У нашай краіне ёсць такія ўстановы адукацыі, дзе можна не проста атрымаць сучасную і запатрабаваную прафесію, але і адчуць увесь яе смак як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тыя, хто паступае ў Гомельскі каледж кулінарыі, сочаць за апошнімі тэндэнцыямі ў кулінарным свеце, а ўбачаныя ідэі з ахвотай увасабляюць на кухні сваімі рукамі. Сёння гэта адзіная ў вобласці вузкапрофільная ўстанова адукацыі, дзе сабраны ўсе спецыяльнасці, звязаныя з грамадскім харчаваннем.
“На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучэнцы каледжа могуць атрымаць такія кваліфікацыі, як “кухар”, “кандытар, пекар”, “кухар, афіцыянт”, “кухар, кухар дзіцячага харчавання”, — расказаў дырэктар Гомельскага каледжа кулінарыі Уладзіслаў Шапялевіч. — На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў нас вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-тэхнолаг” як на дзённай, так і на завочнай форме атрымання адукацыі. Акрамя гэтага, у нас вядзецца прафесійная падрыхтоўка рабочых па дамоўленасці з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскага аблвыканкама.
Дарэчы, у нас ёсць вельмі дзейсны спосаб павышэння матывацыі да вучобы і далейшага самаўдасканалення навучэнцаў. У каледж час ад часу прыходзяць шэф-повары рэстаранаў, нашы былыя выпускнікі. Гледзячы на іх, паспяховых людзей, нашым навучэнцам хочацца адпавядаць іх узроўню”.
Два гады назад у каледжы быў адкрыты Цэнтр кампетэнцый кулінарнага мастацтва і хлебапячэння — унікальная лабараторыя па практычнай падрыхтоўцы профільных спецыялістаў. За першы год работы цэнтра навучанне ў ім прайшлі 160 будучых майстроў кулінарнай справы. Праз год, калі быў зроблены рамонт у лабараторыі хлебапячэння, у каледж кулінарыі прыйшлі вучыцца дзеці з іншых устаноў адукацыі, дзе таксама рыхтуюць будучых кухараў.
Пасля рамонту лабараторыі хлебапячэння ў каледжы з’явілася новае інавацыйнае абсталяванне.
Для таго каб быць у сваёй справе лепшымі, навучэнцы каледжа адточваюць прафесійнае майстэрства падчас кожных практычных заняткаў. Проста так стаяць збоку і назіраць за тым, як працуюць іншыя, будучы кухар не можа. Стаць майстрам — гэта значыць штодня рабіць адно і тое ж і не разгубіцца, калі здарыцца памылка, а ўмела сваімі рукамі выправіць яе. Багаты вопыт у кулінарным майстэрстве навучэнцы набываюць у час падрыхтоўкі да свят. Так, напярэдадні Вялікадня яны выпякаюць каля 1500 кулічоў, якія можна купіць ў спецыялізаваным кіёску, што знаходзіцца побач з каледжам. Дарэчы, уся выпечка, што там прадаецца, ніколі не залежваецца на паліцах: яна карыстаецца папулярнасцю сярод гамяльчан і прадаецца за лічаныя гадзіны.
У міні-фармаце
Шэдэўрамі кулінарнага мастацтва ў каледжы здзіўляюць усе без выключэння лабараторыі. Назіраючы за тым, як навучэнцы займаюцца карвінгам, працуючы з агароднінай і садавіной, дзіву даешся, наколькі тонка і прафесійна ў іх гэта атрымліваецца.
“Карвінг ужо даўно стаў звычайнай часткай падачы стравы, — расказвае выкладчыца Галіна Шабацько. — Для таго каб працаваць з агароднінай і садавіной у стылі карвінгу, у нас ёсць спецыяльныя прылады. Звычайным ножыкам нічога выразаць не атрымаецца. Што тычыцца практычных заняткаў па халодных стравах і закусках, то на іх шмат увагі ўдзяляем падрыхтоўцы сыравіны да наступнай вытворчасці. Таксама вялікае значэнне надаём санітарным патрабаванням, бо ў далейшым халодныя стравы і закускі не падвяргаюцца цеплавой апрацоўцы”.
Як і любыя іншыя стравы, халодныя закускі павінны адпаведна афармляцца і падавацца: калі яны прыгожа аформлены, гэта дастаўляе не менш задавальнення, чым іх смак. Пра гэта, дарэчы, выкладчыкі пастаянна нагадваюць сваім навучэнцам.
“Калі праводзім з першакурснікамі заняткі па згаданай тэме, вучым іх некалькім спосабам падачы, — звяртае ўвагу выкладчыца. — Сярод іх складаныя формы нарэзкі, элементы сучаснага дэкору і карвінгу. Таксама прадстаўляем гэтыя віды страў у выглядзе свабодных горак, салатаў-кактэйляў і інш.”.
