Якія новыя магчымасці адкрываюць для сваіх вучняў педагогі Ельшчыны

- 10:35Планерка

Роля педагога ў павышэнні якасці адукацыі, сістэмная работа з адоранымі навучэнцамі і сакрэты прафесійнага поспеху — фішкамі адукацыйнай траекторыі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася начальнік аддзела адукацыі Ельскага райвыканкама Вольга Сіўчук.

Злева — старшыня Ельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Богач, справа — начальнік аддзела адукацыі Ельскага райвыканкама Вольга Сіўчук

Знаёмства з педагогамі Ельшчыны пачалося больш чым творча — з прэзентацыі зборніка нарысаў, успамінаў і замалёвак аб педагогах і ветэранах педагагічнай працы, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі раёна. Ідэя стварыць уласны збор, прысвечаны жыццю і заслугам прадстаўнікоў педагагічнай працы, нара­дзілася спантанна.

Крыху больш падрабязна пра гэта расказвае старшыня Ельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Богач:

— Пры ўездзе ў горад можна звярнуць увагу на банер, які красуецца на цэнтральнай вуліцы і знаёміць з выдатнікамі адукацыі. Заўсёды ўзнікала пытанне: як паказаць на ім больш настаўнікаў, ветэранаў працы, заслужаных педагогаў? На банеры размяс­ціць 32 чалавекі нерэальна, таму з’явілася ідэя стварыць зборнік. Вядома, у пошуку і сістэматызацыі інфармацыі звярталіся па дапамогу да сваякоў. Калі выпусцілі ў друк першую кнігу, стала зразумела, што працяг абавязкова будзе, і ў гэтым ужо зараз дапамагаюць унукі педагогаў, музейныя работнікі, ды і, на шчасце, на Ельшчыне з’яўляюцца новыя ўладальнікі нагруднага знака “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

— Прафесія ў спадчыну: Ельскі раён славіцца педагагічнымі дынастыямі, якія на працягу многіх дзясяткаў гадоў вядуць за сабой вучняў у краіну ведаў.

— Гэта так, педагагічных дынастый вельмі шмат, а самая вялікая працуе ў сярэдняй школе № 2 — Шведавых — Засінец — Уласенка — Панфілавых. Чатыры пакаленні педагогаў 280 гадоў шчыра адданы справе ўсяго жыцця, — адзначае Вольга Сіўчук. — Дарэчы, там жа таксама працуюць прадстаўнікі дынастый Аноцкіх і Калацэй. Дзіўна, але факт: дырэктар сярэдняй школы № 2 Таццяна Уласенка змагла акумуляваць вакол сябе выпускнікоў сваёй жа ўстановы, таму яе педагагічны калектыў практычна на 100 працэнтаў складаецца з былых навучэнцаў, плюс штат папаўняюць выпускнікі раёна, калектыў установы пастаянна амалоджваецца. Гэта выдатна, калі дырэктар зацікаўлены ў тым, каб выхаваць і падрыхтаваць у родных сценах установы адукацыі кадры.

— Пытанне аб замацаванні маладых спецыялістаў вельмі важнае, мабыць, пэўная работа праводзіцца па адаптацыі і замацаванні “пачаткоўцаў” у прафесіі?

— Удзяляецца ўвага маладым і перспектыўным кадрам. Пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі яны застаюцца вернымі выбранай прафесіі, іх замацаванне на месцах — лепшае пацвярджэнне. У гэтым годзе ў педагагічную сям’ю раёна сардэчна прынялі 13 чалавек, з іх 70—80 працэнтаў — ураджэнцы раёна і мэтавікі. Вялікі бонус — шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый, грашовая дапамога — прадугледжвае заканадаўства. Учарашнія выпускнікі забяспечаны жыллём, шмат магчымасцей і для кар’ернага росту.

— Педагогі — людзі, захопленыя не толькі сваёй прафесіяй. Заўсёды цікава даведацца, чаму яны прысвячаюць час па-за сценамі школы?

— Дырэктар Дабрынскай сярэдняй школы Аляксандр Пазняк — сапраўдны пчаляр. Педагог мае свой пчальнік: у маі пчол падкормлівае, летам займаецца зборам мёду. Дарэчы, нашы настаўнікі — сціплыя людзі, але я дакладна ведаю, што яны таксама неверагодна таленавітыя: хтосьці піша вершы, хтосьці — карціны. Напрык­лад, Алена Шыкун шмат гадоў вышывае абразы, карціны, партрэты. Неаднаразова ў рамках правядзення раённых мерапрыемстваў арганізоўвалі выставы яе работ. Педагог дапаможнай школы-інтэрната Таццяна Максіменка займаецца вышыўкай крыжыкам, нават вышывае тэксты вершаў. Настаўнік матэматыкі ельскай сярэдняй школы № 1 Вольга Зоз умее ўсё: і шыць, і вязаць, добра валодае цырульніцкім мастацтвам, а яшчэ з мінулага года стала займацца пчалярствам. Здзіўляюся нашым прафесіяналам, якія даюць добры вынік у навучанні дзяцей, шмат часу ўдзяляюць ім пры падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў, знаходзяць час не толькі для любімай справы, але і для хобі.

