэляванню. Не патрабую завучвання фармулёвак, а фармірую ў вучняў унутраную патрэбнасць у розных відах ра­зумовай дзейнасці пры рашэнні задач.

Прыходжу ў гімназію за гадзіну да пачатку ўрокаў, каб мець магчымасць настроіцца, прадумаць, як пабудаваць заняткі. Працоўны дзень заканчваецца а палове пятай, калі мае вучні выканалі дамашнюю работу.

Пяць маральна-этычных прынцыпаў

  • Вельмі важна стварыць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця асобы школьніка. А для гэтага неабходна ўзаемара­зуменне паміж дзецьмі і настаўнікам. Калі вучань ідзе на ўрок, а ў яго “алергія” на педагога ці яго прадмет, пра камфорт гаворкі быць не можа.
  • Не толькі я вучу дзяцей, але і яны мяне вучаць. Напрыклад, даю ім задачу, яны рашаюць яе рознымі спосабамі. Абавязкова ўсіх выслухоўваю. І бывае, іх варыянт рашэння лепшы, чым мой. Тады бяру яго на ўзбраенне і паказваю наступнаму пакаленню вучняў.
  • Падчас заняткаў ніколі не спяшаюся, не падганяю навучэнцаў, каб не перашкодзіць іх мысліцельнай дзей­насці.
  • Я перакананы, што нельга прыніжаць і абражаць вучня. Гэта закон! Ты можаш яму зрабіць заўвагу, але пры гэтым трэба вельмі далікатна адносіцца да сваіх слоў.
  • Настроіць дзяцей на перамогу мне дапамагае трэнерскі вопыт у боксе. У гэтым відзе спорту існуе важная рэч: калі ты выхо­дзіш і ведаеш, што сапернік вельмі моцны, у цябе мандраж і ты яго баішся, значыць, дакладна прайграеш. Калі выходзіш і ведаеш, што сапернік слабейшы, а ты занадта ўпэўнены ў сабе, то можаш прапусціць удар і забыць пра перамогу. Ты павінен выходзіць біцца і пры гэтым паважаць саперніка. Так і ў матэматыцы. Мы змагаемся з задачай. Яна можа быць складанай, непад’ёмнай. Перамога над ёй — перамога над сабой. Пасядзі, падумай, зрабі сабе прыемнае!

Самыя яркія моманты ў кар’еры

  • Самы мой вялікі поспех адбыўся ў 1987 годзе, калі я перамог ва Усесаюзным конкурсе педагагічных чытанняў. І мой вопыт экспаніраваўся з 1988 па 1991 год на ВДНГ СССР у раз­дзеле “Навука і адукацыя”. За распрацоўку і ўкараненне тэм “Адбор рацыянальных метадаў навучання як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў” і “Узаемадзеянне псіхолага-педагагічнай тэорыі і практыкі ў працэсе фарміравання інтэлектуальна развітой асобы” я атрымаў два дыпломы І ступені Акадэміі педагагічных навук СССР. Не кожны навуковец мае такія дыпломы. У 1992 годзе мне было прысвоена званне “настаўнік-метадыст”.
  • У 2010 годзе прапанавалі правесці майстар-клас на I з’ездзе настаў­нікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, які праходзіў у Астане. Называўся ён “Узаемадзеянне псіхолага-педагагічнай тэорыі і практыкі ў працэсе фарміравання інтэлектуальна развітой асобы” і ў выніку быў прызнаны лепшым. 
  • Узнагароджанне ордэнам Францыска Скарыны лічу незабыўным момантам у настаўніцкай кар’еры.
  • Удзел у стварэнні школы для таленавітых і адораных дзяцей у сельскай мясцовасці. С такой прапановай да мяне звярнуўся дырэктар Лужаснянскай школы-інтэрната Ула­дзімір Шыцько. Выкладаў у гэтай установе адукацыі да 2008 года, не пакідаючы працоўнае месца ў гімназіі. Там сабралі моцную плеяду настаўнікаў. Школа была адной з лепшых навучальных устаноў краіны. Я там падрыхтаваў 4 пераможцаў міжнародных алімпіяд і 32 — рэспубліканскіх.

Першыя 4 пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы з’явіліся ў Міхаіла Мікалаевіча ў 1992 годзе. Праз два гады — першы пераможца-міжнароднік. На сёння вынік настаўніка складае 219 падрыхтаваных пераможцаў рэспубліканскіх і 20 — міжнародных алімпіяд.

Пяць нечаканых фактаў у біяграфіі

  • Калі б не захапленне боксам, я не стаў бы студэнтам педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава ў Віцебску. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 Оршы маці параіла паступаць у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Паступіў і ў хуткім часе трапіў на першынство рэспублікі па боксе ў Віцебск: чэмпіёнам не стаў, затое прыцягнуў увагу заслужанага трэнера БССР Абрама Брына. Той запрасіў трэ­ніравацца — я падумаў і пагадзіўся. Толькі спатрэбілася нанова пасту­паць! Сфера выбару была — любы віцебскі інстытут. Медыцынскі адразу выкрасліў, бо ў сям’і былі ўрачы і я бачыў, як брат вучыўся, — не маё. Ветэрынарыя не вабіла. Тэхналагічны — зноў не варыянт, чарчэнне не дужа падабалася. Заставаўся педагагічны, на тым і спыніўся. Здаў уступныя экзамены: дзве пяцёркі па матэматыцы, дзве чацвёркі — сачыненне і фізіка. Дэкан матфака, напэўна, моцна здзівіўся не­звычайнаму для абітурыента-баксёра выніку іспытаў: нават запрасіў да сябе, каб бліжэй пазнаёміцца. Вучыўся я доб­ра. У спорце потым перайшоў да заслужанага трэнера СССР Валерыя Кандраценкі.
  • Да жаніцьбы давялося быць мадэллю майстра-цырульніка. Адной­чы ў буфеце інстытута да мяне падышла незнаёмка: “Паехалі з намі, мы для цырульнікаў шукаем юнака, ты падыходзіш!” Пагадзіўся. У выніку мы занялі 4-е месца на ўсесаюзным конкурсе ў Алма-Аце, а фота маладога матэматыка доўга ўпрыгожвала ці не кожную цырульню ў Віцебску.
  • Давялося папрацаваць настаўнікам матэматыкі на Кіпры па запрашэнні пасольства. Праўда, хапіла мяне на некалькі месяцаў. Дома засталіся жонка і дачка. Я на сабе адчуў, што такое чужына і любоў да сваёй Радзімы, таму вярнуўся. 
  • У 1984 годзе мяне запрасілі на пасаду інспектара ў аблана, я тады працаваў у вясковай школе. Жонка з Віцебска, таму перспектыва пераезду здалася прывабнай. Аднак адпрацаваў я толькі два дні і сказаў, што больш не змагу: маё прызванне — вучні, настаўніцтва.
  • Я быў дэлегатам ІІІ, ІV, V і VI Усебеларускіх народных сходаў, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання. Але і тады на кожныя выхадныя вяртаўся з Мінска ў Віцебск, каб дапамагаць сваім вучням рыхтавацца да алімпіяд і паступлення ва УВА.

Марына ЖДАНАВА
Фота з архіва М.М.Волкава і БелТА