Асаблівым відам мастацтва, якому вучацца будучыя кулінары, можна назваць фінгерфуды — маленькія банкетныя закускі, якія можна есці без выкарыстання відэльцаў. Дзякуючы маленькаму памеру, іх вельмі любяць дэгуставаць госці каледжа.
“Фінгерфуд — гэта кулінарная тэндэнцыя, якая з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай, — працягвае расказваць майстар. — Па-першае, гэта прыгожа і вельмі зручна. А па-другое, у такім фармаце можна падаваць практычна любую страву. Гэты варыянт добра падыходзіць для фуршэтаў і не вельмі доўгіх мерапрыемстваў. Мы заўсёды практыкуем гатаванне фінгерфудаў, калі да нас прыязджаюць госці альбо калі арганізоўваем фуршэты пасля мерапрыемстваў”.
Што тычыцца разнастайнасці гэтых маленькіх закусак, то іх можна гатаваць у выглядзе розных канапэ, салатаў у тарталетках і інш. Дарэчы, практычна любую страву можна перавесці ў міні-фармат. Галоўнае — выбраць такую форму падачы, пры якой іх будзе зручна браць менавіта рукамі.
Загадка з чорнай скрыні
Штогод у каледжы сярод навучэнцаў праводзяцца спаборніцтвы па кулінарным майстэрстве, якія дазваляюць вызначыць найбольш перспектыўных і зацікаўленых у далейшым развіцці маладых людзей. Лепшыя з лепшых пасля прадстаўляюць каледж на рэгіянальных і міжнародных спаборніцтвах.
“Дзеці, якія хочуць удзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, у першую чаргу павінны быць зацікаўлены ў гэтым, — упэўнена выкладчыца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Гомельскага кале-
джа кулінарыі Святлана Голубева. — Зацікаўленасць настолькі ж важная, як і ўменне тварыць сваімі рукамі. Алгарытм падрыхтоўкі да конкурсу залежыць ад заданняў, якія трэба выканаць. Але, безумоўна, пачынаем з самага пачатку: ад замесу цеста да прапрацоўкі рэцэптур.
Гэтай зімой ва ўстанове адукацыі пяты раз праходзіў рэгіянальны этап нацыянальнага чэмпіянату кулінарнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023. Што тычыцца нацыянальнага этапу, то ён будзе праводзіцца ў найбліжэйшы час.
У конкурсе прафесійнага майстэрства вельмі многа цёмных скрынь: мы ніколі не ведаем, якія начынкі будуць вызначаны для гатавання стравы, а іх вельмі многа. Усё стане вядома ў першы дзень спаборніцтваў, калі будзем выконваць заданні модулю А. Тады нам скажуць, які від пляцення з цеста будуць выконваць канкурсанты (гэта першае заданне) і з якой начынкай ім давядзецца працаваць. У залежнасці ад гэтага мы павінны перагледзець рэцэптуру і ўвесці прадукт у сваю начынку”.
“На працягу двух конкурсных дзён юныя кулінары змагаліся паміж сабой у намінацыях “Хлебапячэнне” і “Кулінарнае мастацтва”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Гомельскага каледжа кулінарыі Таццяна Бубнова. — Умовы падчас спаборніцтва былі такімі ж, як і на нацыянальным этапе: канкурсанты кулінарнай кампетэнцыі гатавалі складаныя стравы на працягу чатырох гадзін, і іх чакала такая ж чорная скрыня з невядомым інгрэдыентам. Яго трэба было прымяніць у гатаванні сваёй стравы”.
Калі стравы былі згатаваны, іх ацэньвалі эксперты — шэф-повары рэстаранаў. Яны не ведалі, хто з канкурсантаў што гатаваў, ставілі адзнакі, а пасля падлічвалі атрыманую колькасць балаў і вызначалі пераможцаў.
“Удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills — гэта вельмі прэстыжны крок у прафесійным самаўдасканаленні, гэта магчымасць чарговы раз праявіць сябе ў канкурэнтаздольным асяроддзі, — запэўнівае Уладзіслаў Шапялевіч. — Пачынаючы з 2014 года, калі ў нашай краіне ўпершыню прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, навучэнцы каледжа неаднаразова перамагалі ў намінацыях “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”, “Хлебапячэнне”. Тое, што нашы спецыялісты запатрабаваны на рынку працы, пацвярджаюць запыты са шматлікіх прадпрыемстваў па хлебапячэнні. Гэты напрамак увесь час развіваецца, патрабуе новых уменняў і навыкаў. А мы, дзякуючы рабоце рэсурснага цэнтра, рыхтуем высакакласных спецыялістаў, якія адказваюць новым патрабаванням і выклікам часу”.
Наталля САХНО
Фота аўтара