На Ельшчыне 22 установы адукацыі, з іх 11 — агульнай сярэдняй адукацыі, 7 — дашкольных, 2 — спецадукацыі, таксама ёсць цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вучацца 1682 дзіцяці, у дашкольных — 479.

— Рамонт, новае абсталяванне для класаў і харчаблокаў: падзяліцеся, якія высокатэхнічныя навінкі з’явіліся ва ўстановах адукацыі?

— Быў пастаўлены новы клас працоўнага навучання, абслуговай працы ў сярэднюю школу № 1, і зараз ён таксама папаўняецца, дастаўляецца мэбля. З боку Міністэрства адукацыі гэта вельмі значная дапамога для школы. Такі ж сучасны кабінет у хуткім часе з’явіцца ў сярэдняй школе № 2. Прыемна адзначыць, што педагогі і вучні Дабрынскай сярэдняй школы сталі пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапу конкурсу “Энергамарафон”. За выдзеленыя сродкі ўдалося цалкам абнавіць тэхнічнае абсталяванне на харчаблоку: змаглі на­быць пасудамыечную машыну, параканвектамат, электрапліту, замянілі ва ўстанове адукацыі асвятленне. Плённая праца ў тандэме “настаўнік — вучань”, поспехі ў навуковай і даследчай дзейнасці, відавочна, прыносяць карысць, гэта вельмі добры прыклад і для іншых устаноў адукацыі раёна.

А яшчэ ў сельскай Дабрынскай школе былы гурток па робататэхніцы вырас у STEM-клас, кожны дзень адкрывае новыя магчымасці для дзяцей педагог інфарматыкі Дзмітрый Каленік.

Педагогі Ельшчыны вялікую ўвагу ўдзя­ляюць як грамадзянска-патрыятычнаму, так і духоўна-маральнаму выхаванню. Ва ўсіх установах адукацыі ёсць музей ці музейныя пакоі, якія фарміруюць у вучняў устойлівую цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Дасягненні ў галіне музейнай педагогікі, папулярызацыі дзейнасці му­зеяў разглядаем як адукацыйную прастору і рэсурс у патрыятычным выхаванні моладзі.

— Акцэнт на развіцці сеткі профільных класаў дапамагае фарміраваць у школьнікаў свядомы выбар прафесіі?

— Несумненна, профільнае навучанне дазваляе нараўне з атрыманнем вучнямі агульнай сярэдняй адукацыі забяспе­чыць вывучэнне некаторых вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. На Ельшчыне створаны ўсе ўмовы для паспяховага прафесійнага самавызначэння і паўнацэннай сацыялізацыі навучэнцаў з улікам іх здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў. Працяглы час на базе сярэдняй школы № 2 дзейнічае профільны клас педагагічнай накіраванасці, там жа адкрылася інжынерна-педагагічная група і 4 ваенна-патрыятычныя класы, у якіх рэалізуецца праграма выхавання грамадзянска-патрыятычнага напрамку. У сярэдняй школе № 1 і гімназіі — па адным атра­дзе міратворцаў, плануецца, што сёлета сярэдняя школа № 1 атрымае ганаровы статус  “Школа міру”. Таксама ва ўстановах адукацыі планамерна з’яўляюцца ваенна-патрыятычныя клубы. Напрыклад, такія дзейнічаюць у Дабрынскай і Скараднянскай сярэдняй школе, дзе выбудавана супрацоўніцтва з прадстаўнікамі пагранічнага кантролю. Гэты вопыт дазваляе нашым педагогам дзяліцца назапашаным на семінарах раённага і абласнога ўзроўню. Ваенна-патрыятычныя клубы таксама ёсць у сярэдніх школах № 1 і № 2, дзе вучні яшчэ толькі напрацоўваюць свой вопыт у гэтым напрамку, але старт працы дадзены.

Ва ўстановах наладжана работа з адоранымі навучэнцамі, сістэмная падрыхтоўка дзяцей да алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый па вучэбных прадметах дае свае высокія вынікі. А дасягнуць поспехаў у гэтай нялёгкай справе вучням дапамагаюць педагогі. Так, па выніках алімпіяды па вучэбных прадметах летась на абласным этапе спаборніцтва дзеці былі ўзнагароджаны 7 дыпломамі, з іх 5 атрымалі навучэнцы раённай гімназіі, на заключным этапе алімпіяды — 1 дыплом па фізіцы. У гэтым годзе скарбонка раёна папоўнілася 3 дыпломамі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара